Аўторак, 23 Кастрычнік 2018 16:14

4 красавіка 2018 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Рыгора Рыгоравіча Будзько (1933–2017), беларускага архітэктара

Рыгор Рыгоравіч Будзько нарадзіўся 4 красавіка 1933 г. у вёсцы Арэпічы Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Рыгор Давідавіч Будзько, і маці, Кацярына Паўлаўна, мелі яшчэ малодшых дзяцей — дачку Вольгу і сына Глеба. Рыгор пачынаў вучыцца яшчэ за польскім часам, потым была руская школа. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў закончыць тры класы, прадоўжыў вучобу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г.


Пасля заканчэння Арэпіцкай школы Рыгор Будзько паступіў на факультэт «Архітэктура» Львоўскага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1957 г. Тады ж уладкаваўся на працу ў Гродзенскі філіял інстытута «Белдзяржпраект» (з 1959 г. — Гродзенская абласная праектная кантора «Аблпраект»).


Пераехаўшы ў 1961 г. у Брэст, Рыгор Будзько каля дваццаці гадоў адпрацаваў у інстытуце «Брэстграмадзянпраект», дзе з’яўляўся галоўным архітэктарам праектаў.


У 1960-я гг. пачала развівацца такая форма сучаснай забудовы горада, як архітэктурныя ансамблі. Адзін з першых у Брэсце архітэктурных ансамбляў сфарміраваўся на плошчы Леніна, якая стала адміністрацыйным і грамадскім цэнтрам горада. Усходняя частка плошчы (будынак аблсаўпрафа, шматкватэрныя жылыя дамы з гандлёвымі і грамадскімі ўстановамі на першых паверхах) забудавана ў 1961–1963 гг. — архітэктары Р. Будзько, З. Леўчанка, Л. Маскалевіч, А. Сувораў. Рыгор Рыгоравіч удзельнічаў у праектаванні жылой забудовы па вул. Маскоўскай (1966), мікрараёна «Усход-3» (1978).


З 1959 г. Р. Р. Будзько — член Саюза архітэктараў БССР, а з 1967 г. па 1988 г. ён з’яўляўся старшынёй Брэсцкага абласнога аддзялення СА БССР. У гэты час арганізаваў Дом архітэктараў — фактычна творчую лабараторыю, якая дала магчымасць перайсці ад муніцыпальных праектаў да свабоднага праектавання, выканала ў Брэсце ролю папярэдніка творчых майстэрняў, дзе сабраліся самыя таленавітыя дойліды, дзякуючы якім горад пачаў развівацца ў сучасных напрамках архітэктуры.


У 1979 г. Р. Р. Будзько перайшоў на пасаду галоўнага архітэктара праектнага інстытута «Брэстсельбудпраект» у складзе аб’яднання «Аблсельбуд». Па яго праекце ўзведзены галоўны корпус Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна (1981). Складана знайсці раён у Брэсцкай вобласці, дзе б не ўзводзіліся будынкі, спраектаваныя архітэктарам Рыгорам Будзько: забудова цэнтральнай сядзібы пасёлкаў Мухавецкі (1969), Астрамечава, Белавежскі, Матыкалы Брэсцкага раёна; Дом праектных інстытутаў (1969) і Дом Саветаў (1974) у Пінску; праект і забудова цэнтральнай сядзібы калгасаў «Памяць Ільіча» Брэсцкага (1980) і «Белавежскі» Камянецкага раёнаў (1981, абодва ў суаўтарстве).


Пасля выхаду на пенсію Рыгор Рыгоравіч часта аказваў інстытуту «Брэстсельбудпраект» дапамогу ў праектаванні. Выканаў праекты жылых дамоў у вёсках Вярхі, Крыўляны, Грабаўцы, Пшанаі Жабінкаўскага раёна.


На працягу ўсяго творчага шляху архітэктар Будзько не забываў пра сваю малую радзіму. У г. Жабінцы ім спраектаваны абнаўленне помніка воінам і партызанам (пліта, на якой выбіты імёны загінуўшых, і Вечны агонь), забудова мікрараёна насупраць бальніцы, сярэдняя школа № 1 (1971), гарадскі Дом культуры (1979). Па яго праектах пабудаваны школы ў вёсках Крыўляны і Хмелева Жабінкаўскага раёна. Пісьменнік Расціслаў Бензярук прысвяціў архітэктару верш «Трыялеты», у якім злучыў імёны г. Жабінкі і слыннага земляка: «Тут шчыраваў калісь Рыгор Будзько: / для Жабінкі жадаў шчаслівай долі».


У 1962 г. стварылася сям’я Рыгора і Раісы Будзько, у якой нарадзіліся дочкі Іна і Жанна. Малодшы брат, Глеб Рыгоравіч Будзько, завочна закончыў Маскоўскі інжынерна-тэхнічны інстытут, працаваў галоўным інжынерам праектаў у інстытуце «Гроднаграмадзянпраект». З маладых гадоў Рыгор Будзько захапляўся песнямі. У Брэсце спачатку хадзіў на спевы ў харавую капэлу клуба чыгуначнікаў, якой кіраваў М. І. Шошчыц, потым рэгулярна наведваў хор ветэранаў вайны і працы.


Плённая дзейнасць архітэктара Р. Р. Будзько высока ацэнена: ён узнагароджаны «Сярэбраным медалём ВДНГ» (1970) і «Залатым медалём ВДНГ» (1987), медалём «За працоўную доблесць» (1971), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1979, 1985).


Пайшоў з жыцця Рыгор Рыгоравіч Будзько 29 чэрвеня 2017 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

 

1.    Будько Григорий Григорьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 217.
2.    Будзько Рыгор Рыгоравіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 578.
3.    Будько Григорий Григорьевич // Архитекторы Советской Белоруссии : биогр. справочник. Минск, 1991. С. 20.
4.    Бензярук, Р. Яго нязменная любоў : Будзько Рыгор Рыгоравіч // Сорак дарог / Расціслаў Бензярук, Анатоль Бензярук. – Брэст, 2007. – С. 105–109.
5.    Гарбуль, П. І. Жыллёвае будаўніцтва ў горадзе ў 1950–1990-я гады / П. І. Гарбуль // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 450–465. – Са зместу: Р. Р. Будзько. С. 456.
6.    Союза архитекторов БССР областная организация : [упом. Г. Будько] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 336–337.
7.    «Брестгражданпроект» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 102–103.
8.    Савостёнок, Д. Архитектурное развитие г. Бреста в 1970-е годы / Д. Савостёнок // Моладзь Берасцейшчыны : зб. студэнцкіх навук. прац. Брэст, 2002. С. 130–132.
9.    Город прощается с архитектором Григорием Будько // Вечерний Брест. 2017. 7 июля. С. 8.
10.    Ляўчук, З. Равеснік Вялікай Перамогі : [70 гадоў Брэсцкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя А. С. Пушкіна; спіс выпускнікоў і выкладчыкаў, што паходзяць з Жабінкаўскага краю, у т. л. узгаданы Р. Р. Будзько] / Зінаіда Ляўчук // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 5 снежня. С. 3.
11.    Бензярук, Р. Рыгор Будзько: «Любоў мая — Жабінкаўскі раён» / Расціслаў Бензярук // Сельская праўда. Жабiнка, 2005. 5 кастрычніка. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1378 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 11:59