Чацвер, 27 Чэрвень 2019 13:14

15 сакавіка 2019 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Ядвігі Антонаўны Чарняўскай (1914–2005), педагога, літаратурназнаўца, заслужанага работніка культуры БССР

Ядвіга Антонаўна Чарняўская нарадзілася 15 сакавіка 1914 г. у вёсцы Аляксандраўка Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Гомельскага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і рабочага. Скончыла школу-сямігодку, кароткія настаўніцкія курсы і ў шаснаццаць гадоў стала настаўніцай. У 1930–1932 гг. працавала ў пачатковай школе вёскі Пучын Брагінскага раёна. У 1933–1937 гг. вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце, пасля яго заканчэння выкладала рускую мову і літаратуру ў Мсціслаўскім педагагічным вучылішчы. У сакавіку 1940 г. пераведзена ў Брэсцкае педагагічнае вучылішча, якое рыхтавала настаўнікаў пачатковых класаў.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Ядвіга Чарняўская — падпольшчыца ўжо са жніўня 1941 г. Каб пазбегнуць адпраўкі ў Германію на прымусовыя працы, уладкавалася грузчыцай на складах, па заданні падполля на сабе выносіла медыкаменты, бінты. Летам 1942 г. яе адпраўлялі ў Германію, збегла з-пад варты, хавалася. З-за пагрозы арышту напачатку 1944 г. разам з сяброўкай Верай Георгіеўнай Івановай выбраліся з горада за Антопаль, перайшлі ў партызанскі атрад імя Я. Р. Макарэвіча брыгады імя Свярдлова Брэсцкага партызанскага злучэння. Камандзірам атрада быў Іван Міхайлавіч Калілец.

Да восені 1943 г. партызаны Брэсцкага злучэння стварылі тры сямейныя лагеры, у кожным з якіх было больш за 1500 чалавек, у т. л. шмат дзяцей школьнага ўзросту. Па рашэнні падпольнага абкама КП(б)Б у сямейных лагерах для дзяцей былі створаны «лясныя школы». З сакавіка 1944 г. Ядвіга Чарняўская разам з Верай Івановай настаўнічалі ў адной такой школе, якая называлася «Другая лясная школа», альбо «школа пад дубам», знаходзілася ў глыбіні Спораўскіх балот (цяпер Бярозаўскі раён). Тут навучаліся 93 вучні, з іх 61 першакласнік.

З верасня 1944 г. Я. А. Чарняўская працавала ў Брэсцкім педагагічным вучылішчы, якое аднавілася пасля акупацыі. У 1957 г. у сувязі з ліквідацыяй вучылішча пераведзена ў педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна. Была выкладчыкам, старшым выкладчыкам на кафедры рускай літаратуры. У 1961 г. абараніла дысертацыю «Драматургія Кузьмы Чорнага», атрымала ступень кандыдата філалагічных навук. У 1963–1969 гг. загадвала кафедрай тэорыі і гісторыі рускай літаратуры, замяніўшы таленавітага літаратуразнаўца Аляксея Барысавіча Рубцова (1923–1963), які заўчасна памёр.

У 1969–1994 гг. — дацэнт. Была спецыялістам у рускай літаратуры другой паловы ХІХ ст., сабрала багатую бібліятэку класікі гэтага перыяду. Аўтар і суаўтар шэрага дапаможнікаў для настаўнікаў і хрэстаматый па дзіцячай літаратуры. На працягу сямнаццаці гадоў загадвала навукова-метадычным саветам па прапагандзе літаратуры і мастацтва Брэсцкага таварыства «Веды». У 1985 г. склала даведку да 40-годдзя інстытута, бо добра ведала яго гісторыю.

Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені (1985), медалямі «За отвагу», «20 лет Победы в Великой Отечественной войне», «25 лет Победы в войне 1941–1945 гг.», «50 лет Вооружённых Сил СССР», «За трудовое отличие», «За доблестный труд в ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», знакам «Отличник народного просвещения Белорусской ССР» (1971), граматай Вярхоўнага Савета БССР (1972). У 1980 г. ёй прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работник культуры Беларускай ССР». У 2000 г. уручаны знак «Ветеран войны 1941–1945 годов».

Муж, Ігнацій Іванавіч Зянько (1891–1965), удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. накіраваны ў Брэст, працаваў выкладчыкам рускай мовы ў педінстытуце, тады яны і пазнаёміліся. Пятнаццаць гадоў загадваў кафедрай рускай і беларускай моў, а пасля іх раздзялення — кафедрай рускай мовы. У 1953 г. І. І. Зянько абараніў кандыдацкую дысертацыю. Распрацаваў і вёў складаныя курсы: стараславянскую мову, агульнае мовазнаўства, гісторыю рускай мовы, методыку выкладання рускай мовы. У снежні 1963 г. з-за цяжкой хваробы выйшаў на пенсію, памёр у лютым 1965 г., пахаваны на Трышынскіх могілках.

Я. А. Чарняўская памерла 14 снежня 2005 г. У 2007 г. яе калегі і вучні выдалі кнігу «Свет доброты», прысвечаную педагогу. У сакавіку 2014 г. у БрДУ імя А. С. Пушкіна прайшлі ХІІ «Горкаўскія чытанні», прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння Я. А. Чарняўскай. На доме, дзе яна жыла з 1 лютага 1965 г. (пр-т Машэрава, 57), 11 лістапада 2014 г. урачыста адкрыта мемарыяльная дошка. У Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі зроблена экспазіцыя «Лясная партызанская школа», дзе са школьнікамі праводзяцца музейна-педагагічныя заняткі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

Працы Я. А. Чарняўскай

  1. Уроки внеклассного чтения в V–VIII классах : пособие для учителя / [Я. А. Чернявская и др.]. – Минск : Народная асвета, 1989. – 142 с.
  2. Русская советская детская литература : [учеб. пособие для фак. педагогики и методики нач. обучения пед. ин-тов] / Я. А. Чернявская, И. И. Розанов ; под ред. В. В. Гниломедова. – 2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Вышэйшая школа, 1984. – 512 с.
  3. Преподавание русской литературы : книга для учителя / [Е. Я. Ленсу, Я. А. Чернявская и др.]. – Минск : Народная асвета, 1984. – 80 с.
  4. Детская литература : хрестоматия : [учеб. пособие для пед. ин-тов по спец. № 2101 «Русский язык и литература»] / сост. Я. А. Чернявская, Г. В. Регушевская. – Москва : Просвещение, 1980. – 464 с.
  5. Советская детская литература : учебное пособие для факультетов педагогики и методики начального обучения педагогических институтов / Я. А. Чернявская. – Минск : Вышэйшая школа, 1971. – 343 с.
  6. Драматургия Кузьмы Чорного : автореферат диссертации ... кандидата филологических наук / Я. А. Чернявская ; Институт литературы имени Янки Купалы. – Минск, 1960. – 19 с.

Аб жыцці і дзейнасці Я. А. Чарняўскай

  1. Свет доброты : книга о Ядвиге Антоновне Чернявской / УО «Брестский государственный университет им. А. С. Пушкина» ; [авт.-сост.: Ю. В. Потолков, Л. В. Асташенок, С. А. Королевич ; под общ. ред. В. А. Степановича]. – Брест : Альтернатива, 2007. – 166 c. : ил.
  2. ХII Горьковские чтения, посвященные 100-летию со дня рождения Я. А. Чернявской : сб. науч. трудов / [науч. ред. Т. В. Сенькевич]. – Брест : БрГУ, 2014. – 185 с. : ил.
  3. Заслужаныя работнікі культуры: Чарняўская Ядвіга Антонаўна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 627.
  4. Сенькевич, Т. В. Самоотверженное служение делу : педагогическая и научная деятельность Я. А. Чернявской / Т. В. Сенькевич // В мире литературы : сб. науч. трудов. Брест, 2009. Вып. 8. C. 103–108.
  5. Карпеш, Р. Школа под дубами : [воспоминания Елены Мулярчик, которая во время Великой Отечественной войны была пионервожатой в лесной партизанской школе, где учителями были Я. Чернявская и В. Иванова] / подготовила Розалия Карпеш // Маяк. Берёза, 2016. 22 июня. С. 5.
  6. Лопатникова, Я. По инициативе питомцев : мемориальная доска педагогу появилась в Бресте : [об открытии мемориальной доски заслуженному работнику культуры БССР, филологу, педагогу Я. А. Чернявской (1914–2005) на доме, где она жила (пр-т Машерова, 57)] / Яна Лопатникова // Брестская газета. 2014. 14 ноября (№ 46). С. 2.
  7. Саченко, В. Мемориальная доска в память о педагоге : [об открытии мемориальной доски Я. А. Чернявской] / Виктория Саченко // Брестская газета. 2014. 14 ноября (№ 46). С. 2.
  8. Свиридович, О. Памяти учителя : [об открытии мемориальной доски Я. А. Чернявской] / Ольга Свиридович // Заря. 2014. 13 ноября. С. 2.
  9. Яскевич, С. Падпісчыца «Звязды» з 1945 года адзначыла свой юбілей : [да 90-годдзя Я. А. Чарняўскай] / С. Яскевіч ; фота С. Краўчук // Звязда. 2004. 22 мая. С. 6.
  10. Мiшчанчук, М. Настаўніца «зялёнай школы» : падпольшчыцы, партызанцы, літаратуразнаўцу, педагогу Ядвізе Антонаўне Чарняўскай — 90 гадоў / М. Мiшчанчук, Ю. Паталкоў // Настаўнiцкая газета. 2004. 17 красавiка. С. 5.
  11. Потолков, Ю. Жизнеутверждение : [к 90-летию подпольщицы, педагога, литературоведа Я. А. Чернявской] / Юрий Потолков // Заря. 2004. 16 марта.
Чытаць 1261 разоў Апошняя змена Чацвер, 28 Студзень 2021 11:19