Пятніца, 25 Кастрычнік 2019 11:06

19 лютага 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Сяргеевіча Кабяка (1949–2016), журналіста, фотакарэспандэнта, фотамастака

Эдуард Сяргеевіч Кабяк нарадзіўся 19 лютага 1949 г. у вёсцы Дубава Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і служачага. З юных гадоў праяўляў здольнасці да фотасправы. У 1966 г. скончыў сярэднюю школу № 8 г. Баранавічы, уладкаваўся працаваць лабарантам кабінета хіміі ў сваёй жа школе.

 

У маі 1967 г. Эдуард Кабяк быў прыняты на пасаду літсупрацоўніка баранавіцкай аб’яднанай газеты «Знамя коммунизма», ужо ў чэрвені пераведзены на пасаду фотакарэспандэнта, дзе працаваў да снежня 1974 г. Паступіў на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, але па сямейных абставінах скончыць не ўдалося.

12 снежня 1974 г. Э. С. Кабяк быў залічаны ў штат Тэлеграфнага агенства Беларускай ССР (БелТА) пры Савеце Міністраў БССР на пасаду фотакарэспандэнта па Брэсцкай вобласці. Пасля рэфармавання БелТА ў агенства Белінфарм (1992) працягваў працаваць фотакарэспандэнтам, а пасля аднаўлення БелТА (1995) працаваў там да 21 чэрвеня 1996 г.

Нямалая частка працоўнай біяграфіі Эдуарда Сяргеевіча звязана з брэсцкай абласной газетай «Заря», куды ён прыйшоў у чэрвені 1996 г. і дзе працаваў спецыяльным карэспандэнтам, рэдактарам аддзела фотаінфармацыі. Як член Саюза журналістаў займаўся арганізацыяй фотавыставак, супрацоўнічаў з шэрагам выданняў: часопісам «Беларуская думка», газетамі «Белорусская нива», «Звязда», «Літаратура і мастацтва» і інш. Друкаваўся ў Польшчы і Германіі.

Брэсцкаму фотакарэспандэнту давялося шмат паездзіць не толькі па Брэсцкай вобласці і Беларусі, але пабываць у розных кутках Савецкага Саюза, напрыклад, на касмадроме Байканур. Шмат адметных асоб сустрэў на жыццёвым шляху — людзей розных лёсаў. Сустракаўся з вядомымі людзьмі: Героямі Савецкага Саюза і дзяржаўнымі дзеячамі, зоркамі эстрады і кіно, мастакамi, паэтамі і музыкантамі. Яму шчасціла знаходзіць і адкрываць малавядомых, непрыкметных на першы пагляд, але вельмі цікавых, адораных, творчых асоб — самадзейных паэтаў, мастакоў, майстроў народнай творчасці.

Ствараў фоталетапіс Брэстчыны і цэлай гістарычнай эпохі, яго фотаздымкі ёсць у многіх кнігах пра Брэст і Беларусь, музеях і архівах. Фотаработы майстра адрозніваюцца арыгінальнасцю, самабытнасцю, высокамастацкім адлюстраваннем нашай рэчаіснасці. Таленавітыя работы Эдуарда Кабяка напоўнены дабром, светам, радасцю, аптымізмам, саграваюць сэрцы людзей. Удзельнік і лаўрэат міжнародных выставак мастацкай і дакументальнай фатаграфіі, іншых журналісцкіх конкурсаў.

Эдуард Сяргеевіч заўсёды паказваў сябе прафесіяналам высокага класа, рознабакова здольным журналістам, мэтанакіраваным, валявым, прынцыповым чалавекам. Гэта быў энергічны, жыццярадасны, ініцыятыўны чалавек, цікавы суразмоўца і добры сябар. Казаў пра сябе: «рамантык з вялiкай дарогi».

За высокія дасягненні ў журналісцкай дзейнасці Э. С. Кабяк узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай ТАСС, многімі іншымі ўзнагародамі. Яго сыны, Рамуальд Эдуардавіч (1971–2019) і Руслан Эдуардавіч, перанялі бацькаву прафесію журналіста, таксама сталі фатографамі, фотакарэспандэнтамі БелТА.

Эдуард Сяргеевіч рыхтаваў сваю вялікую персанальную фотавыставу, адабраў больш за 100 адбіткаў лепшых кадраў, але цяжка захварэў. Яго даглядалі жонка, Вольга Мікалаеўна, і малодшы сын Руслан. Пасля цяжкай хваробы памёр 18 лютага 2016 г., пахаваны ў Баранавiчах.

9 лютага 2018 г. у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка «Горад і людзі ў аб’ектыве фотакамеры. ХХ стагоддзе», дзе былі прадстаўлены і фотаздымкі Эдуарда Кабяка.

 

                                                                                                                                                                                                            Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Работы Э. С. Кабяка

  1. Брестская область. Фотолетопись : 19392014 = Brest region. Photo chronicle: 19392014 / [автор текста В. В. Туров ; ред.-сост.: А. А. Логвинович, В. В. Туров ; фото: В. И. Король, Э. Кобяк и др.]. – Брест : Заря, 2014. – 150 с. : ил., цв. ил., портр.
  2. Брестчина, устремлённая в будущее : [фотоальбом / Н. Антоновский и др. ; гл. ред. В. Шпарло ; фото: С. Бобров, Э. Кобяк и др.]. – Брест : Вечерний Брест, 2009. – 303 с. : ил., цв. ил., портр., карты.
  3. Брестский театр драмы и музыки : 60 лет / М-во культуры Республики Беларусь ; [сост. О. Гришина ; фот.: Э. Кобяк и др.]. – Брест, 2004. – 42 с. : фот.
  4. Народны ансамбль танца «Радасць» = Radost folk dance ensemble / [фота: А. М. Вараб’ёў, Э. С. Кабяк ; тэкст: А. М. Вараб’ёў, С. І. Гуляева]. – Брэст : Брэсц. абл. выкан. кам. : Брэсц. гар. выкан. кам., 2002. – 23 с. : фат.
  5. Мастер и народ : [памяти народного мастера Беларуси Николая Васильевича Тарасюка из д. Стойлы Пружанского района] / Эдуард Кобяк // Заря. 2015. 17 января. С. 8.
  6. Мастер неожиданного колорита : [о выставке живописи В. Кожуха, уроженца Дрогичинщины, в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Эдуард Кобяк // Заря. 2007. 28 апреля. С. 16.
  7. «Бездзежскі фартушок» — единственный в мире / Э. Кобяк // Заря. 2006. 26 августа. С. 1.
  8. История в светлых красках : [о портретных работах брестского живописца Сергея Казака к 60-летию Великой Победы] / Эдуард Кобяк // Заря. 2005. 19 марта. С. 1.
  9. Жизнь — в светописи Алексея Скакуна / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 11 декабря. С. 5.
  10. Музейный реставратор Александр Черноокий : [о реставраторе Кобринского военно-исторического музея им. А. В. Суворова] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 7 декабря. С. 5.
  11. «Космическая станция»... в Томашовке : [об открытии новой экспозиции музея космонавтики в Томашовской СШ Брестского района] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 12 октября.
  12. Новая книга о крепости : [о презентации книги «Брестская крепость... Факты, свидетельства, открытия» в Музее обороны] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 3 июня.
  13. Мозаики из... подвалов : [о мозаичных смальтовых фресках, обнаруженных в подвале Покровского собора г. Барановичи] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 18 мая.
  14. Магия танца : [о солистке народного ансамбля песни и танца «Брестчанка» А. Татарской] / Эдуард Кобяк // Заря. 2004. 6 марта.
  15. Песни их молодости : [о клубе ветеранов «Беспокойные сердца» Барановичского ГДК] / Эдуард Кобяк // Заря. 2003. 20 декабря.
  16. Тропинка на всю жизнь / Эдуард Кобяк //  Беларуская думка.  2003.  № 3. С. 115–119.
  17. И «Крутуху», и «Трясуху» знают в Пинске все! : Пинской хореографической школе] / Эдуард Кобяк // Беларуская думка. 2002. № 5. С. 129–132.
  18. И воссиял крест православный над брестскою твердыней... : [о возрождении Свято-Николаевской гарнизонной церкви в Брестской крепости] / Эдуард Кобяк // Заря. 1999. 25 мая.
  19. Старинный хутор помнит... : [о восстановлении усадьбы А. Мицкевича в д. Заосье Барановичского района] / Эдуард Кобяк // Заря. 1998. 13 августа.
  20. Под лучами «Сузорья» : [о народном ансамбле песни и танца «Сузорье» стройтреста № 8 г. Бреста] / Эдуард Кобяк // Беларуская думка. 1998. № 7. С. 185–188.
  21. По местам Адама Мицкевича проехали польские журналисты / Эдуард Кобяк // Заря. 1998. 13 июня.

 

Аб жыцці і творчасці Э. С. Кабяка

  1. Памяти коллеги : [некролог Э. С. Кобяку (1949–2016)] // Наш край. Барановичи, 2016. 24 февраля. С. 14.
  2. Памяти коллеги : [некролог Э. С. Кобяку (1949–2016)] // Заря. 2016. 20 февраля. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 973 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Студзень 2021 10:47