Серада, 09 Студзень 2019 10:18

2019 г. — 700 гадоў з часу ўваходжання г. Брэста (Бярэсця) у склад Вялікага Княства Літоўскага (1319)

З сярэдзіны XIII ст. у землях, якія цяпер адпавядаюць тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбыліся кардынальныя змены. Літоўскі князь Міндоўг аб’яднаў пад сваёй уладай частку літоўскіх і ўсходнеславянскіх зямель, паклаўшы пачатак дзяржаве, вядомай як Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), працэс фарміравання якой быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках — захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб’яднання. У аснове гэтага працэсу было мноства прычын, аднак галоўнымі былі: стварэнне палітычнага, ваеннага і эканамічнага саюзу супраць крыжакоў, галіцка-валынскіх князёў, татара-манголаў.


У канцы XIII ст. – пачатку XIV ст. г. Бярэсце (цяпер Брэст) не маглі паміж сабой падзяліць літоўскія і польскія князі. У 1282 г. гарадскі ваявода Ціт адбіў напад на Бярэсце войскаў Мазавецкага княства. Берасцейская зямля, якая ўяўляла сабой прадмет суперніцтва паміж галіцка-валынскімі і польскімі князямі, была пад пагрозай заваявання мангола-татарамі.


У кіраванне князя Гедыміна (1316–1341) да ВКЛ мірна далучыліся Полацак, Гродна, Віцебск, Мінск, Тураў і Пінск. Былі сабраныя разам усе беларускія землі, акрамя Палесся. У 1319 г. вялікі князь літоўскі Гедымін «без асаблівага супраціву» далучыў да ВКЛ і Берасцейскую зямлю. Так Бярэсце ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага.


Аднак гэта не ўратавала горад ад чарговых заваёў. Неўзабаве Бярэсце адабраў валынскі князь Андрэй Юр’евіч. Князь ВКЛ Гедымін рабіў спробы адваяваць такі стратэгічна важны для княства горад у 1324 і 1336 гг.


Станам палітычнай няпэўнасці скарысталіся рыцары Тэўтонскага ордэна, якія ў 1334 г. захапілі Бярэсце. У 1337 г. Бярэсце пераходзіць да князя Кейстута, затым у 1348 г. яно адыходзіць да палякаў і толькі ў 1366 г., пасля таго як Кейстут зноў яго вярнуў, горад канчаткова замацоўваецца за літоўскімі князямі. Горад неаднаразова заваёўвалі і руйнавалі тэўтонскія рыцары (1379) і польскія вяльможы (1382–1390), стрыечныя браты — князі ВКЛ Ягайла і Вітаўт.


І так працягвалася на працягу некалькіх стагоддзяў: горад пераходзіў то да ВКЛ, то да валынскіх князёў, то да палякаў, то заваёўваўся татарамі, то пакутаваў ад набегаў крыжакоў.


Нягледзячы на перманентнае ваеннае становішча, берасцейцы ўладкоўвалі свой горад, узводзілі цэрквы і касцёлы. У канцы XIV ст. Бярэсце быў гандлёвым і рамесным цэнтрам ВКЛ, яго насельніцтва складала каля 2 тыс. жыхароў. У 1390 г. вялікі князь літоўскі Ягайла дараваў гораду прывілей на гарадское самакіраванне паводле магдэбургскага права. У тыя гады ў Бярэсці ладзіліся багатыя кірмашы, былі пабудаваны гасціны двор і мураваная царква святога Мікалая. Мясцовыя купцы вывозілі ў Заходнюю Еўропу футравіну, лес, збожжа. Завозілі соль, сукно, шоўк, паперу і многае іншае. Праз горад праязджалі купцы з іншых беларускіх гарадоў, а таксама з Вільні, Кіева, Чарнігава, Масквы. Высокага ўзроўню дасягнулі наступныя рамёствы: ганчарнае, кавальскае, гарбарнае, ювелірнае, шавецкае; апрацоўка дрэва. Гараджане займаліся таксама земляробствам і жывёлагадоўляй.


Бярэсце было адным з самых значных гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага — дзяржавы, якая дасягнула найбольшага тэрытарыяльнага развіцця ў другой палове XIV ст., калі яе межы працягваліся ад Балтыйскага да Чорнага мора з поўначы на поўдзень, ад Бярэсця да Смаленска з захаду на ўсход.


На працягу двух з паловай стагоддзяў Бярэсце ўваходзіла ў склад ВКЛ. Гэта быў асаблівы гістарычны перыяд. Горад, які пачынаўся як старажытнаславянскае і старажытнарускае паселішча, трансфармаваўся ў горад еўрапейскі, быў далучаны не толькі да развіцця новых эканамічных адносін, але і да працэсаў фарміравання беларускага этнасу і нацыянальнай культуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

1.    Берасце / В. Грынявецкі // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 313–314.
2.    Брэст // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 85–87.
3.    Брест // Города, местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия. 2-е изд. Минск, 2013. С. 80–82.
4.    Галімава, Н. П. Бярэсце ў складзе Вялікага княства Літоўскага / Н. П. Галімава // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 47–61.
5.    На рубежах великого княжества // Брест. На перекрёстке дорог и эпох, 1019–2009 / автор концепции и текста А. М. Суворов. Брест. 2009. С. 36–53.
6.    Бярэсце // Геральдыка беларускіх местаў (ХVІ – пачатак ХХ ст.) / Анатоль Цітоў. Мінск : Полымя, 1998. С. 125–127.
7.    От Берестья до Бреста из века в век / сост.: В. Ежелов, В. Мороз. – Брест : С. Лавров, 2003. – 230 с.
8.    Никитчик, А. Д. Первая Берестейская магдебургия: события и подробности получения и истории / А. Д. Никитчик // Вестник Брестского государственного технического университета. Филологические науки. 2011. № 6. С. 54–64.
9.    Рубашевский, Ю. Воспоминания о городских вольностях : [о памятном знаке в честь получения Брестом магдебургского права на ул. Советской, 32] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2007. 3 августа. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1413 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:39