Панядзелак, 17 Снежань 2018 10:32

2018 г. — 75 гадоў з часу стварэння Баранавіцкага партызанскага злучэння (1943) у гады Вялікай Айчыннай вайны

З лета 1941 г. на тэрыторыі акупіраванай Баранавіцкай вобласці (скасавана ў 1954 г., большасць тэрыторыі ўключана ў Брэсцкую вобласць) дзейнічалі падпольныя і партызанскія групы. У сувязі з масавым прытокам у рады партызан мясцовага насельніцтва, асабліва з мая 1942 г., групы колькасна выраслі. У другой палове 1942 г. у вобласці дзейнічалі 32 партызанскія атрады.


Адначасова ішоў працэс цэнтралізацыі кіравання баявымі дзеяннямі партызан у маштабах раёна, зоны. Ствараліся часовыя каардынацыйныя цэнтры: у маі 1942 г. — Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя, летам 1942 г. — група аб’яднаных атрадаў пад агульным кіраўніцтвам камандзіра атрада «Грозны» Б. А. Мічурына, у жніўні 1942 г. — Асобае злучэнне партызанскіх атрадаў. З лістапада 1942 г. большасць атрадаў зводзіліся ў брыгады. Гэтыя аб’яднанні, створаныя паводле ініцыятывы іх камандзіраў у ходзе сумесных баявых дзеянняў асобных атрадаў і груп, былі нетрывалыя, распадаліся і зноў складваліся для выканання чарговых баявых задач.


У верасні 1942 г. ЦК КП(б)Б пастанавіў аднавіць работу Баранавіцкага абкама КП(б)Б у савецкім тыле, 2 кастрычніка 1942 г. прызначыў сакратара абкама Васіля Яўхімавіча Чарнышова ўпаўнаважаным ЦК КП(б)Б па Баранавіцкай вобласці, на тэрыторыю якой у гэты час накіраваў 10 арганізатарскіх груп.


У сакавіку 1943 г. былі накіраваны ў Налібоцкую пушчу партыйныя групы на чале з В. Я. Чарнышовым, Р. А. Сідарокам, Я. Д. Гапеевым, С. П. Шупеняй. Пачалі дзейнічаць Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б, Івянецкі, Шчучынскі, Лідскі міжрайцэнтры, пазней былі створаны Слонімскі, Стаўбцоўскі міжрайпартцэнтры, Быценскі міжрайкам КП(б)Б. Былі аб’яднаны 143 пярвічныя партарганізацыі, 2 314 камуністаў. Падпольныя партарганізацыі да канца красавіка 1943 г. устанавілі сувязь з партызанскімі атрадамі.


Падпольны абкам КП(б)Б аб’яднаў брыгады імя Сталіна, імя Чкалава, Ленінскую, імя Жукава (усяго 20 атрадаў) і 15 асобна дзейных атрадаў — усяго больш за 5 тыс.  партызан. На іх базе ў красавіку 1943 г. абкам стварыў Баранавіцкае партызанскае злучэнне. Яно дзейнічала на поўнач ад чыгункі Мінск – Брэст на тэрыторыі паўночных раёнаў Баранавіцкай вобласці, Дзяржынскага, Мінскага, Заслаўскага раёнаў Мінскай вобласці. У складзе абласнога злучэння былі створаны міжраённыя партызанскія злучэнні: Івянецкае, Лідскае, Стаўбцоўскае, Шчучынскае, Слонімскае. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці дзейнічалі брыгада «Няўлоўныя» і атрады «Слаўны», імя Калініна, «Наватары». Месца базіравання абкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, штаба партызанскага злучэння знаходзілася каля пасёлка Першамайскі Валожынскага раёна.


У сувязі з цяжкасцямі кіраўніцтва з адзінага абласнога цэнтра партызанскім рухам на тэрыторыі ўсёй вобласці на поўдні было створана і дзейнічала Баранавіцкае партызанскае злучэнне паўднёвай зоны. Яно дзейнічала на тэрыторыі Быценскага, Ляхавіцкага, Нясвіжскага, Клецкага і Ганцавіцкага (Пінская вобласць) раёнаў. Камандзіры: Ф. А. Баранаў (кастрычнік 1943 г. – сакавік 1944 г.), П. А. Бягун (в. а., красавік – май 1944 г.), Р. Д. Румянцаў (май – ліпень 1944 г.); начальнік штаба М. К. Зайцаў. Аб’ядноўвала 3 партызанскія брыгады, 4 асобныя атрады. З сакавіка 1944 г. злучэнне называлася «Група № 26».


Ужо ў першым паўгоддзі 1943 г. у многіх раёнах Баранавіцкай вобласці стварыўся вызвалены партызанскі край. У сярэдзіне 1943 г. партызаны падарвалі і захапілі 8 варожых эшэлонаў са зброяй, што дало магчымасць узброіць 12 тыс. чалавек. У ліпені больш месяца змагаліся з франтавымі і карацельнымі войскамі СС, якія былі кінуты на іх знішчэнне ў Налібоцкай пушчы. У верасні ў ходзе аперацыі «Канцэрт» партызаны падарвалі 9 тыс. рэек, 4 вялікія чыгуначныя масты, разбілі 7 станцый, разграмілі 12 нямецкіх гарнізонаў.


За час сваёй дзейнасці байцы Баранавіцкага партызанскага злучэння падарвалі сотні цягнікоў, 25 тыс. рэек, 145 чыгуначных і шашэйных мастоў, сотні аўтамашын і танкаў, збілі 9 самалётаў, знічшылі каля 75 тыс. фашыстаў.


На час злучэння з часцямі Чырвонай арміі (4–15 ліпеня 1944 г.) паўночная групоўка ўключала: 4 міжраённыя злучэнні, якія аб’ядноўвалі 22 брыгады, 4 асобна дзеючыя  атрады, агульнай колькасцю больш за 17,5 тыс. партызан. У паўднёвай групоўцы на час злучэння (3–12 ліпеня 1944 г.) налічвалася 2,4 тыс. партызан.


За гераізм і мужнасць, праяўленыя ў баях, больш за 2 500 партызан узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Ганаровае званне Героя Савецкага Саюза прысвоена В. Я. Чарнышову, Б. А. Булату, Ф. М. Сінічкіну, І. З. Царуку. У Баранавіцкім краязнаўчым музеі захоўваюцца дакументы, карты-схемы дзеянняў партызанскіх атрадаў, зброя, амуніцыя партызан, падпольныя газеты, фотаздымкі і інш. У гонар Баранавіцкага партызанскага злучэння ў 1953 г. у в. Явідаўшчына Валожынскага раёна пастаўлены помнік.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

1.    Барановичское партизанское соединение. Барановичское партизанское соединение южной зоны // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 293.
2.    Баранавіцкае партызанскае злучэнне паўднёвай зоны ; Баранавіцкае партызанскае злучэнне паўночнай зоны / А. Л. Манаенкаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 296–297.
3.    Баранавіцкае партызанскае злучэнне ; Баранавіцкае паўднёвай зоны партызанскае злучэнне / А. Л. Манаенкаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 58–59.
4.    Баранавіцкае партызанскае злучэнне / В. Я. Чарнышоў // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 135–136.
5.    Баранавіцкі падпольны абком КП(б)Б / Г. В. Будай. Баранавіцкі падпольны абком ЛКСМБ / Р. М. Шавяла // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 299–300.
6.    Баранавіцкі падпольны абком КП(б)Б / Г. В. Будай. Баранавіцкі падпольны абком ЛКСМБ / Р. М. Шавяла // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 60.
7.    Баранавіцкая вобласць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 293.
8.    Асобае злучэнне партызанскіх атрадаў / А. Л. Манаенкаў // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 46.
9.    Івянецка-Налібоцкая партызанская зона / У. С. Пасэ // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 227.
10.    «Герман» / У. С. Пасэ, І. П. Хаўратовіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 160.
11.    Налібоцкія баі, 1942, 1943 // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 376.
12.    Месца базіравання Баранавіцкіх падпольных абкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ, штаба партызанскага злучэння : [п. Першамайскі Валожынскага раёна] / М. Б. Батвіннік // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 1. С. 126–127.
13.    Помнік у гонар партызан злучэння Баранавіцкай вобласці : [в. Явідаўшчына Валожынскага раёна] / М. Б. Батвіннік // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 1. С. 132.
14.    Помнік у гонар Баранавіцкага абкома КП(б)Б : [в. Кляцішча Стаўбцоўскага раёна] / У. У. Бянько // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Мінская вобласць : у 2 кн. Мінск, 1987. Кн. 2. С. 239.
15.    Помнік у гонар Лідскага міжраённага падпольнага партцэнтра КП(б)Б і партызанскіх брыгад : [в. Бакшты Іўеўскага раёна] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. Мінск, 1986. С. 198–199.
16.    Баранаў Фёдар Аляксеевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 61.
17.    Булат Барыс Адамавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 104.
18.    Бягун Пётр Андрэевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 108.
19.    Гапееў Яфім Данілавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С.  152.
20.    Сідарук Рыгор Аляксандравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 560.
21.    Сінічкін Фёдар Міхайлавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 561.
22.    Царук Уладзімір Зянонавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 617.
23.    Чарнышоў Васіль Яўхімавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 626–627.
24.    Чарнышоў Васіль Яфімавіч. З успамінаў В. Я. Чарнышова // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 322–325.
25.    Очерки истории Брестской областной партийной организации. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил. – Из содерж.: Партийное руководство всенародной борьбой против фашистских захватчиков. С. 134–158.
26.    За край родной : воспоминания партизан и подпольщиков Барановичской области / [сост.: А. И. Залесский, А. Ф. Хацкевич, С. И. Партасенок и др.]. – Минск : Беларусь, 1978. – 286 с. : ил.
27.    Чернышев, В. Е. Во главе народных масс против фашистских захватчиков / В. Е. Чернышев // Непокоренная Белоруссия : воспоминания и статьи о всенародном партизанском движении в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944 гг.) / Москва : Воениздат, 1963. С. 181–186.

Чытаць 242 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Снежань 2018 10:36