Чацвер, 26 Верасень 2019 10:55

18 верасня 2019 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Пятра Іванавіча Івашуціна (1909–2002), ваеннага дзеяча, генерала арміі, Героя Савецкага Саюза (1985)

Пётр Іванавіч Івашуцін нарадзіўся 18 верасня 1909 г. у г. Брэст-Літоўску (цяпер Брэст) у сям’і машыніста-чыгуначніка. У час Першай сусветнай вайны сям’я апынулася ў Расіі. Пётр Івашуцін скончыў чыгуначнае вучылішча ў г. Сноўску, прафесійна-тэхнічную школу ў Гародні Чарнігаўскай вобласці. У 1926–1931 гг. працаваў на прадзільна-ткацкай фабрыцы імя Ф. Э. Дзяржынскага, брыгадзірам слесараў на механічным заводзе № 1 «Сантэхстрой» у г. Іванава, вучыўся на рабфаку. У 1930 г. малады рабочы быў прыняты ў члены ВКП(б).

У 1931 г. Пётр Івашуцін быў прызваны на ваенную службу і стаў курсантам Ваеннай школы лётчыкаў. У 1933 г., пасля паспяховай здачы выпускных экзаменаў, накіраваны ў эскадрыллю цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў авіябрыгады Маскоўскай ваеннай акругі на пасаду лётчыка-інструктара. У 1934–1935 гг. служыў лётчыкам бамбардзіроўшчыка ТБ-3, у 1937 г. прызначаны камандзірам гэтай баявой машыны. У тым жа годзе ён паступіў у Ваенна-паветраную акадэмію імя М. Я. Жукоўскага.

У 1939 г. Пятра Івашуціна, як аднаго з лепшых слухачоў другога курса акадэміі, адбіраюць для праходжання службы ў спецыяльных органах Наркамата ўнутраных спраў СССР. Тады ён развітаўся з ваеннай авіяцыяй і стаў начальнікам аддзела стралковага корпуса Ленінградскай ваеннай акругі. Прымаў удзел у Савецка-фінляндскай вайне (1939–1940). Затым служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У маі 1941 г. пераведзены ў Закаўказскую ваенную акругу.

У пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны Пётр Івашуцін — намеснік начальніка асобага аддзела Крымскага і Паўночна-Каўказскага франтоў. Са снежня 1942 г. па сакавік 1943 г., у найбольш напружаны перыяд Бітвы за Каўказ, ён служыў начальнікам аддзела Чарнаморскай групы войскаў Закаўказскага фронту, а з сакавіка па красавік 1943 г. узначальваў контрразведку 47-й арміі. У наступным (красавік 1943 г. – ліпень 1945 г.) Пётр Іванавіч кіраваў Упраўленнем контрразведкі «СМЕРШ» Паўднёва-Заходняга, 1-га Украінскага і 3-га Украінскага франтоў. 26 мая 1943 г. яму прысвоена званне генерал-маёра, 25 верасня 1944 г. — генерал-лейтэнанта.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны П. І. Івашуцін узначальваў ваенную контрразведку Паўднёвай групы савецкіх войскаў. У 1947–1949 гг. кіраваў дзейнасцю ваеннай контрразведкі Групы савецкіх акупацыйных войскаў у Германіі. У лістападзе 1949 г. прызначаны на пасаду начальніка Упраўлення контрразведкі Ленінградскай ваеннай акругі. У снежні 1951 г. становіцца намеснікам начальніка 3-га Галоўнага ўпраўлення Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР.

У верасні 1952 г. П. І. Івашуцін прызначаны міністрам дзяржаўнай бяспекі Украінскай ССР, а пасля рэарганізацыі органаў бяспекі, з сакавіка па чэрвень 1953 г., — намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны па аператыўнай рабоце.

У ліпені 1953 г. становіцца намеснікам начальніка 3-га Галоўнага ўпраўлення (ваенная контрразведка) Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Пасля стварэння Камітэта дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў СССР П. І. Івашуцін быў прызначаны на пасаду начальніка аднаго з упраўленняў, затым намеснікам старшыні, з 1956 г. — першым намеснікам старшыні КДБ СССР. 18 лютага 1958 г. яму прысвоена званне генерал-палкоўніка.

З сакавіка 1963 г. генерал арміі П. І. Івашуцін на пасадзе начальніка Галоўнага разведупраўлення, дзе праявіў сябе самастойным, адказным і прынцыповым ваенным кіраўніком. Надаваў шмат увагі рабоце здабываючых і аналітычных органаў разведкі і рабіў усё магчымае, каб упраўленне працавала, як добра адладжаны механізм, а кіраўніцтва дзяржавы своечасова атрымлівала звесткі ваеннага, ваенна-палітычнага, ваенна-тэхнічнага і ваенна-эканамічнага характару. Актыўна спрыяў аснашчэнню ваеннай разведкі сучаснымі тэхнічнымі сродкамі, дамагаўся комплекснага выкарыстання ўсіх сіл і сродкаў ваеннай разведкі. 23 лютага 1971 г. стаў генералам арміі.

П. І. Івашуцін узначальваў савецкую ваенную разведку па 1987 г. За гады яго дзейнасці савецкая ваенная разведка ператварылася ў адну з лепшых разведвальных службаў у свеце. У лютым 1987 г. генерал арміі П. І. Івашуцін быў прызначаны ў Групу генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР. У адстаўку выйшаў 12 мая 1992 г.

Пётр Іванавіч прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Быў членам ЦК КПУ, з’яўляўся дэлегатам сямі з’ездаў КПСС, абіраўся дэпутатам Вярхоўных Саветаў Украінскай ССР, РСФСР і СССР.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і паспяховую дзейнасць па ўмацаванні Узброеных Сіл СССР у пасляваенны перыяд генералу арміі П. І. Івашуціну 21 лютага 1985 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1944, 1978, 1985), Маршальскай Зоркай (1974), ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1974), пяццю ордэнамі Чырвонага Сцяга (1944, 1952, 1964, 1967, 1980), трыма ордэнамі Чырвонай Зоркі (1940, 1943, 1946), двума ордэнамі Кутузава ІІ ступені (1945, 1981), ордэнам Багдана Хмяльніцкага І ступені (1945) і інш.

П. І. Івашуцін памёр 4 чэрвеня 2002 г. у Маскве, пахаваны на Траякураўскіх могілках. У Харашоўскім раёне г. Масквы яго імем названа вуліца. У будынку Галоўнага упраўлення Генеральнага штаба 4 верасня 2009 г. адкрыта мемарыяльная дошка з барэльефам П. І. Івашуціна.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна.
Юркевіч Жана Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

  1. Івашуцін Пётр Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 158.
  2. Ивашутин Петр Иванович // Твои герои, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 57.
  3. Ивашутин Пётр Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 425.
  4. Ивашутин Петр Иванович // Беларусь: созвездие политических имен : историко-биогр. справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 310–311.
  5. Ивашутин Пётр Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 703.
  6. Івашуцін Пётр Іванавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 632.
  7. Івашуцін Пётр Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 468–469.
  8. Івашуцін Пётр Іванавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 226.
  9. Ивашутин Пётр Иванович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 253.
  10. Івашуцін Пётр Іванавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 251.
  11. Ивашутин Пётр Иванович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 578.
  12. Хлобустов, О. М. Пётр Ивашутин. Жизнь отдана разведке / О. М. Хлобустов. – Москва, 2016. – 352с. — (Гроссмейстеры тайной войны).
  13. Генерал армии Ивашутин П. И. Четверть века во главе ГРУ / ред.-сост. В. И. Бойко. – Москва, 2009. – 245 с.
  14. Терещенко А. С. Маршал военной разведки / А. С. Терещенко. – Москва, 2017. – 432 с. – (Секретные миссии).
  15. Иванов, В. «Отец» ГРУ. Пётр Иванович Ивашутин / Валерий Иванов // Гордость Советской Белоруссии. Москва, 2017. Кн. 1. С. 145–150.
  16. Экштут, С. Империя Петра Великого : штрихи к портрету легендарного начальника ГРУ Петра Ивашутина / Семен Экштут // Родина. 2018. № 10. С. 100–103.
  17. Рубашевский, Ю. Патриарх разведки : [о П. И. Ивашутине] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2014. 9 апреля. С. 9.
  18. Шидловский, И. Их позвало небо... : у крылатых героев — брестская родословная / И. Шидловский // Брестский курьер. 2010. 25 февраля (№ 9). С. 20–21.
  19. Даценко, М. Главный разведчик — наш человек : [о П. И. Ивашутине] / М. Даценко // Брестский вестник. 2009. 22 октября. С. 9.
  20. Иоффе, Э. Руководитель военной разведки : [о П. И. Ивашутине] / Эмануил Иоффе // Рэспубліка. 2009. 16 кастрычніка. С. 7.
  21. Лота, В. И. Маршал военной разведки : [о П. И. Ивашутине] / В. И. Лота // Красная звезда. 2009. 2 сентября.
  22. Иоффе, Э. Начальник ГРУ : [о П. И. Ивашутине] / Эмануил Иоффе // Народная газета. 2004. 5 верасня.
  23. Иоффе, Э. Гроза ЦРУ из Бреста : советскими шпионами командовали белорусы : [о П. И. Ивашутине] / Эмануил Иоффе // Брестский курьер. 2002. 21–27 февраля. С. 13.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 940 разоў Апошняя змена Аўторак, 27 Красавік 2021 11:55