Аўторак, 15 Студзень 2019 08:48

2 студзеня 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Паўла Дзянісавіча Цепуна (1929), доктара гістарычных навук, прафесара Растоўскага дзяржаўнага будаўнічага ўніверсітэта, сапраўднага члена Акадэміі ваенна-гістарычных навук у Санкт-Пецярбургу

Павел Дзянісавіч Цяпун нарадзіўся 2 студзеня 1929 г. у вёсцы Агова Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Дзяніс Міхайлавіч Цяпун, працаваў настаўнікам у школах вёсак Шчакоцк, Навалучкі, Гаравата, Агова. У вялікай сям’і было сямёра дзяцей: Павел, Міхаіл, Барыс, Дзмітрый, Зоя, Таццяна, Святлана. Самаму старэйшаму Паўлу з малых гадоў давялося даведацца, што такое адказнасць. Бацькі прывучалі дзяцей да працы, павагі да старэйшых, любові да Радзімы.


Павел Цяпун скончыў Агоўскую пачатковую школу, прадоўжыць навучанне перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Трагічныя падзеі вельмі хутка прымусілі хлопчыка пасталець, а патрыятычныя перакананні прывялі ў партызанскі атрад. Быў сувязным, выконваў розныя даручэнні, разам з партызанамі ўдзельнічаў у падрыве чыгункі з нямецкімі эшалонамі. У партызанскай дзейнасці ўдзельнічаў нараўне з дарослымі, аддаючы ўсе сілы барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі.


1 верасня 1946 г. Павел Цяпун паступіў на аддзяленне правадной сувязі Пінскага электратэхнікума. Затым па пуцёўцы Іванаўскага райкама камсамола паступіў у Кіеўскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча сувязі. Амаль 20 гадоў адслужыў на розных партыйна-камандных пасадах ва Узброеных Сілах СССР. У яго біяграфіі была служба ў Кабардзіна-Балкарыі, Стаўрапалі, Пяцігорску, Уладзікаўказе, Паўлаградзе, Хабараўску, Чыце, Растове. Дзе б ні працаваў, заўсёды супрацоўнічаў з ваеннай прэсай, шмат друкаваўся. Яго цікавілі пытанні гісторыі і паліталогіі.


Аднойчы пры выкананні службовага доўгу Павел Дзянісавіч атрымаў раненне, і лёс прынёс круты паварот у біяграфіі. У 1970 г. пасля працяглага лячэння пакінуў вайсковую службу і перайшоў на выкладчыцкую працу, пасяліўся ў г. Растове-на-Доне, радзіме жонкі, Алы Васільеўны. З 1973 г. уладкаваўся ў Растоўскі інжынерна-будаўнічы інстытут (з 1997 г. дзяржаўны будаўнічы ўніверсітэт — РДБУ). Абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1985 г. — доктарскую ў Ленінградскім дзяржуніверсітэце імя А. А. Жданава.


П. Д. Цяпун загадваў кафедрамі гісторыі КПСС, палітычнай гісторыі, кафедрай гісторыі і паліталогіі. Доўгі час доктар гістарычных навук, прафесар і сапраўдны член Акадэміі ваенна-гістарычных навук у Санкт-Пецярбургу працаваў загадчыкам кафедры гісторыі і паліталогіі РДБУ. Мае вельмі багаты выкладчыцкі вопыт, плённа працуе з аспірантамі.


Яго асноўны навуковы накірунак: сацыяльна-палітычныя, прававыя і гістарычныя даследаванні. Павел Дзянісавіч даследаваў нацыянальную праблему ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вучонага часта запрашаюць для ўдзелу ў працы камісій па абароне доктарскіх дысертацый у вядучыя ВНУ Санкт-Пецярбурга, Масквы і іншых гарадоў. Рэгулярна друкуецца ў навуковых часопісах, выдаў некалькі манаграфій, зборнік публіцыстычных артыкулаў «За газетным рядком».


За ваенныя подзвігі і працоўную дзейнасць П. Д. Цяпун узнагароджаны дзевяццю медалямі. Актыўна займаецца грамадскімі справамі, вядзе маральна-патрыятычнае выхаванне моладзі, член праўлення беларускага культурнага аб’яднання Растоўскай вобласці «Саюз беларусаў Дона». У вобласці пражываюць каля 30 тыс. беларусаў, якія прыехалі сюды ў пасляваенны час.


Яркая гісторыя жыцця Паўла Дзянісавіча можа паслужыць маладому пакаленню выдатным прыкладам не толькі патрыятызму і адвагі, але і любові да жыцця, мэтанакіраванасці і здольнасці ніколі не здавацца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы П. Д. Цепуна

1.    История отечества как фактор формирования патриотизма молодежи / П. Д. Тепун // Известия Ростовского государственного строительного университета. 2013. Т. 1, № 17. С. 142–146.
2.    Национальный фактор и защита отечества в битве за Кавказ (1942–1943 гг.) / П. Д. Тепун // Великая Отечественная война: взгляд из XXI века : материалы Международной научной конференции, Краснодар, 19–20 сентября 2013 г. / Кубан. гос. техн. ун-т. Краснодар, 2013. С. 181–192.
3.    Патриотизм — важный фактор консолидации армии и общества в битве за Кавказ (1942–1943 гг.) / П. Д. Тепун // И помнит мир спасенный : материалы Всероссийской научно-практической конференции «Боевые подвиги защитников Отечества и их роль в патриотическом воспитании подрастающего поколения», 18 февраля 2011 года / Акад. воен.-ист. наук ; редкол.: Н. Я. Гребенев (отв. ред.) [и др.]. Санкт-Петербург, 2011. С. 395–404.
4.    Урал – Дону: 24-й (2-й гвардейский) танковый корпус в боях 1942 года / П. Д. Тепун // Подвиг Урала в исторической памяти поколений : шестые уральские военно-исторические чтения, посвященные 65-летию Победы в Великой Отечественной войне : материалы Междунар. науч. конф., Екатеринбург, 22–23 апр. 2010 г. / Ин-т истории и археологии Урал. отд-ния Рос. акад. наук [и др.]. Екатеринбург, 2010. С. 377–381.
5.    Отечественная история : учебно-методическое пособие / отв. за выпуск П. Д. Тепун. – Ростов-на-Дону : РГСУ, 2009. – 63 с.
6.    Фашистский оккупационный режим и партизанская борьба на Дону : (взгляд на проблему к 60-летию Победы) / П. Д. Тепун // Известия Ростовского государственного строительного университета. 2005. № 9. С. 345–350.
7.    Честь имею : (пособие для организации нравственно-патриотического воспитания студенческой молодежи) / [сост.: П. Д. Тепун и др.]. – Ростов-на-Дону : РГСУ, 2002. – 84 с.
8.    Деятельность Коммунистической партии по укреплению дружбы народов СССР в годы Великой Отечественной войны : на материалах партийной организации Северного Кавказа : диссертация ... доктора исторических наук : 07.00.01 / П. Д. Тепун. – Ростов-на-Дону, 1985. – 413 с.
9.    КПСС в борьбе за единство и сплоченность народов Северного Кавказа в годы войны (1941–1945 гг.) / П. Д. Тепун ; отв. ред. А. М. Бугорков. – Ростов-на-Дону, 1984. – 144 с.
10.    Партия — воспитатель советских воинов в духе дружбы народов СССР в период боев на Северном Кавказе в годы Великой Отечественной войны : автореферат диссертации ... кандидата исторических наук / П. Д. Тепун ; Ленингр. гос. ун-т им. А. А. Жданова. – Ленинград, 1968. – 19 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці П. Д. Цепуна

1.    О подвигах, о доблести, о славе... : [из истории ветеранских организаций Ивановского района; упоминается Павел Денисович Тепун] / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с., [16] л. ил.
2.    Ульшина, Е. Рассказ ветерана : [ветеран Великой Отечественной войны Павел Денисович Тепун вспоминает детство в партизанском отряде] / Екатерина Ульшина // Плюс Один : молодежный журнал. Ростов-на-Дону, 2018. № 4. С. 8.
3.    Ждановіч, І. Ёсць на Доне «Абразок» : мастак Уладзімір Банцэвіч, які родам з палескай вёскі Камень, стварае з аднадумцамі ў Растове-на-Доне адметны беларускі асяродак : [узгадваецца П. Д. Цяпун] / Іван Ждановіч // Голас Радзімы. 2018. 25 студзеня. С. 1, 4.
4.    Тепун, П. Д. Профессор с Огово : наши знаменитые земляки / Павел Денисович Тепун ; [беседовала] Надежда Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 21 жніўня. С. 3.
5.    Тепун, П. Д. Боль и память : [воспоминания ветерана Великой Отечественной войны] / Павел Денисович Тепун // Мы — славяне : литературно-художественный и историко-этнографический альманах белорусов Дона. Ростов-на-Дону, 2005. № 2. С. 35–36.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1120 разоў Апошняя змена Панядзелак, 21 Снежань 2020 15:11