Аўторак, 05 Лістапад 2019 11:50

1 лістапада 2019 г. — 80 гадоў з часу стварэння Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь імя Р. Р. Шырмы (1939), заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла была створана ў г. Беластоку, які на той час уваходзіў у БССР, 1 лістапада 1939 г. Рыгорам Раманавічам Шырмам па даручэнні ўраду Беларускай ССР. Гэта быў першы ў заходніх абласцях Беларусі прафесійны музычны калектыў, які спачатку называўся Беларускім ансамблем песні і танца. Танцавальнай групай кіраваў балетмайстар Іван Маркавіч Хвораст (1902–1983), ураджэнец в. Кацёлкі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Першы канцэрт ансамбля адбыўся 23 лютага 1940 г. у Доме Чырвонай арміі ў Беластоку. У чэрвені 1941 г. ансамбль з поспехам выступаў у Маскве.

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р. Р. Шырмы даў больш за 840 канцэртаў і пабываў у 580 гарадах і раённых цэнтрах СССР. У канцы 1943 г. вярнуўся на Беларусь, Дзень Перамогі ансамбль сустрэў у Гродне. У 1950 г. ансамбль рэарганізаваны ў Дзяржаўны хор БССР. З 1952 г. хор пераведзены ў Мінск, у 1955 г. перайменаваны ў Дзяржаўную харавую капэлу БССР, найменне акадэмічнай нададзена ў 1957 г.

Харавую капэлу адрознівае высокая музычная культура, яркая эмацыянальнасць, багацце дынамічнай шкалы гучання, інтанацыйная чысціня, выразнасць і натуральнасць спеву. Калектыў высока адзначаны як крытыкамі, так і публікай. У багатым рэпертуары капэлы арганічна спалучаюцца класічныя шэдэўры, духоўныя спевы, апрацоўкі народных мелодый і сачыненні сучасных кампазітараў.

Рэпертуарны дыяпазон капэлы вельмі шырокі і разнастайны: гэта «Рэквіемы» Дж. Вэрдзі, В. А. Моцарта, Р. Шумана, Л. Керубіні, А. Брукнэра, І. Брамса, А. Дворжака, Г. Берліёза, І. Гайдна, Кс. Бенгверэла, Дз. Кабалеўскага; месы І. С. Баха, А. Брукнэра, В. А. Моцарта, Л. Бетховена, І. Гайдна, Дж. Пучыні; араторыі Дз. Шастаковіча, П. Чайкоўскага, С. Пракоф’ева, Г. Ф. Гендэля; сімфонія № 9 Л. ван Бетховена, «Сімфонія псалмоў» І. Стравінскага, сімфонія-меса Ф. Мендэльсона, сімфонія № 13 Дз. Шастаковіча; кантаты І. С. Баха, «Карміна Бурана» К. Орфа, «Поры года» Ё. Гайдна, «Аляксандр Неўскі» і «Іван Грозны» С. Пракоф’ева, «Ян Дамаскін» С. Танеева, «Масква» П. Чайкоўскага; духоўныя творы Дж. Вердзі, А. Брукнэра, А. Дворжака, Дж. Пергалезі, С. Манюшкі, А. Шонберга; хоры з опер Дж. Вердзі, Ж. Бізэ, Р. Вагнэра, А. Барадзіна, Дж. Пучыні, К. Вэбера, П. Масканьі, В. Бяліні; фрагменты мюзіклаў Дж. Гершвіна, Р. Роджэрса, Дж. Керна; харавыя шэдэўры С. Рахманінава, П. Чайкоўскага, П. Часнакова, А. Грачанінава, С. Танеева, Дз. Бартнянскага, М. Беразоўскага, А. Архангельскага; харавая музыка беларускіх кампазітараў.

Незвычайная працаздольнасць капэлы дазваляе штогод выпускаць некалькі паўнавартасных канцэртных праграм. У апошні час былі паспяхова здзейснены цікавыя праекты: выкананы «Месія» Г. Ф. Гендэля і «Поры года» Ё. Гайдна ў Іспаніі, араторыя А. Янчанкі «Апакаліпсіс» у Італіі, духоўныя творы сучасных беларускіх аўтараў на фестывалі «Дні музыкі кракаўскіх кампазітараў» у Польшчы, канцэртнае выкананне оперы Дж. Вердзі «Травіята» ў Іспаніі.

Калектыў прымаў удзел у музычных фестывалях у Германіі, Іспаніі, Італіі, Польшчы, Аўстрыі, Галандыі, Даніі, Францыі, Бельгіі, Люксембургу, у культурнай праграме Алімпійскіх гульняў у Барселоне (1992). Капэла стала ўладальніцай Гран-пры Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі ў г. Гайнаўка (Польшча; 2004).

Шырокі рэпертуар і высокая выканальніцкая культура даюць магчымасць калектыву з поспехам канцэрціраваць з рознымі сімфанічнымі аркестрамі. Сярод іх аркестры Маскоўскай, Санкт-Пецярбургскай, Белгарадскай, Харкаўскай, Валгаградскай, Данецкай, Кіеўскай, Віленскай, Іркуцкай філармоній, аркестр Герліцкага музычнага тэатра (Германія), аркестр Зялёна-Гурскай філармоніі (Польшча), аркестр Котбусскага музычнага тэатра (Германія). За пультам стаялі вядомыя дырыжоры: Ю. Яфімаў, М. Янсанс, Ц. Мынбаеў, В. Дуброўскі, Л. Крэмер, Р. Зэехавер, Ч. Грабоўскі, С. Сандэцкіс, Г. Праватораў, Ю. Дамаркас, В. Катаеў, Ю. Цырук, А. Янчанка, А. Дзмітрыеў, А. Анісімаў.

Беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, музычны і грамадскі дзеяч Р. Р. Шырма (1892–1978), ураджэнец в. Шакуны Пружанскага раёна, кіраваў капэлай да 1970 г. Рыгору Раманавічу былі прысвоены званні народнага артыста БССР (1949), народнага артыста СССР (1955), Героя Сацыялістычнай Працы (1977). Усё сваё творчае жыццё дбаў аб стварэнні беларускага харавога рэпертуару, творчасць капэлы адыграла важную ролю ў культурным жыцці Беларусі. У 1978 г. капэле прысвоена імя Р. Р. Шырмы.

Працавалі спевакі М. Тэадаровіч, Л. Царанкова, М. Шуманскі, В. Юневіч і інш., хормайстры А. Кагадаеў, В. Роўда, К. Паплаўскі, Я. Грамыка і інш. У розны час капэлай кіравалі У. Раговіч, А. Шунтаў. З 1987 г. мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — народная артыстка Беларусі Людміла Барысаўна Яфімава (1937–2018). Выхаванка Ленінградскай харавой школы, больш за дваццаць гадоў працавала выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя М. І. Глінкі. Пры яе кіраўніцтве капэла стала сапраўды ўніверсальным харавым калектывам, унікальным па сваім гучанні і неабмежаванасці рэпертуару. З 2018 г. капэлай кіруе Вольга Яўгенаўна Янум.

Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Р. Шырмы ў 2006 г. атрымала ганаровае званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Творчасць капэлы ўносіць вялікі ўклад у захаванне і прапаганду лепшых здабыткаў айчыннай і сусветнай вакальнай музыкі, падтрыманне ў грамадстве высокіх культурных традыцый, выхаванне павагі да сапраўдных мастацкіх каштоўнасцей.

 

                                                                                                Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

 

  1. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Р. Шырмы // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 145.
  2. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р. Р. Шырмы // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2012. Т. 3. С. 421422.
  3. Государственная академическая хоровая капелла Республики Беларусь имени Г. Р. Ширмы // Республика Беларусь : энциклопедия : в т. Минск, 2006. Т. 3. С. 164–165.
  4. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР імя Р. Р. Шырмы / Г. І. Цітовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 310–311.
  5. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла БССР імя Р. Р. Шырмы / Г. І. Цітовіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 4. С. 226.
  6. Шырма Рыгор Раманавіч / Л. С. Мухарынская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 608–609.
  7. Хвораст Іван Маркавіч / В. М. Яшчанка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 444.
  8. Яфімава Людміла Барысаўна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18. С. 319.
  9. Государственная академическая хоровая капелла Белорусской ССР. – Минск : Полымя, 1966. 15 с. : ил.
  10. Смольский, Б.С. Государственная академическая хоровая капелла БССР / Б. С. Смольский. – Минск, 1959. – 34 с.
  11. Шырма, Р. Р. Песня душа народа : публiцыстыка, фальклор, музыка, лiтаратура (1929–1939, 1944–1974 гг.) / Рыгор Шырма ; навук. рэд. Н. Гiлевiч ; уклад., камент., бiблiягр. В. Лiтвiнкi. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 1976. – 408 с.
  12. Беларускiя песнi / склад. Р. Шырма. – Мінск : Выдавецтва АН БССР, 1955. – 215 с.
  13. Марціновіч, А. Рыгор Шырма: з песняй праз усё жыццё / Алесь Марціновіч. – Мінск : Харвест, 2013 – 64 с. – (100 выдатных дзеячаў беларускай культуры).
  14. Рыгор Шырма / аўт.-склад. В. Дз. Ліцвінка. – Мінск : Беларусь, 1990. – 63 с.: іл.
  15. Нисневич, И. Г. Григорий Романович Ширма : очерк жизни и творчества / И. Г. Нисневич. – Москва : Музыка, 1971. – 80 с.
  16. Няспынны пошук гармоніі ; «Вось ізноў я спеў капэлы чую…» ; Песні Захвеі // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 403–408.
  17. Мушынская, Т. Споведзь і пакаянне : новы праект харавой капэлы імя Рыгора Шырмы / Таццяна Мушынская // Мастацтва. 2019. № 6. С. 24–25.
  18. Хлявіч, Д. «Хор — гэта крута!» : [гутарка з хормайстрам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы з нагоды 75-годдзя] / Дзмітрый Хлявіч // Мастацтва. 2015. № 6. С. 37–39.
  19. Цімошык, Л. Пад зоркай Рыгора Шырмы : што сёння спявае легендарны харавы калектыў — Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Шырмы / Ларыса Цімошык // Звязда. 2015. 4 красавіка. С. 6.
  20. Вакульская, М. Да вытокаў роднай песні : [мерапрыемствы з нагоды 75-годдзя Дзяржаўнай харавой капэлы імя Р. Р. Шырмы прайшлі ў Пружанах] / Марына Вакульская // Раённыя будні. Пружаны, 2014. 3 снежня. С. 5.
  21. Цімошык, Л. Куды кліча песня : Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла прысвяціла Рыгору Шырме незвычайны канцэрт / Ларыса Цімошык // Звязда. 2012. 21 студзеня. С. 8.
  22. Шырма, Р. Застаў ансамбль у цяжкім стане... : [невядомы ліст Р. Шырмы, які ён даслаў на імя сакратара ЦК КП(б)Б Ц. Гарбунова аб праблемах Беларускага дзяржаўнага ансамбля песні і танца (1943)] / Рыгор Шырма // Мастацтва. 2010. № 5. С. 50–51.
  23. Жураў, А. Уладар песень / Аляксандр Жураў // Полымя. 2006. № 7. С. 198–206.
  24. Жураў, А. У яго хоры кожны артыст : [успаміны пра харавы калектыў Р. Р. Шырмы] / Аляксандр Жураў // ЛіМ. 2002. 15 лютага (№ 7). С. 14.
  25. Гузаеўскi, П. Госць ганцавiчан — Дзяржаўная акадэмiчная капэла : [пра канцэрт Дзяржаўнай акадэмiчнай капэлы iмя Р. Шырмыў Ганцавічах] / П. Гузаеўскi // Спадарожнiк. Ганцавiчы, 2002. 29 лiстапада. С. 3.
  26. Ліцьвінка, В. Ён вярнуў народу тое, што ўзяў у яго : [з гісторыі стварэння Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы] / Васіль Ліцьвінка // Народная газета. 2000. 26 мая. С. 12–13.
  27. Харэвіч, С. …Імя Рыгора Шырмы : [пра дзейнасць Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р. Шырмы] / Сяржук Харэвіч // Культура. 2000. 25–31 сакавіка (№ 12). С. 14.
Чытаць 21 разоў