Панядзелак, 11 Сакавік 2019 09:35

10 сакавіка 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Іосіфавіча Дыдышкі (1949), беларускага спартсмена (шахматы), міжнароднага гросмайстра

Вячаслаў Іосіфавіч Дыдышка нарадзіўся 10 сакавіка 1949 г. у вёсцы Ліпск Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна ў 1973 г., атрымаў спецыяльнасць «матэматык-праграміст».

Шахматыст Вячаслаў Дыдышка дасягнуў першага шумнага поспеху ў таварыскім матчы беларусаў супраць ГДР (1965), дзе стартаваў з трох радавых перамог. У чэмпіянаце СССР да 18 год здолеў абыграць Анатоля Карпава, але заняць першае месца ў турніры яму не ўдалося.

Чэмпіён Беларусі па шахматах у 1965, 1971, 1973, 1979, 1980, 1982, 1992 гг. Пераможца Усесаюзных турніраў майстроў з удзелам шахматыстаў Прыбалтыкі і Беларусі 1973 і 1974 гг. Лепшыя вынікі ў міжнародных турнірах: Бангалор (Індыя; 1981) — 6-е месца; Мінск (1982) — 8–9-е месцы; Паляніца-Здруй (Польшча; 1983) — 1-е месца. В. І. Дыдышка з’яўляўся адным з мацнейшых майстроў Савецкага Саюза. Абыгрываў і Льва Псахіса, і Андрэя Сакалова, калі яны былі на піку.

Майстар спорту СССР (1968), міжнародны майстар (1982), міжнародны гросмайстар (1995). У 1994 г. В. І. Дыдышка атрымаў малы залаты медаль ХХХІ Сусветнай шахматнай Алімпіяды за лепшы індывідуальны вынік. Пераможца міжнароднага турніру «Берлінскае лета» (1995) і інш.

Аўтар кнігі «Логика современных шахмат» (1989). Змест кнігі Вячаслава Іосіфавіча пабудаваны з улікам як малавопытных, так і болей падрыхтаваных шахматыстаў. Раскрываецца шэраг важных праблем: выбар ходу, ацэнка пазіцыі, узаемадзеянне фігур і інш.

В. І. Дыдышка з 1992 г. працаваў спартсменам-інструктарам нацыянальнай зборнай каманды па шахматах. Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь (2013) выхаваў многіх вядомых шахматыстаў, у т. л. чэмпіёна свету Настассю Зязюлькіну. Трэніраваў дзяцей у мінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе алімпійскага рэзерву № 11. Рэкардсмен па колькасці перамог у чэмпіянатах Беларусі: у 2006 г. у 11-ы раз стаў чэмпіёнам Беларусі. Паспяхова выступаў у ветэранскіх чэмпіянатах свету, стаў прызёрам турніру сеньёраў 2010 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.
Прытульчык Рыма Уладзіміраўна, бібліятэкар-бібліёграф

  1. Дыдышка Вячаслаў Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 275.
  2. Дыдышко Вячеслав Иосифович // Спортивная энциклопедия Беларуси. Минск, 2005. С. 188.
  3. Дыдышко Вячеслав Иосифович // Шахматы : энциклопедический словарь / гл. ред. А. Е. Карпов. Москва : Советская энциклопедия, 1990. С. 118.
  4. Дыдышко, В. И. Логика современных шахмат / В. И. Дыдышко. – Минск : Полымя, 1989. – 430, [1] с. : ил.
  5. Международный шахматный турнир «Минск-82» / [сост: В. Д. Купрейчик, В. И. Дыдышко, Е. В. Мочалов, С. Н. Юферов]. – Минск : Полымя, 1984. – 160 с. : ил.
  6. Хоровец, Э. Тот самый Дыдышко / Эльмира Хоровец // Прессбол. 2006. 1 июня. С. 15.
  7. Хоровец, Э. Последний из могикан : [об участии В. Дыдышко в чемпионате Беларуси] / Эльмира Хоровец // Прессбол. 2006. 17 марта. С. 14.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 201 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Сакавік 2019 09:38