Аўторак, 13 Лістапад 2018 14:04

1 кастрычніка 2018 г. — 130 гадоў з дня нараджэння Лукі Мікалаевіча Дзекуця-Малея (1888–1955), рэлігійнага і грамадскага дзеяча, перакладчыка рэлігійных тэкстаў

Лука Мікалаевіч Дзекуць-Малей нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 г. у г. Слоніме Гродзенскай губерні (цяпер Гродзенскай вобласці) у сям’і настаўнікаў. У чатыры гады застаўся без бацькоў, да шаснаццаці выхоўваўся ў сям’і педагогаў Фунтаў. Скончыў Слонімскую сярэднюю школу, настаўніцкую семінарыю (1906). Працаваў настаўнікам, інспектарам народнай адукацыі.


Лука Дзекуць-Малей служыў у Рускай арміі ў Беластоку, дзе стаў наведваць евангельска-баптысцкія малітоўныя сходы. У ноч на 1 студзеня 1912 г. прыняў воднае хрышчэнне па баптысцкім абрадзе. У 1913 г. паступіў на першыя біблейскія курсы евангельскіх хрысціян у Санкт-Пецярбургу. У 1915 г. паступіў у духоўную семінарыю. З 1916 г. займаўся пастырскай работай у Гродне.


Л. М. Дзекуць-Малей прымаў актыўны ўдзел у палітычным жыцці Гродзеншчыны. Удзельнічаў у Гродзенскім беларускім сялянскім з’ездзе (15–16 снежня 1918 г.). Быў членам Камітэта нацыянальнага адраджэння Беларусі, клуба «Беларуская хатка». У 1919 г. арыштоўваўся польскімі ўладамі за выступленні ад імя літоўскай дзяржавы. Быў адным з ініцыятараў стварэння Грамадства беларускай моладзі ў маі 1919 г. З ліпеня быў старшынёй Гродзенскай цэнтральнай беларускай настаўніцкай рады, з чэрвеня 1920 г. — Гродзенскай беларускай школьнай рады. Уваходзіў у склад прэзідыума Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Мінску. Восенню 1919 г. скончыў беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. З 1921 г. з’яўляўся членам Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны.


З канца 1921 г. Л. М. Дзекуць-Малей жыў у Брэсце, куды быў высланы польскімі ўладамі за актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху. Пачаў прапаведаваць у акрузе і стварыў абшчыну евангельскіх хрысціян-баптыстаў у горадзе. У 1920–1924 гг. пераклаў з польскай і рускай моў 17 рэлігійных брашур на беларускую мову. У снежні 1927 г. на вул. Шырокай (цяпер б-р Касманаўтаў) адкрыў малітоўны дом, пры якім арганізаваў кравецкія і пчалярскія курсы, потым адкрыў дзіцячы прытулак і нядзельную школу. Прапагандаваў ідэі баптысцкай абшчыны на тэрыторыі Заходняй Беларусі, асабліва сярод навучэнцаў гімназій Брэста, Вільні, Маладзечна, Навагрудка і іншых гарадоў, апекаваў бедных навучэнцаў. Рэдагаваў «Беларускую калонку» ў баптысцкім часопісе «Маяк».


У 1931 г. Л. М. Дзекуць-Малей выдаў «Новы Запавет і Псальмы» (надрукаваны накладам 25 тыс. у Хельсінкі). Перакладаў з грэчаскай мовы разам са сваёй жонкай Серафімай і пры ўдзеле аўтарытэтнага мовазнаўца і літаратурнага крытыка Антона Луцкевіча (1884–1941). Кніга была перавыдадзена ў Лондане (1948) і Таронта (1991). Сучасныя навукоўцы даюць розныя ацэнкі яго працы. Асаблівасці тлумачацца часам стварэння перакладу (1924–1930), калі адбывалася выпрацоўка нормаў сучаснай беларускай мовы, папаўненне яе лексікону з крыніцы жывых народных гаворак, а таксама імкненнем перакладчыка-пратэстанта зрабіць тэкст максімальна блізкім і зразумелым для вернікаў.


Л. М. Дзекуць-Малей арыштаваны ў Брэсце 19 чэрвеня 1941 г., а яго сям’я вывезена ў Расію. У гады Вялікай Айчыннай вайны служыў прэсвітарам на тэрыторыі Беларусі. У 1942 г. выдаў у Мінску малітоўнік на беларускай мове. 27 чэрвеня 1944 г. удзельнічаў у Другім Усебеларускім кангрэсе (Мінск), на якім калабарацыяністы пацвердзілі незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, аб’яўленай у 1918 г.


 У 1944–1945 гг. жыў у Германіі. З 1946 г. пасяліўся ў Польшчы: спачатку ў Беластоку, дзе сустрэўся са сваёй сям’ёй, затым у Гданьску. З сакавіка 1947 г. па сакавік 1949 г. служыў баптысцкім прапаведнікам і акруговым прэсвітарам у Гданьску.


Л. М. Дзекуць-Малей памёр 20 студзеня 1955 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Гданьска. У 2004 г. яго імем названа вуліца ў Гданьску.


Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага сумесна з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі 25 кастрычніка 2018 г. арганізавалі міжнародны круглы стол «Лукаш Дзекуць-Малей (1888–1955): святар, настаўнiк, перакладчык».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Дзекуць-Малей Лука / Марыя Аўсяная, Уладзімір Ляхоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларус  : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 224–225.
2.    Дзекуць-Малей Лука // Памяць. Слонімскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 645.
3.    Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі : зборнік матэрыялаў, артыкулаў і дакументаў / [рэдкал.: А. У. Унучак (гал. рэд.) і інш.]. – Брэст : Альтэрнатыва, 2011.  199 с., [8] л. іл.
4.    Унучак, А. У. Некаторыя старонкі царкоўнага служэння пастара Лукаша Дзекуць-Малея ў Брэсце ў 1920-я – пачатку 1930-х гг. / А. У. Унучак // Брестчина: история и современность. Брест, 2012. С. 137–141.
5.    Чыгрын, С. Служыў богу і людзям // У пошуках слонімскіх скарбаў : гісторыка-краязнаўчыя і літаратурныя нататкі / Сяргей Чыгрын. Мінск : Кнігазбор, 2007. С. 103–107.
6.    Унучак, А. Лукаш Дзекуць-Малей (1888–1955): асноўныя моманты біяграфіі і сьветапогляду / Андрусь Унучак // Arche. Пачатак. 2017. № 3. С. 62—81
7.    Глазов, В. Лука Декуть-Малей переводил Библию на белорусский язык в Бресте / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2015. Февраль (№ 6). С. 20.
8.    Крац, А. Пастор из Бреста, продолживший дело Скорины / Алла Крац // Астрамечаўскі рукапіс : брэсцкі раённы краязнаўчы альманах. Брэст, 2015. № 1. С. 82–86 : фот.
9.    Чыгрын, С. Святар, патрыёт, перакладчык : [аб кнізе «Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі»] / Сяргей Чыгрын // Краязнаўчая газета. 2012. № 32. С. 3.
10.    Чыгрын, С. У вянок Лукашу Дзекуць-Малею : [аб кнізе «Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі»] / Сяргей Чыгрын // Ніва. Беласток, 2012. 22 ліпеня (№ 30). С. 5.
11.    Чыгрын, С. На Беласточчыне памянулі нашага земляка : [Лукаша Дзекуця-Малея] / Сяргей Чыгрын // Газета Слонiмская. 2011. 30 сакавіка. C. 7.
12.    Лукша, М. У Крынках у школе Лукаша Дзекуць-Малея : [аб жыцці і дзейнасці рэлігійнага і грамадскага дзеяча] / Міра Лукша // Ніва. Беласток, 2011. 3 красавіка (№ 14). С. 4.
13.    Лисовская, Т. В. Деятельность протестантских общин и организаций в Западной Беларуси в 1921–1939 гг. / Т. В. Лисовская // Веснiк Гродзенскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Серыя 1. 2008. № 2. С. 77–82.
14.    Шкурко, Т. Дзекуць-Малей Лукаш / Тамара Шкурко // Голас Радзiмы. 2006. 7 снежня. C. 10.
15.    Чыгрын, С. Служыў Богу i людзям : [Лукаш Дзекуць-Малей] / Сяргей Чыгрын // Газета Слонiмская. 2005. 21 верасня. C. 25.
16.    Фурс, В. Беларускія пераклады Евангелля паводле Мацвея : пратэстанцкая, каталіцкая і праваслаўная версіі / Вольга Фурс // Роднае слова. 2004. № 12. С. 29–32.
17.    Пекун, С. Лука Николаевич Дзекуц-Малей: жизнь и служение / Степан Пекун // Крыніца жыцця. 2000. № 2. С. 6–9 ; № 3. С. 10–13 ; № 4. С. 12–15.
18.    Глагоўская, Л. Жыццё i дзейнасць Лукаша Дзекуць-Малея / Л. Глагоўская // Слонiмскі край. 2000. № 2. C. 9–18.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 399 разоў Апошняя змена Пятніца, 16 Лістапад 2018 11:03