Панядзелак, 22 Красавік 2019 14:43

2019 г. — 500 гадоў з часу стварэння Кобрынскай эканоміі, гаспадарчай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага (1519)

Кобрынская эканомія — каралеўскае зямельнае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім XVI–XVIII cтст., «сталовы маёнтак» вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, які існаваў у 1519–1795 гг. Эканомія (грэч. Oikonomia — кіраванне гаспадаркай) — сталовы маёнтак, від дзяржаўнага зямельнага ўладання ў ВКЛ для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Эканоміі мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне, падначаленае надворнаму падскарбію ВКЛ.

Фактычна Кобрынская эканомія ўзнікла ў 1519 г. як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформілася ў 1532 г., калі каралева Бона Сфорца (1494–1557) атрымала ад Жыгімонта І Старога (1467–1548) правы на Кобрынскае староства. У адміністрацыйных адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 г. — у Берасцейскае ваяводства. Канчаткова Кобрынская эканомія як «сталовае ўладанне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 г. у выніку падзелу паміж дзяржаўным і каралеўскім скарбамі.

Апрача Боны ў XVI–XVII ст. Кобрынскай эканоміяй валодалі каралевы Ганна Ягелонка (1523–1596), якая ў 1589 г. надала Кобрыну Магдэбургскае права і герб, і Канстанцыя Аўстрыйская (1588–1630).

У 1549, 1563 і 1597 гг. праводзіліся рэвізіі, матэрыялы якіх з’яўляюцца каштоўнай гістарычнай крыніцай. Паводле рэвізіі 1563 г., якая была складзена каралеўскім рэвізорам Дзмітрыем Сапегаю, Кобрынская эканомія налічвала каля 77 тыс. дзесяцін зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мястэчка Гарадзец. У 1563 г. у Кобрыне дзейнічалі касцёл, тры праваслаўныя царквы, праваслаўны Спаскі манастыр.

У пачатку XVIII ст. Кобрынская эканомія аб’яднана з Брэсцкай эканоміяй у Брэсцка-Кобрынскую эканомію, разам яны паказаны ў інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі.

У 1757 г. агульнае дзяржаўства на Брэсцкую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў атрымаў Ежы Флемінг. Замест падзелу на воласці і войтаўствы адбыўся падзел на губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі, фальваркі і інш. Такім чынам узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежацкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ілаўскага, Літвінкаўскага, Тэвельскага, Чаравачыцкага.

Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад прывялі да скасавання ў 1766 г. самакіравання, але Кобрынская эканомія захавалася. Яе рэарганізацыяй заняўся ў 1768 г. надворны падскарбій граф Антоній Тызенгаўз (1733–1785). У каралеўскіх сталовых эканоміях ВКЛ ім была праведзена эканамічная рэформа, якая адначасова ахоплівала сельскую гаспадарку, прамысловасць і гандаль.

Трэба адзначыць, што інтэнсіфікацыя гаспадарчай вытворчасці, асваенне новых зямель (меліярацыя, высяканне лясоў) у спалучэнні з узмацненнем эксплуатацыі сялян павысілі даходнасць эканоміі пад канец XVIII ст. у параўнанні з ХVІІ ст. амаль у 8 разоў. Аднак скарачэнне колькасці насельніцтва, прыцягненне значных сіл на будаўніцтва Каралеўскага канала, агульнае палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне не далі станоўчых вынікаў.

У 1795 г. Кобрынская эканомія ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Землі эканоміі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам. Кобрынскі ключ з сядзібай падараваны Кацярынай II генерал-фельдмаршалу Аляксандру Сувораву, Дзівінскі і Пружанскі ключы — генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна, галоўны бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Кобрынская эканомія / Л. Р. Казлоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 8. С. 369.
  2. Кобрынская эканомія / Леў Казлоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2007. Т. 2. С. 117.
  3. Кобрынская эканомія / Леў Казлоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 219.
  4. Кобринская экономия // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 297.
  5. Кобрынская эканомія // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1978. Т. 1. С. 337.
  6. Кобрынская эканомія / М. І. Камінскі // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 44.
  7. Казлоў, Л. Р. Кобрынская эканомія / Л. Р. Казлоў // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 44–45.
  8. Доўнар-Запольскі, М. В. Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах / М. В. Доўнар-Запольскі. – Мінск : Беларуская навука, 2013. – 759 с. – Са зместу: Кобрынская эканомія. С. 179, 267–268, 279.
  9. Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 году королевским ревизором Дмитрием Сапегою. – Вильна : в Типографии А. Г. Сыркина, 1876. – XII, 387, 56 с.
  10. Гісторыя сялянства Беларусі. У 3 т. Т. 1. Гісторыя сялянства Беларусі ад старажытнасці да 1861 г. / Я. К. Анішчанка [і інш.]. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – 431 с. : іл. – Са зместу: Кобрынская эканомія. С. 143, 144, 149, 158, 193, 194.
  11. Голубеў, В. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI– XVIII стст. / В. Голубеў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – 176 с. – Са зместу: Кобрынская эканомія. С. 27, 52, 60, 94, 100, 101, 125, 126.
  12. Плиско, Н. М. Вольный город Кобрин // Кобрин : историко-экономический очерк / Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов. Минск : Полымя, 1987. С. 10–20.
  13. Эканамічная гісторыя Беларусі : курс лекцый. – Мінск : Экаперспектыва, 1993. – 288 с. – Са зместу: Кобрынская эканомія. С. 68.
  14. Копысский, З. Ю. Историография БССР (эпоха феодализма) : учеб. пособие / З. Ю. Копысский ; под ред. Я. Н. Мараша. – Минск : Университетское, 1986. – 175 с. – Из содержания: Кобринская экономия. С. 75, 95.
  15. Материалы конференции молодых учёных Академии наук БССР. – Минск : АН БССР, 1962. – 283 с. – Из содержания: Кобринская экономия. С. 105.
  16. Улащик, Н. Н. Кобринская экономия после проведения волочной померы / Н. Н. Улащик // Учёные записки Института славяноведения. Москва, 1957. Т. 15. С. 246–268.
  17. Зеленецкая, В. Н. Землеустроительная политика второй половины XVI в. в Белоруссии и Литве и положение различных разрядов сельского населения / В. Н. Зеленецкая // Труды Историко-архивного института. Москва, 1947. Т. 3. С. 69–98.
  18. Вашкевіч, А. Апошні план паратунку Рэчы Паспалітай: чаму ўсё пайшло не так : [эканамічная рэформа А. Тызенгаўза] / А. Вашкевіч // Наша гісторыя. 2018. № 1. С. 30–33.
  19. Кітурка, І. Інвентар 1742 г. Брэсцкай і Кобрынскай эканомій як унікальная крыніца па эканамічнай гісторыі Беларусі / Ірына Кітурка // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. Bialystok, 2013. № 40. S. 31–52.
  20. Кітурка, І. Нескарыстаная альтэрнатыва развіцця Берасцейскай і Кобрынскай эканомій у другой палове 18 ст. / Ірына Кітурка // Гістарычны альманах. 2001. Т. 5. С. 68–77.Мартынаў, А. Кобрыншчына ў XVI стагоддзі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. 1972. 20 студзеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1357 разоў Апошняя змена Серада, 14 Красавік 2021 15:41