Панядзелак, 08 Красавік 2019 13:05

5 красавіка 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Леаніда Васільевіча Макарэвіча (1939), заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь (1999), лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне»

Леанід Васільевіч Макарэвіч нарадзіўся 5 красавіка 1939 г. у вёсцы Быцень Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1957 г. скончыў Быценьскую сярэднюю школу. Адслужыў тры гады ў Савецкай арміі. У 1964–1969 гг. — студэнт факультэта архітэктуры Беларускага палітэхнічнага інстытута.

Пасля заканчэння інстытута Леанід Макарэвіч працаваў архітэктарам у Баранавічах Брэсцкай вобласці. З’яўляўся галоўным спецыялістам па архітэктуры Баранавіцкага архітэктурна-канструктарскага аддзела № 3 інстытута «Брэстграмадзянпраект» (з 1997 г. — інстытута «Брэстпраект»; з 2005 г. — Баранавіцкага філіяла ААТ «Брэстпраект»). Член Саюза архітэктараў Беларусі з 1983 г. У яго творчым багажы больш за тысячу праектаў, сярод іх — будынак школы ў роднай вёсцы Быцень (1974), дырэктарам якой стаў яго сын, Дзмітрый Леанідавіч, настаўнік фізікі і інфарматыкі.

Асноўныя работы архітэктара: кінатэатр «Кастрычнік» у г. Баранавічы (1970), Дом Саветаў (1973), шматкватэрныя жылыя дамы (1977, 1982, 1989), Дом піянераў (1984), будынак упраўлення КДБ (1984), школа ў п. Жамчужны Баранавіцкага раёна (1985), будынак аддзела ЗАГС (1985), гасцініца Брэсцкага аблвыканкама (1986) і інш.

Вялікую работу Л. В. Макарэвіч правёў па праектаванні праваслаўных храмаў Беларусі. Гэта царква Святых Жонак-Міраносіц у г. Баранавічы (1990), царква прападобнага Серафіма Сароўскага ў г. Белаазёрску Бярозаўскага раёна (1992), Крыжаўзвіжанская царква ў в. Святая Воля Івацэвіцкага раёна (1992), царква ў гонар абраза Божай Маці ў г. Івацэвічы, Аляксандра-Неўская царква ў г. Баранавічы (1996), Ільінская царква ў в. Адахаўшчына Баранавіцкага раёна (1996), Спаса-Праабражэнскі сабор у п. Дзятлава (1999), Феадораўскі сабор у г. Пінску (2001), Петра-Паўлаўская (2003) і Міхайлаўская (2009) цэрквы ў г. Бярозе, Свята-Духаўская царква ў п. Гатава Мінскага раёна, часоўня Жонак-Міраносіц (2013) у г. Баранавічы, царква ў імя свяціцеля Ціхана Маскоўскага ў г. Ганцавічы, Георгіеўская царква ў в. Вычулкі Брэсцкага раёна, Спаса-Праабражэнская царква ў г. Светлагорску, царква ў гонар Усіх Святых у г. Лідзе, Спаса-Праабражэнскi сабор у Магілёве (2015), царква ў гонар Алексія Лельчыцкага ў аг. Сырод Калінкавіцкага раёна (2016) і інш.

Леанід Васільевіч унёс вялiкi асабiсты ўклад у развiццё архiтэктуры i горадабудаўнiцтва Беларусі, за што яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны архiтэктар Рэспублiкi Беларусь» (1999). Лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», якая была прысуджана за выдатную работу па аднаўленні храмаў і распрацоўцы новых праектаў. Узнагароджаны ордэнам Сергія Раданежскага, ордэнам Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, медалём свяціцеля Кірылы Тураўскага і інш.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака.
Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Макарэвіч Леанід Васілевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 530.
  2. Макаревич Леонид Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 66.
  3. Макаревич Леонид Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 616.
  4. Гребенчук, С. К. Макаревич Леонид Васильевич // Академики Брестчины / С. К. Гребенчук, А. А. Полонский. Брест : Брестская типография, 2003. С. 215.
  5. Царква ў імя святога прарока Іліі : [в. Адахаўшчына 1-я] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 8–9.
  6. Царква ў імя прападобнага Серафіма Сароўскага : [г. Белаазёрск] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 43.
  7. Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла : [г. Бяроза] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 64–65.
  8. Царква ў імя свяціцеля Ціхана, патрыярха Маскоўскага : [г. Ганцавічы] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 111–112.
  9. Царква ў гонар Святога Духа : [пас. Гатава] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 119.
  10. Царква : [г. Ліда] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 227.
  11. Сабор у імя святога мучаніка Фёдара Цірана : [г. Пінск] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 322.
  12. Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга : [г. Светлагорск] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 361.
  13. Царква ў гонар Уздвіжання Крыжа Гасподняга : [в. Святая Воля] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 362.
  14. Многие лета! : [к 75-летию Л. В. Макаревича] // Наш край. Барановичи, 2014. 9 апреля. С. 2.
  15. Жук, Е. Правый фланг духовного равнения : [об освящении храма архистратига Михаила в г. Берёзе; упоминается Л. В. Макаревич] / Елена Жук // Вечерний Брест. 2009. 7 октября. С. 7 : фот.
  16. Гиль, С. Без духовности нет архитектуры : [к 70-летию архитектора Л. В. Макаревича] / Светлана Гиль ; фото Михаила Кашко // Наш край. Барановичи, 2009. 4 апреля. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1303 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Люты 2021 11:39