Аўторак, 04 Снежань 2018 09:42

12 красавіка 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Анатоля Паўлавіча Рубановіча (1908–1970), мастака, паэта, настаўніка

Анатоль Паўлавіч Рубановіч нарадзіўся 12 красавіка 1908 г. у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці ў сям’і праваслаўнага святара Паўла Адамавіча Рубановіча (1876–1940), ураджэнца Пінскага павета Мінскай губерні. У 1927 г. Анатоль Рубановіч прыехаў з Мінска ў вёску Махро Пінскага павета Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці), куды для службы ў мясцовай Петрапаўлаўскай царкве быў накіраваны яго бацька.


Анатоль Рубановіч атрымаў добрую адукацыю. Здольнасці да малявання ў падлетка праявіліся даволі рана. Першай прыступкай да ведаў для Анатоля стала мастацкае вучылішча ў Варшаве, куды ён трапіў па спецыяльнай праграме для адораных беларусаў, якая ўключала ў сябе і вучобу за мяжой. Далей ён удасканальвае сваё майстэрства ў Вене і Парыжы, адкуль вяртаецца ў вёску, якая стала яму роднай, сапраўдным мэтрам.


З дапамогай стрыечнай сястры Ксеніі Анатоль Рубановіч у 1938 г. ладзіць сваю выставу ў Вільні, дзе з работамі палескага мастака знаёміцца культурная грамадскасць Польшчы і Літвы. Тым жа часам ствараюцца непаўторныя па велічы і прыгажосці творы: абразы Міколы Цудатворца, Серафіма Сароўскага, Распяцце.


У 1940 г. пасля смерці бацькі Анатоль Рубановіч становіцца псаломшчыкам у Махроўскай Петрапаўлаўскай царкве і добрасумленна выконвае свае абавязкі.


Страшным выпрабаваннем стала Вялікая Айчынная вайна. Як самага адукаванага ў вёсцы, А. П. Рубановіча немцы прызначылі старшынёй Махроўскай воласці. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што калі б не мудрасць і чалавекалюбства Анатоля Паўлавіча, магчыма, сёння такога населенага пункта не было б на карце раёна. Ён умеў памірыць аднасяльчан, якія пасварыліся, ніводная скарга не дайшла да фашыстаў. Валодаючы нямецкай і польскай мовамі, двойчы ратаваў землякоў ад немінучай смерці: 25 лютага 1944 г., калі пад прыцэлам варожых кулямётаў знаходзіліся каля сотні вяскоўцаў, і праз некалькі дзён, 2 сакавіка, калі раз’юшаныя каты зноў наладзілі аблаву.


Адступаючы летам 1944-га, фашысты многіх жыхароў Махро пагналі ў Германію. Сярод іх апынуўся і Анатоль Рубановіч з маці і жонкай Анастасіяй Андрэеўнай. Вызвалялі іх амерыканцы. Як у чалавека адукаванага, у яго была магчымасць уладкавацца на захадзе, але А. П. Рубановіч не адчуваў за сабой віны, таму вярнуўся на радзіму. Праўда, мясцовыя ўлады палічылі інакш, і 23 жніўня 1947 г. яго арыштоўваюць, рашэннем ваеннага трыбунала прызнаюць вінаватым у сувязі з фашыстамі, а мерай пакарання прызначаюць пазбаўленне волі тэрмінам на дзесяць гадоў. Дачушцы Волечцы тады было ўсяго дзевяць месяцаў.


Махроўцы збіралі подпісы ў абарону свайго слыннага аднавяскоўца, толькі гэта не дапамагло. Тры гады ён правёў у Мінскай турме, чатыры — у далёкай Архангельскай вобласці. Там ён стварае свае выдатныя вершы, піша карціны. Магчыма, і цяпер у прыватных калекцыях на тэрыторыі былога Савецкага Саюза маюцца тварэнні пэндзля А. П. Рубановіча.


29 ліпеня 1954 г., праз доўгія сем гадоў, з падарваным здароўем вяртаецца Анатоль Паўлавіч у Махро, да сваёй сям’і. Цяжка было ўладкавацца на працу чалавеку з ярлыком «вораг народа», але работа знайшлася. Да самай смерці працаваў ён настаўнікам выяўленчага мастацтва мясцовай школы, загадчыкам клуба, кіраваў калгасным хорам, займаўся паэзіяй. У той жа час на свет з’явіліся шмат пейзажаў, партрэтаў землякоў, якія дастойна ўпрыгожвалі многія выставы.


Настаўнік ніколі не павышаў голас на сваіх выхаванцаў. На ўроках ён адносіўся з павагай да любой вучнёўскай работы. Словы «ўжо лепш», «у гэтым нешта ёсць», «ты робіш поспехі» заўсёды суправаджалі ягоны аналіз дзіцячых малюнкаў. І рабяты цягнуліся да свайго педагога, старэйшага таварыша і дарадчыка. У А. П. Рубановіча засталося шмат паслядоўнікаў, якія звязалі свой лёс з мастацкай творчасцю. Бадай, самым знакамітым у гэтай кагорце з’яўляецца Аляксей Васільевіч Кузьміч (1945–2013), член Беларускага саюза мастакоў, аўтар вялікай калекцыі жывапісу з вобразам Мадонны.


Памёр Анатоль Паўлавіч 14 студзеня 1970 г., пахаваны на вясковых могілках у Махро.


21 снежня 2007 г. адкрыты новы раздзел экспазіцыі Махроўскага гісторыка-краязнаўчага музея — «Майстры мастацтваў», які ўключае матэрыялы пра жыццё і творчасць мастака, паэта і настаўніка А. П. Рубановіча, а таксама пра яго вучняў і паслядоўнікаў. Да 100-годдзя з дня нараджэння А. П. Рубановіча ў Махроўскай школе прайшла ўрачыстасць, на магіле ўстаноўлены і асвячоны новы гранітны помнік. 1 верасня 2018 г. на алеі знакамітых землякоў у Іванаўскім парку з’явілася драўляная скульптура А. П. Рубановіча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Рубановіч Анатоль Паўлавіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 521.
2.    Нікалайчук, Д. Радзіма ў чалавечым жыцці : мастацкая і творчая спадчына паэта-мастака Анатоля Рубановіча — ураджэнца в. Махро Іванаўскага раёна / Д. Нікалайчук, Г. Кунахавец // Духоўнае самавызначэнне асобы ў сучасным свеце : памяці Я. Янішчыц / УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна». Брэст, 2015. С. 72–74.
3.    Гваздзёў, С. След калабаранта : (мастак Анатоль Рубановіч) / Сяргей Гваздзёў // Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі : нарысы / Сяргей Гваздзёў. Мінск, 2013. С. 305–317.
4.    Мохро // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 795–796.
5.    Алексей Кузьмич. Творец возвышенных Мадонн : эссе, воспоминания, публикации, откровения / [составитель А. А. Кузьмич]. – Минск : Мастацкая літаратура, 2015. – 238 с., [40] л. цв. ил.
6.    Иваново и окрестности = Ivanovo district : [фотоальбом; упоминается А. Рубанович]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2014. – 95 с.
7.    Курков, И. Н. Мастер и мадонны : [о живописце Алексее Кузьмиче] // Брестчина: легенды, события, люди / И. Н. Курков. Минск, 2005. С. 262.
8.    Рожковец, С. А. Мохро глазами очевидца : летопись Мохровского сельсовета Ивановского района Брестской области / Сергей Рожковец. Брест : Полиграфика, 2011. С. 207.
9.    Петропавловская церковь : [д. Мохро] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 196–197.
10.    Цалюк, А. Алея знакамітых землякоў з’явілася ў гарадскім парку : [у т. л. скульптура А. Рубановіча] / Анастасія Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 7 верасня. С. 10.
11.    Крывецкая, Н. Знакамітасці ў дрэве : [пра абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры; створана скульптура А. Рубановіча] / Наталля Крывецкая // Заря. 2018. 1 сентября. С. 6.
12.    Чэмер, М. Махро: Аляксей Кузьміч і Анатоль Рубановіч : [пра школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна] / Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. 2018. 1 верасня. С. 15.
13.    Аскера, В. Вандроўка па Янаўскім краі: мясціны і асобы / Вікторыя Аскера // ЛіМ. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 4–5.
14.    Іваненка, А. З хараством духоўным заручоныя / Арцём Іваненка // Полымя. 2018. № 8. С. 115–131.
15.    Михальчук, В. В числе лучших : [делегация Ивановского района, представленная Мохровской СШ, приняла участие в III Национальном форуме «Музеи Беларуси»; в экспозиции были представлены произведения местного художника А. П. Рубановича] / Валерий Михальчук // Янаўскі край. Іванава, 2017. 27 снежня. С. 3.
16.    Игнатовец, Т. Слово о земляке : [о Василии Даниловиче Масляке; его жена, Ольга Анатольевна, — дочь А. П. Рубановича] / Татьяна Игнатовец // Янаўскі край. 2017. 8 верасня. С. 13.
17.    Котковец, А. На экскурсию — в Мохро : в местном историко-краеведческом музее хранятся уникальные документы / Алла Котковец // Заря. 2015. 30 мая. С. 5.
18.    Горупа, М. Патриотический центр Ивановщины : [история историко-краеведческого музея Мохровской СШ, 1979–2015; фото] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 20 лютага (№ 8). С. 6.
19.    Рагін, Я. Сам-насам з Мадоннай : [згадваецца А. Рубановіч] / Яўген Рагін // Культура. 2014. № 13. С. 12.
20.    Фатыхава, Г. Мадонны для землякоў Кузьміча : [у сярэдняй школе вёскі Махро працуе музей мастака Анатоля Рубановіча, былога настаўніка Аляксея Кузьміча] / Галія Фатыхава // ЛіМ. 2014. 11 ліпеня (№ 27). С. 13.
21.    Кунахавец, А. У мастацкай зале Рубановiча — папаўненне : [пра новыя карцiны-экспанаты ў зале мастака А. П. Рубановiча ў музеi Махроўскай СШ] / Алена Кунахавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2011. 27 снежня. С. 3.
22.    Карлюкевіч, А. Краскі Радзімы : [падарожжа па Палессі] / Алесь Карлюкевіч // Полымя. 2008. № 10. С. 149–168.
23.    Ушанавалі памяць земляка : [аб урачыстасцях да 100-годдзя з дня нараджэння А. П. Рубановіча ў в. Махро Іванаўскага раёна] // Народная трыбуна. 2008. 19 красавіка (№ 16). С. 2.
24.    Муха, Ф. Полесье рисовал учитель : столетие со дня рождения А. Рубановича из д. Мохро отметят на Брестчине / Фёдор Муха // Рэспублiка. 2008. 11 красавiка. С. 8.
25.    Кунахавец, А. Усе фарбы — на карысць Радзіме : [жыццё і творчасць мастака А. П. Рубановіча] / Алена Кунахавец // Настаўнiцкая газета. 2008. 25 сакавіка. С. 4.
26.    Кунахавец, А. Вяртанне Рубановiча : [захаванне памяцi пра мастака, педагога А. П. Рубановiча (1908–1970) у в. Махро Iванаўскага раёна] / Алена Кунахавец // Народная трыбуна. 2008. 23 лютага (№ 8). С. 12.
27.    Павлюковец, А. Я имел счастье его знать : [о художнике, педагоге А. П. Рубановиче (к 100-летию со дня рождения)] / Анатолий Павлюковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2008. 1 лютага. С. 3.
28.    Кунахавец, А. Мастак, паэт i настаўнiк / Алена Кунахавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2008. 15 студзеня.
29.    Рожковец, С. Честное имя А. П. Рубановича должно быть реабилитировано : [псаломщик Мохровской церкви до 1942 г.] / С. Рожковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 27 ліпеня. С. 5.
30.    Горупа, М. Искусство во имя жизни : [о художнике, педагоге из д. Мохро А. П. Рубановиче] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 18 мая. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1423 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Снежань 2020 12:08