Аўторак, 28 Май 2019 11:11

2019 г. — 50 гадоў з часу стварэння агітацыйна-мастацкай брыгады «Грамадзянін» Брэсцкага вытворчага дывановага аб’яднання (1969)

Брэсцкі дывановы камбінат у 1960-я гг. быў маладым прадпрыемствам, якое паспяхова працавала і развівалася. За 1968 г. было выраблена 1148 тыс. кв. м дывановых вырабаў. Калектыў складаў каля 1300 чалавек. Для работнікаў камбіната быў адкрыты клуб, які знаходзіўся ў веданні прафсаюзнага камітэта. Тады на прадпрыемствах ствараліся самадзейныя мастацкія калектывы рознага напрамку: ансамблі песні і танца, харавыя і тэатральныя калектывы, мастацкія агітбрыгады. У 1969 г. на дывановым камбінаце была створана агітацыйна-мастацкая брыгада «Чаўнок». Першым яе кіраўніком быў П. Міховіч.

Агітбрыгада — невялікі самадзейны калектыў, які сцэнічнымі сродкамі ажыццяўляе выхаваўчую, агітацыйную і прапагандысцкую работу. Сцэнарыі праграм складаюць звычайна самі ўдзельнікі на надзённым мясцовым матэрыяле, дзе ўслаўляюць працоўныя поспехі калектываў, крытыкуюць недахопы. У сярэдзіне 1960-х у Брэсце працавалі дзве агітбрыгады, абедзве створаныя на чыгунцы, за 1966 г. яны далі 75 канцэртаў.

У 1977–1978 гг. мастацкім кіраўніком агітбрыгады «Чаўнок» з’яўляўся В. Я. Смарыга. З 1978 г. кіраваць агітбрыгадай стаў Уладзімір Паўлавіч Сусько, выпускнік Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, які адначасова кіраваў народным тэатрам Брэсцкага клуба чыгуначнікаў. Неўзабаве была зменена назва агітбрыгады на гучнае «Грамадзянін», што адпавядала грамадзянскай накіраванасці яе публіцыстычных праграм. Агітбрыгада «Грамадзянін» стала дыпламантам рэспубліканскага агляду агітбрыгад і агіттэатраў, прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна (1980).

У маі 1980 г. «Грамадзяніну» было прысвоена ганаровае званне «народная агітбрыгада».
Выступленні агітбрыгады «Грамадзянін» вылучаліся высокім узроўнем выканальніцкага майстэрства, ідэйнай накіраванасцю. Калектыў уключаў у праграмы выступленняў тэматычныя выставы, палітычныя памфлеты, уводзіў у інтэрмедыі элементы драмы. У рэпертуары агітбрыгады былі героіка-патрыятычныя праграмы «Истории нашей строки», «Прислушайтесь: время», «Мы и время», публіцыстычны агляд «Ломоть хлеба», сатырычная інтэрмедыя «Ре-ви-зор!» і інш.

Выступала агітбрыгада не толькі перад родным калектывам дывановага камбіната, але і на іншых прадпрыемствах горада, у Палацы культуры прафсаюзаў, які быў адкрыты ў 1981 г., прымала ўдзел у аглядах мастацкай самадзейнай творчасці. Адбывалася шмат выязных выступленняў у гарадах і вёсках Брэсцкай вобласці. У снежні 1988 г. па пуцёўцы абкама ЛКСМБ агітбрыгада здзейсніла гастролі па Столінскім раёне, паказвала праграму «Демократия и время».

У 1981 г. стала дыпламантам I ступені абласнога агляду агітбрыгад прафсаюзаў, прысвечанага ХХVI з’езду КПСС. У 1985 г. атрымала дыплом Усесаюзнага агляду, прысвечанага 40-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 1979 г. у Брэсцкай вобласці меліся больш за 400 мастацкіх агітбрыгад, што сведчыць аб вялікай папулярнасці такой формы мастацкай самадзейнасці. У 1986 г. у Брэсце дзейнічалі 14 агітбрыгад, з іх званне «народнай» мела толькі адна. Народная агітбрыгада «Грамадзянін» дывановага вытворчага аб’яднання мела стабільны склад удзельнікаў, паўнацэнны ў ідэйных і мастацкіх адносінах рэпертуар.

Асноўная група агітбрыгады — 10 чалавек сапраўдных аматараў сцэнічнай публіцыстыкі, мастацкага слова і акцёрскай выразнасці. У складзе самадзейнага калектыву былі прадстаўнікі розных прафесій: Іван Балко, Вольга Карпашэвіч, Раіса Грэнь, Алена Громава, Алена Мігно, Валянціна Муравейка, Альбіна Бабкова, Надзея Сухава, Анатоль Сямёнаў і інш. Музыкантам-акампаніятарам калектыву быў Мікалай Касянюк. Вялася сістэматычная навучальна-выхаваўчая работа над павышэннем узроўню тэматычных паказаў і праграм. Пры асноўнай групе існавала падрыхтоўчая, дзе моладзь вывучала асновы сцэнічнага руху, акцёрскага майстэрства.

У сярэдзіне 1980-х Брэсцкае дывановае аб’яднанне стала буйнейшым вытворцам двухпалотных жакардавых дываноў у Еўропе. Тут працавалі каля 3300 чалавек. Прафсаюзны камітэт надаваў вялікую ўвагу развіццю мастацкай самадзейнасці. Да свайго 15-годдзя агітбрыгада падрыхтавала публіцыстычную праграму «Наша биография» (1984), а да 20-годдзя — сатырычную праграму «Демагогия и время» (1989). Перабудова, дэмакратызацыя, галоснасць, прапаганда цвярозасці, выкрыванне застою і пошук будаўнікоў новага жыцця — актуальныя тэмы для выступленняў агітбрыгад канца 1980-х.

У. П. Сусько ў сувязі з назначэннем на адказную пасаду ў гарвыканкаме ў 1989 г. пакінуў агітбрыгаду, новага мастацкага кіраўніка не знайшлося, калектыў распаўся. Архіў агітбрыгады (сцэнарыі, спісы ўдзельнікаў, дыпломы і граматы, фатаграфіі) збіраўся пры прафкаме, цяпер яго месцазнаходжанне невядома.

У пачатку 1990-х дзейнасць агітбрыгад спынілася. Пераход да рынку, цяжкае эканамічнае становішча прывялі да скарачэння самадзейных калектываў, а палітычна-ідэалагічныя перамены ў грамадстве прывялі да спынення дзейнасці агітацыйных брыгад, якія з’яўляліся не столькі канцэртнымі калектывамі, колькі байцамі ідэалагічнага фронту.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. «Грамадзянін» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 190–191.
  2. Брэсцкая народная агітбрыгада «Грамадзянін» / М. М. Казловіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 487.
  3. Агитационно-художественные бригады // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 71.
  4. Народные самодеятельные коллективы // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 279–280.
  5. Арцёменка, В. С. Адкрытае акцыянернае таварыства «Дываны Брэста» / В. С. Арцёменка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 486–487.
  6. Агітбрыгада / Т. М. Курыла // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 29.
  7. Никольский, Н. Так держать, «Гражданин»! : [о деятельности народной агитбригады Брестского коврово-суконного объединения] / Н. Никольский // Заря. 1984. 21 декабря.
  8. Гришкевич, В. ...И волновать сердца : [об областном смотре агитбригад профсоюзов, посвящённом ХХVI съезду КПСС; упоминается агитбригада «Гражданин» — дипломант I степени за программу «Мы и время»] / В. Гришкевич // Заря. 1981. 16 июля.
  9. Козлович, Н. Здравствуй, «Гражданин»! : [о деятельности народной агитбригады] / Н. Козлович // Знамя юности. 1980. 11 июля.
  10. Николаев, Н. Так держать, «Гражданин»! : [о деятельности агитбригады «Гражданин» и присвоении ей почётного звания «народная агитбригада»] / Н. Николаев // Заря. 1980. 31 мая.
  11. Козлович, Н. Шире шаг, «Гражданин»! : [о премьере программы «Демагогия и время» агитбригады «Гражданин», подготовленной к 20-летию коллектива] / Н. Козлович // Заря. 1989. 18 февраля.
  12. Вячорка, Ю. Гастролі агітбрыгады : [пра выступленне брэсцкай агітбрыгады «Грамадзянін» з сатырычнай праграмай «Дэмакратыя і час» у Столінскім раёне] / Ю. Вячорка // Навіны Палесся. Столін, 1988. 22 снежня.
  13. Никольский, Н. Так держать, «Гражданин»! : [о новой программе «Наша биография» агитбригады «Гражданин», подготовленной к 15-летию коллектива] / Н. Никольский // Заря. 1984. 21 декабря.
  14. Козлович, Н. Имя гордое — агитбригада : [о деятельности агитбригад области, в т. ч. об агитбригаде «Челнок» Брестского коврово-суконного объединения (худож. рук. В. Я. Смарыго)] / Н. Козлович // Заря. 1978. 6 июля.
Чытаць 40 разоў Апошняя змена Панядзелак, 10 Чэрвень 2019 10:23