Аўторак, 04 Снежань 2018 09:48

9 студзеня 2018 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Леаніда Уладзіміравіча Нікольскага (1948), беларускага спевака (барытон), кампазітара, заслужанага артыста Беларусі (1997)

Леанід Уладзіміравіч Нікольскі нарадзіўся 9 студзеня 1948 г. у вёсцы Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і праваслаўнага святара Уладзіміра Канстанцінавіча Нікольскага. Бацька ў свой час служыў у Гнеўчыцкім, а затым — Стрэльнянскім праваслаўных храмах. У сям’і расло сямёра дзяцей, і ўсе яны выхоўваліся на праваслаўных традыцыях.


Ужо ў раннім дзяцінстве Леанід адчуў асаблівае захапленне музыкай і спевамі. Натхняльнікам для яго быў бацька, які выдатна іграў на гітары, меў цудоўны голас. Ён жа і навучыў сына іграць на гітары. Але Леанід лічыў, што гэта захапленне музыкай — усяго толькі занятак для душы. Магчыма таму, пасля заканчэння Гнеўчыцкай базавай школы ён паступае ў Пiнскi гідра-меліярацыйны тэхнікум, каб атрымаць прафесiю. З песняй жа не растаецца, паспяхова абараняе гонар тэхнікума на розных аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасцi, спявае ў Пінскім гарадскім Доме культуры.


Дыпламаванага спецыяліста размяркоўваюць на Міншчыну, дзе яшчэ некаторы час ён працуе ў меліярацыі, і — па-ранейшаму спявае. Аднойчы Леанiд Нiкольскi зразумеў: спеў — не проста занятак для душы, спяванне яму неабходна, як паветра, як хлеб надзённы. Неўзабаве ён становіцца студэнтам Маладзечанскага музычнага вучылішча. Творчае асяроддзе паспрыяла раскрыццю таленту вакалiста. І вось ужо Леанiд Нікольскі — студэнт вакальнага аддзялення сталічнай кансерваторыі. Вучыўся ў народнага артыста БССР М. М. Сярдабава, заслужанага артыста Беларусі Л. П. Івашкова.


У 1976 г. Л. У. Нiкольскi паспяхова скончыў Беларускую кансерваторыю, стаў салістам Мурманскай абласной філармоніі (РСФСР). Працаваў у паўночным Мурманску, затым у Калінінскай абласной філармоніі. З канцэртамі аб’ехаў многія куткі СССР, выступаў і за мяжой, i там гэтае мілагучнае прозвішча заўсёды прамаўлялася з глыбокай павагай. Яго талент высока ацаніла вядомая французская спявачка Мірэй Мацье... У 1978 г. Леанiд Нiкольскi становіцца лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў савецкай песні, які праходзіў у Ленінградзе.


Але родная Беларусь, нібы магніт, прыцягвала да сябе. Таму яшчэ больш захацелася жыць і тварыць на сваёй Радзіме. Вярнуўшыся дадому ў 1984 г., Леанід Нікольскі стаў салістам ансамбля песні і танца Беларускай ваеннай акругі (цяпер Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь). Меркаваў, што гэта месца часовае, але больш за 25 гадоў на ўсіх канцэртах вядомага не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі калектыву, Нікольскага лічылі вядучым салістам.


За вялікі ўклад у прапаганду музычнага мастацтва, высокае выканаўчае майстэрства Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 536 ад 20 кастрычніка 1997 г. Л. У. Нікольскаму прысвоена ганаровае званне «Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь».


Спявак цесна супрацоўнічаў з кампазітарам У. Буднікам, працягвае — з Э. Зарыцкім, А. Івановым, Л. Захлеўным, падтрымліваў творчыя адносіны з паэтам В. Жуковічам, а таксама з А. Пахмутавай, I. Кабзонам і іншымі зоркамі эстрады. Член Беларускага саюза музычных дзеячаў. З яго лёгкай рукі на вялікую сцэну выйшаў спявак Руслан Аляхно.


Леанід Уладзіміравіч валодае голасам прыгожага тэмбру вялікага дыяпазону. Выступае ён і з сольнымі канцэртамі, адпрацаваны некалькі праграм. У апошнюю, якая называецца «Голас сэрца», увайшлі песні мінулых гадоў у сучасных апрацоўках. З 2012 г. працуе выкладчыкам акадэмічных сольных спеваў у Мінскім дзяржаўным музычным каледжы імя М. І. Глінкі.


У канцэртным рэпертуары Леанiда Нiкольскага творы пераважна ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Раней у свае канцэрты ўключаў хіты з рэпертуару Л. Лешчанкі, І. Кабзона, В. Дабрыніна, М. Магамаева, Э. Хіля. У яго праграмах таксама рускія, беларускія і ўкраінскія народныя песні. Аўтар і выканаўца песень «Ты вясна мая», «Восеньскае каханне», «Цягнік расстання». Леанід Уладзіміравіч шмат спявае на роднай мове і вельмі любіць яе. Вядомы не толькі як таленавіты спявак, а наогул творчая асоба, піша музыку, вершы, рыхтуе канцэрт аўтарскай песні.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Нікольскі Леанід Уладзіміравіч / Л. А. Сівалобчык // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 344–345.
2.    Нікольскі Леанід Уладзіміравіч / В. В. Давідовіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 90.
3.    Никольский Леонид Владимирович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 450.
4.    Вооруженных Сил Республики Беларусь академический ансамбль песни и танца // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 803.
5.    Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 377.
6.    Крэйдзіч, Т. Незабыўная сустрэча : пасляслоўе да выдатнага канцэрта / Тамара Крэйдзіч // Чырвоная звязда. Iванава, 2011. 2 снежня. С. 2.
7.    Кухарчук, Н. Спой нам, Леонид! : встречайте знаменитого земляка / Надежда Кухарчук // Чырвоная звязда. Iванава, 2011. 25 лістапада. С. 2.
8.    Хорошилова, Т. Руслан Алехно: Главное — поставить перед собой цель : [Леонид Никольский пригласил Р. Алехно в Академический ансамбль песни и танца Вооруженных сил Республики Беларусь] / Т. Хорошилова // Союз. Беларусь – Россия. 2009. 15 января. С. 3.
9.    Свирко, И. «Не знаю, что такое по-звездному капризничать» / Ирина Свирко // Рэспубліка. 2008. 1 апреля.
10.    Помнящий, В. Живой голос песни и поэзии : [о благотворительном концерте солиста Академического ансамбля песни и танца Вооруженных Сил Республики Беларусь Л. Никольского в Республиканском ДК ветеранов] / В. Помнящий // Во славу Родины. 1999. 8 мая.
11.    Никольский, Л. Леонид Никольский: «Мне нравится дарить людям прекрасные мгновения» : [беседа с солистом Академического ансамбля песни и танца Вооруженных Сил Республики Беларусь] / Леонид Никольский ; беседовала Тамара Мижигурская-Бунто // Во славу Родины. 1999. 6 февраля.
12.    Там за рекой [Ноты] : [песня] / слова Г. Соколовского ; музыка Л. Никольского / Во славу Родины. 1999. 6 февраля.
13.    Никольский, Л. Леонид Никольский: «Артист есть тогда, когда он востребован...» : [беседа с солистом Академического ансамбля песни и танца Вооруженных Сил Республики Беларусь] / Леонид Никольский ; беседовала Маргарита Старых ; фото Марии Жилинской // Народная газета. 1998. 10 ліпеня. С. 12.
14.    Армия искусств пополнилась заслуженным артистом : [информация о присвоении солисту ансамбля песни и танца Вооруженных Сил Республики Беларусь Л. В. Никольскому почётного звания] // Советская Белоруссия. 1997. 21 октября. С. 1.
15.    Никольский, Л. Леонид Никольский: «Песня должна быть созвучна времени» : [беседа с солистом Академического ансамбля песни и танца Вооруженных Сил Республики Беларусь] / Леонид Никольский ; записал Владимир Шурховецкий // Во славу Родины. 1997. 22 февраля.
16.    Не грустите, девчата... [Ноты] : [песня] / стихи Г. Соколовского ; музыка Л. Никольского // Во славу Родины. 1997. 22 февраля.
17.    Помнящий, В. От песни к песне, от сердца к сердцу : [о Л. В. Никольском] / В. Помнящий // Во славу Родины. 1996. 12 января.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 14 разоў Апошняя змена Аўторак, 04 Снежань 2018 09:53