Серада, 06 Сакавік 2019 12:03

1 студзеня 2019 г. — 50 гадоў з пачатку дзейнасці ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“» (1969)

ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“» знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага сельскага Савета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ажыццяўляе здабычу фрэзернага торфу і яго перапрацоўку для вытворчасці паліўных брыкетаў. Праектнае заданне на будаўніцтва торфабрыкетнага завода распрацавана інстытутам «Белдзяржпраторф» у 1965 г. Назва завода «Гатча-Осаўскі» паходзіць ад злучэння назваў двух радовішчаў торфу, уключаных у сыравінную базу прадпрыемства.

Будаўніцтва прадпрыемства было пачата ў 1966 г. Кіраваў будаўніцтвам В. М. Патоня. Пляцоўка для будаўніцтва завода і прамзоны размешчана на малапрыдатных ворных землях саўгаса «Рагазнянскі» Кобрынскага раёна (цяпер Жабінкаўскі раён). На першым этапе будаваўся брыкетны цэх. У якасці асноўнага тэхналагічнага абсталявання цэха служылі тры парагазавыя сушылкі, тры прэсы і тры грохаты (прылада для падзелу сыпучых матэрыялаў па памерах кавалкаў). Усё тэхналагічнае абсталяванне было айчыннай вытворчасці.

Для забеспячэння аб’ектаў торфабрыкетнага завода, прамзоны і пасёлка Ленінскі цяплом, гарачым водазабеспячэннем пачалося таксама будаўніцтва кацельні, якая знаходзілася ў блоку з галоўным корпусам брыкетнага цэха. Акрамя таго, вялося будаўніцтва блока дапаможных службаў: рамонтна-механічнай майстэрні, лакаматыўна-вагоннага дэпо, пажарнага дэпо, матэрыяльнага склада і заводакіраўніцтва.

Брэсцкім аблвыканкамам і Міністэрствам сельскай гаспадаркі БССР прынята рашэнне аб адводзе пад сыравінную базу торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскі» зямельнага ўчастка агульнай плошчай 2016 га з зямель саўгаса «Рагазнянскі». Работы па асушэнні забалочаных зямель, адведзеных пад сыравінную базу завода, скончаны ў снежні 1968 г.

Загадам Міністэрства тарфяной прамысловасці БССР торфабрыкетны завод уводзіцца ў эксплуатацыю з 1 студзеня 1969 г. Першым дырэктарам завода стаў Рамуальд Паўлавіч Путырскі. 1 студзеня 1969 г. была выпушчана пробная партыя прадукцыі, а па-сапраўднаму вытворчасць тарфянога брыкету распачалася 7 лютага, пасля давяршэння пусканаладачных работ. Першапачатковая магутнасць завода склала 50 тыс. т тарфяных брыкетаў у год. Вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае торфапрадпрыемства «Гатча-Осаўскае» створана на падставе пастановы Савета Міністраў БССР № 10 ад 15 студзеня 1969 г. і ўвайшло ў склад Беларускага дзяржаўнага вытворчага аб’яднання па паліве і газіфікацыі (ДВА «Белпалівагаз»). У першы год на торфапрадпрыемстве працавалі 231 чалавек.

У 1975 г. праведзена рэканструкцыя брыкетнага цэха з устаноўкай сушылкі вытворчасці ГДР. Прадукцыйнасць завода пасля рэканструкцыі склала 55 тыс. т.

У сувязі з вычарпаннем сыравінных рэсурсаў, памяншэннем аб’ёмаў здабычы торфу і вытворчасці таварнай прадукцыі і ў мэтах спрашчэння структуры кіравання з 1 студзеня 1985 г. торфапрадпрыемства «Гатча-Осаўскае» аб’яднана з торфапрадпрыемствам «Чапелеўскае багно» Пружанскага раёна, пасля чаго аб’яднанае прадпрыемства названа: торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі». 24 снежня 1985 г. створана вытворчае торфабрыкетнае аб’яднанне «Гатча-Осаўскае»: аб’яднаны торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі» (галаўное прадпрыемства) і паўбрыкетны завод «Любашкінскае» (на правах вытворчай адзінкі ў в. Галоўчыцы Камянецкага раёна).

У 1987 г. праведзена рэканструкцыя кацельні завода з пераводам на прыродны газ. У 1988 г. упершыню апрабавана тэхналогія вытворчасці торфавугольных брыкетаў, у 1989 г. іх выпушчана 83 тыс. т. Загадам «Дзяржкампалгаз» ад 21 лістапада 1988 г. торфабрыкетнае аб’яднанне «Гатча-Осаўскае» пераўтворана ў торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі».

Завод прызнаваўся пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў сярод прамысловых прадпрыемстваў Жабінкаўскага раёна ў 1971, 1974, 1979, 1982, 1983 і 1989 гг. Калектыў завода «Гатча-Осаўскі» за датэрміновае выкананне народнагаспадарчага плана 1974 і 1975 гг. прызнаны пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый і ўзнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрафа і ЦК ЛКСМБ.

3 снежня 2009 г. прадпрыемства рэарганізавана ў Адкрытае акцыянернае таварыства «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“». У 2011 г. на заводзе завершана будаўніцтва лініі па выпуску фрэзернага торфу. У наступныя гады былі праведзены: распрацоўка пляцоўкі пад здабычу фрэзернага торфу на захад ад в. Падзяменне на землях ААТ «Гарадзец-Агра» Кобрынскага раёна (2016); рэканструкцыя кацельні з пераводам на фрэзерны торф (2017); распрацоўка пляцоўкі для здабычы фрэзернага торфу з пад’язной аўтамабільнай дарогай і месцам для складавання торфу на тарфяным радовішчы «Завіднюўка» на захад ад в. Козій Брод Пружанскага раёна (2017–2018).

Торфабрыкетны завод узначальвалі: Вячаслаў Іванавіч Скрабін (22 снежня 1978 г. – 23 снежня 1991 г.); Мікалай Уладзіміравіч Бортнік (3 студзеня 1992 г. – 2015 г.). З 22 снежня 2016 г. дырэктарам назначаны Міхаіл Мікалаевіч Кляўзо. На прадпрыемстве працуе звыш 120 чалавек.

ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“» ў цяперашні час уяўляе сабой: участак здабычы торфу; брыкетны цэх; транспартны цэх; рамонтна-механічны ўчастак; рамонтна-будаўнічы ўчастак; цэх па здабычы і брыкетаванні торфу «Кобрынскі». Агульныя вытворчыя магутнасці прадпрыемства складаюць 70 тыс. т тарфяных брыкетаў у год, у т. л. магутнасць брыкетнага цэха «Гатча-Осаўскі» — 55 тыс. т і цэха «Кобрынскі» — 15 тыс. т. У 2018 г. здабыча торфу склала больш за 80 тыс. т. Прадукцыя торфабрыкетнага завода пастаўляецца на ўнутраны рынак, а таксама за мяжу — у Польшчу і Літву.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

  1. Никончук, Д. На пороге двойной юбилей : ОАО «Торфобрикетный завод „Гатча-Осовский“» — 50 лет / Дарья Никончук // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 22 снежня. С. 3.
  2. Бензярук, А. Тарфяныя балоты дыктавалі змены ў жыцці : [пра в. Гатча ва ўрочышчы Гатча-Осаўскім Жабінкаўскага раёна] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2018. 7 лютага. С. 4 : фат.
  3. Бортник, Н. В. Реконструкция вселяет оптимизм : интервью с директором ОАО «Торфобрикетный завод „Гатча-Осовский“» Н. В. Бортником / Николай Владимирович Бортник ; записала Светлана Беляк // Сельская праўда. Жабінка, 2016. 20 студзеня. С. 2, 3.
  4. Бортнік, М. У. М. У. Бортнік: «Працаваць на перспектыву» : ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“» — 45 гадоў : [размова з дырэктарам торфапрадпрыемства] / Мікалай Уладзіміравіч Бортнік ; гутарыла Святлана Кіслая // Сельская праўда. Жабінка, 2014. 8 лютага. С. 3.
  5. Энергия тепла : ОАО «Торфобрикетный завод „Гатча-Осовский“» увеличивает объемы торфодобычи, производства и реализации брикета // Народная газета. 2013. 20 красавіка. С. 8.
  6. Бортнік, М. У. «Патрэбна зладжаная работа каманды…» : [інтэрв’ю з дырэктарам ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“»] / Мікалай Уладзіміравіч Бортнік ; гутарыла Дар’я Падалінская // Сельская праўда. Жабінка, 2013. 30 студзеня. С. 3.
  7. Каско, А. «Там, дзе піраміды» : [пра ўчастак здабычы торфу прадпрыемства «Гатча-Осаўскае»] / А. Каско // Сельская праўда. Жабінка, 2009. 20 мая. С. 2.
  8. Калектыў «Гатча-Осаўскага» імкнецца ў будучыню : [да 40-годдзя торфабрыкетнага завода] // Сельская праўда. Жабінка, 2009. 7 лютага. С. 2–3.
  9. Бортнік, М. «У будучыню глядзім з аптымізмам» : [да 35-годдзя торфапрадпрыемства «Гатча-Осаўскае»] / Мікалай Бортнік // Сельская праўда. Жабінка, 2004. 14 студзеня.
  10. Орлова, И. Почему интересы отдельных государственных структур не могут вызреть в общегосударственный интерес? : на этот вопрос более десятка лет пытается найти ответ директор не совсем рядового торфопредприятия / Ирина Орлова // Народная газета. 2003. 27 снежня.
  11. Бортнік, М. У. У будучыню глядзім з аптымізмам : заводу «Гатча-Осаўскі» — 30 : [гутарка з дырэктарам завода] / М. У. Бортнік ; гутарыла А. Антонава // Сельская праўда. Жабінка, 1999. 6 лютага. С. 2.
  12. Антонава, А. «Сонечны камень» чакае свайго часу, або Святло ў канцы эканамічнага тунэля торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскі» / А. Антонава // Сельская праўда. Жабінка, 1997. 24 верасня. С. 2.
  13. «Гатча-Осовский клондайк» // Знамя юности. 1996. 31 января.
  14. Бортнік, М. У. Завод без сыравіны — насельніцтва без паліва, або Не зусім святочнае інтэрв’ю дырэктара торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскі» М. У. Бортніка / М. У. Бортнік ; гутарыла С. Вішнеўская // Сельская праўда. Жабінка, 1994. 26 лютага.
  15. Ім — брыкеты, нам — долары : [торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі» выходзіць на замежны рынак] // Звязда. 1992. 8 снежня.
  16. Шалягейка, В. У авангардзе калектыву / В. Шалягейка // Сельская праўда. Жабiнка, 1986. 22 ліпеня.
  17. Мартынчык, К. Мая рабочая гордасць : [пра торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі»] / К. Мартынчык // Сельская праўда. Жабінка, 1985. 7 кастрычніка.
  18. Аксенін, С. На аб’екце «Гатча» : фотарэпартаж / С. Аксенін // Сельская праўда. Жабінка, 1983. 26 лютага.
  19. Шалягейка, В. Памножыць працоўны плён : [пра торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі»] / В. Шалягейка // Сельская праўда. Жабінка, 1982. 23 лютага.
  20. Леоновец, А. Наследство : [о директоре торфобрикетного завода «Гатча-Осовский» В. М. Скрябине] / А. Леоновец // Заря. 1981. 6 марта.
  21. Каско, А. Новыя арыенціры : [торфабрыкетны завод «Гатча-Осаўскі»] / А. Каско // Сельская праўда. 1980. 21 лютага.
  22. Сацыялістычныя абавязацельствы калектыву торфабрыкетнага завода «Гатча-Осаўскі» на 1978 год // Сельская праўда. Жабінка, 1978. 31 студзеня.
  23. Панасюк, У. Школа дзелавітасці / У. Панасюк // Сельская праўда. Жабінка, 1977. 17 мая.
  24. Гатоўчыц, А. Таварыш : [пра Р. Путырскага] / А. Гатоўчыц // Сельская праўда. Жабінка, 1977. 9 красавіка.
  25. Міцковіч, І. У адзінстве з практыкай / І. Міцковіч // Сельская праўда. Жабінка, 1976. 12 кастрычніка.
  26. Путырская, Н. Торфабрыкетны завод / Н. Путырская // Сельская праўда. Жабінка, 1970. 29 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 182 разоў Апошняя змена Серада, 06 Сакавік 2019 12:28