Серада, 06 Сакавік 2019 11:34

21 лістапада 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Ніны Аляксандраўны Шэлехавай (1929–2017), заслужанага настаўніка БССР (1979)

Ніна Аляксандраўна Шэлехава нарадзілася 21 лістапада 1929 г. у вёсцы Вялікая Грыбанаўка Грыбанаўскага раёна Варонежскай вобласці (Расія). Скончыла Ленінградскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. І. Герцэна па спецыяльнасці «біялогія і хімія» (1947).
У 1951 г. накіравана на працу ў Беларусь. Працавала настаўніцай у Плотніцкай, Вялікамалешаўскай, Лядзецкай школах Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці. Затым выкладала хімію і біялогію ў СШ № 2 і СШ № 1 г. Давыд-Гарадка. У 1960 г. была дэлегатам ІV з’езда настаўнікаў БССР.

Ніна Аляксандраўна вяла з вучнямі пошукавую патрыятычную работу, вадзіла дзяцей у паходы па партызанскіх месцах, дзе адшуквалі імёны мясцовых герояў-партызан і іх родных. Збіралі па вёсках факты аб дзейнасці патрыётаў, ускладвалі вянкі на магілы.

Ля будынка СШ № 1 у 1944–1951 гг. былі перазахаваны ў брацкую магілу байцы Чырвонай арміі і партызаны, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пры вызваленні Давыд-Гарадка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1957 г. тут устанавілі абеліск, але не было звестак аб імёнах пахаваных. Піянеры пад кіраўніцтвам Н. А. Шэлехавай з 1965 г. пасылалі запыты ў ваенкаматы, архівы, саветы ветэранаў. Намаганнямі гуртка «Чырвоныя следапыты» і з дапамогай гарвыканкама на помніку брацкай магілы ўжо 9 мая 1966 г. была ўстаноўлена дошка з першымі дзесяццю выяўленымі імёнамі пахаваных воінаў і партызан.

Цяпер на адноўленым мемарыяле 54 прозвішчы, палову з іх устанавілі і дакументальна пацвердзілі выхаванцы Н. А. Шэлехавай. Следапыты вялі перапіску з роднымі байцоў, загінуўшых у Давыд-Гарадку, якія знайшліся ў розных кутках СССР. Цяжка было адказваць родным, шмат часу трацілі, каб знайсці не казённыя, душэўныя словы. Пасылалі памятныя падарункі, запрашалі прыехаць у госці, гасцінна прымалі іх.

Ніна Аляксандраўна і па-за школай вяла вялікую грамадскую работу, абіралася дэпутатам Столінскага раённага Савета дэпутатаў. Жыццё Н. А. Шэлехавай — узор настаўніцкага служэння дабру і справядлівасці, ведам і асвеце. У 1979 г. яна ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1960), медалём «Ветэран працы» (1985).

Яе муж, Міхаіл Уладзіміравіч Шэлехаў (1926–2015), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, настаўнік гісторыі, у 1962–1986 гг. — дырэктар СШ № 2 г. Давыд-Гарадка, выдатнік народнай адукацыі БССР (1967) і СССР (1972), аўтар публікацый па гісторыі Палесся і кнігі «Давыд-Гарадок. Час і людзі» (2000). Сын, Міхаіл Міхайлавіч Шэлехаў (1954), стаў журналістам, паэтам, драматургам, кінасцэнарыстам.

Н. А. Шэлехава памерла 12 студзеня 2017 г., пахавана ў Давыд-Гарадку.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Шэлехава Ніна Аляксандраўна // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 497.
  2. Братская могила воинов и партизан : [Давид-Городок] // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 326–328.
  3. Братская могила советских воинов и партизан : [Давид-Городок] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 388.
  4. Шелехов Михаил Владимирович // Почётные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск : Беларусь, 2008. С. 26–27.
  5. Михайлов, М. История мемориальной доски : [о патриотической работе учительницы СШ № 1 г. Давид-Городка Н. А. Шелеховой] / М. Михайлов // Навiны Палесся. Столiн, 2014. 18 лiстапада. С. 3.
  6. Мірановіч, В. Залатыя іх гады : [пра 50-годдзе сумеснага жыцця М. У. і Н. А. Шэлехавых] / В. Мірановіч // Навіны Палесся. Столін, 2003. 11 лістапада. С. 2.
  7. Дзякуй! : [падзяка грамадскасці Давыд-Гарадка, настаўнікам Н. А. і М. У. Шэлехавым ад родных загінуўшых за вызваленне Давыд-Гарадка] / Мікалай, Віктар і Аляксандр Гальцовы, М. Усцінаў і інш. // Навіны Палесся. Столін, 1985. 18 мая.
  8. Мірановіч, В. Іх багацце — кнігі : [пра хатнюю бібліятэку настаўнікаў Н. А. і М. У. Шэлехавых] / В. Мірановіч // Навіны Палесся. Столін, 1980. 2 верасня.
  9. Плаўчанка, А. З думкай аб дзецях : [пра настаўніцу Н. А. Шэлехаву, кандыдата ў дэпутаты раённага Савета] / А. Плаўчанка // Навіны Палесся. Столін, 1973. 7 чэрвеня.
  10. Шэлехава, Н. Поспехі юннатаў : [пра ўдзел юннатаў Давыд-Гарадоцкай СШ № 2 у абласным злёце] / Н. Шэлехава // Навіны Палесся. Столін, 1971. 2 лістапада.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 187 разоў Апошняя змена Серада, 06 Сакавік 2019 11:45