Панядзелак, 22 Кастрычнік 2018 09:46

26 снежня 2018 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Барыса Валянцінавіча Ісачэнкі (1958), спартсмена, трэнера, майстра спорту СССР, сярэбранага прызёра ХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1980, Масква)

Барыс Валянцінавіч Ісачэнка нарадзіўся 26 снежня 1958 г. у г. Брэсце. Рана навучыўся чытаць, ужо ў шэсць гадоў запісаўся ў бібліятэку, тады ж пачаў вучыцца гульні ў шахматы. З дзяцінства займаўся футболам, бадмінтонам, плаваннем. У 1972 г. пры спартыўным клубе дывановага камбiната Міхаіл Уладзіміравіч Пузяк арганізаваў секцыю стральбы з лука, у якую запісаўся і Барыс. Праз тры месяцы большасць пачынаючых спартсменаў разбегліся, засталіся толькі тры-чатыры самых упартых, у т. л. і Барыс Ісачэнка.


У 1974 г. Барыс Ісачэнка выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту СССР, у 1975-м атрымаў званне майстра. У 1979 г. заслужыў званне майстра спорту міжнароднага класа, трапіў у склад зборнай каманды СССР. У складзе зборнай з ім працавалі трэнеры Аляксандр Мікалаевіч Нікалаеў, Вадзім Рыгоравіч Рэзнікаў, Рыгор Аванасавіч Каспараў і галоўны трэнер Арсент Шугаiпавiч Балаў.


У 1976 г. Б. В. Ісачэнка паступіў у Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, але вучыўся з перарывамі з-за інтэнсіўных трэніровак на зборах, удзелу ў розных спаборніцтвах. Праз восем гадоў перавёўся на фізкультурны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, які скончыў толькі ў 2001 г.


На ХХІІ Алімпійскіх гульнях у Маскве (1980) Барыс Ісачэнка заняў другое месца. Выйграў сярэбраны медаль у індывідуальным першынстве, саступіўшы толькі фіну Томі Пайкалайнену. У складзе зборнай СССР у той час былі: Уладзімір Максімаў, Кецеван Ласаберыдзе і іншыя вядомыя лучнікі СССР, многія з якіх сёння працуюць кіраўнікамі федэрацый і галоўнымі трэнерамі ў розных краінах. За поспехі на Алімпіядзе-80 Б. В. Ісачэнка быў узнагароджаны медалём «За трудовую доблесть», яго першы трэнер М. У. Пузяк атрымаў званне заслужанага трэнера. На памятным знаку «Слава Брестчины олимпийской» (вул. Маскоўская) увекавечана імя спартсмена-лучніка.


У 1989 г. у серыі «Твоя спортивная гордость, Беларусь» у суаўтарстве са спартыўным журналістам Уладзімірам Рыгоравічам Кукуням была напісана кніга «Серебряные стрелы». Кніга створана ў форме дыялогу. Барыс Ісачэнка распавядае пра сваё жыццё ў спорце, пра шлях да алімпійскіх узнагарод. Аўтары разважаюць аб развіцці аднаго з самых цікавых відаў спорту, удасканаленні майстэрства, стратэгіі, тактыкі і тэхнікі. Кніга «Серебряные стрелы» — гэта і аповед аб гісторыі развіцця стральбы з лука ў Беларусі, аб яго «балючых кропках».


Барыс Валянцінавіч Ісачэнка — вядомы беларускі спартсмен і трэнер, стралок з лука, майстар спорту міжнароднага класа, майстар спорту СССР (1975), суддзя міжнароднай катэгорыі (2002), трохразовы чэмпіён Еўропы (1981, 1983, 1987), двухразовы ўладальнік Кубка СССР (1985, 1992), член зборнай каманды СССР з 1979 па 1987 гг., шматразовы чэмпіён СССР і Беларусі, пераможца шматлікіх міжнародных турніраў. З 2002 г. з’яўляецца членам нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі.


Доўгі час Барыс Валянцінавіч жыў у Брэсце. У 1997 г. працаваў трэнерам спартыўнага клуба «Робін Гуд» г. Брэста. З 1998 г. — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай каманды Беларусі. Працаваў галоўным трэнерам на працягу 15 гадоў. Абіраўся дэлегатам Першага і Трэцяга Усебеларускага сходу. Яго запрашалі працаваць у розныя краіны, але беларускі трэнер не захацеў прызвычайвацца да іншаземнага менталітэту. У 2014 г. ён быў запрошаны і згадзіўся стаць трэнерам-кансультантам па стральбе з лука ў зборнай Рэспублікі Саха (Расійская Федэрацыя).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

1.    Исаченко Бориc Валентинович // Регионы Беларуси : энциклопедия в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 431.
2.    Исаченко Бориc Валентинович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 799.
3.    Исаченко Бориc Валентинович // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 209–210.
4.    Исаченко, Б. В. Серебряные стрелы / Б. В. Исаченко, В. Г. Кукуня. – Минск : Полымя, 1989. – 125, [2] с. : ил. – (Твоя спортивная гордость, Беларусь).
5.    Брестчина олимпийская / [текст, гл. ред., фото: А. М. Суворов]. – 3-е изд., перераб. и доп. – Брест : Полиграфика, 2014. – 198 с. : ил.
6.    Хавин, Б. Всё о советских олимпийцах / Борис Хавин. – Москва : Физкультура и спорт, 1985. – 464 с. – Из содерж.: Игры ХХII Олимпиады. Стрельба из лука. С. 330–331.
7.    Исаченко, Б. В. Борис Исаченко: Держимся на энтузиазме : [беседа с главным тренером национальной сборной Беларуси об участии в чемпионате мира по стрельбе из лука в Турине] / Б. В. Исаченко ; беседовал Владимир Упеньек // Спортивная панорама. 2011. 14 июля.
8.    Исаченко, Б. В. Поймать кураж и не упасть с вершины / Б. В. Исаченко ; записал Константин Белоус // Рэспублiка. 2006. 26 верасня. С. 10.
9.    Исаченко, Б. В. Стрельба вслепую / Б. В. Исаченко ; [беседовал] Александр Ванкович // Советская Белоруссия : СБ. Беларусь сегодня. 2006. 25 марта. С. 30.
10.    Каменкова, М. Лучший тот, кто делает больше : [о Б. В. Исаченко] / Марина Каменкова // Брестский вестник. 2006. 14 февраля (№ 7). С. 3.
11.    Исаченко, Б. В. Телевидение… против стрельбы из лука : [интервью с главным тренером национальной сборной Беларуси по стрельбе из лука] / Борис Исаченко ; беседовал Александр Логвинович // Заря. 2006. 21 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 656 разоў Апошняя змена Аўторак, 15 Снежань 2020 10:49