Пятніца, 02 Лістапад 2018 14:15

2018 г. — 150 гадоў з дня нараджэння Генрыха Генрыхавіча Скірмунта (1868–1939), польскага паэта, кампазітара, грамадскага дзеяча, акадэміка Акадэміі ведаў у Кракаве

Генрых Скірмунт нарадзіўся ў 1868 г. у в. Моладава Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Належаў да старажытнага шляхецкага роду Скірмунтаў, які валодаў землямі на Пінскім Палессі, маёнткамі ў Моладаве, Парэччы і інш. Быў сынам Генрыха Скірмунта (1836–1916) і Марыі Твардоўскай, малодшым братам Канстанціна Скірмунта (1866–1949), польскага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата.


Генрых Скірмунт атрымаў выдатную гуманітарную адукацыю, асабліва цікавіўся музыкай і літаратурай. Вучыўся ў нямецкай гімназіі ў Люпаве. У 1883–1887 гг. навучаўся ў Пецярбургскай кансерваторыі, займаўся ў класе Антона Рубінштэйна. Затым паехаў працягваць заняткі музыкай у Парыж, дзе вучыўся ў А. Гедальдэ і Юліса Масенета. Удасканальваўся ў Сігізмунда Наскоўскага ў Варшаве.


Першая яго кніга «З вершаў і песень Генрыка Скірмунта» выйшла ў 1898 г. У 1899 г. «Край» апублікаваў тры вершы Г. Скірмунта з біяграфічнай нататкай «Новы паэт». У тым жа годзе паэтам было напісана лібрэта музычнай драмы ў трох актах «Pan Wołodyjowski» паводле аднайменнага рамана Генрыха Сянкевіча (лібрэта і часткова музыка да оперы выдадзена ў 1902 г.). Фрагменты оперы выконваліся на канцэртах і дабрачынных мерапрыемствах у Варшаве. Прэм’ера «Пана Валадыёўскага» з поспехам адбылася ў Вялікім гарадскім тэатры ў Львове 21 сакавіка 1902 г.


Каля 1900 г. Г. Скірмунт пазнаёміўся з вядомай польскай пісьменніцай Элізай Ажэшка (1841–1910), з якой неўзабаве пасябраваў. Бываў у Э. Ажэшка ў Гродне, а ў 1905 г. яна наведала Моладава. Перапіска іх працягвалася да смерці пісьменніцы.


У чэрвені 1900 г. газета «Край» паведаміла пра заручыны Генрыха Скірмунта з Ірэнай Пузынай. Цяпер цяжка сказаць, чаму справа да вяселля не дайшла. Распад гэтых заручын абцяжарваў жыццё і творчасць Г. Скірмунта, які ў сваіх вершах пазбягаў эратычных з’яў, а ў лібрэта опер падкрэсліваў значэнне абавязкаў перад Богам і Айчынай вышэй за ўласнае шчасце.


У наступныя гады Г. Скірмунт знаходзіўся ў родным Моладаве, з якога зрэдку выязджаў за мяжу для ўдасканалення музычных ведаў. У 1903 г. з’явіўся зборнік яго вершаў «Паэзія», частка твораў якога ўжо друкавалася ў перыядычных выданнях «Бібліятэка Варшаўская», «Газета нарадова», «Край» і інш. У красавіку 1905 г. выехаў у Берлін, дзе займаўся музыкай у аркестрацыі Энгельберта Гумпердынка. У 1906 г. у Берліне не знайшоў прыдатнага настаўніка і пераехаў у Дрэздэн.


Улетку 1909 г. Г. Скірмунт цяжка захварэў на сэрца, і лекары забаранілі яму працаваць. Праходзіў доўгае лячэнне ў санаторыях пад Дрэздэнам, Лідо і Вісбадэнам. У 1907–1913 гг. друкаваў свае вершы ў часопісах. У 1912 г. выйшаў з друку другі том яго зборніка «Паэзія».


У 1913 г. з’явілася ў друку лібрэта оперы «Вяртанне байкі». Аднак план пастаноўкі оперы ў Вялікім тэатры Варшавы са змененай назвай «Адвечная байка» не адбыўся ў сувязі з распачатай Першай сусветнай вайной. У гэты ж час з’явіўся ў друку ў Лейпцыгу цыкл музычнай творчасці «Год жыцця». У лістападзе 1914 г. Г. Скірмунт знаходзіўся ў Варшаве, супрацоўнічаў у Польскім камітэце дапамогі параненым, у санітарным камітэце.


У час ваенных дзеянняў маёнтак Скірмунтаў моцна пацярпеў. Моладава было занята аўстра-германскімі войскамі ў 1915 г., апынулася ў прыфрантавой зоне. У 1919 г. Моладава занялі бальшавікі. Г. Скірмунта арыштавалі, пасадзілі ў турму ў Пінску і вынеслі смяротны прысуд. Але яго не выканалі, а перадалі справу ў распараджэнне Моладаўскага рэвалюцыйнага камітэта. Г. Скірмунту ўдалося выратавацца, збегчы ў Варшаву.


Пасля 1920 г. Г. Скірмунт знаходзіўся ў Моладава (маёнтак перайшоў яму ў спадчыну ад бацькі), стараўся аднавіць знішчаную вайной гаспадарку. Яго малодшая сястра, Марыя Генрыхаўна Скірмунт (1872–1939), якая таксама не стварыла сям’ю, займалася дабрачыннасцю, арганізавала ў маёнтку сельскагаспадарчую школу, лячыла хворых сялян. У 1918 г. у Варшаве выдадзены некалькі песень Г. Скірмунта на словы Люцыяна Рыдля, Марыі Канапніцкай і Сафіі Мрадавіцкай. За мяжой выйшлі яго творы на словы Р. Ронсарда, Вярлена і Прудамея. Яго песні выконвалі артысты Яніна Каралевіч-Вайдава і Саламея Крушальніцкая.


У 1925 г. Г. Скірмунт уступіў у новаарганізаваны «Гурток сучасных кампазітараў» пры Варшаўскім таварыстве музыкі. У 1926 г. на канцэрце «Гуртка» быў выкананы фрагмент «Зваротнай казкі». У 1925 г. напісаў лібрэта новай музычнай драмы «Жыццё артыста», якая тычылася тэмы этыкі людзей мастацтва. Выйшлі публіцыстычныя кнігі «Жывыя фатаграфіі» (1927) і «Будзе Польшча ў імя Пана» (1930). У Янове (цяпер г. Іванава) у 1927 г. на сродкі Канстанціна і Генрыха Скірмунтаў была адноўлена каплічка на месцы смерці пакутніка Андрэя Баболі (1591–1657).


Пасля пачатку вызваленчага паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у многіх месцах пачаліся выступленні рэвалюцыйна настроеных жыхароў. У Моладаве 18 верасня 1939 г. Генрых і Марыя Скірмунты як прадстаўнікі варожага класа памешчыкаў былі арыштаваны мясцовым рэўкамам, у складзе якога была большасць сялян. Спачатку Скірмунтаў перавезлі ў Моталь, дзе знаходзілася гміна, а потым зноў у Моладава. Тут іх 20 верасня незаконна расстралялі, а ў суседнім лесе закапалі. Па звестках мясцовых жыхароў, целы з месца пахавання забралі супрацоўнікі НКВД. Магчыма, ахвяры былі пахаваныя ў парку, на могілках. Ніякай адказнасці за зайбойства ніхто не панёс. На месцы меркаванага пахавання па ініцыятыве пінскіх краязнаўцаў у сакавіку 1995 г. усталяваны памятны крыж.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Скірмунты / У. М. Вяроўкін-Шэлюта // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2002. Т. 14. С. 457.
2.    Скірмунты / Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 321–322.
3.    Скирмунты / В. Н. Верёвкин-Шелюта // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 350–351.
4.    Szejnert, M. Usypac gory : historie z Polesia / Malgorzata Szejnert. – Wyd. 1-e. – Krakow : Wydawnictwo Znak, 2015. – 398 s. : il. – Са зместу: Skirmunt Henryk, junior. S. 85, 87, 98–103, 107–109, 111, 112, 146, 257, 356, 365.
5.    Молодово // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест : Брестская типография, 2017. С. 789–795.
6.    Мешечко, Е. Н. Владение Молодово // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 60–62.
7.    Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Генрых Скірмунт. С. 63.
8.    Молодово // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / Т. Хвагина, А. Варавва. Минск : Рифтур, 2013. С. 93–94.
9.    Нiкалаеў, М. В. Беларускі Пецярбург / М. В. Нікалаеў. – Санкт-Пецябруг : Агентство «ВиТ-принт», 2009. – 535 с. : іл. – Са зместу: Генрых Скірмут. С. 223.
10.    Смалянчук, А. Род Скірмунтаў у беларускай гісторыі / Алесь Смалянчук // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. Беласток, 2004. № 21. S. 169–177.
11.    Несцярчук, Л. М. Моладава // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х–ХХ стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 141–143.
12.    Брыгадзін, П. І. «Наш маральны абавязак — гаварыць пра гэтых людзей...» : [гутарка пра моладаўскіх Скірмунтаў] / Пётр Іванавіч Брыгадзін ; гутарыў Ігар Гетман // Янаўскі край. Іванава, 2018. 27 красавіка. С. 5.
13.    Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси: Молодово : авторский проект художника, реставратора, путешественника Владимира Цвирко / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 1 декабря (№ 48). С. 24–25 : фот.
14.    Каткавец, А. Скірмунты ў Моладаве : [пра развіццё прамысловасці, якую наладжвалі Скірмунты ў в. Моладава Іванаўскага раёна і в. Парэчча Пінскага раёна; канец 19 – пачатак 20 ст.] / Ала Каткавец // Заря. 2014. 10 июля. С. 8.
15.    Каткавец, А. Загадкавае, рамантычнае, балючае : [аб гібелі апошняга моладаўскага пана Генрыха Скірмунта] / Ала Каткавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 18 красавіка. С. 10.
16.    Туркевіч, В. Моладава: погляд другога берага : [пра апошняе пакаленне моладаўскіх Скірмунтаў] / В. Туркевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2001. 25 красавіка.
17.    Туркевіч, В. Скірмунты-літаратары : [у т. л. пра Генрыха Скірмунта] / Васіль Туркевіч // Культура. 2000. 15–21 студзеня (№ 2). С. 14.
18.    Ільїн, О. Скирмунти / О. Ільїн // Берестейскій край. 1999. 20 лютага. С. 2, 5.
19.    Кіштымаў, А. Скірмунты: дынастыя прадпрымальнікаў / А. Кіштымаў // Чырвоная звязда. Іванава, 1995. 8 жніўня.
20.    Ильенков, В. В долгу перед прошлым : [о забытых могилах Скирмунтов, об установке креста Генриху и Марии Скирмунтам на кладбище в Молодове Ивановского района; фото] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 1995. 1 красавiка.
21.    Ильенков, В. Скирмунты / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 1993. 27 студзеня.
22.    Ильенков, В. Трагедия Скирмунтов / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 1992. 25 сакавiка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 33 разоў Апошняя змена Пятніца, 16 Лістапад 2018 10:55