Чацвер, 25 Ліпень 2019 13:56

19 ліпеня 2019 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іванавіча Шушко (1954–2018), беларускага паэта

Анатоль Іванавіч Шушко нарадзіўся 19 ліпеня 1954 г. у вёсцы Сташаны Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Першымі яго настаўнікамі былі маці Ганна Рыгораўна Сякерыч, настаўніца гісторыі і геаграфіі, і бацька Іван Канстанцінавіч Шушко. Уплыў маці вызначыў адносіны да беларускай культуры, мовы і літаратуры. У Сташанскай школе цікавасць да літаратуры прывіў выкладчык славеснасці Мікалай Сямёнавіч Купрэеў (1937–2004), які стаў вядомым пісьменнікам. Анатоль з дзяцінства сябраваў з Міколай Антаноўскім, які таксама захапляўся паэзіяй, стаў паэтам, журналістам.

У 1971 г. Анатоль Шушко паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Пасля заканчэння БДУ (1976) — настаўнік Ласіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна, Поразаўскай спецшколы-інтэрната Свіслацкага раёна. Працаваў рабочым і будаўніком на Міншчыне і Гомельшчыне, выхавальнікам Пінскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот, вартаўніком, карэспандэнтам раённых газет.

Першы апублікаваны верш Анатоля Шушко з’явіўся ў газеце «Піянер Беларусі» (1969). Яшчэ школьнікам друкаваўся ў часопісе «Бярозка», газеце «Чырвоная змена». Пачаткам сапраўднага паэтычнага мастацтва можна лічыць падборку вершаў у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» (1971), якая з’явілася дзякуючы Варлену Бечыку. Вершы пачынаючага паэта адразу заўважыла літаратурная Беларусь, творчая інтэлігенцыя прарочыла яму вялікую літаратурную будучыню.

У 1981 г. Анатоль Шушко пабываў на рэспубліканскім семінары маладых літаратараў у Доме творчасці (Каралішчы), дзе былі такія вядомыя цяпер асобы: Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Васіль Сахарчук, Алесь Наварыч, Уладзімір Ягоўдзік і інш.

Вершы Анатоля Шушко — светлыя, узнёслыя і шчырыя, натхнёныя роднымі мясцінамі, прыгажосцю беларускай прыроды, любоўю да мілагучнай мовы — друкаваліся ў часопісах «Полымя», «Беларусь», «Маладосць», «Нёман», «Беларуская думка», калектыўных паэтычных зборніках «Маладыя галасы» (1985), «Люблю будзённы дзень» (1976), «Галасы вёснаў» (1997), «На ладонях Припяти и Пины» (2004), альманахах «Дзень паэзіі» (1991, 2005), у расійскім часопісе «Москва» (у перакладзе В. Грышкаўца), а таксама ў цэнтральнай і мясцовай перыёдыцы.

У паэта была высокая патрабавальнасць да сябе, да кожнага радка, кожнага слова ў паэтычнай страфе. Мабыць таму толькі ў 1994 г. пабачыла свет яго першая кніга «Выток і прычасце», якая атрымала шырокі станоўчы рэзананс. Праз сямнаццаць гадоў выйшаў другі зборнік вершаў паэта «Шаны» (2012), за які ён атрымаў Дыплом II ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі». Кнігай «Шаны» Анатоль Шушко паставіў сябе ў адзін шэраг з лепшымі паэтамі Брэстчыны — Міколам Засімам, Міхасём Рудкоўскім, Міколам Купрэевым, Нінай Мацяш.

Анатоль Іванавіч ахвотна сустракаўся з чытачамі ў бібліятэках, з настаўнікамі і вучнямі ў школах, са студэнтамі, умеў па-мастацку чытаць свае творы. Штогод наведваў літаратурнае свята «Лунінская восень» на Лунінеччыне. Удзельнічаў у рабоце клуба літаратараў «Пінчукі», створанага ў 2016 г. пры раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з сакавіка 1997 г.; у 2006 г. выйшаў з СБП i ўступiў у Саюз пiсьменнiкаў Беларусi. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама (2014). Да 60-годдзя паэта ў Пінскай ЦРБ iмя Я. Янішчыц быў праведзены творчы вечар, на які прыйшлі родныя і сябры, а музычнае віншаванне падрыхтаваў народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Чабатухі» Сташанскага дома фальклору.

На працягу апошняга года жыцця Анатоль Шушко змагаўся з цяжкой хваробай, але не адышоў ад актыўнага грамадска-культурнага жыцця. Удзельнічаў у рэспубліканскім Дні беларускага пісьменства ў Іванаве, урачыстасці з нагоды надання звання «народны» літаратурна-краязнаўчаму музею Якуба Коласа ў Пінкавічах. 8 лістапада 2018 г. Анатоль Іванавіч Шушко заўчасна пайшоў з жыцця. Пакінуў пасля сябе багатую творчую спадчыну і добрыя ўспаміны. Рыхтаваў свой новы зборнік «Сэрцу соладка, ясна, трывожна», але выдадзены ён ужо пасмяротна ў маі 2019 г. У кнігу ўключылі вершы, прысвечаныя Анатолю Шушко, эсэ-ўспамін Таццяны Хвагінай. Да 65-годдзя з дня нараджэння паэта ў Пінскай ЦРБ iмя Я. Янішчыц прайшоў вечар памяці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г.
Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц.
Паўлюкавец Наталля Уладзіміраўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы А. Шушко

  1. Сэрцу салодка, ясна, трывожна : зборнік вершаў / Анатоль Шушко ; уступ. арт. М. Ляшук. – Мінск : Деловая печать, 2019. – 75 с. : іл.
  2. Шаны : зборнік вершаў / Анатоль Шушко ; прадмова В. Гардзея. – Мінск : Мінкапрынт, 2012. – 192 с.
  3. Выток i прычасце : вершы / Анатоль Шушко. – Мінск : Полымя, 1994. – 31 с. – (Бібліятэка часопіса «Маладосць» ; № 1).
  4. Материнский завет ; Попытка гекзаметра ; Валуны ; Стошанам ; На стежке в жите ; «…Мой долг неоплатный…» ; «…Зачем кричу подчас отчаянно…» : [стихи] / Анатоль Шушко // Белой Вежи свет : сб. поэзии Брестчины / сост. и пер. с бел. В. Гришковца. Мінск, 2010. С. 82–85.
  5. Адзінаму ; Еўтэрпе ; Пінскі снег ; Перад настаннем дня : [вершы] / Анатоль Шушко // Дзень паэзii – 2005. Мінск, 2005. С. 230–231.
  6. Вера ; Сто шан для Сташан ; Вернасць ; Мова ; «Сонейка вясенняе мае..» ; «Хвілінку, шчасце пачакай» ; Чмель ; Сябрам : [вершы] / Анатоль Шушко // На ладонях Припяти и Пины : литературный альманах Пинщины. Минск, 2004. С. 34–40.
  7. Слова долі ; Перамога : [вершы] / Анатоль Шушко // Пiншчына лiтаратурная : літ.-маст. зб. Пiнск, 1999. С. 68–70.
  8. Вячэрняму Пінску ; «Не хавай нашу папараць…» ; «Святое неўзабаве застанецца…» ; «Зноў ля помніка маці стаю» ; «Пакрыёма праўда праяўляецца» : [вершы] / Анатоль Шушко // ЛіМ. 2012. 17 жніўня (№ 33). С. 8.
  9. Маёй Беларусі ; Просьба да сонца ; «Час родзіць паэтаў у нас» ; Баладнае ; Вершапад ; След ; Ушушканы ўспамінам ; Кветка волі. Балада белых руж на іспанскі матыў : [вершы] / Анатоль Шушко // Полымя. 2011. № 11. С. 32–37.
  10. Камяні ; Пацеры да мовы ; Каханне : [вершы] / Анатоль Шушко // Маладосць. 2011. № 8. С. 46.
  11. Стошанам ; На стежке в жите ; Попытка гекзаметра ; Валуны : [стихи] / Анатоль Шушко ; пер. В. Гришковца // Нёман. 2011. № 6. С. 98–99.
  12. Спешу напиться звуками и словом… : [стихи] / Анатоль Шушко ; пер. с бел. А. Аврутина // Нёман. 2008. № 10. С. 100–101.
  13. «Знаёмая мара паехаць у Брэст» ; «Кашулю шылі навырост» : [вершы] / Анатоль Шушко // Маладосць. 2007. № 11. С. 58–60.
  14. Пінскі вальс : [песня] / словы Анатоля Шушко ; музыка Алеся Жуковіча // Пінскі веснік. 2007. 5 кастрычніка.
  15. Думка ; Каханне ; Сынам ; Ідылічны накцюрн ; Удзячнасць ; Надзейнасць : [вершы] / Анатоль Шушко // Маладосць. 2006. № 11. С. 70–71.
  16. Лаўровіч, М. Вершы / Мікалай Лаўровіч ; пер. з рускай мовы Анатоля Шушко // Маладосць. 2006. № 11. С. 52.
  17. Грышкавец, В. «У мяне дзве матулі» ; Ліст услед ; «…І ад каханкі на світанку на цягнік…» ; «Знайсці, прыняць і пакахаць» ; «У дарозе ці дома, калі я адзін…» ; «Уваб’ю калочак свой ахвотна…» : [вершы] / Валерый Грышкавец ; пер. з рускай мовы Анатоль Шушко // ЛіМ. 2005. 23 верасня. С. 11.
  18. В родимой белорусской стороне : [стихи] / Анатоль Шушко ; пер. с белор. В. Гришковца // Нёман. 2005. № 7. С. 79–80.
  19. Вясеннія паразуменні з Уладзімірам Караткевічам : трыпціх ; Сват ; На памяць ; З татам : [вершы] / Анатоль Шушко // ЛіМ. 2005. 24 чэрвеня (№ 25). С. 8.
  20. Весні матыў ; Вясна ; Майскаму ранку дома на ганку ; Дзякую ; Санет яднання : [вершы] / Анатоль Шушко // ЛіМ. 2004. 22 кастрычніка (№ 42). С. 8.
  21. Прыпамінальнае ; «Ніхто не ўмее плакаць, як паэт» ; У блакнот ; Хай жывуць студэнты!!! ; Жартоўна-гумарыстычнае, сумесна суцяшальнае! ; На купалле ; Дыфірамб ; На сцежцы ў жыце : [вершы] / Анатоль Шушко // Пінскі веснік. 2004. 16 ліпеня.
  22. Чацвёрты блок у сэрцы Стрыжака ; «Замаўляючы сабой бяседу…» ; «Распавёў ты сваё КОЛІСЬ сэрцам» ; «Ды пра што я, Божа напрамілы?!» ; Міколу Цялегу ; Мове ; Дыялог сучаснікаў : [вершы] / Анатоль Шушко // Маладосць. 2001. № 5. С. 27–31.
  23. Мова ; Замест «бывай!» ; Вецер ; «Як зазірну ў сховішча душы…» ; «Гудуць чмялі, спагадны бас ля хаты» ; «Кім стаць хацеў у працы, у жыцці?» ; «Добры дзень! Родны ранак душы» : [вершы] / Анатоль Шушко // Беларуская думка. 2000. № 10. С. 165–167.
  24. Тень вечности : [стихи] / Анатоль Шушко ; пер. В. Гришковца // Нёман. 2000. № 2. С. 155–156.
  25. З кнігі лірыкі «Словы долі» : [вершы] / Анатоль Шушко // Маладосць. 1998. № 5. С. 98–103.
  26. «Светятся леса — в лучах осин…» ; Метаморфоза : [стихи] / Анатоль Шушко ; пер. В. Гришковца // Москва. 1997. № 10. С. 6.

Аб жыцці і творчасці А. Шушко

  1. Анатоль Шушко // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 479–481.
  2. Сэрца паэта : [некралог А. I. Шушко] // Полесская правда. Пинск, 2018. 17 ноября. С. 11.
  3. «Сто шан табе, паэт!» : [некралог А. I. Шушко] // Пінскі веснік. 2018. 13 лістапада. С. 4.
  4. Бурдыка, В. З усмешкай па жыцці : [аб жыцці і творчасці паэта А. Шушко] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2015. 14 жніўня (№ 33). С. 11.
  5. Бельскі, А. «Мой ліпень, медазбор гадоў маіх...» : паэзія Анатоля Шушко / Алесь Бельскі // Роднае слова. 2015. № 7. С. 22–24.
  6. Ляшук, М. Ляціць ягоны верш да небакраю / Марыя Ляшук // ЛіМ. 2014. 12 снежня (№ 49). С. 12.
  7. Бурдыка, В. «Мне заўсёды хочацца дамоў...» : Анатолю Шушко — 60! / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2014. 25 ліпеня (№ 30). С. 12.
  8. Локун, В. Цэнтрам быційнай прасторы : [агляд твораў, у т. л. кнігі А. Шушко «Шаны»] / Валянціна Локун // Маладосць. 2013. № 10. С. 56–58.
  9. Яцук, А. Шаны Сташанам. І не толькі… : [пра книгу А. Шушко «Шаны»] / Алег Яцук // Полымя. 2013. № 3. С. 180–183.
  10. Гришковец, В. «Сто шан, паэт!» : [о книге стихов А. Шушко «Шаны»] / Валерий Гришковец // Полесская правда. Пинск, 2013. 9 января. С. 3 ; Заря. 2013. 24 января. С. 19.
  11. Гришковец, В. Мера жита — мера слова: жизнь! : [о книге А. Шушко «Шаны»] / Валерий Гришковец // Нёман. 2013. № 1. С. 208–211.
  12. Бензярук, Р. Ушушканы Сташанамі : [пра кнігу А. Шушко «Шаны»] / Расціслаў Бензярук // ЛіМ. 2012. 21 снежня. С. 10.
  13. Бензярук, Р. Сто шан вам, Сташаны! : доўга, вельмі доўга Анатоль Шушко, таленавіты паэт з Пінска, чакаў сваёй другой кнігі / Расціслаў Бензярук // Народная трыбуна. 2012. 14 снежня.
  14. Гарадніцкі, Я. Паэзія – 2011: зямное і ўзвышанае : [аб падборцы вершаў А. Шушко ў часопісе «Полымя»] / Яўген Гарадніцкі // Полымя. 2012. № 10. С. 179–180.
  15. Макарэвіч, С. Гучыць слова земляка над роднаю старонкаю : [аб сустрэчы паэта А. Шушко са студэнтамі Палескага ўніверсітэта] / Святлана Макарэвіч // ЛіМ. 2012. 27 ліпеня (№ 30). С. 22.
  16. Галубовіч, Л. Сто шан! : [Анатолю Шушко — 50] / Леанід Галубовіч // ЛіМ. 2004. 23 ліпеня. С. 5.
  17. Гришковец, В. Анатолю Шушко — 50 / Валерий Гришковец // Полесская правда. Пинск, 2004. 17 июля.
  18. Приступа, Н. Пятьдесят его дорог : члену Союза белорусских писателей Анатолию Шушко — 50 лет / Наталья Приступа // Пінскі веснік. 2004. 16 ліпеня. С. 3.
  19. Лаврович, Н. Ни дня без поиска / Николай Лаврович // Пінскі веснік. 2004. 16 ліпеня. С. 3.
  20. Кантор, Д. От народных криниц : [о заседании клуба «Натхненне» при районной библиотеке им. Е. Янищиц, посвящённом поэту А. Шушко] / Дмитрий Кантор // Полесская правда. Пинск, 2002. 8 мая.
  21. Самуйлик, М. Горит его Звезда : [о творчестве А. Шушко] / М. Самуйлик // Пинская неделя. 1998. 27 февраля.
  22. Гардзей, В. Паэты з вёскі Сташаны / Віктар Гардзей // Чырвоная змена. 1997. 27 мая.
  23. Талкачоў, С. Са сваім адчуваннем свету : [пра паэзію А. Шушко] / Сяргей Талкачоў // Пінскі веснік. 1997. 15 красавіка.
  24. Патаранскі, С. Паэт — ён нечаканасць… : (Роздум над кнігай Анатоля Шушко «Выток і прычасце» і пра сучасную паэзію наогул) / Сяргей Патаранскі // Першацвет. 1995. № 5. С. 129–131. 
  25. Стрыгалёў, М. Агмень паэзіі сапраўднай : «І маразы, і лета пах…» : («Выток і прычасце» Анатоля Шушко) / Міхась Стрыгалёў // Маладосць. 1995. № 4. С. 251–253.
  26. Патаранскі, С. Паэт — ён нечаканасць… / Сяргей Патаранскі // Першацвет, 1995. № 5. С. 129–131.
  27. Галубовіч, Л. Свая азнака : [пра кнігу А. Шушко «Выток і прычасце»] / Леанід Галубовіч // Полымя. 1994. № 7. С. 254–256.
  28. Грышкавец, В. Выток і прычасце : [пра кнігу А. Шушко «Выток і прычасце»] / Валерый Грышкавец // Пінскі веснік. 1994. 28 верасня ; Полесская правда. Пинск, 1994. 1 октября.
  29. Бечык, В. Будзем знаёмы: Анатоль Шушко / Варлен Бечык, Мікола Гіль // ЛіМ. 1971. 6 жніўня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 41 разоў Апошняя змена Чацвер, 25 Ліпень 2019 14:19