Серада, 22 Май 2019 10:08

8 ліпеня 2019 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Галіны Мікалаеўны Рабавай (1969), мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелены)

Галіна Мікалаеўна Рабава нарадзілася 8 ліпеня 1969 г. у г. Брэсце. У 1987 г. скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя І. Ахрэмчыка. У 1990–1995 гг. вучылася ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

Працуе мастачка ў галіне мастацкага ткацтва, вырабляе габелены. З 1996 г. — актыўная ўдзельніца розных мастацкіх выстаў і пленэраў. Працавала ў Брэсцкім абласным грамадска-культурным цэнтры метадыстам па народным касцюме. У 1999–2018 гг. — мастаком-дэкаратарам Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.

Сярод найбольш цікавых работ Галіны Рабавай — габелены: «З Брэста ў Познань», «Стары горад», «Гарадскі матыў», «На акне», «Падтыннік», «Пасудзіна», «Пейзаж з царквой», «Берасцейскі матыў» і інш.

З 2005 г. з’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў. У 2015 г. разам з брэсцкай габеленшчыцай Антанінай Гуршчанковай прыняла ўдзел у рэспубліканскай выставе мастацкага тэкстылю (Віцебск, Мінск).

Творы Г. М. Рабавай знаходзяцца ў Брэсцкім мастацкім музеі (філіял абласнога краязнаўчага музея), у прыватных інтэр’ерах Беларусі і Польшчы.

Яе муж, Павел Анатольевіч Рабаў, мастак-кераміст, у 1995 г. скончыў мастацка-прамысловы факультэт Беларускай акадэміі мастацтваў, з 2005 г. — член БСМ. Абедзве іх дачкі абралі прафесію мастака, закончылі Мінскую гімназію-каледж мастацтваў імя І. Ахрэмчыка. У верасні 2017 г. у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» г. Пружаны Брэсцкай вобласці дэманстравалася выстава творчых работ сям’і Рабавых. У 2018 г. Павел і Галіна зрабілі сумесную працу з керамікі і тэкстылю «Су-Вязь», якая была паказана на абласной выставе «Берасцейская палітра».

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна
Юркевіч Жана Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

  1. Рабава Галіна Мікалаеўна : [«Берасцейскі матыў»] // Мастакі Брэстчыны : альбом / склад. П. А. Рабаў. Брэст, 2019. С. 60–61.
  2. Галина Рябова : [«Старый город»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 190–191.
  3. Рабаў Павел Анатольевіч : [«Гарызонты»] // Мастакі Брэстчыны : альбом / склад. П. А. Рабаў. Брэст, 2019. С. 62–63.
  4. Соколовская, Е. Краски «Берестейской палитры» : [о выставке Брестской областной организации БСХ «Берестейская палитра» в выставочном зале Брестского ООКЦ; упомянуты Павел и Галина Рябовы] / Елена Соколовская ; фото автора // Заря. 2018. 20 октября. С. 24.
  5. Зялевіч, А. Сямейны агеньчык мастацтва : [аб выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Паўла і Галіны Рабавых у музеі-сядзібе «Пружанскі палацык»] / Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 30 верасня. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1034 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Люты 2021 10:59