Пятніца, 16 Жнівень 2019 11:43

16 жніўня 2019 г. — 40 гадоў з дня стварэння біялагічнага заказніка рэспубліканскага значэння «Борскі» (Ганцавіцкі і Лунінецкі р-ны; 1979)

Біялагічны заказнік «Борскі» створаны Пастановай Савета Міністраў БССР № 252 ад 16 жніўня 1979 г. з мэтай захавання і рацыянальнага выкарыстання каштоўных лесабалотных экалагічных сістэм, месцаў вырастання журавіны балотнай, а таксама жывёл і раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларускай ССР. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1833 ад 27 снежня 2007 г. пацверджаны статус тэрыторыі заказніка, зацверджана «Палажэнне аб рэспубліканскім біялагічным заказніку „Борскі”».

Заказнік «Борскі» знаходзіцца на поўдзень ад вёсак Будча і Чудзін Ганцавіцкага раёна, на мяжы Ганцавіцкага і Лунінецкага раёнаў Брэсцкай вобласці, у басейне ракі Лань, на ўсходзе балотнага масіву Пусташ і Дабралуцкае. Агульная плошча на 1995 г. была 2805 га, з 2007 г. — 2818,4 га, у т. л. на тэрыторыі Чудзінскага лясніцтва 1587 га, на Лунінеччыне — на тэрыторыі Борскага лясніцтва.

Тэрыторыя заказніка знаходзіцца на вышыні 145–150 м. Прадстаўлена плоскімі і плоскагрыўнымі алювіяльнымі тэрасіраванымі ландшафтамі з чорнаальшанікамі, балотамі, лугамі і плоска-вогнутай азёрна-балотнай нізінай. У рэльефе трапляюцца адзіночныя дзюны. Глебы тарфяна-балотныя, тарфяна-глеевыя. Тэрыторыя заказніка з’яўляецца зонай павышанага ўвільгацення за кошт блізкага залягання грунтавых вод і мае выключна вялікае значэнне ў жыўленні балот і рэк, падтрыманні пагодна-кліматычных характарыстык рэгіёна; дрэніруецца меліяратыўнымі каналамі, найбольш буйныя з іх канава «Плёса» і Крынічная канава.

У структуры расліннасці заказніка пераважаюць балотныя і лесабалотныя комплексы. На ўчастках з мінеральнымі глебамі — бярэзнікі і хвойнікі чарнічныя, радзей, бярэзнікі даўгамошныя, хвойнікі імшыстыя, верасовыя і інш. Пераважаюць саснякі багульнікавыя і сфагнавыя, асноўнай лесаўтваральнай пародай з’яўляецца хвоя. Нязначная плошча занята дубам, ялінай, асінай і кустоўем, трапляюцца дубровы чарнічныя і арляковыя.
Флора заказніка прадстаўлена шматлікімі відамі раслін. Расце рэдкі для гэтых мясцін балотны мірт. З рэдкіх відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, растуць журавіна драбнаплодная і вярба чарнічная, а таксама расліны, якія патрабуюць прафілактычнай аховы. Са спіса рэдкіх і знаходзячыхся пад пагрозай знікнення відаў жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, сустракаюцца вялікі і малы бугаі, чорны бусел, чорны каршун і інш.

У заказніку забаронены выпас жывёл, узворванне зямель, паляванне, высечкі лесу, акрамя санітарных, правядзенне меліярацыйных работ. Тэрыторыя заказніка «Борскі» — аб’ект экалагічнага турызму, актыўна выкарыстоўваецца для збору журавіны балотнай, запасы якой штогод складаюць не меньш за 500 т. Стан папуляцыі журавін у заказніку здавальняючы, кожны год вядзецца іх нарыхтоўка. Для захавання і ўзнаўлення журавін патрэбна, каб 40–50 % ураджаю заставалася балоту, а таксама жывёлам.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава.
Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Борскі / Г. У. Вынаеў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 218.
  2. Борский / П. И. Лобанок // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 475.
  3. Борский / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 119–120.
  4. Борский // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. Минск, 2008. С. 74–77 : фот.
  5. Борскі заказнік-журавіннік // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. Мінск, 1983. Т. 1. С. 318.
  6. Некаторыя прыродныя аб’екты і заказнікі Ганцавіцкага раёна : Борскі // Памяць. Ганцавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 450–451.
  7. Шеляпнёў, А. Месцы запаведныя : [у т. л. заказнік «Борскі»] / Алег Шэляпнёў // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 114.
  8. Борский // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2008. С. 47.
  9. Борский // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 196.
  10. Заказник «Борский» // Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешенко. Брест, 2012. С. 40.
  11. Биологический (клюквенный) заказник республиканского значения «Борский» // Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест, 1997. С. 45–46.
  12. Панасюк, I. А. Прырода і ахоўваемыя тэрыторыі Лунінецкага раёна / І. А. Панасюк. – Лунінец : Спектр, 2001. – 58 с. : іл.
  13. «Борскі» — балотна-журавінны заказнік рэспубліканскага значэння // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 1998. 3 чэрвеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 57 разоў