Пятніца, 14 Снежань 2018 10:05

11 ліпеня 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Вольгі Сцяпанаўны Захаравай (1908–1981), заслужанай артысткі БССР (1955)

Вольга Сцяпанаўна Захарава нарадзілася 11 ліпеня 1908 г. у г. Яршове Саратаўскай губерні (Расія) у сям’i чыгуначнiка. Рана страціла бацьку. Скончыла тэатральную студыю «Пралеткульта» (1927) i была прынята ў трупу першага Саратаўскага рабочага тэатра. Затым скончыла тэатральны тэхнікум (1932). Працавала ў тэатрах гарадоў Саратава, Грознага, Благавешчанска-на-Амуры, Армавіра, Варонежа.


У 1949–1958 гг. В. С. Захарава служыла ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя Ленінскага камсамола Беларусі. Выканаўца характарных роляў. Лепшыя работы Вольгі Сцяпанаўны адметныя творчай культурай, наследаваннем прынцыпаў мастацтва ўнутранага перажывання, імкненнем да жыццёвай праўды. Стварыла шэраг яркіх вобразаў жынчын з народа, якія вылучаліся выразнасцю, дакладнасцю ўнутранага і знешняга малюнка.


Сярод лепшых роляў у Брэсцкім тэатры: Ганна Ліхта («Змова асуджаных» М. Вірты), Паўлава («Старонкі жыцця» Б. Розава), Кабаніха («Навальніца» А. Астроўскага), Каліберава («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка). У спектаклі «Крамлёўскія куранты» М. Пагодзіна (1957) іграла Забеліну, жонку інжынера Забеліна.


Вольга Сцяпанаўна актыўна займалася грамадскімі справамі. У 1951 г. уступіла ў рады КПСС, з 1954 г. была сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі тэатра. Двойчы абіралася дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных. У 1955 г. была ўдастоена ганаровага звання «Заслужаная артыстка Беларускай ССР».


У 1958–1969 гг. В. С. Захарава працавала ў Дзяржаўным рускім драматычным тэатры БССР імя М. Горкага. Выконвала ролi: Матрона («Улада цемры» Л. Талстога), Антонаўна («Дзеці сонца» М. Горкага), Дзямідаўна («Нашэсце» Л. Лявонава) і інш.


В. С. Захарава памерла 6 чэрвеня 1981 г.


Яе муж, Пётр Аляксандравіч Маркін (1903–1958), заслужаны артыст БССР (1955), у 1949–1958 гг. служыў акцёрам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам у Брэсцкім драматычным тэатры. Пахаваны на Трышынскіх могілках г. Брэста.


Іх дачка, Галіна Пятроўна Маркіна (1931–1985), народная артыстка БССР (1976), скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1956), служыла ў Брэсцкім драматычным тэатры (1956–1959), Беларускім акадэмічным дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы (1959–1961), Беларускім акадэмічным дзяржаўным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск). Актрыса шырокага творчага дыяпазону, валодала майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Захарава Вольга Сцяпанаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 9.
2.    Захарава Вольга Сцяпанаўна // Культура Беларусі : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 4. С. 77–78.
3.    Захарова Ольга Степановна // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 636.
4.    Захарава Вольга Сцяпанаўна / Г. Р. Герштэйн // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 432–433.
5.    Захарава Вольга Сцяпанаўна / Г. Р. Герштэйн // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 503.
6.    Брэсцкi тэатр драмы i музыкi / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 169–179.
7.    Маркін Пётр Аляксандравіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 2. С. 83–84.
8.    Маркін Пётр Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 442.
9.    Маркіна Галіна Пятроўна / Т. Я. Гаробчанка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 442.
10.    Волчецкий, Л. П. Годы, спектакли, роли... : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра имени Ленинского комсомола Белоруссии / Леонид Павлович Волчецкий. – Минск : Мастацкая лiтаратура, 1974. – 159 с., [6] л. фот. – Из содерж.: О. Захарова. С. 21, 39.
11.    Гулов, П. «Кремлёвские куранты» : [о спектакле Брестского драматического театра им. ЛКСМБ; фото] / П. Гулов // Заря. 1957. 17 мая.
12.    Власов, Ю. Артистка Ольга Степановна Захарова : [кандидат в депутаты Брестского областного Совета трудящихся; фото] / Ю. Власов, А. Важенин, Г. Хастминский // Заря. 1957. 10 февраля.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 492 разоў Апошняя змена Пятніца, 14 Снежань 2018 10:08