Аўторак, 13 Лістапад 2018 13:56

20 кастрычніка 2018 г. — 285 гадоў з дня нараджэння Адама Тадэвуша Станіслава Нарушэвіча (1733–1796), гісторыка, паэта, асветніка, перакладчыка, рэлігійнага дзеяча

Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч нарадзіўся 20 кастрычніка 1733 г. каля мястэчка Лагішын Пінскага павета Берасцейскага ваяводства (цяпер Пінскі раён Брэсцкай вобласці), быў пахрышчаны ў Лагішыне як Адам Тадэвуш, з 1781 г. называўся Станіславам. Быў выхадцам са збяднелай шляхецкай сям’і. Выхаванне атрымаў у Пінскім езуіцкім калегіуме (1748), у пятнаццаць гадоў быў прыпісаны да гэтага ордэна. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Ліёне (Францыя) у 1758–1762 гг., пасля заканчэння быў назначаны адным з чатырох прафесараў лацінскай славеснасці ў Віленскай акадэміі.


У 1757 г. Адам Нарушэвіч выдаў паэтычныя творы Сарбіеўскага. Здзейсніў падарожжа па Францыі, Італіі і Германіі; па вяртанні выкладаў спачатку палітыку ў Віленскай акадэміі, а затым багаслоўе ў Варшаўскай «Collegium Nobilium». Ён перакладае на польскую мову Гарацыя, Тацыта. З 1770 г. прадпрымае разам з Альбертрандзі выданне часопіса «Zabawy przyjemne i pozyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»), прысвечанага вытанчанай літаратуры, у якім змяшчае свае лірычныя і сатырычныя вершы. Збор сваіх твораў — арыгінальных і перакладных — Адам Нарушэвіч выдаў упершыню ў 1778 г. у 4 тамах пад агульным загалоўкам «Сачыненні».


У 1764 г. Адам Нарушэвіч быў прадстаўлены каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і хутка стаў яго набліжанай асобай. Суправаджаў караля ў паездках па Беларусі і Украіне, якія апісаў у кнігах «Дыярыуш падарожжа святлейшага Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Гарадзенскі сойм» (1784), «Дыярыуш падарожжа Станіслава Аўгуста, караля польскага, на Украіну» (1787; 1788).


Праблемы ўсеагульнай і айчыннай гісторыі Адам Нарушэвіч вывучаў з пачатку 1770-х гг. Удзельнічаў у стварэнні калектыўнай працы «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаў» (1772). Перыяд дзейнасці ў ВКЛ з 1773 г. стаў для Адама Нарушэвіча як гісторыка найбольш плённым. Ён працягваў пачатую ў Варшаве працу над перакладам і выданнем твораў старажытна-рымскага гісторыка Тацыта (1772–1783; т. 1–4).


У 1773–1776 гг. Адам Нарушэвіч напісаў сваю першую буйную гістарычную працу «Historya Jana Karola Chodkiewicza,WojewodyWileńskiego, Hetmana Wielkiego W. К. Lit.» («Жыццё Яна Кароля Хадкевіча, віленскага ваяводы, вялікага гетмана ВКЛ»). У 1780–1786 гг. выйшлі тамы 2–7, якія ахоплівалі падзеі ад часоў княжання Мешкі (канец Х ст.) да абрання на польскі трон Ягайлы (1386). Том 1, дзе сабраны звесткі аб старажытнай гісторыі Польшчы, выйшаў ужо пасмяротна (1824; ч. 1–2). Завяршэнню «Гісторыі...» перашкаджала адсутнасць сістэматызаваных матэрыялаў. Таму з 1781 г. Станіслаў Нарушэвіч пры фінансавай падтрымцы караля пачаў збіраць гістарычныя крыніцы, здымаць копіі з дакументаў. Сабраны ім 231 том матэрыялаў, так званыя «папкі Нарушэвіча», маюць вялікую каштоўнасць і для сучаснай навукі (у большасці захоўваюцца ў Нацыянальным музеі ў Кракаве).


З 1788 г. — біскуп смаленскі (з сядзібай у Пінску), з 1790 г. — луцкі. Як сенатар Станіслаў Нарушэвіч прымаў удзел у працы Чатырохгадовага сейма (1788–1792), уваходзіў у «Згуртаванне сяброў урадавай уставы». Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая 1791 г. Быў моцна адданы каралю. Але калі кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, адышоў ад палітычнага жыцця. Адмовіўся ад удзелу ў Гродзенскім сейме 1793 г., які зацвердзіў другі падзел Рэчы Паспалітай.


Станіслав Нарушэвіч — першы вучоны Польшчы, Беларусі і Літвы, які супрацьпаставіў артадаксальнай тэалагічнай гістарыяграфіі разуменне гісторыі як свецкай навукі, якая павінна мець пазнавальныя мэты. Галоўным рухавіком гістарычнага працэсу ён лічыў чалавечы розум, асветніцтва.


Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч памёр 6 ліпеня 1796 г. у мястэчку Янаве-Падляскім (Польшча), дзе ў калегіуме быў пахаваны 12 ліпеня. Яго імя з 1999 г. носіць вуліца у цэнтры г. Пінска. У вёсцы Дубай Пінскага раёна, дзе у летняй рэзідэнцыі пінскіх езуітаў ён жыў, усталявана мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Папіціч Людміла Ігараўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Нарушэвіч (Naruszewicz) Адам Тадэвуш Станіслаў / Н. К. Мазоўка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 193.
2.    Нарушевич (Naruszewicz) Адам Тадеуш Станислав // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 340–341.
3.    Нарушэвіч Адам Тадэвуш Станіслаў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 348–349.
4.    Naruszewicz Adam // Nowa encyklopedia powszechna PWN : w 8 t. Warszawa, 2004. T. 5. S. 682.
5.    Naruszewicz Adam Stanisław // Encyklopedia wiedzy o jezuitach na zemiach Polski i Litwy. Kraków, 2004. S. 451.
6.    Нарушэвіч Адам Тадэвуш Станіслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 296.
7.    Нарушэвіч (Naruszewicz) Адам Станіслаў // Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1995. С. 266–267.
8.    Нарушэвіч (Naruszewicz) Адам Станіслаў / Г. А. Каханоўскі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 4. С. 43.
9.    Нарушевич Адам Тадеуш Станислав // Учёные Пинщины / авт.-сост.: И. А. Кибак, П. Н. Синкевич, В. В. Василевецкий. Пинск, 2012. С. 91–92.
10.    Мальдзiс, А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі : эсэ ; Восень пасярод вясны : аповесць, сатканая з гістарычных матэрыялаў і мясцовых паданняў : [для сярэд. і ст. шк. узросту; эсэ «Як жылі нашы продкі ў ХVIII стагоддзі» напісана на аснове мемуараў М. Матушэвіча, Ф. Карпіньскага, Ю. У. Нямцэвіча, С. Рэйтана, А. Нарушэвіча] / Адам Мальдзіс. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 479 с.
11.    Адам Тадэвуш Станіслаў Нарушэвіч / М. Л. Саўчанка // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 79–80.
12.    Klimowich, M. Adam Naruszewicz // Oświecenie / Mieczysław Klimowich. Warszawa, 2002. S. 136–158.
13.    Królikowska, М. Szkoła Naruszewiczowska i jej miejsce w historiografii polskiej XIX wieku / Maria Królikowska. – Warszawa, 1989. – 215 s.
14.    Borucki, M. W kregu krola Stanislawa / Marek Borucki. – Warszawa : Ludowa Spoldzielnia Wyd-cza, 1984. – 255 s. – Са зместу: Naruszewicz Adam. С.  126, 130–140, 146, 154, 156, 159, 202.
15.    Kostkiewigzowa, T. Klasycyzm. Sentymentaliym. Rokoko : szkice o prądach literackich polskiego Oświecenie / Teresa Kostkiewigzowa. – Warszawa, 1975. – 480 s. – Са зместу: Naruszewicz Adam. С. 5, 28, 30, 49, 53, 59, 90–93, 95, 98–102, 104, 108, 127–134, 137, 140–143, 154, 156, 164, 168, 169, 177, 178, 183, 184, 200, 244, 251, 264, 310, 376, 439–440, 461.
16.    Хвагiна, Т. А. Пiнск і яго ваколіцы = Пинск и его окрестности : гісторыя, памятныя мясціны, знакамітыя людзі / Т. А. Хвагiна. – Мiнск : Вышэйшая школа, 2007. – 175 с.
17.    Мемарыяльная дошка А. Т. С. Нарушэвічу : [в. Дубай] // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 562.
18.    Карлюкевіч, А. Падарожжа па вуліцах Пінска / Алесь Карлюкевiч // Беларусь. Belarus. 2008. № 1. C. 32–34.
19.    Локун, В. И. Пинщина литературная : [упоминаются Л. Боровский, А. Нарушевич, Д. Булгаковский, Е. Янищиц, В. Ковтун, Ю. Солоневич, Н. Приступа, М. Еленевский, М. Ляшук, В. Гришковец, Н. Лаврович, З. Вагер и др.] / Валентина Локун // Нёман. 2007. № 8. С. 139–154.
20.    Zaleska, T. Adam Naruszewicz — poeta Oświecenia i historyk z Polesia — w świetle własnej korespondencji / Tatiana Zaleska // Славянскія мовы, літаратуры і культуры: этнас у святле гісторыі і сучаснасці : зборнік навуковых прац. Гродна, 2003. С. 29–34.
21.    Славутыя землякі. Адам Нарушэвіч // Мясцовы час. Пiнск, 2003. 30 кастрычніка.
22.    Демид, И. Улица Нарушевича / Инна Демид // Варяг-пресс. Пинск, 1999. 4 июня.
23.    Адам Станислав Нарушевич // Пінскі веснік. 1999. 16 апреля.
24.    Славин, Л. Именем земляка : [о переименовании ул. Прорезной в г. Пинске в ул. Адама Нарушевича] / Леонид Славин // Пінскі веснік. 1999. 5 студзеня.
25.    Саўчанка, М. Адаму Нарушэвічу — 260 гадоў / М. Саўчанка // Полесская правда. Пинск, 1994. 19 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 791 разоў Апошняя змена Пятніца, 16 Лістапад 2018 11:02