Серада, 17 Ліпень 2019 12:55

1 ліпеня 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Надзеі Мацвееўны Ганчарэнка (Еўдашэнка; 1929–2016), заслужанай артысткі БССР (1968)

Надзея Мацвееўна Ганчарэнка нарадзілася 1 ліпеня 1929 г. у г. Адэсе (Украінская ССР). Школьніцай любіла літаратуру, удзельнічала ў гуртку мастацкай самадзейнасці — са сцэны дэкламавала вершы. У 1950 г. скончыла Адэскае тэатральнае вучылішча. Працавала ў Адэскім тэатры юнага гледача.

У 1955–1988 гг. служыла ў Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ. Актрыса шырокага творчага дыяпазону, выконвала гераічныя і характарныя ролі. Спалучэнне жаноцкасці з унутранай цвёрдасцю характару, глыбокае пранікненне ва ўнутраны свет гераіні, мяккі пластычны малюнак характэрны для творчасці Надзеі Ганчарэнка.

Найбольш значныя ролі: Зорына, Марына («Брэсцкая крэпасць», «Людзі і камяні» К. Губарэвіча), Кір’янава («А зоры тут ціхія...» паводле Б. Васільева), Марозава («Вернасць» В. Бергольц), Андрэева («Трэцяя варта» Г. Капралава і С. Туманава), Крупская («Рэвалюцыйны эцюд» [«Сінія коні на чырвонай траве»] М. Шатрова), Наташа («Тры сястры» А. Чэхава), Мамаева, Яўгенія («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «На людным месцы» А. Астроўскага), Багаеўская («Варвары» М. Горкага), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф. Шылера), Марсела («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэга), Эліза («Пігмаліён» Б. Шоу), Наталля Фадзееўна («І змоўклі птушкі...» І. Шамякіна), Ганна Ісакаўна («Верачка» А. Макаёнка), Маці («Парог» А. Дударава), Інга («Чатыры крыжы на сонцы» А. Дзялендзіка) і інш.

У 1974 г. знялася ў мастацкім фільме «Мы — хлопцы жывучыя» («Беларусьфільм») у ролі маці Санькі, галоўнага героя.

Надзеі Мацвееўне за плённую акцёрскую дзейнасць было прысвоена званне «Заслужаная артыстка Беларускай ССР» (1968).

Муж, Сяргей Іванавіч Еўдашэнка (1929–2009), выпускнік Адэскага тэатральнага вучылішча (1950), з 1955 г. акцёр і рэжысёр Брэсцкага тэатра драмы, заслужаны артыст Беларускай ССР (1963). У ліпені 2009 г. Надзея Мацвееўна перадала дакументы, сцэнічныя касцюмы і асабістыя рэчы мужа ў музей «Брэст тэатральны» СШ № 12 імя К. Губарэвіча.

Н. М. Ганчарэнка (па мужу Еўдашэнка) памерла 22 верасня 2016 г., пахавана на Паўночных могілках г. Брэста (сектар 3/1).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Ганчарэнка (па мужу Яўдошэнка) Надзея Мацвееўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 36.
  2. Ганчарэнка (па мужу Еўдашэнка) Надзея Мацвееўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С.  506.
  3. Ганчарэнка (па мужу Еўдашэнка) Надзея Мацвееўна // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 248–249.
  4. Ганчарэнка (па мужу Еўдашэнка) Надзея Мацвееўна / Р. М. Бакіевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 35.
  5. Еўдашэнка Сяргей Іванавіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 403.
  6. Брестский театр драмы и музыки / сост. Олеся Гришина. Брест : [б. и.], 2004. 42 с. : ил.
  7. Бакіевіч, Р. М. Брэсцкi тэатр драмы i музыкi / Р. М. Бакіевіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2002. Т. 1. С. 169–179.
  8. Нікіценкава, Л. П. Брэсцкі абласны тэатр драмы і музыкі / Л. П. Нікіценкава, У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 2. С. 578–582.
  9. Перепелица, К. И. Галера святых и грешных... : воспоминания : [об актёрах Брестского театра драмы] / Константин Иванович Перепелица. – Брест : Изд-во С. Б. Лаврова, 2002. – 321 с. – Из содерж.: Гончаренко Н. С. 231–235.
  10. Волчецкий, Л. П. Годы, спектакли, роли… : очерк о творческой деятельности Брестского областного драматического театра им. Ленинского комсомола Беларуси / Леонид Павлович Волчецкий. – Минск : Мастацкая літаратура, 1974. – 159 с., [6 л.] ил. – Из содерж.: Н. Гончаренко. С. 52, 137, 147.
  11. Погодаева, В. В память об артисте : [об открытии экспозиции в память об актёре и режиссёре С. И. Евдошенко в музее «Брест театральный» СШ № 12 г. Бреста; материалы для экспозиции передала Н. М. Евдошенко] / Виктория Погодаева // Заря. 2009. 18 июля. С. 7.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1092 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 16:28