Серада, 02 Студзень 2019 14:53

14 жніўня 2018 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Сяргея Міхайлавіча Кавальчука (1968), беларускага дзяржаўнага дзеяча, міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь

Сяргей Міхайлавіч Кавальчук нарадзіўся 14 жніўня 1968 г. у вёсцы Журавок Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці, Ніна Сцяпанаўна, працавала настаўніцай у пачатковай школе. Бацька, Міхаіл Іванавіч, быў кінамеханікам. У сям’і пасля Сяргея нарадзіліся яшчэ два сыны і дачка. Сям’я пераехала ў суседнюю вёску Глінна, дзе ў мясцовай школе Ніна Сцяпанаўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Сяргей старанна вучыўся, асабліва яму давалася матэматыка, захапляўся спортам, удзельнічаў у спаборніцтвах. Захапленню спортам садзейнічаў настаўнік фізкультуры Віктар Іванавіч Сокал. Сяргей Кавальчук скончыў СШ № 2 г. Іванава з залатым медалём, марыў стаць ваенным.


У 1989 г. Сяргей Кавальчук скончыў Адэскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча. Пасля вучылішча служыў на Чукотцы ў пасёлку Мыс Шмідта, затым прадоўжыў службу ў артылерыі, у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Брэсце. У 1999 г. скончыў камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Служыў у Генеральным штабе Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, быў намеснікам начальніка штаба ракетных войск і артылерыі.


З 2004 г. — супрацоўнік Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, начальнік аднаго з аддзелаў. У 2014 г. уваходзіў у падкамітэт па пытаннях арганізацыі бяспекі, пагранічнага і мытнага кантролю ў складзе арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні ў 2014 г. чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.


Сяргей Кавальчук з дзяцінства захапляецца лёгкай атлетыкай, футболам. Падчас вучобы ў ваенным вучылішчы і службы захапляўся яшчэ ваенным трохбор’ем — гэта стральба, бег і паласа перашкод, кіданне гранаты на далёкасць і дакладнасць — і быў кандыдатам у майстры спорту. У цяперашні час у ліку пераваг і бегавыя лыжы. Гуляе ва ўсе гульнявыя віды спорту, у ліку якіх валейбол і баскетбол. Захапляецца більярдам. У 2017 г. Сяргей Міхайлавіч заняў трэцяе месца ў чэмпіянаце па більярдзе «Шчыт і меч» сярод супрацоўнікаў і ветэранаў органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі СНД.


Палкоўнік С. М. Кавальчук узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені, медалямі «За бездакорную службу» I, II і III ступеняў.


5 сакавіка 2018 г. С. М. Кавальчук прызначаны міністрам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.    Ильенков, В. Л. Спортивная проверка : [с рабочим визитом Пинск посетил министр спорта и туризма Республики Беларусь С. М. Ковальчук] / Вячеслав Ильенков // Пінскі веснік. 2018. 27 лістапада. С. 1.
2.    Целюк, А. Министр спорта и туризма С. М. Ковальчук: «Малая родина — это дом, где всегда отдыхаешь душой» : [министр принял участие в проведении субботника в Ивановском районе] / Анастасия Целюк ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2018. 24 красавіка. С. 5.
3.    Васильев, Р. Сергей Ковальчук: думать о Токио-2020 и Пекине-2022 / Руслан Васильев // Спортивная панорама. 2018. 4 апреля. С. 1–2.
4.    Данильченко, Е. Спасибо за характер и мужество : [министр спорта и туризма С. М. Ковальчук открыл чествование белорусских спортсменов с ограниченными возможностями] / Елена Данильченко // Спортивная панорама. 2018. 3 апреля. С. 1.
5.    Соломка, И. Родители Министра : [Сергей Ковальчук назначен министром спорта и туризма] / Ирина Соломка ; фото Валерия Михальчука // Янаўскі край. Іванава, 2018. 13 сакавіка. С. 1, 5.
6.    Мощик, С. «Десант» на министерский пост : [уроженец села Журавок Ивановского района Сергей Ковальчук назначен Министром спорта и туризма] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2018. 7–9 марта (№ 10). С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1336 разоў Апошняя змена Панядзелак, 21 Снежань 2020 15:10