Аўторак, 28 Май 2019 11:24

2019 г. — 75 гадоў з пачатку выдання давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» (Столінскі р-н; 1944)

Давыд-Гарадоцкі раён Пінскай вобласці (цяпер у складзе Столінскага раёна Брэсцкай вобласці), які быў створаны ў студзені 1940 г., па шэрагу прычын да Вялікай Айчыннай вайны сваю газету не паспеў пачаць выдаваць. Пасля вызвалення Давыд-Гарадоцкага раёна ў ліпені 1944 г. была адноўлена дзейнасць органаў савецкай улады, партыйных арганізацый. У верасні было прынята рашэнне аб стварэнні рэдакцыі газеты «Чырвоны сцяг» — органа раённага камітэта КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных.

Галоўным рэдактарам быў назначаны Антон Антонавіч Плаўчанка (1913–1979), настаўнік па адукацыі, былы партызан. У партызанскай брыгадзе «Савецкая Беларусь», якая дзейнічала на тэрыторыі Давыд-Гарадоччыны і Століншчыны, А. А. Плаўчанка выпускаў лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро. У брыгадзе таксама быў наладжаны выпуск падпольнай газеты, якая мела назву «Чырвоны сцяг».

Першаму рэдактару раёнкі давялося вырашаць шматлікія праблемы: фарміраванне калектыву рэдакцыі, пошук памяшкання рэдакцыi (знаходзілася на вул. Варашылава, 30), друкарні (было выкарыстана абсталяванне партызанскай друкарнi), набыццё паперы і інш. Першы нумар газеты «Чырвоны сцяг» выйшаў у свет у кастрычніку 1944 г., што стала важнай падзеяй у грамадска-палітычным жыцці раёна. Выдавалася газета на беларускай мове. У 1940-я гг. газета ўяўляла сабой звычайную лістоўку фармата А4 з дзвюх палос (старонак).

Асноўную тэматыку першых нумароў газеты вызначалі абставіны ваеннага часу. Перад раёнам ставіліся задачы дапамогі фронту. Тэма абавязковых лесанарыхтовак была актуальнай і стаяла на асобым кантролі. Газета паведамляла, што асобныя сяляне праяўлялі ініцыятыву і дадаткова здавалі збожжа ў фонд Чырвонай арміі. Расказвала аб рабоце, якая была праведзена аддзелам дзяржзабеспячэння райвыканкама па аказанні дапамогі сем’ям вайскоўцаў і партызан.

Вядучае месца ў газеце займалі матэрыялы ТАСС пра грамадска-палітычнае жыццё ў СССР, але для насельнікаў раёна найцікавей былі звесткі аб мясцовым жыцці. У газеце шмат увагі адводзілася аднаўленню сельскай гаспадаркі, ходу калектывізацыі, рабоце калгасаў. У Давыд-Гарадку аднаўлялася буйнейшае прамысловае прадпрыемства раёна — суднаверф. Прыступілі да працы майстэрні, швейная і рыбалавецкая арцелі, лесапільны завод. Вялося хуткае нарошчванне вытворчых магутнасцей харчовай прамысловасці. Значна вырас аб’ём тавараабароту ў сістэме райспажыўсаюза. Пакрысе развівалася сістэма бытавога абслугоўвання насельніцтва. Ажыццяўлялася дарожнае будаўніцтва, будаўніцтва хат па вёсках, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Газета паведамляла аб развіцці аховы здароўя, устаноў адукацыі, рабоце хат-чытальняў, гуртках мастацкай самадзейнасці. Газета ўдзельнічала ў палітыцы ваяўнічага атэізму, у антырэлігійнай барацьбе. Змяшчаліся сатырычныя матэрыялы па барацьбе з п’янствам, хуліганствам, халатнымі адносінамі да працы, бюракратычнай валакітай, хабарніцтвам, спекуляцыяй.

У снежні 1953 г. А. А. Плаўчанку выбралі старшынёй Давыд-Гарадоцкага райвыканкама. Пасля яго рэдактарамі газеты былі А. Ісачанка, В. Флёрка, Васіль Дужын, Аляксандр Агейчык. З 1952 г. адказным сакратаром, намеснікам рэдактара працаваў Анатоль Харламаў. 1 студзеня 1957 г. (з № 131) газета была перайменавана ў «Сцяг Леніна», яе нумарацыя працягвалася. Выходзіла на чатырох палосах 2–3 разы на тыдзень тыражом 2000 экз., у канцы 1960 г. — 3000 экз., што сведчыць аб папулярнасці выдання сярод насельніцтва раёна. Вакол рэдакцыі было створана кола няштатных селькораў, якія пастаянна дасылалі звесткі аб паўсядзённым жыцці вяскоўцаў, пра будзённыя справы, святы, падзеі ў сельсаветах, калгасах, школах.

З давыд-гарадоцкай газетай былі звязаны жыццёвыя шляхі ўраджэнкі в. Харомск Паўлы Пятроўны Украінец, якая стала сацыёлагам, доктарам гістарычных навук, прафесарам, а таксама пісьменніка Паўла Андрэевіча Місько (1931–2011) і паэта Анатоля Ільіча Вярцінскага. Усе яны ў 1950-я гг. працавалі ў рэдакцыі. П. П. Украінец у 1953 г. скончыла Пінскае педагагічнае вучылішча, працавала ў пінскай абласной газеце «Полесская правда», пасля скасавання Пінскай вобласці (1954) прыехала ў Давыд-Гарадок, у наступным годзе пераехала ў Столін і працавала там таксама ў раёнцы. П. А. Місько прыехаў пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ, у 1955–1959 гг. працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара. Ён жа і запрасіў у Давыд-Гарадок свайго сябра па студэнцкай суполцы Анатоля Вярцінскага, які ў 1956 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ.

У сувязі з ліквідацыяй Давыд-Гарадоцкага раёна з 19 студзеня 1961 г., які быў далучаны да Столінскага, закончылася існаванне і раённай газеты — апошні № 6 (агульны № 1944) ад 18 студзеня. На Давыд-Гарадоччыну распаўсюдзілася дзейнасць столінскай раёнкі «Ленінскі шлях» (з 1963 г. — «Навiны Палесся»). Адзін з супрацоўнікаў «Сцяга Леніна» Міхаіл Васільевіч Галавач працаваў у Столінскім райкаме ЛКСМБ, а праз нейкі час стаў адказным сакратаром «Ленінскага шляху».

Газеты «Чырвоны сцяг» і «Сцяг Леніна» знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у архівах. Некалькі падшывак «Сцяга Леніна» захоўваюцца ў фондах Столінскага раённага краязнаўчага музея. Штатныя расклады рэдакцыі, фінансавыя планы, балансы, асабовыя рахункі, ведамасці за 1944–1961 гг. захоўваюцца ў Занальным дзяржаўным архіве г. Пінска Брэсцкай вобласці.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. І друкаванае слова было зброяй : з успамінаў Антона Антонавіча Плаўчанкі, былога партызана, першага рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка / уклад. Ю. С. Юркевіч. Мінск, 2003. С. 256–257.
  2. Па старонках давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» : [вытрымкі з газет 1945–1948 гг.] / падрыхтаваў Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 438–441.
  3. Украінец Паўла Пятроўна // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 510.
  4. Місько Павел / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 317–321.
  5. Вярцінскі Анатоль / М. А. Губернатараў // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 72–80.
  6. Украинец, П. П. Люблю и помню : воспоминания : посвящается моим родным / Павла Петровна Украинец. – Минск : Колорград, 2017. – 348 с. – Из содерж.: Работа в Давид-Городке и Столине. С. 177–181.
  7. Харламаў, А. Памятаюць пра яго людзі : [пра А. А. Плаўчанку] / Анатоль Харламаў // Навіны Палесся. Столін, 2000. 5 студзеня. С. 3.
  8. Харламаў, А. Калі «раёнка» была і ў Давыд-Гарадку... : [успаміны аб рабоце ў рэдакцыі давыд-гарадоцкай газеты] / Анатоль Харламаў // Навіны Палесся. Столін, 1999. 3 лістапада. С. 2.
  9. Плаўчанка, А. А. Ад юнкора — да рэдактара / А. А. Плаўчанка ; iнтэрв’ю вяла В. Мiрановiч // Навiны Палесся. Столін, 1973. 13 снежня.
  10. Плаўчанка, А. I слова паражала : [успаміны пра ўдзел у партызанскай вайне, выданне партызанскай газеты] / А. Плаўчанка // Навiны Палесся. Столін, 1964. 18 чэрвеня.
Чытаць 82 разоў Апошняя змена Чацвер, 30 Май 2019 10:27