Аўторак, 14 Май 2019 15:53

15 мая 2019 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Івана Данілавіча Бінько (1934), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (1999)

Іван Данілавіч Бінько нарадзіўся 15 мая 1934 г. у вёсцы Моталь Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Любоў да працы на зямлі яму перадалася ад бацькоў і дзеда. Гаспадарка ў сям’і была вялікая. З сямі гадоў Іван Бінько выконваў абавязкі пастуха, дапамагаў у іншых работах. Пакуль бацька, Даніла Васільевіч, працаваў у леспрамгасе, ён разам з дзедам выконваў усю мужчынскую працу.

У калгасе Іван Бінько пачаў працаваць з пятнаццаці гадоў. Адслужыў у Савецкай арміі. Пасля дэмабілізацыі (1956) вярнуўся ў родны Моталь, працаваў учотчыкам у калгасе «40 гадоў Кастрычніка». У 1958–1968 гг. з’яўляўся загадчыкам жывёлагадоўчай фермы. Парадак на ферме, дзе ўтрымліваліся не толькі каровы, але і свінні, авечкі, прыцягнуў увагу кіраўніцтва калгаса і раёна.

У 1968 г. Іван Данілавіч быў назначаны брыгадзірам комплекснай брыгады калгаса «40 гадоў Кастрычніка». Закончыў Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Прыродны розум, кемлівасць, адказнасць за даручаную справу заўсёды прыходзілі на дапамогу Івану Бінько. Дзякуючы яго вопыту і ведам, уменню зладжана арганізоўваць працу структурнага падраздзялення калгаснай гаспадаркі, поспехі брыгады па вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі неаднаразова былі адзначаны ўзнагародамі ВДНГ СССР

Бінько І. Д. ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1986), «Знак Пашаны» (1970), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972). У 1999 г. яму прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». З’яўляўся дэлегатам XXIII з’езда КПСС (1966).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Бінько Іван Данілавіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хронiка / уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. Мінск, 2000. С. 477–478.
  2. Сельское хозяйство // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 428–439.
  3. Земля отцов — земля святая // О подвигах, о доблести, о славе... / [сост. М. П. Горупа ; рец.: К. М. Ваврук, Н. В. Жук]. Иваново, 2015. С. 122–133.
  4. Наша земля — наша биография : материалы торжественного собрания, посвящённого 60-летию образования Ивановского района / Ивановский районный исполком ; сост. М. П. Горупа. – Иваново, 2000. – 52 с.
  5. Стасевіч, П. С. Вёска над Ясельдай : гістарычна-краязнаўчы нарыс / П. С. Стасевіч. – Мiнск : Полымя, 1991. – 99, [2] с.
  6. Соломка, И. Родной земли целительная сила : [упоминается И. Д. Бинько] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 18 мая. С. 4.
  7. Федорук, М. Ветеранское единство — великая сила / Мария Федорук // Янаўскі край. Іванава, 2017. 21 лютага. С. 4.
  8. Горупа, М. Покой нам только снится! : [упоминается И. Д. Бинько] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 11 сакавіка. С. 5.
  9. Сергеева, Л. Традиции и новшества ОАО «Агро-Мотоль» : [упоминается И. Д. Бинько] / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 6 марта.
  10. Котковец, А. Славен трудом, честью, умом : [о заслуженном работнике сельского хозяйства И. Д. Бинько из Мотоля] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 2 мая. С. 1.
  11. Жушма, В. Слава і гонар Палескага Моталя : [заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Іван Бінько] / Васіль Жушма // Беларуская ніва. 2002. 6 лістапада. С. 2.
  12. Бабрыковіч, У. Моталь — вёска ардэнаносцаў : [згадваецца І. Д. Бінько] / У. Бабрыковіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 13 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 9 разоў