Пятніца, 14 Снежань 2018 09:51

2018 г. — 170 гадоў з часу заканчэння будаўніцтва касцёла Узвышэння Святога Крыжа (г. Іванава; 1848), помніка архітэктуры ампіру

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа размяшчаецца ў цэнтры горада Іванава Брэсцкай вобласці. Пабудаваны з цэглы ў 1848 г.  намаганнямі ксёндза К. Палівона, асвячоны ў 1852 г. віленскім біскупам Вацлавам Жылінскім.


Прамавугольны ў плане (22,5х12,5 м) будынак пад двухсхільным дахам на галоўным фасадзе завершаны трохступеньчатым атыкам, раскрапаваны пілястрамі абапал уваходнага партала з арачнай люкарнай над ім. Пілястрамі крапаваны і бакавыя фасады, расчлянёныя на два ярусы прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Будынак акаймаваны антаблементам з прафіляваным карнізам на дэнтыкулах. У інтэр’еры зала перакрыта плоскай столлю, апсіда вылучана бакавымі сакрысціямі. Пры ўваходзе галерэя арганных хораў на дзвюх калонах. У алтары злева змешчаны гістарычны рарытэт — драўляны крыж, які выразаў Напалеон Орда. Постаць Ісуса выканала скульптар Хелена Скірмунт.


У 1899 г. будынак адрамантаваны на ахвяраванні прыхаджан. На 1935 г. парафія налічвала каля 1 450 чалавек. Меліся філіяльныя могілкавыя капліцы ў горадзе і вёсках Баландзічы і Моладава.


Каталікі Іванава асабліва шануюць святога пакутніка Андрэя Баболю (1591–1657), які за сваю місіянерскую дзейнасць празваны «Апосталам Палесся» ды «Пінскім апосталам». 16 мая 1657 г. быў схоплены і закатаваны казакамі ў Янаве (пасля 1940 г. — Іванава) у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667). На месцы яго гібелі была ўзведзена высокая, падобная на калону, капліца, вядомая па малюнку Напалеона Орды. На працягу стагоддзяў адным з месцаў асаблівага ўшанавання мучаніка была парафіяльная святыня Узвышэння Святога Крыжа ў Янаве.


На Палессі культ Андрэя Баболі набыў новы аспект тады, калі святы быў абвешчаны апекуном Пінскай дыяцэзіі (28 кастрычніка 1925 г.), а ў святыні ў Янаве з’явілася рэліквія — рабро благаслаўлёнага. Атрыманне такой значнай рэліквіі было вынікам намаганняў біскупа Зыгмунта Лазінскага, прыхільнасці Папы Пія XI i айцоў езуітаў: правінцыяла ксяндза Станіслава Сопуха i генерала ксяндза Уладзіміра Ледухоўскага. Рэліквіі з Рыма прывёз пасол доктар Ян Залуска 16 мая 1926 г. Пасля літургіі, якая адбылася па заходнім i ўсходнім абрадах, рэліквіі былі перанесены ў касцёл, які з гэтага часу стаў месцам асаблівага культу апекуна Пінскай дыяцэзіі.


У янаўскай святыні быў узведзены алтар у гонар св. Андрэя Баболi. Кожны год у першую нядзелю пасля 16 мая ў Янаў з усёй дыяцэзіі прыбывалі пілігрымкі з удзелам біскупаў, святароў i семінарыстаў. У 1927 г. на сродкі Канстанціна і Генрыха Скірмунтаў была адноўлена каплічка на месцы смерці пакутніка.


Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны сувязі каталіцкай царквы Беларусі з Ватыканам былі парушаны. У Іванаве адбылася ліквідацыя крыжоў і каплічкі св. Андрэя Баболі. Касцёл быў закрыты ў 1948 г., будынак выкарыстоўваўся як склад, а потым прыстасаваны пад Дом культуры, у выніку чаго пазбавіўся знешняга і ўсяго ўнутранага аздаблення.


У перыяд перабудовы адбываецца ажыўленне ў дзейнасці рымска-каталіцкай царквы, пачалі адкрывацца старыя і будавацца новыя касцёлы. 22 лістапада 1994 г., дзякуючы старанням ксяндза Станіслава Паўліны, будынак быў перададзены суполцы каталіцкага веравызнання, а 4 снежня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа адбылася першая святая імша з удзелам шматлікіх вернікаў.


У 1995–2000-я гг. касцёл быў адноўлены, акаймаваны мураванай агароджай з цэнтральнай брамай і бакавымі трох’яруснымі купальнымі вежамі. Вакол касцёла цяпер цагляныя вежы па кутах касцёльнай агароджы, з адной з якіх глядзіць на гарадскую плошчу постаць св. Андрэя Баболі.


29 верасня 2012 г. адміністратарам з правамі пробашча парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў г. Іванаве Пінскага дэканата Пінскай дыяцэзіі прызначаны ксёндз Павел Кручэк.


Касцёл Узвышэння Святога Крыжа з’яўляецца вельмі важным паломніцкім напрамкам для многіх католікаў Беларусі, помнік архітэктуры ампіру ХІХ ст. прыцягвае ўвагу турыстаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Ивановский Крестовоздвиженский костёл // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 411.
2.    Кулагін, А. М. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа : [г. Іванава] // Каталіцкія храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 157.
3.    Іванава // Гарады і вёскі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 360–364.
4.    Иваново // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 695–696.
5.    Баболя (Bobola) Андрэй / Эдмунд Ярмусік // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 271.
6.    Баболя Андрэй / Э. С. Ярмусік // Рэлігія і царква на Беларсі : энцыкл. даведнік. Мінск, 2001. С. 27.
7.    Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Іванава (Янаў, Янова). С. 318.
8.    Религиозные конфессии на территории Ивановщины в конце XVIII – начале XX в. : [Крестовоздвиженский Яновский костёл] // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 279–290.
9.    Иваново и окрестности = Ivanovo district : [фотоальбом; упоминается костёл]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2014. – 95 с.
10.    Мешечко, Е. Н. Иваново // Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 93–94.
11.    Татаринов, Ю. А. Иваново // Города Беларуси. Брестчина / Ю. А. Татаринов. Минск, 2010. С. 136–148.
12.    Полесский мученик, или Покровитель трудного примирения? : материалы междунар. науч. конф., посвящённой 350-й годовщине смерти святого Андрея Боболи, Брест – Янов Полесский, 16–17.V.2007 г. – Брест, 2008. – 180 с.
13.    Дорогокупец, Н. Н. Много ты видела и помнишь, наша главная площадь Иванова! : [в 1848 г. в Иванове построен из кирпича костёл Воздвижения Креста Господня] / Н. Н. Дорогокупец // Янаўскі край. Іванава, 2018. 28 жніўня. С. 4.
14.    Кунец, А. Працэсія на вуліцы Андрэя Баболі : [пра ўрачыстасці, прысвечаныя 360-м угодкам пакутніцкай смерці каталіцкага святога Андрэя Баболі] / Алег Кунец ; фота Валерыя Міхальчука // Янаўскі край. Іванава, 2017. 23 мая. С. 3.
15.    Федорук, М. Андрей Боболя — небесный покровитель католиков : [торжества в г. Иванове, посвящённые 75-летию канонизации Андрея Боболи] / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Іванава, 2013. 24 мая. С. 3.
16.    Ильенков, В. Миссионер. Святой. Заступник : [в Пинске и Иванове прошли торжества, посвящённые 75-летию канонизации Андрея Боболи (1591–1657)] / В. Ильенков // Пінскі веснік. 2013. 17 мая. С. 2.
17.    Развітанне з ксяндзом Тадэвушам Стэчкоўскім : [14 чэрвеня 2012 г. памёр ксёндз Тадэвуш Стэчкоўскі, арыяніст, дэкан Пінскі, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Іванаве з 17 сакавика 1997] // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 26 чэрвеня. С. 2.
18.    Кунахавец, А. Ксёндз Павел Кручэк: «Маё жыццё — служэнне Богу і людзям» / А. Кунахавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 23 кастрычніка. С. 3.
19.    Черкасов, С. Пять бриллиантов Полесского края : достопримечательности Ивановского раёна Брестчины. Мотоль –Молодово – Достоево – Иваново – Вороцевичи / С. Черкасов // BY. Вокруг света в Беларусь. 2009. № 10. С. 74–79.
20.    Наумова, Э. След на зямле : [ежегодно 16 мая костёл встречает десятки паломников из Польши, что приезжают почтить день гибели святого Анджея Боболи] / Эмма Наумова // Чырвоная звязда. Іванава, 2008. 18 ліпеня. С. 3.
21.    Балашэвіч, К. Пілігрымка з Пінска ў Іванава : [памяці Андрэя Баболі (1591–1657)] / К. Балашэвіч // Мясцовы час. Пінск, 2007. 24 мая. С. 8.
22.    Міхальчук, В. Іванава наведаў кардынал Свёнтак : [на тэрыторыі касцёла была праведзена канцэлебраваная імша — галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве] / В. Міхальчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 22 мая. С. 1.
23.    Дробыш, Н. Пясняр беларускай старажытнасці : [згадваецца Парафіяльны касцёл Святога Крыжа] / Н. Дробыш // Чырвоная звязда. Іванава, 2002. 15 сакавіка. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 360 разоў Апошняя змена Пятніца, 14 Снежань 2018 09:58