З капіталу духавенства Заходняга краю быў вылучаны крэдыт у 6 тыс. рублёў на 20 гадоў. Праект быў складзены брэсцкім гарадскім архітэктарам М. Барташэўскім пры ўдзеле гарадскога архітэктара К. Гросмана і гродзенскага губернскага архітэктара Міхайлоўскага. Храм пачалі будаваць у 1866 г. на ахвяраванні прыхаджан і дапамогу з асігнавання віленскага генерал-губернатара М. М. Мураўёва. Падрадчыкамі будаўніцтва былі мяшчане Чарнігаўскай губерні Іван Сяргееў і Гардзей Назараў, якія па кантракце здзейснілі будаўніцтва за тры гады. У Гершонах з 1839 г. дзейнічаў цагляны завод, з якога пастаўлялася цэгла на будоўлю.
Свята-Раства-Багародзіцкі храм мае падоўжана-восевую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца паслядоўнасцю званіцы, трапезнай залы, пяціграннай апсіды і бакавой рызніцы. Апошняя ўносіць слаба выяўлены элемент асіметрыі ў агульна ўраўнаважаную пабудову храма. Яе дамінантамі з’яўляюцца двух’ярусная шатровая званіца (васьмярык на чацверыку), завершаная цыбульчатай галоўкай, і такі ж купалок на васьмігранным барабане. Шматпланавасць агульнай прасторавай кампазіцыі будынка дасягаецца чаргаваннем высокіх аб’ёмаў (званіцы і залы) і нізкіх (трапезнай, апсіды і рызніцы). З арсенала старажытнага царкоўнага дойлідства ўзяты акантоўка аб’ёмаў аркарнымі паясамі і вуглавымі лапаткамі, кілепадобныя ліштвы вокнаў званіцы, слаёныя нішы. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты чатырохсхільным дахам з галоўкай.
Храм прысвечаны Раству Прасвятой Багародзіцы, якое хрысціяне пачалі адзначаць з ІV–V стст. Прастольнае свята — 21 верасня. У царкоўным двары пахаваны іерэй Давыд Мікалаевіч Качаноўскі (1848–1897).
З 1990 г. Гершонскі прыход адносіўся да Палескага благачыння Гродзенскай епархіі. На пачатку ХХ ст. царкву наведвала 1800 прыхаджан з дзевяці вёсак: Аркадзія, Гершоны, Валынка, Вулька-Падгародская, Кавалёва, Кацельня-Баярская, Кацельня-Падгародская, Міцькі, Пугачова. У 1925–1939 гг. прыход знаходзіўся ў Палескай епархіі Польскай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы Канстанцінопальскага патрыярхату, з 1940 г. — у Палескай епархіі Заходняга экзархата Маскоўскай патрыярхіі. З 1953 г. у Гершонскім храме служыў протаіерэй Еўстафій Панцеляймонавіч Турчаноўскі (1887–1962), вельмі набожны пастыр, пераведзены з сяла Хаціслаў Маларыцкага раёна.
Гершонская царква — помнік культавага дойлідства рэстраспектыўна-рускага (руска-візантыйскага, псеўдарускага) стылю. Царкоўны двор выкладзены «трылінкай», якую выраблялі ў Брэсце ў 1935–1939 гг. У гады ваяўнічага атэізму царква была зачынена. У 1986 г. прынята рашэнне аб стварэнні ў будынку музея атэізму — філіяла абласнога краязнаўчага музея, але музей не быў створаны. У час перабудовы храм быў вернуты вернікам, у 1989 г. у ім зноў пачаліся службы. У 1990 г. была створана Брэсцкая епархія, у склад якой аднесены Гершонскі прыход.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii
- Гершонская царква Раства Багародзіцы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2012. Т. 3. С. 25–26.
- Гершонская церковь Рождества Богородицы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 278.
- Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы : [в. Гершоны] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 120.
- Гершонская Свято-Рождество-Богородицкая церковь // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 56.
- Гершонская Свято-Рождество-Богородицкая церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 127.
- Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : цэрквы і касцёлы : Раства-Багародзіцкая царква / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 523.
- Чернявская, Т. И. Церковь : [д. Гершоны] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 132–133.
- Царква : [в. Гершоны] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 100.
- Гершоны // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 105–106.
- Гершоны // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 538.
- Гершоны : [упомянут музей атеизма в церкви] // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 182.
- Шляжко, Н. Календарный лист Гершон : [об истории деревни; с 2007 г. в черте Бреста] / Наталья Шляжко // Брестский вестник. 2019. 21 февраля (№ 8). С. 14.
- Рождество Пресвятой Богородицы : [о празднике] / подготовила Ольга Ролич // Заря. 2009. 24 сентября. С. 6.
- Сиговський, П. Стара i нова церкви в Гершоновичах (Гершонах) поблiзу Берестя : (за даними вiзитацii 1726 року) / П. Сиговський // Пам’яткi Украiны: iсторiя та культура. 2002. Ч. 3–4. С. 142–145.
- Вечная память почившим! : Турчановский Евстафий Пантелеймонович : [(1887–1962), протоиерей; некролог] // Журнал Московской патриархии. 1962. № 12. С. 22.