Пятніца, 25 Кастрычнік 2019 14:08

12 снежня 2019 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Цярэнція Мітрафанавіча Кушнярова (1919–2005), Героя Сацыялістычнай Працы (1966), Заслужанага будаўніка БССР (1965)

Цярэнцій Мітрафанавіч Кушняроў нарадзіўся 12 снежня 1919 г. у вёсцы Агародня Гомельскага павета (цяпер Добрушскага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Яго бацька, Мітрафан Мяфодзьевіч Кушняроў, як многія іншыя малазямельныя сяляне, выязджаў на заробкі ў якасці будаўніка. На заробленыя грошы пабудаваў у Кіеве дом, куды перавёз сям’ю. Цярэнцій Кушняроў з шаснаццаці гадоў пайшоў працаваць муляром на новабудоўлях Кіева.

 

 

У 1940 г. Цярэнцій Кушняроў прызваны ў Чырвоную армію. Прайшоў усю Вялікую Айчынную вайну. Удзельнічаў у абароне Адэсы і Севастопаля. З 1943 г. служыў у часцях марской пяхоты Чарнаморскага флоту. Удзельнік дэсантнай аперацыі пад Наварасійскам і вызвалення Крыма.

У 1947 г. старшы матрос Цярэнцій Кушняроў быў дэмабілізаваны, пераехаў у г. Баранавічы. З 1949 г. — муляр Баранавіцкага будаўнічага трэста Міністэрства жыллёва-грамадзянскага будаўніцтва БССР. Потым перайшоў у будаўнічае ўпраўленне № 145 будаўнічага трэста № 25. Вызначыўся як вопытны, працалюбівы будаўнік, стаханавец, перадавік, ударнік пяцігодкі. Адзін з пачынальнікаў комплекснага метаду на будаўніцтве жылых дамоў.

Цярэнцій Мітрафанавіч унёс вялікі ўклад у будаўніцтва жылых, культурных, сацыяльных і прамысловых аб’ектаў горада. Яго брыгада будавала электрастанцыю, швейную фабрыку, школьныя будынкі і дзіцячыя сады, дзясяткі шматкватэрных дамоў. Адной з першых была ўзнагароджана званнем «Брыгада камуністычнай працы».

За шматгадовую і актыўную працу ў будаўнічых арганізацыях Ц. М. Кушнярову 7 жніўня 1965 г. прысвоена званне «Заслужаны будаўнік Беларускай ССР». Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 11 жніўня 1966 г. за высокія вытворчыя паказчыкі ў будаўніцтве.

У 1970 г. Цярэнцій Мітрафанавіч перайшоў на працу інструктарам па перадавых метадах цаглянай кладкі. Актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выбіраўся старшынёй прафсаюзнай арганізацыі. На пенсію выйшаў у 1980 г., але яшчэ працаваў майстрам вытворчага навучання вучэбнага пункта будтрэста. З’яўляўся персанальным пенсіянерам саюзнага значэння.

За ваенную і працоўную дзейнасць Ц. М. Кушняроў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1958; 1966), Айчыннай вайны І (1985) і ІІ (1944) ступеняў, Чырвонай Зоркі (1944), медалямі «За оборону Одессы», «За оборону Севастополя» і інш.

Ц. М. Кушняроў памёр 7 кастрычніка 2005 г. Яго імем названа вуліца ў г. Баранавічы.

 

                                                                                                                                                                                                                                Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Кушнеров Терентий Митрофанович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда. Минск, 2014. С. 138–139.
  2. Кушняроў Цярэнцій Мітрафанавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 594.
  3. Кушнеров Терентий Митрофанович // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 352.
  4. Кушняроў Цярэнцій Мітрафанавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 349.
  5. Кушняроў Цярэнцій Мітрафанавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 228.
  6. Тамкович, А. Кушнеровская искорка / А. Тамкович // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск : Беларусь, 1978. С. 154–159.
  7. Маркина, Т. Где эта улица, где этот дом? : история одной фотографии : [о поиске дома в Барановичах, на фоне которого в 1951 г. сфотографированы Т. М. Кушнеров и А. А. Похонта] / Тамара Маркина // 7 дней. 2013. 28 марта (№ 13). С. 5.
  8. Кушнеров Терентий Митрофанович : [некролог] // Наш край. Барановичи, 2005. 11 октября. С. 3.
  9. Бутько, И. След звезды : [к 80-летию Т. М. Кушнерова] / И. Бутько // Заря. 1999. 11 декабря.
  10. Бутько, И. След звезды : [к 80-летию Т. М. Кушнерова] / И. Бутько // Наш край. Барановичи, 1999. 11 декабря.
  11. Звезды земные : Кушнеров Терентий Митрофанович // Наш край. Барановичи, 1997. 25 ноября.
  12. Тамкович, А. Кушнеровская искорка / А. Тамкович // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 9 декабря.
  13. Кушнеров, Т. Наш трудовой кодекс / Т. Кушнеров // Знамя коммунизма. Барановичи, 1971. 30 октября.
  14. Мальцев, Н. Иначе он не умеет / Н. Мальцев // Заря. 1971. 10 июля.
  15. Кушнеров, Т. Мы хозяева страны / Т. Кушнеров // Знамя коммунизма. Барановичи, 1970. 22 апреля.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1017 разоў Апошняя змена Чацвер, 15 Красавік 2021 11:03