Аўторак, 20 Лістапад 2018 15:43

1 лістапада 2018 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Ануфрыевіча Лебедзева (1938), літаратуразнаўца, педагога, паэта

Уладзімір Ануфрыевіч Лебедзеў нарадзіўся 1 лістапада 1938 г. у вёсцы Зарой Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1955 г. скончыў школу, працаваў у калгасе. У 1957–1960 гг. — служба ў Савецкай арміі, пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся грузчыкам на адным з заводаў г. Клімавічы.


У 1961–1966 гг. Уладзімір Лебедзеў навучаўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля заканчэння быў накіраваны на працу ў Бярозаўскі раён Брэсцкай вобласці, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Боркаўскай СШ, дзе яго заўважыў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.


З 2 студзеня 1971 г. — выкладчык філалагічнага факультэта Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, з 1945 г. — старшы выкладчык. У 1977 г. У. А. Лебедзеў абараніў кандыдацкую дысертацыю «Апавяданні К. Чорнага 20-х гадоў. Станаўленне творчай індывідуальнасці пісьменніка». У 1981 г. яму прысвоена званне дацэнта кафедры беларускага літаратуразнаўства. У 1997–2002 гг. — член Вучонай рады па абароне кандыдацкіх дысертацый БрДУ.


Займаецца даследаваннем праблем беларускай літаратуры ХІХ – пачатку ХХІ ст., яе тэматычнай і жанрава-стылёвай разнастайнасці, у т. л. даследаваннем творчасці В. І. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, А. Гаруна, М. Гарэцкага, К. Чорнага, У. Караткевіча, пісьменнікаў Берасцейшчыны. Даследуе беларускія і беларуска-польскія літаратурныя сувязі.


Чалавек энцыклапедычных ведаў, эпічна разважлівы, як пры чытанні лекцый, так і ў сваіх шматлікіх навуковых даследаваннях, Уладзімір Ануфрыевіч вёў вялікую грамадскую работу. Быў куратарам рэдкалегіі факультэцкай насценгазеты «Станаўленне», кіраўніком навуковага студэнцкага гуртка беларускай літаратуры, членам Брэсцкага аддзялення Беларускага геаграфічнага таварыства.


Уладзімір Лебедзеў як літаратар, цікавы і арыгінальны паэт пачаў адкрывацца ў сталым узросце. Друкаваў вершы ў абласных газетах «Заря» і «Народная трыбуна», альманасе «Жырандоля», часопісе «Маладосць». Выдаў свае паэтычныя зборнікі «Восеньская ралля» (2004), «Верасовы разлог» (2005), «Нязводныя прысады» (2008), «Несціханае рэха» (2013), «Час вечаровы» (2015), «Росная трава» (2018). Адзін з тых сучасных вершатворцаў, хто карыстаецца класічнымі паэтычнымі жанрамі і формамі: санет, трыялет, канцона, хайку, танка, рубаі і інш. І тэматыка вершаў Уладзіміра Ануфрыевіча класічная. Аўтар з любоўю піша аб сваёй радзіме, дзяцінстве, харастве прыроды, філасофствуе наконт сэнсу існавання сусвету і свайго жыццёвага наканавання.


Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Узнагароджаны медалямі «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина» (1970), «Ветеран труда» (1984).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы і працы У. А. Лебедзева

1.    Час вечаровы : зборнік паэзіі / У. Лебедзеў. – Брэст : Альтернатива, 2015. – 79 с.
2.    Несціханае рэха : зборнік паэзіі / У. Лебедзеў ; [уступ. арт. У. Сенькаўца]. – Брэст : Альтернатива, 2013. – 75 с.
3.    Нязводныя прысады : вершы / У. Лебедзеў. – Брэст : Альтернатива, 2008. – 51 с.
4.    Верасовы разлог : вершы / У. Лебедзеў. – Брэст : Академия, 2005. – 54 с.
5.    Восеньская ралля : вершы / У. Лебедзеў ; [прадм. А. Каско ; маст. Л. Валасюк]. – Брэст : Акадэмiя, 2004. – 62 с. – (Берасцейскае вогнiшча).
6.    Стагоддзе новае настала ; Мілавіца : [вершы] / Уладзімір Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2017. № 9. С. 22–23.
7.    Лівень ; Кнігаўкі ; Завейная імпрэсія : [апавяданні] / Уладзімір Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2016. № 8. С. 46–48.
8.    Сустрэчы з Міхасём Рудкоўскім : [літаратурна-крытычны артыкул] / У. Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2016. № 8. С. 216–218.
9.    Што дорага, не забывай : (трыялеты) ; «Застацца мусіць, што было...» ; «З дзяцінства ў цуды шчыра верым...» ; «Так самі сэрцы пажадалі...» ; «Парой жывеш не так, як хочаш...» ; «Што дорага, не забывай...» : [вершы] / У. Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2015. № 6. С. 22–23.
10.    Шлях да рамана : проза Лявона Валасюка / У. Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2013. № 5. С. 258–265.
11.    Свой лёс акрэсліць... : (рубаі) : [цыкл вершаў] / У. Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2013. № 5. С. 69–70.
12.    Песня : (з мінулых часоў) ; Заб’ю гуся ; Прынцэса : [апавяданні] / У. Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2012. № 4. С. 79–81.
13.    Спроба падсумавання / У. А. Лебедзеў // Узыходжанне. Кніга пра Аляксея Антонавіча Майсейчыка / уклад.: З. П. Мельнiкава, А. С. Кавалюк, С. М. Шчэрба. Брэст : БрДУ імя А. С. Пушкіна, 2011. С. 106–109.
14.    Песня для сябе ; Дождж у пару — што золата : [апавяданні] / У. Лебедзеў // Жырандоля : літаратурны альманах. Мінск : Кнігазбор, 2010. № 3. С. 101–103.
15.    Паэма «Гапон» як увасабленне ідэйна-эстэтычных поглядаў В. І. Дуніна-Марцінкевіча / У. Лебедзеў // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2009. № 1. С. 22–25.
16.    У дні вайны ; Пра пільныя справы ; «Вось і верасень ціха сканаў...» ; Нібы толькі яны : [вершы] / У. Лебедзеў // Маладосць. 2008. № 11. С. 119.
17.    М. Горкі і М. Багдановіч / У. Лебедзеў // М. Горький и его эпоха : материалы международного научного симпозиума, Брест, 19–21 марта 2008 г. Брест, 2008. С. 100–103.
18.    А. С. Пушкін і беларуская паэзія ХІХ стагоддзя / У. Лебедзеў // А. С. Пушкин в современном мире: текст и контекст : материалы республиканской научно-практической конференции, г. Брест, 24–25 апреля 2008 г. Брест : БрГУ, 2008. С. 170–173.
19.    На сустрэчу з загадчыкам кафедры : [успаміны пра У. А. Калесніка] / У. Лебедзеў // Пасланец Праметэя. Кнiга пра Уладзiмiра Калеснiка. Брэст : БрДУ імя А. С. Пушкіна, 2007. С. 179–181.
20.    Белавежская пушча ў духоўнай i культурнай спадчыне беларусаў / У. А. Лебедзеў, Г. М. Праневiч, У. А. Сенькавец ; Брэсцкі абласны аддзел Беларускага геаграфічнага таварыства ; Брэсцкі абласны камiтэт прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2003. – 268 с.
21.    Тэматыка курсавых работ па беларускай лiтаратуры : метадычныя парады / склад.: У. А. Лебедзеў, К. М. Мароз. – Брэст, 2002. – 27 с.
22.    З прыродай злiўшыся душой : зборнік беларускай пейзажнай паэзii / [склад.: Г. М. Праневiч, У. А. Лебедзеў i iнш.]. – Брэст : Лаўроў, 2001. – 274 с.
23.    Праневiч, Г. М. Зямля, прырода, людзi ў духоўнай культуры Беларусi / Г. М. Праневiч, У. А. Лебедзеў, У. А. Сенькавец. – Брэст : Лаўроў, 1999. – 99 с.
24.    Рассказы К. Чорного 20-х годов. Становление творческой индивидуальности писателя : автореферат диссертации ... кандидата филологических наук / Лебедев Владимир Ануфриевич ; Министерство просвещения БССР, Минский государственный педагогический институт им. А. М. Горького. – Минск, 1977. – 16 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці У. А. Лебедзева

1.    Лебедзеў Уладзімір Ануфрыевіч // Прафесарска-выкладчыцкi калектыў Брэсцкага дзяржаўнага ўнiверсiтэта iмя А. С. Пушкiна : бiябiблiяграфічны даведнiк, 1945–2005. Брэст : БрДУ, 2005. С. 117–118.
2.    Валасюк, Л. Несціханае рэха : [пра брэсцкага паэта У. А. Лебедзева] // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. С. 222–223.
3.    Сянкевіч, М. Слова пра настаўніка : [да 80-годдзя У. А. Лебедзева] / Мікола Сянкевіч // Заря. 2018. 31 октября. С. 17.
4.    Валасюк, Л. Несціханае рэха : [пра былога выкладчыка філалагічнага факультэта БрДУ імя А. С. Пушкіна, брэсцкага паэта У. А. Лебедзева] / Лявон Валасюк // Заря. 2013. 31 октября. С. 13.
5.    Сенькавец, У. Пошук працягваецца : [пра зборнік брэсцкага паэта У. Лебедзева «Несціханае рэха»] / Уладзімір Сенькавец // Заря. 2013. 15 августа. С. 19.
6.    Гарустовіч, Г. «Пішу аб тым, што перажыў...» : вучні СШ № 8 г. Брэста сустрэліся з пісьменнікам Уладзімірам Лебедзевым / Ганна Гарустовіч // Народная трыбуна. 2009. 3 кастрычніка (№ 40). С. 11.
7.    Мельнікава, З. Сеяць жыта заўсёды пара... : [аб паэтычнай творчасці У. А. Лебедзева] / Зоя Мельнікава // Маладосць. 2008. № 11. С. 117–118.
8.    Лысая, Г. «І гэты дзень паціху сыдзе ў вечнасць...» : [аб паэтычнай творчасці У. Лебедзева] / Ганна Лысая // Народная трыбуна. 2008. 24 мая (№ 21). С. 11.
9.    Мароз, К. Шчодрасць восеньскай паэзіі : [аб выкладчыцкай дзейнасці і паэтычнай творчасці У. А. Лебедзева] / К. Мароз // Веснiк Брэсцкага ўнiверсiтэта. Серыя філалагічных навук. 2007. № 1. С. 56–60.
10.    Паталкоў, Ю. Чысціня Верасовай душы : [пра кнігу вершаў «Верасовы разлог» У. Лебедзева] / Юрый Паталкоў // Народная трыбуна. 2006. 13 мая. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1771 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 12:11