Чацвер, 28 Люты 2019 09:43

9 верасня 2019 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Івана Дзмітрыевіча Янкоўскага (1924–2009), гаспадарчага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі нарадзіўся 9 верасня 1924 г. у вёсцы Забаенне Бягомльскага раёна Барысаўскай акругі (цяпер Лепельскага раёна Віцебскай вобласці). Яго бацька быў вясковым кавалём. Іван Янкоўскі скончыў школу фабрычна-завадскога навучання № 3 у Мінску. У час Вялікай Айчыннай вайны са снежня 1942 г. ваяваў у партызанскім атрадзе № 3 брыгады «Жалязняк», удзельнічаў у аперацыях «рэйкавай вайны».

Пасля вайны Іван Янкоўскі знаходзіўся на гаспадарчай і партыйнай рабоце. У 1948 г. прыняты ў рады партыі, накіраваны ў г. Давыд-Гарадок Пінскай вобласці, адкуль родам была яго жонка. Працаваў у раённай газеце, памочнікам сакратара Давыд-Гарадоцкага райкама КПБ, старшынёй Давыд-Гарадоцкага райспажыўсаюза.

У 1950-я гг. сельская гаспадарка Беларусі знаходзілася ў складаным становішчы. Вельмі нізкімі заставаліся даходы сялян, не хапала тэхнікі, угнаенняў, якаснага насення і інш. Калгасы і саўгасы мелі патрэбу ў кваліфікаваных кіруючых кадрах. І. Д. Янкоўскі быў накіраваны падымаць сельскую гаспадарку. У 1955 г. абраны старшынёй адстаючага калгаса «17 Верасня» ў в. Туры Давыд-Гарадоцкага раёна. За кароткі тэрмін змог вывесці гаспадарку ў лік перадавых. Калгас дабіўся станоўчых вынікаў, аб чым сведчыць адзначэнне калгаснікаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. У 1958 г. ордэнам Леніна ўзнагароджаны старшыня калгаса, а таксама брыгадзір паляводаў Дзмітрый Рыгоравіч Брышчук.

У 1959 г. І. Д. Янкоўскі абраны старшынёй калгаса «40 год Кастрычніка» з цэнтрам у в. Альшаны Давыд-Гарадоцкага (з 19 студзеня 1961 г. Столінскага) раёна Брэсцкай вобласці. Калгас меў вялікія даўгі, хапала і злодзеяў, і абібокаў, і недавольных савецкай уладай. У палях не ставала тэхнікі, жанчыны ўручную палолі лён, жыта жалі сярпамі.

У 1960-я гг. на Палессі вяліся вялікія работы па меліярацыі зямель. Адваяваныя ў балот землі давалі магчымасць росту сельскагаспадарчай вытворчасці. У калгасе «40 год Кастрычніка» за 12 гадоў з пачатку меліярацыі валавая вытворчасць збожжа вырасла ў 3,7 раза. Ураджайнасць збожжавых з 22,2 ц/га (1969) павялічылася да 55,3 ц/га (1978). У 1978 г. начальнік 1-га вытворчага ўчастка Аляксандр Пятровіч Гуня-Ажог стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Дзяржаўная прэмія БССР у 1988 г. за дасягнутыя поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці прысвоена кіраўніку вытворчага ўчастка калгаса Мікалаю Сямёнавічу Андрусевічу.

Калгас пабудаваў жывёлаводчыя механізаваныя гарадкі, машынны двор, два комплексы на 800 галоў буйной рагатай жывёлы кожны, сучасную птушкафабрыку і многае іншае. Кіраўніцтва калгаса клапацілася пра дабрабыт яго работнікаў, якіх было каля 5 тыс. Узвялі сярэднюю школу, Палац культуры, дзіцячы сад і іншыя аб’екты.

За поспехі ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак бульбы, агародніны і садавіны 30 красавіка 1966 г. І. Д. Янкоўскі ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. У калгас «40 год Кастрычніка» неаднойчы прыязджаў першы сакратар ЦК КПБ П. М. Машэраў. Ад невялікай сельгасарцелі альшанцы прайшлі шлях да высокаразвітай шматгаліновай гаспадаркі.

Іван Дзмітрыевіч заўсёды імкнуўся да ведаў, адукацыі, завочна скончыў Пінскі саўгас-тэхнікум (1967) і Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут (1981). У яго нарадзілася пяцёра дзяцей, усе атрымалі вышэйшую адукацыю. Па яго ініцыятыве ў Альшанах напачатку 1970-х стварылі народны ўніверсітэт сельскагаспадарчых ведаў, сам быў яго рэктарам; навучаліся 300 чалавек.

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 9-га склікання (1975–1980). Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1958, 1966), ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1975), «Знак Пашаны» (1973), Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалямі «Серп і Молат» (1966), «За адвагу», двума Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і інш.

Рэкордна працяглы тэрмін — 35 год (1959–1994) — Іван Дзмітрыевіч знаходзіўся на пасадзе старшыні аднаго калгаса. Калгас «40 год Кастрычніка» стаў галоўнай справай яго жыцця. І. Д. Янкоўскі выйшаў на пенсію ў 68 гадоў, але не мог спакойна сядзець, працягваў непакоіцца пра стан гаспадаркі. Перанёс тры інфаркты, памёр 26 сакавіка 2009 г., пахаваны ў Давыд-Гарадку.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Янковский Иван Дмитриевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2011. Т. 2, кн. 2. С. 631.
  2. Янковский Иван Дмитриевич // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биогр. справочник. Минск, 2014. С. 250.
  3. Янковский Иван Дмитриевич // Слава и гордость земли Витебской : биогр. справочник / [сост. М. Н. Пригожий]. Витебск, 2009. С. 325.
  4. Янкоўскі Іван Дзмітрыевіч // Памяць. Докшыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 602.
  5. Янкоўскі Іван Дзмітрыевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 466–467.
  6. Янкоўскі Іван Дзмітрыевіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 694.
  7. Янкоўскі Іван Дзмітрыевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 544.
  8. Янковский, И. Д. Курс на интенсификацию / И. Д. Янковский. – Минск : Урожай, 1965. – 39 с. – (С каждого гектара земли — максимум продукции).
  9. Янкоўскі, І. Д. Інтэнсіўны адкорм маладняка буйной рагатай жывёлы / І. Д. Янкоўскі, У. Д. Максімаў. – Мінск : Дзяржсельгасвыд БССР, 1962. – 34 с. – (Б-чка перадавога вопыту).
  10. Палачанін, Ф. А. Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. Мінск : Беларусь, 2009. С. 46.
  11. Леоновец, А. Ольшанский горизонт / А. Леоновец // Земные звёзды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области] / сост. П. П. Сутько. Минск : Беларусь, 1978. С. 360–365.
  12. Місько, П. Дрэва жыцця : нарысы / П. Місько. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 176 с. – Са зместу: Над Гарынню-ракой : пра калгас «40 год Кастрычніка» і яго старшыню І. Д. Янкоўскага.
  13. Часовитина, Н. Иван Янковский, который дал Ольшанам землю / Наталья Часовитина // Сельская газета. 2017. 13 июня. С. 8–9.
  14. Жаўнерык, К. Шлях у героі : [пра І. Д. Янкоўскага] / Крысціна Жаўнерык // Навіны Палесся. Столін, 2016. 26 ліпеня. С. 4.
  15. Памяці калегі : [некралог] // Навіны Палесся. Столін, 2009. 31 сакавіка. С. 6.
  16. Правиков, П. Человек дела : [об И. Д. Янковском] / П. Правиков // Навiны Палесся. Столiн, 2007. 7 верасня. С. 2.
  17. Полонский, А. Школа Янковского : [к 80-летию И. Д. Янковского] / А. Полонский // Заря. 2004. 19 октября.
  18. Муха, Ф. След Янковского : [к 80-летию И. Д. Янковского] / Фёдор Муха // Рэспубліка. 2004. 22 верасня. С. 6.
  19. Мірановіч, В. Свята юбіляра : рэпартаж з урачыстага вечара, прысвечанага 80-годдзю Героя Сацыялістычнай Працы І. Д. Янкоўскага [у Давыд-Гарадоцкім ГДК] / В. Мірановіч ; фота У. Жылевіча // Навіны Палесся. Столін, 2004. 14 верасня.
  20. Янковский, И. Д. «...Колхозы себя изжили», – сказал И. Д. Янковский, Герой Социалистического Труда и бывший председатель колхоза «40 лет Октября» в интервью корреспонденту газеты / И. Д. Янковский // Вечерний Столин. 2000. 11 марта.
  21. Янковский, И. Д. Гримасы «свободного» рынка : [интервью] / И. Д. Янковский // Белорусская нива. 1992. 19 декабря.
  22. Янковский, И. Земля — основа прочная / И. Янковский // Заря. 1992. 10 января.
  23. Янкоўскі, І. Наш сучаснік аб часе і сабе : на пытанні адказвае старшыня калгаса «40 год Кастрычніка», Герой Сацыялістычнай Працы / І. Янкоўскі // Навіны Палесся. Столін, 1986. 15 лістапада.
  24. Янковский, И. Наш полесский колос / И. Янковский // Заря. 1982. 31 августа.
  25. Янковский, И. Д. Благодаря высокой культуре земледелия / И. Д. Янковский // Земледелие. 1982. № 6. С. 37–38.
  26. Янковский, И. Д. Нива благодарит урожаем / И. Д. Янковский, Е. М. Бакунец // Сельское строительство Белоруссии. 1980. № 6. С. 6–7.
  27. Янковский, И. Неисчерпаемые возможности : [из опыта использования осушенных земель в колхозе «40 лет Октября»] / И. Янковский // Заря. 1975. 10 апреля.
  28. Янковский, И. Знания силы множат : [о работе народного университета сельскохозяйственных знаний в колхозе «40 лет Октября»] / И. Янковский // Заря. 1973. 22 августа.
  29. Янковский, И. Сила коллектива / И. Янковский ; записал А. Громов // Колхозно-совхозное поизводство. 1965. № 5. С. 10–12.
  30. Янковский, И. Д. Достижения лучших — всем колхозам / И. Д. Янковский // Сельское хозяйство Белоруссии. 1961. № 7. С. 11–12.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 242 разоў Апошняя змена Серада, 06 Сакавік 2019 11:38