Пятніца, 13 Верасень 2019 10:06

2019 г. — 120 гадоў з часу пабудовы Свята-Узнясенскай царквы ў в. Вельямовічы (Брэсцкі р-н; 1899), помніка архітэктуры руска-візантыйскага стылю

У сярэдзіне ХІХ ст. Свята-Сімяонаўскі драўляны храм у в. Вельямовічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці), які быў пабудаваны як уніяцкі ў 1631 г. (па іншых звестках у 1650–1660 гг.), з цягам часу спарахнеў, працягваць богаслужэнні было немагчыма. Па хадайніцтве брэсцкага епіскапа Ігнація (Жалязоўскага) пачалося будаўніцтва мураванага храма.

Праект распрацаваў губернскі архітэктар Іван Ігнатавіч Калянкевіч у 1864 г. Падрад на будаўніцтва ў 1865 г. узялі мяшчане Чарнігаўскай губерні, вялі работы на месцы разабранага Свята-Сімяонаўскага храма ў 1866–1869 гг. Па іншых звестках, 14 верасня 1868 г. будуемы храм быў асвячоны ў гонар Узнясення (Ушэсця) Гасподняга. У гэты час тут служыў свяшчэннік Кіпрыат Дружывоўскі. Канчаткова будаўніцтва завершана ў 1899 г. Прастольнае свята адзначаецца на саракавы дзень пасля Вялікдня.

Кампазіцыя храма мае кананічную чатырохчастковую пабудову — да асноўнага кубападобнага аб’ёму далучаецца паўкруглая апсіда, трапезная і званіца. Асноўны аб’ём накрыты невысокім шатровым дахам, завершаны пяцігалоўем. Атынкаваныя фасады насычаны архітэктурнай пластыкай, пазычанай са старажытнарускага дойлідства — аркатурныя паясы, візантыйскія спараныя арачныя вокны, аб’яднаныя агульнай кілепадобнай аркай, філёнгавы цокаль, вуглавыя лапаткі, какошнікі, зубчатыя фрызы. У сілуэце будынка дамінуе трох’ярусная (два васьмерыка на чацверыку) званіца. Ніжні чацверыковы ярус званіцы завершаны какошнікамі, сярэдні ярус дэкарыраваны прамавугольнымі нішамі і аконнымі праёмамі. Званіца завершана васьмігранным шатром з макаўкай. Зала храма перакрыта самкнутым скляпеннем.

У канцы ХІХ ст. прыход у Вельямовічах налічваў 1183 вернікі, тут дзейнічала царкоўнапрыходская школа. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Вельямовіцкі праваслаўны прыход быў зарэгістраваны. У 1946 г. у царкве меліся 22 абразы на палатне і дрэве, ужо вельмі старыя, струхнелыя, залачоны напрастольны крыж. Драўляны трох’ярусны іканастас быў у дрэнным стане. Вакол храма выяўляліся рэшткі старажытных могілак, дзе-нідзе на зямлі ляжалі невялікія каваныя крыжы ХVІІІ ст.

У канцы 1950-х у СССР насталі часы ваяўнічага атэізму, многія храмы зачыняліся, будынкі прыстасоўваліся для гаспадарчых патрэб альбо руйнаваліся. Савет па справах Рускай праваслаўнай царквы пры Савеце Міністраў СССР 5 верасня 1961 г. прыняў рашэнне аб зняцці з уліку дзеючых царкву в. Вельямовічы. Храм быў зачынены (некаторыя прадметы культу вернікі забралі і схавалі), пачалося яго разбурванне, сцягнулі купалы. Доўгі час будынак знаходзіўся ў паўразбураным стане, без даху, хоць лічыўся помнікам архітэктуры. Вернікі з Вельямовіч хадзілі ў царкву Параскевы Пятніцы, што ў суседняй вёсцы Сычы, дзе храм удалося абараніць.

У 2004 г. у Вельямовічах быў зацверджаны прыход Узнясення Гасподняга Брэсцкага раённага благачыння, настаяцелем назначаны іерэй Анатолій Антонавіч Пашкевіч, яго стараннямі вясной 2005 г. пачалося аднаўленне храма. Работы вяліся па арыгінальных чарцяжах з Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці. Дах і купалы рабіў брэсцкі майстар Дзмітрый Ісайкоў. 18 чэрвеня 2011 г. адноўлены Свята-Узнясенскі храм асвячоны епіскапам Брэсцкім і Кобрынскім Іаанам. Восенню настаяцелем быў назначаны іерэй Мікалай Сцяпанавіч Хівук.

Цяпер у Вельямовічах служыць іерэй Алексій Аляксандравіч Лагашаў. Пры храме дзейнічаюць Нядзельная школа, прыходская бібліятэка. Да прыхода аднесены Вельямовічы, Галачава, Рудавец, Чыжэвічы. Як храмавае свята на прыходзе адзначаецца і дзень прападобнага Сімяона Столпніка (14 верасня). Вельямовіцкі храм — помнік архітэктуры руска-візантыйскага (рэтраспектыўна-рускага) стылю, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Праект гэтага храма быў тыповым для другой паловы ХІХ ст. у Расійскай імперыі. Па тым жа архітэктурным рашэнні ў 1916 г. узвялі Уваскрэсенскую царкву на тэрыторыі консульства Расіі ў г. Хакодатэ (Японія). У 2011 г. была ўстаноўлена паштовая сувязь паміж двума храмамі, яны абмяняліся іконамі. Царква ў Японіі атрымала ў падарунак абраз прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, а беларуская — свяціцеля Мікалая Японскага, заснавальніка Праваслаўнай царквы ў Японіі.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

  1. Царква ў гонар Узнясення Гасподняга : [в. Вельямовічы] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 73–74.
  2. Вельямовичская Свято-Вознесенская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 84.
  3. Свята-Ушэсцеўская царква : [в. Вельямовічы] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 35–36.
  4. Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : Узнясенская царква ў в. Вельямовічы / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 523.
  5. Вознесенская церковь : [д. Вельямовичи] / Т. И. Чернявская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 131.
  6. Царква Ушэсця : [в. Вельямовічы] / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 98.
  7. Мароз, В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / Валерый Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Вельямовічы. С. 182–183.
  8. Вельямовічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 99–100.
  9. Кульбака, А. Лик на ясене : [о Свято-Вознесенском храме д. Вельямовичи и проявлении лика Богоматери на спиле дерева] / Александр Кульбака ; фото автора // Вечерний Брест. 2014. 18 апреля. С. 12.
  10. Шесть храмов Брестского районного благочиния : [в. т. ч. Спасо-Вознесенский храм д. Вельямовичи] / подготовил к печати Геннадий Левчук // Астрамечаўскі рукапіс / рэд. і ўклад. Аляксандр Валковіч. Брэст, 2013. № 3. С. 94–96 : фот.
  11. Кульбака, А. Соединенные Рождеством : храмы-близнецы в Беларуси и Японии обменялись иконами : [о церквях в д. Вельямовичи Брестского района и г. Хакодате] / Александр Кульбака ; фото Петра Семенюка // Вечерний Брест. 2012. 6 января. С. 3.
  12. Панишева, А. Спасо-Вознесенский храм д. Вельямовичи : [о начале капитального ремонта] / Анна Панишева // Заря. 2005. 12 июля. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 399 разоў