Аўторак, 05 Лістапад 2019 11:06

2019 г. — 170 гадоў з часу пабудавання капліцы ў в. Закозель (Драгічынскі р-н; 1849), помніка архітэктуры стылю неаготыкі

Аграгарадок Закозель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці вядомы сваімі знакамітымі уладальнікамі з роду Ажэшкаў, якія атрымалі тут землі ў XVIII ст. Род Ажэшкаў быў вядомы ў розныя перыяды гісторыі Беларусі — яго прадстаўнікі займалі важныя дзяржаўныя пасады. Адна з прадстаўніц роду — Эліза Ажэшка (1841–1910), польская пісьменніца, грамадскі дзеяч. Яна выйшла замуж за памешчыка Пятра Ажэшку і пасялілася ў маёнтку Людвінава, што за 10 км ад Закозеля, часта бывала ў Закозелі. У час паўстання 1863–1864 гг. з’яўлялася сувязной атрадаў генерала Р. Траўгута. Пасля падаўлення паўстання маёнтак быў канфіскаваны, Пётр Ажэшка высланы, Эліза Ажэшка вярнулася на радзіму.

 

Капліца пабудавана ў цэнтры вёскі на ўзгорку з цэглы па праекце польскага архітэктара Францішка Яшчальда (1808–1873) у 1849 г. Фундатарам з’яўляўся Каліст Нікадзімавіч Ажэшка. Па прызначэнні — родавая пахавальня Ажэшкаў. Капліца ў Закозелі з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых будынкаў у стылі неаготыкі на тэрыторыі нашай краіны. Адзін з рэдкіх помнікаў архітэктуры, які адметны кампазіцыяй, высакаякасным матэрыялам і прафесійнай працай будаўнікоў, вонкавым і ўнутраным дэкорам тонкай насычанасці і складанасці.

Цэнтрычнае ў плане збудаванне накрыта дахам крыжовай формы, аздоблена пінаклямі, контрфорсамі, скульптурамі, арнаментальнай лепкай. Стральчаты ўваходны партал дэкараваны ўверсе гербамі Ажэшкаў (чугуннае ліццё). У капліцу вялі дзесяць каменных ступеней. Уваход быў асвечаны двума ліхтарамі, устаноўленымі на драўляных слупах. Крохкая архітэктурная дэкарацыя, мноства выцягнутых па вертыкалі ніш надаюць будынку лёгкасць. Аконныя стральчатыя праёмы і люкарны з пераплётамі гатычнага арнаментальнага малюнка запоўнены каляровымі вітражамі. У інтэр’еры зорчатае скляпенне з несапраўднымі ляпнымі нервюрамі. Асаблівым майстэрствам выканання адрозніваліся хоры і галоўны алтар капліцы, на яе сценах віселі іконы, напісаныя на палатне. У цэнтры залы — лесвіца, якая вядзе ў склеп-пахавальню.

На капліцы захаваліся два чыгунных шчыта з выяўленнямі двух галін роду Ажэшкаў, а таксама ўпрыгожваючыя скляпенне ажурныя нервюры. Некалі меўся дах з якасных медных лістоў, над якім велічна ўздымаўся вытанчаны шпіль з літым крыжом. Над кутамі даху, якія былі ўпрыгожаны спаранымі контрфорсамі, імкнуліся ўгару невялічкія вежы, побач з якімі стаялі скульптуры евангелістаў у чалавечы рост (не захаваліся). Вежкі цяпер у вельмі дрэнным стане. Галоўны шпіль над дахам яшчэ ў канцы 1980-х гг. трымаўся, але сёння яго няма. Медны дах, які падчас Першай сусветнай вайны быў зняты немцамі, аднавілі ў 1920-х, але з цягам часу і ён страціў сваю галоўную функцыю — сцерагчы будынак ад непагадзі. Паводле мясцовага падання, у шпілі капліцы, дзе была невялікая камора, хаваўся Р. Траўгут пасля падаўлення паўстання.

Падчас рэстаўрацыйных работ (2008) у падвальных памяшканнях капліцы-ўсыпальніцы сярод смецця былі знойдзены артэфакты, якія датуюцца XIX – першай паловай XX ст.: чыгунныя літыя фрагменты ўнутранага інтэр’ера капліцы, фрагменты драўлянай разьбы, бронзавыя дэталі трун, фрагменты слуцкіх паясоў, суконнай абіўкі трун і вопраткі пахаваных і г. д. Знаходкі былі перададзены Брэсцкаму абласному краязнаўчаму музею.

Таксама была знойдзена значная колькасць чалавечых костак з разбураных пахаванняў XIX ст. Вынікі антрапалагічнага аналізу пацвердзілі факт знаходжання ў капліцы астанкаў чатырох прадстаўнікоў роду Ажэшкаў. У канцы чэрвеня 2008 г. Драгічынскім раённым аддзелам культуры было арганізавана перазахаванне астанкаў каля капліцы ў адной магіле.

Зараз у Закозелі, на тэрыторыі былой палескай рэзідэнцыі Ажэшкаў, засталася частка паркавага ансамбля, маёнтак, а таксама будынак былой вінакурні (бровар). Капліца-ўсыпальніца — велічнае і адмысловае збудаванне, якое прыцягвае ўвагу знаўцаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Закозельская капліца стаіць у цяперашні час пасярод даволі прыбранага і прыгожага парку. Кожны год тут бывае шмат турыстаў з розных куткоў нашай краіны і блізкага замежжа, наведваюць капліцу маладажоны, фатаграфуюцца на яе фоне, здымаюцца відэакліпы.

 

                                                                                     Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Закозельская сядзіба // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 4. С. 22–23.
  2. Закозельская усадьба // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 385386.
  3. Капліца : [в. Закозель] // Каталіцкія храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 149–150.
  4. Закозельская сядзіба / А. М. Кулагін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск, 1993. С. 218.
  5. Закозельская сядзіба / А. М. Кулагін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 477.
  6. Закозель : [история деревни, описание каплицы] // Старинные усадбы Бересцейщины / А. Т. Федорук. Минск, 2004. С. 330–336.
  7. Усадьба : [д. Закозель] / А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 168–169.
  8. Сядзіба : [Заказельская сядзіба, часоўня-ўсыпальніца] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 149.
  9. Часовни-усыпальницы : [фото часовни-усыпальницы д. Закозель] // Летопись памяти поколений : мемориальная архитектура Беларуси / А. С. Сардаров. Минск, 2018. С. 100.
  10. Гістарычная і культурная спадчына Берасцейшчыны : [Заказельская капліца] // Інфармацыйны бюлетэнь. Брэст, 2016. № 3. С. 33.
  11. Капліца роду Ажэшкаў // Драгічынскі край : зямля і людзі. Пінск, 2015. С. 64.
  12. Усадьба и часовня-усыпальница рода Ожешко // 100 достопримечательностей Брестчины. Брест, 2014. С. 15.
  13. Закозель : [фото часовни и фрагментов её архитектуры, описание внешнего вида] // От Беловежской пущи до Полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 74–75.
  14. Закозель : земля и люди : [история деревни, описание каплицы-усыпальницы] / Яковчик Н. С. [и др.]. – Барановичи : Укруп. типография, 1999. – 136 с. : ил.
  15. Адамовіч, С. П. Сядзібна-паркавы ансамбль у в. Закозель / С. П. Адамовіч // Памяць. Драгічынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 458–465.
  16. Инвентарная опись… : 1868. Инвентарная опись каплицы-усыпальницы рода Ожешков в д. Закозель // Национальный архив Республики Беларусь в г. Гродно. Фонд 1. Опись 34. Единица хранения 3495.
  17. Башков, А. Родовая каплица Ожешков / А. Башков, О. Емельянчак // Матеріали і дослідження з археології Прикарпаття і Волині. 2010. Вип. 14. С. 339–344.
  18. Башков, А. А. Шляхетские резиденции Брестчины в свете археологических исследований: Ружаны, Скоки, Коссово, Закозель : монография / А. А. Башков. – Брест : БрГУ, 2017. – 287 с.
  19. Ажэшка Эліза / В. І. Гапава, А. А. Лабовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 56–57.
  20. Рассафонов, А. Надежда на спасение : [родовая усыпальница Ожешко имеет шансы на реконструкцию] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2019. 13 ліпеня. С. 2.
  21. Мечная, Н. Каплица в Закозеле : [вопросы сохранения уникального памятника ХІХ в.] / Наталья Мечная ; фото Александра Шульгача // Заря. 2019. 6 апреля. С. 8.
  22. Мечная, Н. Капліцы патрабуецца рэстаўрацыя : [пра Заказельскую капліцу-ўсыпальніцу] / Наталля Мечная // Заря. 2019. 19 января. С. 14.
  23. Рассафонов, А. Она одна такая — на всю республику : [каплица-усыпальница в агЗакозель] / Андрей Рассафонов ; фото Ивана Леончика // Драгічынскі веснік. 2019. 12 студзеня. С. 3.
  24. Цвірка, У. Заказель : [пра капліцу] / Уладзімір Цвірка // ЛіМ. 2018. 6 ліпеня (№ 26). С. 16.
  25. Лохіна, Я. Зямля Закозеля, гісторыі сведка... / Я. Лохіна // Драгічынскі веснік. 2017. 9 верасня. С. 15.
  26. Сацута, А. Закозельские параллели, или В чём сходство часовни-усыпальницы рода Ожешко и Кёльнского собора? / Алёна Сацута ; фото Александра Шульгача // Заря. 2017. 24 июня. С. 9.
  27. Котковец, А. Будет ли отреставрирована каплица? : [о состоянии Закозельской каплицы] / Алла Котковец // Заря. 2016. 7 июня. С. 6.
  28. Рассафонов, А. Они не должны исчезнуть : [Закозельская каплицадолжна быть отреставрирована] / Андрей Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2016. 24 верасня. С. 13.
  29. Гранік, С. Спадчына роду Ажэшкаў : [Закозельская капліца] / Сяргей Гранік // ЛіМ. 2013. 26 ліпеня (№ 29). С. 15.
  30. Граник, С. Тайны старого склепа : [А. Зубрицкий вспоминает о состоянии Закозельской каплицы-усыпальницы в 1949 г.] / С. Граник // Драгічынскі веснік. 2012. 3 лістапада. С. 4.
  31. Магдысюк, С. Тайна старого склепа : [об археологических находках в Закозельской часовне] / Сергей Магдысюк // Заря. 2008. 18 марта. С. 3.
  32. Яковчиц, И. Закозельская каплица будет восстановлена / Инна Яковчиц // Драгічынскі веснік. 2008. 9 ліпеня.
  33. Иринич, И. В фамильной усыпальнице Ожешко обнаружены ценные находки / И. Иринич // Обозреватель. 2008. 4 апреля. С. 10.
  34. Куницкий, П. Вальс с мумией, или главные открытия ещё впереди : [в д. Закозель Дрогичинского района начинается реставрация каплицы-усыпальницы рода Ожешко] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2008. 28 марта. С. 4.
  35. Козлович, В. Тайны склепа : под Дрогичином археологи нашли останки представителей рода Ожешко / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2008. 18 марта. С. 4.
  36. Гранiк, С. Помнiк архiтэктурнай неаготыкi : [капліца ў Закозелі] / Сяргей Гранiк // Драгiчынскi веснiк. 2006. 20 верасня.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 18 разоў Апошняя змена Аўторак, 05 Лістапад 2019 11:25