Серада, 26 Снежань 2018 10:31

18 ліпеня 2018 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Алены Васільеўны Утыра (1968–2017), музычнага педагога, спявачкі, паэткі

Алена Васільеўна Утыра нарадзілася 18 ліпеня 1968 г. у вёсцы Радаўня Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Анастасія Сяргееўна, працавала загадчыцай мясцовага клуба, у сям’і ўсе да аднаго любілі спяваць. Алена з дзяцінства разам з сястрой Валянцінай, якая іграла на акардэоне, і маці выступалі на разнастайных культурных мерапрыемствах у вёсцы і раённым цэнтры, гледачы заўсёды дарылі ім гарачыя апладысменты.


Алена Утыра вучылася ў Крытышынскай сярэдняй школе, дзе настаўнікам спеваў быў яе дзядзька, Канстанцін Сяргеевіч Косьмін. Першай яе настаўніцай была Ганна Аляксандраўна Кананец, аб якой Алена ўсё жыццё зберагала памяць у душы.


У 1985 г. паступіла на вакальнае аддзяленне Брэсцкага музычнага вучылішча, скончыла ў 1989 г. Таленавітай вакалістцы прапанавалі вучыцца яшчэ год, каб падрыхтавацца і паступіць у Беларускую кансерваторыю, яна згадзілася. Пасля заканчэння пятага курса ў 1990 г. пачала працаваць выкладчыкам харавога аддзялення Іванаўскай дзіцячай музычнай школы (ДШМ імя Н. Орды), а паступаць у кансерваторыю не стала, бо выйшла замуж. Кіравала хорам навучэнцаў школы, рыхтавала музычныя праграмы, актыўна ўключылася ў мастацкую самадзейнасць, выконвала партыю сапрана ў народнай харавой капэле, адной з першых у раёне пачала выконваць праваслаўную вакальную музыку.


Алена Васільеўна на працягу многіх гадоў была звязана з музычнай творчасцю і выкладчыцкай дзейнасцю. Праявіла сябе як творчы, прафесійна адукаваны работнік, вопытны, высокакваліфікаваны педагог. Супрацоўнічала з іванаўскім кампазітарам Валянцінам Васiльевiчам Перапёлкіным, шмат песень выконвала на яго музыку. Была ўзнагароджана дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Граматамі Брэсцкага аблвыканкама і Іванаўскага райвыканкама.


Як салістка пастаянна ўдзельнічала ў розных канцэртных праграмах, у агітбрыгадах. Разам з Галінай Кулак была арганізатарам і вядучай камерных вечароў музычна-мастацкага салона Дома культуры, папулярызавала класічную музыку, выконвала арыі з опер і аперэт. З’яўлялася членам народнага жаночага клуба «Предислава». З усіх жанраў аддавала перавагу рускаму рамансу. Дыпламант абласных фестываляў бардаўскай песні і конкурсаў на лепшае выкананне рамансаў.


Захаплялася паэзіяй, як і яе маці, любіла паэзію А. Фета, М. Цвятаевай. Вершы Алены Утыра з 1985 г. друкаваліся ў раённай газеце «Чырвоная звязда» і абласной «Заре», зборніку літаб’яднання «Ясельда» (2006). Першыя вершы былі чыстыя, звонкія, даверлівыя, свяціліся аптымізмам і рамантычнасцю, пазней, са сталеннем, з’явіліся ноты суму. Складала вершы на рускай і беларускай мовах.


Непаўторна прыгожага, таленавітага чалавека ведалі многія жыхары Іванаўшчыны, паважалі, шанавалі і любілі. Яна была добрым, пазітыўным чалавекам, вельмі абавязковым і светлым. Алена Утыра бязмерна любіла людзей, музыку і жыццё, у кожнай жыццёвай з’яве ўмела ўбачыць штосьці добрае. Знаходзіла час для кожнага, каб падзяліць радасныя моманты жыцця, а ў цяжкія хвіліны дапамагчы.


З мужам, Леанідам Лелешам, выгадавалі сыноў Аляксея і Паўла. Іх дом у Радаўні быў утульным, вакол раслі шматлікія кветкі, якія вельмі любіла гаспадыня. Алене Васільеўне хапала часу і на сям’ю, і на творчасць, і на стасункі з сябрамі.


22 лютага 2017 г. А. В. Утыра заўчасна памерла ад цяжкай хваробы. Прафесіяналам i надзейным чалавекам Алена Васільеўна запомнілася калегам, чалавекам вялікага асабістага абаяння і дабрыні застанецца ў памяці сяброў і блізкіх.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы А. В. Утыра

1.    «Я табе прысвячаю ўсе вершы...» : [верш] / Алена Утыра // Заря. 2005. 16 августа.
2.    «Я вам, своим любимым...» : [стихи] / Елена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1995. 15 жніўня.
3.    «Вы — весенней ночи грёзы...» ; «Тайна тайн...» : [стихи] / Елена Утыра // Заря. 1993. 6 июля.
4.    «Наступит миг!» ; «Не буду говорить тебе...» : [стихи] / Елена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1993. 1 чэрвеня.
5.    «Я табе прысвячаю ўсе вершы...» : [верш] / Алена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1992. 17 лiпеня.
6.    «Вы — весенней ночи грёзы...» ; «Не от ветра, не от поля...» ; «Я ли тебе не жена?» ; «Обрекла на неудачу...» : [стихи] / Елена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1992. 17 сакавiка. С. 3.
7.    «Там, дзе ёсць каханне...» ; «Іду да цябе на спатканне...» : [вершы] / Алена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1987. 12 мая.
8.    «Кому куда, кому куда...» ; «Мне давно не дарили цветов...» ; «Ни о чем не жалею...» : [стихи] / Елена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1986. 6 снежня.
9.    «По старой, хоженной дороге...» ; «Пролетает ночь, как птица...» ; «Искала глаза твои в росах хрустальных...» : [стихи] / Елена Утыра // Чырвоная звязда. Іванава, 1985. 23 лістапада.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. В. Утыра

1.    Іванаўшчына літаратурная: ад сярэднявечча да сучаснасці : зборнік нарысаў / уклад. А. Крэйдзіч. – Мінск : «Мінкопрынт», 2018. – 102 с.
2.    Алена Утыра // Ясельда : юбілейны зборнік Іванаўскага літаб’яднання / [рэд. і ўклад. Р. Сыраватка]. Іванава, 2006. С. 61–62.
3.    Соломка, И. Молитвенным словом благословленные : [детско-юношеский хор «Радость» Свято-Покровского храма г. Иванова был в гостях у женского клуба «Предислава»; во время заседания вспоминали о Елене Васильевне Утыра] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 15 чэрвеня. С. 10.
4.    Ткачук, В. Её хризантемы : [памяти Елены Утыра] / Валерий Ткачук // Янаўскі край. Іванава, 2018. 16 сакавіка. С. 14.
5.    Соломка, И. Любящее сердце «Предиславы» : [о народном женском клубе «Предислава»; упоминается Е. В. Утыра] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 12 снежня. С. 5.
6.    Перепёлкин, В. Ландыш серебристый : (светлой памяти Елены Утыра посвящается) / Валентин Перепёлкин // Янаўскі край. Іванава, 2017. 21 красавіка. С. 15.
7.    Соломка, И. Без тебя... : так больно говорить «Прощай»... : [памяти Елены Утыра] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2017. 10 сакавіка. С. 15.
8.    Елена Васильевна Утыра : [некролог] // Янаўскі край. Іванава, 2017. 28 лютага. С. 6.
9.    Cаломка, И. Есть у песни тайна : [о вечере к 70-летию композитора, педагога Валентина Васильевича Перепёлкина; упомянута Елена Утыра] / Ирина Соломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 15 красавіка. С. 6.
10.    Cоломка, И. …А песня лучшая ещё не спета : [о педагоге по вокалу ДШМ им. Н. Орды, певице Елене Васильевне Утыра] / Ирина Соломка ; фото Валерия Михальчука // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 18 ліпеня. С. 7.
11.    Cаломка, І. «Ёсць працяг жыцця» : [пра літаратурны вечар паэтэсы Лізаветы Сямёнаўны Саханчук у раённай бібліятэцы; узгадана Алена Утыра, якая выконвала песні на вершы Л. С. Саханчук і музыку В. В. Перапёлкіна] / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2013. 22 лістапада. С. 5.
12.    Саломка, І. Да тайны светлае душою дакрануцца : [аб выступленні дзіцячага хору ДШМ імя Н. Орды пад кіраўніцтвам Алены Утыра ў раённай бібліятэцы] / Ірына Саломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2011. 28 студзеня. С. 3.
13.    Наш современник : [Елена Васильевна Утыра — преподаватель школы искусств имени Н. Орды] / фото Валерия Михальчука // Чырвоная звязда. Іванава, 2009. 23 студзеня. С. 8.
14.    Крейдич, А. Алена Утыра — музыкант и поэт: «Посуду мою и… пишу» / Анатолий Крейдич // Заря. 2002. 7 марта. С. 3.
15.    Гарупа, М. Хто яна, «Жанчына – 98»? : рэпартаж : [пра вечар ушанавання лепшых жанчын раёна да Дня жанчын; згадваецца Алена Утыра] / М. Гарупа ; фота В. Тупіцы // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 16 сакавіка. С. 2.
16.    Жушма, В. Дзіцячых галасоў сугучча : [да 30-годдзя Іванаўскай школы мастацтваў] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 1995. 10 кастрычніка. С. 4.
17.    Кухарчук, В. Знаёмцеся: Алена Утыра : [маладая паэтка з в. Радаўня] / Валерый Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1985. 23 лістапада.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1519 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Сакавік 2020 10:08