Аўторак, 14 Май 2019 15:57

1 снежня 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Андрэя Фёдаравіча Ксёнды (1929–2016), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарчага дзеяча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1980)

Андрэй Фёдаравіч Ксёнда нарадзіўся 1 снежня 1929 г. у вёсцы Моталь Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Усе яго продкі па бацьку і маці здаўна жылі ў Моталі, працавалі на зямлі. Скончыў тры класы польскай школы.

Нямала гора выпала на сям’ю Ксёндаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. У снежні 1942 г. фашысты расстралялі маці, Ганну Міхайлаўну. Пасля трагедыі, той жа ноччу бацька, Фёдар Андрэевіч, разам з двума непаўналетнімі сынамі і дачкой сышоў у партызанскі атрад імя Макарэвіча, якім кіраваў Іван Міхайлавіч Калілец. Трынаццацігадоваму Андрэю даводзілася несці каравульную службу, займацца нарыхтоўкай дроў, будаваць абарончыя рубяжы і нават удзельнічаць у баявых дзеяннях.

Пасля вызвалення Іванаўскага раёна, у ліпені 1944 г., сям’я вярнулася дадому. За час вайны Моталь быў спалены нямецка-фашысцкімі акупантамі, большасць яго насельніцтва знішчана. Ксёнды заняліся сялянскай справай, адраджэннем гаспадаркі. Са стварэннем у Моталі калгаса, вясной 1950 г., пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва, перш за ўсё жывёлагадоўчых памяшканняў. Прыняў удзел у гэтым і Андрэй Ксёнда. Папрацаваўшы восенню ў паляводстве і перазімаваўшы, пайшоў служыць у Савецкую армію на чатыры гады.

Пасля службы А. Ф. Ксёнда працаваў загадчыкам піларамы (1955–1959), потым каля 30 гадоў узначальваў комплексную брыгаду калгаса «40 гадоў Кастрычніка». За гэтыя гады брыгадзір здолеў згуртаваць вакол сябе моцны касцяк сапраўдных земляробаў-механізатараў. Усе яны сталі членамі механізаваных звенняў канчатковай прадукцыі, тых звенняў, дзе былі цалкам механізаваныя працэсы вырошчвання бульбы і цукровых буракоў і досвед працы якіх прыязджалі вывучаць з усёй акругі. І гэта ўжо была «школа гаспадарання А. Ф. Ксёнды».

Жыў пастаянным клопатам паспець своечасова пасеяць, дагледзець, убраць, падрыхтаваць да маразоў глебу пад будучы ўраджай. Кішэні Андрэя Фёдаравіча былі забіты брашурамі па земляробстве, па начах карпеў над газетнымі навінкамі і картаграмамі. Пастаянная праца над сабой прывяла брыгадзіра ў вячэрнюю школу, затым у Пружанскі саўгас-тэхнікум.

З такіх будняў, поўных кругазвароту клопатаў, складваліся месяцы і гады. І толькі тады яны ператвараліся ў святы, калі тая ці іншая задумка ўдавалася. Па натуры Андрэй Фёдаравіч — чалавек спакойны, стрыманы і нешматслоўны, але калі патрабавалася адстойваць свой пункт гледжання, не баяўся, хоць часам з-за гэтага меў непрыемнасці.

За асваенне і ўкараненне прагрэсіўнай тэхналогіі, комплекснай механізацыі пры вырошчванні тэхнічных, гародніных культур, бульбы і атрыманне высокіх ураджаяў гэтых культур Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР ад 29 кастрычніка 1980 г. А. Ф. Ксёнда быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР у вобласці навукі і тэхнікі. За працоўную дзейнасць узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1966, 1973), ордэнам Дружбы народаў (1988), медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і інш. Яму быў выдзелены імянны аўтамабіль «Масквіч». Гэта заслужаныя ўзнагароды за яго працавітасць, шчырую любоў да роднай зямлі, творчы падыход да справы.

Андрэй Фёдаравіч Ксёнда памёр 15 красавіка 2016 г.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.
Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Ксёнда Андрэй Фёдаравіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка / уклад.: В. М. Туркевіч, Л. А. Павяльчук. Мінск, 2000. С. 477.
  2. Сельское хозяйство : [упоминается А. Ф. Ксёнда] // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др.]. Брест, 2017. С. 428–439.
  3. Земля отцов — земля святая : [прославил Мотольскую землю и Ивановский район лауреат Государственной премии Андрей Фёдорович Ксёнда] // О подвигах, о доблести, о славе... / [сост. М. П. Горупа ; рец.: К. М. Ваврук, Н. В. Жук]. Иваново, 2015. С. 122–133.
  4. Горупа, М. «Сердцу дорог каждый уголок» : [упоминается А. Ф. Ксёнда] / Мария Горупа // Янаўскі край. Іванава, 2018. 17 августа. С. 10.
  5. Горупа, М. Покой нам только снится! : [аб активном участнике развития гражданского общества — ветеране войны и труда, лауреате Государственной премии СССР А. Ф. Ксёнде] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 11 сакавіка. С. 5.
  6. Наша земля — наша биография : материалы торжественного собрания, посвящённого 60-летию образования Ивановского района / Ивановский районный исполком ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : [б. и.], 2000. – 52 с.
  7. Стасевіч, П. С. Вёска над Ясельдай : гістарычна-краязнаўчы нарыс / П. С. Стасевіч. – Мiнск : Полымя, 1991. – 99, [2] с. : іл. – Са зместу: А. Ф. Ксёнда. С. 77–78.
  8. Ксенда Андрей Федорович : [некролог] / Ю. Ю. Бисун [и др.] // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 22 красавіка. С. 15.
  9. Сергеева, Л. В гуще событий : [о ветеранской организации аг. Мотоль; упоминается А. Ф. Ксёнда] / Людмила Сергеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 24 снежня. С. 6.
  10. Олесик, Э. 9 мая Мотоль тоже ликовал : [из девяти живущих в Мотоле участников войны на празднике смогли присутствовать только четверо, один из них — Андрей Фёдорович Ксёнда] / Эдуард Олесик // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 15 мая. С. 5.
  11. Горупа, М. Человек заслуженный, человек труда! : [к 85-летию А. Ф. Ксёнды] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 2 студзеня. С. 2.
  12. Котковец, А. Славен трудом, честью, умом : [упоминается А. Ф. Ксёнда] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 2 мая. С. 1.
  13. Горупа, М. Мотольские дороги Андрея Ксёнды / Мария Горупа // Советская Белоруссия. 2014. 4 января.
  14. Горупа, М. Шесть пятилеток Андрея Ксёнды / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2009. 11 снежня. С. 3.
  15. Жушма, В. Слава і гонар Палескага Моталя : [заслужаны работнік сельскай гаспадаркі А. Ф. Ксёнда] / В. Жушма // Беларуская ніва. 2002. 6 лістапада. С. 2.
  16. Бабрыковіч, У. Моталь — вёска ардэнаносцаў : [згадваецца А. Ф. Ксёнда] / У. Бабрыковіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1999. 13 кастрычніка.
  17. Каліноўскі, В. На плечи машин : [упоминается А. Ф. Ксёнда] / В. Каліноўскі // Чырвоная звязда. Іванава, 1987. 25 жніўня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 54 разоў