Панядзелак, 14 Кастрычнік 2019 10:15

18 кастрычніка 2019 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Аляксея Сяргеевіча Благавешчанскага (1909–1994), ваеннага дзеяча, генерал-лейтэнанта авіяцыі, Героя Савецкага Саюза (1938)

Аляксей Сяргеевіч Благавешчанскі нарадзіўся 18 кастрычніка 1909 г. у г. Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні (цяпер Брэст) у сям’і чыгуначнага машыніста. У пяцігадовым узросце Алёша ўбачыў самалёт, які яго моцна ўразіў. Неўзабаве сям’я пераехала ў Курск (Расія), там ён быў узрушаны захапляльнымі палётамі ваенных лётчыкаў на авіяцыйным свяце.

 

Па заканчэнні прамыслова-эканамічнага тэхнікума Аляксей Благавешчанскі канчаткова вырашыў стаць лётчыкам. У 1927 г. прызваны ў Чырвоную армію, у 1928 г. скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэтычную школу лётчыкаў. Выдатніка накіравалі ў Барысаглебскую 2-ю ваенную школу лётчыкаў. У лістападзе 1929 г. малодшы лётчык Аляксей Благавешчанскі прыбыў у 15-ю Бранскую знішчальную авіябрыгаду Беларускай ваеннай акругі.

З чэрвеня 1933 г. А. С. Благавешчанскі — камандзір аддзельнага авіяатрада 108-й авіяэскадрыллі ВПС Ціхаакіянскага флоту. З верасня 1937 г. служыў лётчыкам-выпрабавальнікам НДІ ВПС РККА. Дасканала ведаючы многія самалёты, ён уражваў віртуозной тэхнікай пілатавання.

З 5 снежня 1937 па 10 верасня 1938 г. удзельнічаў у баях з японскімі захопнікамі ў Кітаі. За кароткі тэрмін А. С. Благавешчанскі здолеў стварыць ударную знішчальную групу савецкіх і кітайскіх лётчыкаў (больш за 120 самалётаў), разграміць лепшыя японскія эскадрыллі. Здзейсніў 73 баявыя вылеты на І-16, прыняў удзел у 11 паветраных баях, асабіста збіў 7 і ў групе — 2 самалёты праціўніка. 14 лістапада 1938 г. за мужнасць і воінскую доблесць, праяўленыя ў баях з ворагамі, маёр А. С. Благавешчанскі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

З кастрычніка 1938 г. А. С. Благавешчанскі служыў лётчыкам-выпрабавальнікам аддзела сухапутных самалётаў НДІ ВПС РККА. У студзені – красавіку 1939 г., стаўшы ўжо палкоўнікам, вучыўся на курсах пры Акадэміі Генеральнага штаба, па заканчэнні якіх быў прызначаны камандзірам 54-й знішчальнай авіяцыйнай брыгады Ленінградскай ваеннай акругі. На гэтай пасадзе А. С. Благавешчанскі ўдзельнічаў у Савецка-фінляндскай вайне (1939–1940), падчас якой здзейсніў 39 баявых вылетаў.

З красавіка 1940 г. — камандзір 60-й знішчальнай авіяцыйнай брыгады, затым у жніўні таго ж года — камандзір 27-й авіяцыйнай дывізіі Закаўказскай ваеннай акругі. Са студзеня 1941 г. — намеснік камандуючага ВПС Далёкаўсходняга фронту.

З кастрычніка 1942 г. — камандзір 2-га знішчальнага авіяцыйнага корпуса рэзерву ВГК. Корпус пад яго камандаваннем змагаўся на Калінінскім, Волхаўскім, Заходнім, Стэпавым, Бранскім, 1-м Прыбалтыйскім, 3-м Беларускім і 1-м Украінскім франтах. А. С. Благавешчанскі ўмела кіраваў дзеяннямі корпуса ў Вялікалуцкай наступальнай аперацыі, пры прарыве блакады Ленінграда (аперацыя «Іскра»), у Ржэўска-Вяземскай, Арлоўскай і Гарадоцкай наступальных аперацыях. 30 красавіка 1943 г. А. С. Благавешчанскаму прысвоена званне «генерал-лейтэнант авіяцыі».

З чэрвеня 1944 г. корпус пад камандаваннем А. С. Благавешчанскага ў складзе 1-й Паветранай арміі 3-га Беларускага фронту прымаў удзел у вызваленні Беларусі і Літвы. Толькі ў чэрвені – жніўні 1944 г. корпус здзейсніў 4905 баявых самалёта-вылетаў, правёў 218 паветраных баёў, збіў 308 самалётаў праціўніка, знішчыў вялікую колькасць баявой тэхнікі праціўніка на зямлі. За вызваленне г. Оршы корпусу было прысвоена ганаровае званне «Аршанскі». З верасня 1944 г. корпус у складзе 2-й Паветранай арміі 1-га Украінскага фронту прымаў удзел у Вісла-Одэрскай наступальнай аперацыі.

Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны А. С. Благавешчанскі асабіста здзейсніў 48 баявых вылетаў. Агульным вынікам яго баявой дзейнасці сталі 12 самалётаў праціўніка збітых асабіста, і 25 — у групе з таварышамі. Генерал карыстаўся ў лётчыкаў вялікім аўтарытэтам. Камандзір буйнога злучэння працягваў шмат лётаць, заўсёды першым з лётчыкаў корпуса асвойваў новыя тыпы самалётаў, часта вылятаў на баявыя заданні і па-майстэрску правёў некалькі паветраных баёў. У стасунках з людзьмі ён быў просты, высокую патрабавальнасць да падначаленых умеў спалучаць з бацькоўскім клопатам аб іх патрэбнасцях.

9 лютага 1945 г. пры аглядзе новага аэрадрома ў Любені (тэрыторыя Германіі) машына з А. С. Благавешчанскім наскочыла на міну і ён быў цяжка паранены. На санітарным самалёце яго адправілі ў франтавы шпіталь. Знаходзіўся на лячэнні да верасня 1945 г., на фронт ён ужо не вярнуўся.

З верасня 1945 г. А. С. Благавешчанскі з’яўляўся начальнікам Вышэйшай афіцэрскай школы паветранага бою ВПС Маскоўскай ваеннай акругі, а з ліпеня 1947 г. — памочнікам камандуючага па страявой частцы 7-й Паветранай арміі Бакінскай ваеннай акругі. З чэрвеня 1949 г. — начальнік Упраўлення выпрабавання самалётаў Дзяржаўнага Чырванасцяжнага НДІ ВПС, з сакавіка 1953 г. — начальнік НДІ і, адначасова, старэйшы лётчык-выпрабавальнік (усяго асвоіў 99 тыпаў машын).

Ваенную службу Аляксей Сяргеевіч скончыў у 1960 г., выканаўшы 3554 палёты і налятаўшы 2978 гадзін 40 хвілін. Атрымаў запрашэнне А. Н. Тупалева на працу па выпрабаванні новых самалётаў. А. С. Благавешчанскі ў 1962–1985 гг. працаваў на кіруючых пасадах у лётна-выпрабавальных установах Міністэрства авіяцыйнай прамысловасці.

Аляксей Сяргеевіч быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1938, 1953), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга (1938, 1940, 1947), Суворава II cтупені (1943), Кутузава II cтупені (1944), Багдана Хмяльніцкага II cтупені (1945), Айчыннай вайны I ступені (1943, 1985), Чырвонай Зоркі (1936, 1944), медалямі, замежнымі ордэнамі.

А. С. Благавешчанскі памёр 25 мая 1994 г., пахаваны ў Маскве на Траекураўскіх могілках (участак 3).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна,
заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

  1. Благавешчанскі Аляксей Сяргеевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 183.
  2. Благовещенский Алексей Сергеевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 23.
  3. Благовещенский Алексей Сергеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 110.
  4. Благовещенский Алексей Сергеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в7 т.]. Минск, 2006. Т. 2.С. 405.
  5. Благавешчанскі Аляксей Сяргеевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 87.
  6. Благовещенский Алексей Сергеевич // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 165.
  7. Благавешчанскі Аляксей Сяргеевіч// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 47–48.
  8. Благавешчанскі Аляксей Сяргеевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 632.
  9. Благовещенский Алексей Сергеевич // Навечно в сердце народном : справочник. Минск, 1984. С. 59.
  10. Ермоленко, В. Инструктор китайских лётчиков : [о Герое Советского Союза А. С. Благовещенском] / Валерий Ермоленко // Асы-белорусы : очерки / Валерий Ермоленко. Минск, 2014. С. 181–184.
  11. Уроженцы Беларуси, отличившиеся в войне с Японией и достойно завершившие Вторую мировую войну // Архівы і справаводства. 2015. № 4. С. 162–172.
  12. Лавренюк, В. Первый ас мира : [о А. С. Благовещенском] / Владимир Лавренюк // Армия. 2014. № 4. С. 44–49.
  13. Литвин, А. «Зимняя война» и Беларусь : к 70-летию окончания Советско-финляндской войны / А. Литвин // Веды. 2010. 15 марта. С. 6.
  14. Шидловский, И. Их позвало небо... : у крылатых героев брестская родословная / И. Шидловский // Брестский курьер. 2010. 25 февраля (№ 9). С. 2021.
  15. Шевченко, С. И. Боевое применение советской истребительной авиации во второй половине 1930-х годов / С. И. Шевченко // Военно-исторический журнал. 2010. № 2. С. 2024.
  16. Даценко, М. Брестчанин, победивший «непобедимого короля воздуха» : [к 100-летию со дня рождения Героя Советского Союза АБлаговещенского/ М. Даценко // Брестский вестник. 2009. 12 ноября. С. 9.
  17. Лавренюк, В. Из плеяды отважных : [о А. С. Благовещенском] / Владимир Лавренюк // Белорусская военная газета. 2009. 17 октября. С. 2.
  18. Носов, В. Г. Во славу Родины : к 100-летию со дня рождения Героя Советского Союза генерал-лейтенанта авиации А. С. Благовещенского / В. Г. Носов // Крылья Родины. 2009. № 9. С. 39–45.
  19. Шидловский, И. В небе над Китаем : забытая биография летчика из Бреста / И. Шидловский // Брестский курьер. 2007. 11 октября. С. 11.
  20. Анисовец, М. Белорусский ас Поднебесной : [о А. Благовещенском] / М. Анисовец // Белорусская военная газета. 2007. 28 сентября. С. 2.
  21. Славные сыны земли Белорусской : белорусы и уроженцы Белоруссии первые Герои Советского Союза (19361939 гг.) // Армия. 2007. № 1. С. 55.
  22. Слесарчук, Т. Герои Брестчины : [о Героях Советского Союза, уроженцах Брестчины, в т. ч. А. С. Благовещенском] / Т. Слесарчук // Заря. 1974. 16 апреля.
  23. Слесарчук, Т. Золотая звезда № 99 : [А. С. Благовещенский] / Т. Слесарчук // Заря. 1969. 29 августа.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 964 разоў Апошняя змена Аўторак, 27 Красавік 2021 11:57