Серада, 17 Ліпень 2019 15:36

15 ліпеня 2019 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Веры Ільінічны Гаўрылюк (1904–1986), беларускага майстра пляцення мастацкіх вырабаў з саломкі

Вера Ільінічна Гаўрылюк (у дзвявоцтве Карпюк) нарадзілася 15 ліпеня 1904 г. у вёсцы Старасельцы Беластоцкага ваяводства (цяпер Польшча), непадалёк ад Белавежскай пушчы, у сялянскай сям’і. Калі Веры было дзевяць гадоў, памёр бацька, пакінуўшы дзевяць дзяцей. З дзяцінства асвоіла матчыны ўрокі народных промыслаў (прасці, ткаць, вышываць), дзякуючы якім абшывала і апранала ўсю сям’ю, рабіла ўтульным дом і лічылася майстрыхай на ўсё наваколле.

Доўгія гады Вера Гаўрылюк развівала свае здольнасці выключна ў коле сям’і, гадавала дзяцей. Муж, Павел Іванавіч Гаўрылюк, вучыўся ў Варшаве, меў прафесію меліяратара, цікавіўся народным тэатрам, збіраў фальклор. Напісаў гісторыю свайго роду для польскага конкурсу «Сялянскі дзённік», нават атрымаў прэмію, на якую купіў карову і касцюм.

У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты расстралялі Паўла Іванавіча, а пятнаццацігадовую дачку вывезлі на прымусовую працу ў Германію. Вера Ільінічна засталася галоўнай карміліцай сям’і. Пасля вайны пераехала на Херсоншчыну (Украіна), але неўзабаве вярнулася ў Беларусь, пасялілася ў Брэсце. Толькі ў 60 гадоў змагла прысвяціць сябе творчасці, цалкам захапілася саломкай.

Саломапляценне на Беларусі лічылася простым народным рамёствам, але ў другой палове ХХ ст. яго прызналі сапраўдным мастацтвам, а Беларусь назвалі жамчужынай саламянага свету. З 1964 г. В. І. Гаўрылюк працавала майстрам і мастаком па саломапляценні на Брэсцкай фабрыцы сувеніраў. Заснавала на фабрыцы промысел па вырабе мастацкіх рэчаў з саломы. Адной з першых прыцягнула ўвагу да ўнікальнага, напаўзабытага ўжо рамяства, увяла ва ўжытак саламяныя сувеніры. Паступіла ў Маскоўскі завочны ўніверсітэт мастацтваў імя Н. К. Крупскай, які скончыла ў 1966 г. на «выдатна».

Удзельнічала ў мастацкіх выставах з 1939 г. Стала вядомай як першы аўтар саламянай сувенірнай скульптуры. Працавала ў розных тэхніках, спалучала салому з каляровымі ніткамі, дрэвам, бяростай, чаротам. Валодала таксама тэхнікамі ўзорыстага ткацтва, вышывання і карункапляцення.

Стварыла шэраг эталонаў дробнай пластыкі і прадметаў утылітарна-дэкаратыўнага характару для масавага тыражавання. Вобразы брала з народнага фальклору, казак, сельскага жыцця. Сярод значных работ: кампазіцыі на тэмы з народнага побыту («Ураджай», 1970; «Беларускае вяселле», 1971; «Сенакос», 1972; «Валы на полі», 1975; «Хлеб-соль», 1976; «Жняя», 1979), дэкаратыўнае пано («Пава», 1976), куфэркі, сумкі, сурвэткі, фруктоўніцы і інш.

Была лёгкая на пад’ём, дэманстравала тэхніку саломапляцення ў Маскве, Ленінградзе, Вільнюсе, Калінінградзе, Алма-Аце і іншых гарадах. Прычым заўсёды апранала пашыты і аздоблены сваімі рукамі народны строй. Самабытную рукадзельніцу ўносілі ў праграмы ўрадавых прыёмаў. Прадстаўляючы свае работы, Вера Ільінічна магла і песню народную заспяваць, і ў скокі пускалася. Яе работы дарылі касманаўту Валянціне Церашковай, кампазітару Аскару Фельцману, паэту Расулу Гамзатаву і многім іншым. Вандроўнік і тэлежурналіст Юрый Сянкевіч зняў яе для перадачы «Клуб кинопутешествий» і праславіў на ўвесь Савецкі Саюз. На кінастудыі «Беларусьфільм» знялі пра майстрыху дакументальны фільм «Беларуская казка» (1972).

В. І. Гаўрылюк — лаўрэат I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975–1977). Узнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР, шматлікімі дыпломамі, каштоўнымі падарункамі. Творы экспанаваліся на ВДНГ СССР, на выставах у Канадзе, ГДР, Балгарыі, Югаславіі, іншых краінах Еўропы, нават у Афрыцы. Работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі старажытна-беларускай культуры НАН Беларусі, Расійскім этнаграфічным музеі (Санкт-Пецярбург), Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі і інш.

У Веры Ільінічны засталося шмат вучняў, якія працягваюць традыцыі саломапляцення. Майстэрства саломапляцення пераняла яе дачка, Таіса Паўлаўна Агафоненка. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (1957), займалася роспісам тканін на мастацка-галантарэйнай фабрыцы, але хутка вярнулася да саломы, заснавала на фабрыцы промысел саломапляцення. Найчасцей рабіла з саломы казачных коней з залатой грывай, зубраў. З 1986 г. член Беларускага саюза мастакоў.

Унучка Веры Ільінічны і дачка Таісы Паўлаўны, Тамара Паўлоўская, з дванаццаці гадоў пачала плясці з саломы, а ў чатырнаццаць яе вырабы дэманстраваліся на выставе народных талентаў СССР у Маскве. Пераехала ў Парыж, разам з мужам-мастаком стварыла галерэю жывапісу. Другая дачка Таісы Паўлаўны, Таццяна Галавачова, скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча (1978), дваццаць гадоў працавала майстрам-дэкаратарам на Беларускім тэлебачанні, вырабляла лялькі і дэкарацыі для тэлепраграмы «Калыханка», потым занялася саломапляценнем.

В. І. Гаўрылюк памерла 5 снежня 1986 г. У Брэсцкім мастацкім музеі дэманструецца яе партрэт, які напісаў Уладзімір Тулупаў. 22 кастрычніка 2004 г. у Брэсцкім грамадска-культурным цэнтры была адкрыта абласная выстава саломапляцення «Саламяны рэнесанс», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння майстра. 22 кастрычніка 2014 г. у выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ адкрылася выстава «Ад зямлі да сонца», прысвечаная 110-годдзю з дня нараджэння В. І. Гаўрылюк і майстра чорнаглянцавай керамікі Антона Рыгоравіча Такарэўскага (1904–1984).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч,
гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
 
  1. Гаўрылюк Вера Ільінічна / Я. М. Сахута // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 92.
  2. Гаўрылюк Вера Ільінічна / Я. М. Сахута // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2012. Т. 3. С. 5–6.
  3. Гаўрылюк Вера Ільінічна / Я. М. Сахута // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 61.
  4. Тулупов, В. Народный мастер В. И. Гаврилюк : [репрод.] / Владимир Тулупов // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 123.
  5. Брэсцкая фабрыка сувеніраў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 488.
  6. Агафоненка Таіса Паўлаўна / Я. М. Сахута // Культура Беларусі : энцыклапедыя:  [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 39–40.
  7. Агафоненка Таісія Паўлаўна // Беларускі саюз мастакоў, 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 12.
  8. Агафоненка Таіса Паўлаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 1. С. 73.
  9. Агафоненка Таіса Паўлаўна / Я. М. Сахута // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 26–27.
  10. Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны / Лявон Валасюк. – Брэст : Брэсцкая друкарня, 2014. – 283 с. : іл. – Са зместу: Залатое сонца Верынай саломкі. С. 230–231.
  11. Репина, Т. А. Художественные изделия из соломки : спецтехнология : учеб. пособие для уч-ся учрежд., обесп. получ. проф.-тех. образования / Т. А. Репина. Минск : Беларусь, 2006. – 287 с. : ил. – Из содерж.: В. Гаврилюк. С. 17–18, 25.
  12. Лобачевская, О. А. Возьми простую соломку / О. А. Лобачевская, Н. М. Кузнецова. – Минск : Полымя, 1988. – 142 с. : ил. – Из содерж.: «Белорусская соломка» : [упоминается В. И. Гаврилюк]. С. 17–25.
  13. Ігнацюк, К. Ад Зямлі да Сонца : да 110-годдзя Антона Такарэўскага і Веры Гаўрылюк / Кацярына Ігнацюк // Культурнае жыццё Брэстчыны : аматарства і традыцыі : галіновы інфармацыйны часопіс. 2014. № 4. С. 3738.
  14. Хоміч, І. Культурны маршрут : выстава, прысвечаная патрыярхам : [пра выставу да 110-годдзя з дня нараджэння майстра саломапляцення В. Гаўрылюк i майстра чорнаглянцавай керамікі А. Такарэўскага ў выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ]/ Іна Хоміч // Брестский курьер. 2014. 30 октября (№ 44). С. 21.
  15. Мошчык, С. «Ад зямлі да сонца» : унікальная выстава 110-гадовых юбіляраў адкрылася ў Брэсце : [пра выставу да 110-годдзя з дня нараджэння майстра саломапляцення В. Гаўрылюк i майстра чорнаглянцавай керамікі А. Такарэўскага ў выставачнай зале Брэсцкага ГКЦ] / Сяргей Мошчык // Вечерний Брест. 2014. 24 октября. С. 6.
  16. Зенина, Т. Соломенная шляпка : как из снопа сделать сказку : [о мастерах соломоплетения В. И. Гаврилюк и её дочери Т. П. Агафоненко] / Тамара Зенина ; фото Виталия Гиля // Советская Белоруссия. 2009. 27 сентября. С. 10.
  17. Русак, Н. Мроя-конь Таісы Агафоненка / Наталля Русак // Культура. 2008. 8–14 сакавіка (№ 10). С. 12.
  18. Бунеева, Л. Соломенная туфелька для Золушки : [об областной  выставке соломоплетения, посвящённой 100-летию со дня рождения В. И. Гаврилюк] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2004. 3 ноября. С. 11.
  19. Осмоловская, О. Соломенное чудо : подарок предков новому поколению : [об открытии областной выставки соломоплетения «Саламяны рэнесанс», посвящённой 100-летию со дня рождения В. И. Гаврилюк] / О. Осмоловская // Брестский курьер. 2004. 28 октября (№ 44). С. 10.
  20. Русак, Н. Саломка... «пела» і зачароўвала элегантнасцю : [пра выставу, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння В. І. Гаўрылюк, у Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці] / Н. Русак // Культура. 2004. 18–24 верасня. С. 16.
  21. Чэмер, М. «З глыбi вякоў...» : [пра выставу, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння В. І. Гаўрылюк, у Мінску] / М. Чэмер // Настаўніцкая газета. 2004. 16 верасня.
  22. Багданава, Г. Саломка выходзіць на подыум : [аб узрастанні ўвагі да беларускага саломапляцення; узгадваюцца майстрыхі В. Гаўрылюк, Т. Агафоненка, Т. Паўлоўская] / Галіна Багданава // Мастацтва. 2000. № 8. С. 48–49 : фат.
  23. Старых, М. Жар-птушка : [пра В. І. Гаўрылюк і Т. П. Агафоненка] / М. Старых // Народная газета. 1991. 29 сакавіка.
  24. Красічкава, А. Пачынальніца : яшчэ колькі слоў пра старэйшую беларускую саломапляцельшчыцу Веру Гаўрылюк / Алена Красічкава // Мастацтва Беларусі. 1991. № 3. С. 64–67 : фат.
  25. Лабачэўская, В. Няпросты лёс простай саломкі / Вольга Лабачэўская // Мастацтва Беларусі. 1988. № 8. С. 45–53 : фат.
  26. Казловіч, М. Чараўніца з Брэста : [В. І. Гаўрылюк] / М. Казловіч // Беларусь. 1985. № 8. С. 28–29 : фат.
  27. Лабачэўская, В. Спадчына : [да 80-годдзя В. І. Гаўрылюк] / В. Лабачэўская // ЛіМ. 1984. 10 жніўня. С. 12.
  28. Красічкава, А. Сакрэты залацістай саломкі : [пра В. І. Гаўрылюк] / Алена Красічкава // Работніца і сялянка. 1984. № 8. С. 22–23 : фат.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 78 разоў Апошняя змена Чацвер, 18 Ліпень 2019 16:13