Панядзелак, 17 Чэрвень 2019 14:21

21 мая 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Мартыненкі (1939), дзеяча культуры, музыканта, дырыжора

Аляксандр Аляксандравіч Мартыненка нарадзіўся 21 мая 1939 г. у Мінску. З дзяцінства захапляўся музыкай, у музычнай школе не вучыўся, але актыўна займаўся ў мастацкай самадзейнасці. У 10-м класе быў адным з арганізатараў вучнёўскага аркестра і абраны яго кіраўніком. Пасля школы паступаў у лётнае вучылішча, але няўдала, пайшоў працаваць. Праз год паступіў у Мінскае музычнае вучылішча.

У час службы ў Савецкай арміі, а служыць давялося пад Мінскам, з музыкай не раставаўся — з’яўляўся мастацкім кіраўніком ансамбля песні і танца. Пасля дэмабілізацыі вучыўся ў Беларускай кансерваторыі. Сярод яго педагогаў былі Георгій Іванавіч Жыхараў і Віталій Вітальевіч Катаеў, вядомыя ў Беларусі мастацкія кіраўнікі і дырыжоры аркестраў.

З 1969 г. Аляксандр Мартыненка жыве ў Брэсце, куды прыехаў па размеркаванні працаваць у музычным вучылішчы. Маладому выкладчыку адразу даручылі кіраваць сімфанічным аркестрам вучылішча (кіраваў да 1971 г.), а ў 1970 г. назначылі яшчэ і кіраўніком аркестра народных інструментаў, з якім займаўся шаснаццаць гадоў. Аркестры, якія складаліся з педагогаў і навучэнцаў, выступалі з канцэртамі не толькі ў горадзе, а і райцэнтрах, сельскіх Дамах культуры, прымалі актыўны ўдзел у святочных і ўрачыстых мерапрыемствах.

Праз некалькі гадоў ад пачатку працы ў вучылішчы Аляксандр Мартыненка быў назначаны намеснікам дырэктара вучылішча, а ў 1974 г. — дырэктарам. Дванаццаць гадоў узначальваў гэту навучальную ўстанову.

Музычнае вучылішча з 1945 г. месцілася ў невялікім двухпавярховым будынку на вул. Леніна, 56. У 1972 г. на вул. Гогаля, 7 быў узведзены новы будынак вучылішча, дзе былі канцэртная зала на 500 месцаў, спецыялізаваныя кабінеты і класы. У 1970-я гг. тут навучаліся 330–350 юнакоў і дзяўчат, працавалі больш за 100 выкладчыкаў. У 1983 г. за актыўны ўдзел у культурна-шэфскай рабоце на сяле калектыў вучылішча быў узнагароджаны дыпломам Міністэрства культуры СССР.

6 жніўня 1986 г. на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі па Брэсцкай вобласці была створана абласная філармонія. Першым дырэктарам філармоніі быў назначаны А. А. Мартыненка, адначасова ён з’яўляўся мастацкім кіраўніком установы. Першай значнай работай створанай філармоніі было правядзенне ХІІ Рэспубліканскага фестывалю «Беларуская музычная восень» (20–30 лістапада 1986 г.).

У першыя пяць гадоў дзяржава не фінансіравала ўстанову, але самім удалося зарабляць грошы. Пры філармоніі былі створаны вакальна-інструментальны ансамбль «Лексiс», прыцягнулі ансамбль цыган, запрасілі цыркавую групу з Масквы і разам аб’ездзілі ўсю Беларусь, Украіну і Малдавію.

Як толькі дзяржава выдзеліла субсідзію на творчую дзейнасць абласной філармоніі, А. А. Мартыненкам быў створаны камерны аркестр, які і цяпер з’яўляецца візітнай карткай установы. Першая рэпетыцыя адбылася 2 студзеня 1991 г. Праз восем гадоў у студзені 1999 г. прайшоў 500-ы канцэрт аркестра. У рэпертуары калектыву больш за 200 твораў розных стыляў: барока, класіка, рамантызм, джаз. Найчасцей гучаць творы Моцарта, Вівальдзі, Баха, Грыга, Чайкоўскага, Глебава і іншых класікаў.

Калектыў выступаў у канцэртных праграмах з вакалістамі абласной філармоніі (Барыс Пяцюк, Фёдар Богдан і інш.) і Белдзяржфілармоніі, а таксама з замежнымі спевакамі з Англіі, Германіі, Бельгіі, Галандыі, з піяністамі Ігарам Алоўнікавым, Юрыем Гільдзюком, скрыпачамі і інш. Аркестр удзельнічаў у розных міжнародных музычных фестывалях, пабываў на гастролях у Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі, Іспаніі і іншых краінах. 27 студзеня 2016 г. адбыўся канцэрт, прысвечаны 25-годдзю камернага аркестра филармоніі.

Сваіх канцэртных памяшканняў філармонія не мела, усе мерапрыемствы арганізоўвала на арэндных сцэнах. У 1991 г. фiлармонii перадалi будынак былога гарнiзоннага Дома афiцэраў (вул. Арджанiкiдзе, 14), які ўзведзены ў 1901 г. і мае статус гісторыка-архітэктурнай каштоўнасці. Спатрэбіліся гады, каб правесці яго рэканструкцыю. У пачатку 2000-х былі адрамантаваны кабінеты, у якія пераехала адміністрацыя, творчыя калектывы, нарэшце, атрымалi ўласнае памяшканне для рэпетыцый, а ўся рэканструкцыя была завершана ў 2013 г.

А. А. Мартыненка ў 2000 г. у сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту пакінуў пасаду дырэктара абласной філармоніі, увесь час стаў аддаваць рабоце з камерным аркестрам. У 2011 г. галоўным дырыжорам калектыву стаў Вячаслаў Юр’евіч Прылепін, выпускнік Магілёўскага музычнага вучылішча і Беларускай акадэміі музыкі (2006).

А. А. Мартыненка ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам Беларускага саюза музычных дзеячаў «За вклад в развитие музыкального искусства» (2009) і інш.

У 2018 г. Аляксандр Аляксандравіч і яго жонка, Валянціна Пятроўна, таксама музыкант, выпускніца Беларускай кансерваторыі, якая шмат гадоў працавала выкладчыкам Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы, адзначылі «залатое вяселле». 22 мая 2019 г. у зале філармоніі прайшоў творчы вечар А. А. Мартыненкі, прымеркаваны да 80-годдзя дырыжора камернага аркестра.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Брэсцкая абласная фiлармонiя // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3. С. 289.
  2. Брэсцкая абласная філармонія / Т. І. Мдывані // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 57.
  3. Брестская областная филармония / З. И. Шустикова // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 151–152.
  4. Жабинский, Р. А. Брестский музыкальный колледж: история и современность / Р. А. Жабинский. – Брест : Альтернатива, 2011. – 248 с. : ил.
  5. Синявская, Е. То, что согревает душу : [о руководителях камерного оркестра областной филармонии А. А. Мартыненко и В. Ю. Прилепине] / Елена Синявская ; фото Александра Воробья // Брестский вестник. 2016. 28 января (№ 4). С. 7.
  6. Павлова, Л. Домашние музы вдохновили все возрасты музыкантов : [о концерте камерного оркестра областной филармонии и юных музыкантов «Милым мамам посвящается...»] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2013. 14 марта (№ 11). С. 32.
  7. Маздрук, Л. Праздник души и музыки : [о концерте ансамбля «Крэсiва» и камерного оркестра областной филармонии] / Лариса Маздрук // Заря. 2011. 19 марта. С. 16.
  8. Гармель, Е. Много цветов и восторженных «браво» : [о 20-летии камерного оркестра областной филармонии под руководством А. Мартыненко] / Елена Гармель // Заря. 2011. 15 февраля. С. 8.
  9. Павлова, Л. Брестский камерный оркестр: 20 лет на сцене : [художестенный руководитель и главный дирижёр А. А. Мартыненко] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2011. 10 февраля (№ 6). С. 10.
  10. Мартыненко, А. А. «Мы репетировали в Ватикане» : [главный дирижёр камерного оркестра областной филармонии о своём творческом пути] / А. А. Мартыненко ; беседовал Сергей Магдысюк // Заря. 2009. 4 июня. С. 18.
  11. Павлова, Л. Служенье музыке длиною в жизнь : [о концерте к 70-летию главного дирижёра камерного оркестра областной филармонии А. А. Мартыненко] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2009. 28 мая (№ 22). С. 10.
  12. Кунцевич, О. Цветы для дирижера : [о концерте к 70-летию главного дирижёра камерного оркестра областной филармонии А. А. Мартыненко] / Ольга Кунцевич // Вечерний Брест. 2009. 27 мая.
  13. Магдысюк, С. Летняя гастроль оркестра : [о гастролях камерного оркестра областной филармонии в Италии] / Сергей Магдысюк // Заря. 2008. 29 мая. С. 3.
  14. Стасюк, Т. «Не покидай меня, любовь!» : [о концерте камерного оркестра областной филармонии и группы «Спасение» в театре драмы и музыки] / Татьяна Стасюк // Вечерний Брест. 2007. 9 марта. С. 7.
  15. Магдысюк, С. «Его музыка, как бриллиант...» : [о концерте камерного оркестра областной филармонии к 250-летию со дня рождения В. А. Моцарта] / Сергей Магдысюк // Заря. 2006. 11 февраля. С. 10.
  16. Кряквин, А. Моцарт по-прежнему первый : [о концерте камерного оркестра областной филармонии к 250-летию со дня рождения В. А. Моцарта] / Алексей Кряквин // Вечерний Брест. 2006. 8 февраля. С. 4.
  17. Кобяк, Э. Чарует душу камерный оркестр : [о камерном оркестре областной филармонии] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 4 ноября. С. 1.
  18. Копачева, Е. 500 вечеров : [о 500-м концерте камерного оркестра областной филармонии] / Елена Копачева // Брестский курьер. 1999. 4 февраля. С. 3.
  19. Лагвiновiч, А. Юбiлейны пяцiсоты : [пра 500-ы канцэрт камернага аркестра абласной філармоніі] / А. Лагвiновiч // Народная трыбуна. 1999. 30 студзеня.
  20. Копыркин, Ю. Музыкальный юбилей камерного оркестра : [о концерте к 5-летию камерного оркестра областной филармонии] / К. Копыркин // Брестский курьер. 1996. 16 мая. С. 11.
  21. Мартыненко, А. «Оркестр возник не на голом месте...» / Александр Мартыненко ; интервью вела Ада Архипова // Заря. 1996. 11 мая.
  22. Морых, І. Восень — пара музыкі : [пра канцэрт камернага аркестра абласной філармоніі] / І. Морых // Народная тырбуна. 1994. 29 кастрычніка.
  23. Шеламова, Т. «Семь слов» на языке камерной музыки : [о концерте камерного оркестра областной филармонии «Семь слов Спасителя на кресте» в костёле Воздвижения Святого Креста] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 1994. 23 июня.
  24. Архипова, А. Голос с Голгофы : [о программе камерного оркестра областной филармонии «Семь слов Спасителя на кресте» на музыку И. Гайдна] / Ада Архипова // Заря. 1994. 9 апреля.
  25. Мартыненка, А. А. Колькасць канцэртаў вызначае камп’ютар : [гутарка з дырэктарам Брэсцкай абласной філармоніі] / Аляксандр Аляксандравіч Мартыненка ; гутарыла Зінаіда Дудзюк // Народная трыбуна. 1993. 3 красавіка.
  26. Мартыненко, А. «Талант — самая главная надежда» : [о деятельности и проблемах областной филармонии] / Александр Мартыненко ; интервью вела А. Чабанюк // Заря. 1991. 16 ноября.
Чытаць 1146 разоў Апошняя змена Субота, 16 Студзень 2021 12:40