Аўторак, 19 Лістапад 2019 15:52

24 жніўня 2019 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Пятра Якаўлевіча Бажына (1939–2004), землеўпарадчыка, Героя Савецкага Саюза (1943)

Пётр Якаўлевіч Бажын нарадзіўся 24 жніўня 1914 г. у сяле Масляніна Барнаўльскага павета Томскай губерні (цяпер Навасібірскай вобласці) у сялянскай сям’і. Скончыў школу калгаснай моладзі (сем класаў), землеўпарадкавальнае аддзяленне Томскага сельскагаспадарчага тэхнікума (1937). Працаваў тэхнікам-землеўпарадчыкам у Навасібірску, стуль яго ў верасні 1937 г. прызвалі ў Чырвоную армію.

 

У красавіку 1941 г. Пётр Бажын скончыў Ленінградскае ваеннае пяхотнае вучылішча імя С. М. Кірава. У дзеючай арміі з 1 ліпеня 1941 г., ваяваў на Заходнім і Варонежскім франтах, камандаваў узводам, ротай, з лета 1943 г. — камандзір стралковага батальёна 42-й дывізіі. У 1943 г. прыняты ў члены партыі. 42-я дывізія ўдзельнічала ў вызваленні г. Кліна. Камандзір стралковага батальёна 136-га гвардзейскага стралковага палка 42-й гвардзейскай стралковай дывізіі 40-й арміі Варонежскага фронта гвардыі капітан Пётр Бажын вызначыўся пры фарсіраванні р. Дняпро на поўдзень ад Кіева.

Зводны стралковы батальён колькасцю 190 чалавек пад камандаваннем П. Я. Бажына ў ноч на 26 верасня 1943 г. пачаў фарсіраванне Дняпра на васямнаццаці лодках і трох паўпантонах. У час пераправы пад артылерыйскім агнём праціўніка затанулі пяць лодак, загінулі да 80 чалавек, былі страчаны ўсе 45-міліметровыя гарматы. Двое сутак батальён вёў бой за лес Япча, 28 верасня выйшаў да вёскі — апорнага пункта гітлераўцаў. Байцы атакавалі пункт з трох бакоў і захапілі яго. У батальёне засталіся 42 байцы і адзін мінамёт. У час наступлення на сяло Панікарча рэшткі батальёна трапілі ў акружэнне, выйсці з якога не змаглі. 18 чалавек і паранены ў нагу камбат апынуліся ў палоне, пра што не даведаліся ў штабе 42-й дывізіі і палічылі ўсіх загінушымі.

Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 29 кастрычніка 1943 г. за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі капітану П. Я. Бажыну пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Буйнейшая бітва на тэрыторыі Украіны — фарсіраванне Дняпра і вызваленне Кіева — мела важнае ваенна-стратэгічнае значэнне. За масавы гераізм у баях за Кіеў звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены 2438 чалавек, у т. л. 1779 рускіх.

П. Я. Бажын прайшоў фашысцкія канцлагеры ў Польшчы і Германіі, быў вызвалены Чырвонай арміяй у 1945 г. Як усе былыя ваеннапалонныя праходзіў праверку ў фільтрацыйным лагеры. У 1945–1948 гг. служыў у сістэме Міністэрства ўнутраных спраў СССР. Яго назначылі начальнікам лагера для нямецкіх ваеннапалонных, які размяшчаўся ў раёне пас. Фаніпаль Мінскай вобласці. Ваеннапалонныя рамантавалі і будавалі дарогі.

З 1954 г. П. Я. Бажын працаваў землеўпарадчыкам у Гродзенскай вобласці, з 1958 г. — у Баранавічах, у 1961–1976 гг. — начальнікам Баранавіцкага землеўпарадкавальнага атрада, філіяла праектнага інстытута «Брэстгіпразем». Сваю справу Пётр Якаўлевіч ведаў выдатна, да падначаленых адносіўся добра, аберагаў маладыя кадры, праблемныя пытанні вырашаў без павышэння голасу, карыстаўся заслужаным аўтарытэтам і павагай.

Толькі ў 1961 г., калі яго адшукалі аднапалчане, даведаўся аб ўзнагароджанні высокім званнем Героя Савецкага Саюза. Яму былі ўручаны ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка», для чаго Пятра Якаўлевіча запрасілі ў Мінск. За баявую дзейнасць таксама ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалямі.

Жонку, Вольгу Міхайлаўну, сустрэў у Нясвіжскім раёне, у іх нарадзілася дачка Лілія. Жылі ў в. Астраўкі Нясвіжскага раёна, потым атрымалі кватэру ў г. Баранавічы па вул. Чапаева. Пётр Якаўлевіч жыў сціпла, як Героя Савецкага Саюза яго запрашалі ў працоўныя калектывы, але ён быў нешматслоўны, ухіляўся выступаць перад моладдзю, нават сябрам і родным мала расказваў аб перажытым, усю боль насіў у сабе.

П. Я. Бажын памёр 16 красавіка 1978 г., пахаваны на могілках па вул. Загараднай г. Баранавічы. Яго імя ўвекавечана на памятным знаку ў г. п. Гвардзейскае Днепрапятроўскай вобласці (Украіна), на Алеі Герояў ля Манумента Славы ў Навасібірску. 22 жніўня 2013 г. урачыста адкрыта мемарыяльная дошка П. Я. Бажыну на будынку УП «Праектны інстытут Брэстгіпразем» (вул. Малая, 3/1). 3 сакавіка 2017 г. на малой радзіме ў р. п. Масляніна на будынку СШ № 1 адкрыта мемарыяльная дошка.

 

                                                                                        Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

  1. Бажин Пётр Яковлевич / С. А. Зинович // Брэст. 1000 = Брест. = Brest : энциклопедия / сост. А. Вабищевич. Минск, 2019. С. 49–50.
  2. Бажин Петр Яковлевич // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 104.
  3. Бажин Петр Яковлевич // Новосибирцы Герои Отечества. Новосибирск, 2010. С. 63.
  4. Участник Великой Отечественной войны : Бажин Петр Яковлевич // Они вернулись с Победой. Новосибирск, 2005. Т. 2. С. 3334.
  5. «Где ты появился на свет...» : [о жизненном пути П. Я. Бажина] // «Малая родина совсем не мала» : альбом / сост. В. А. Подсухина. Маслянино, 2001. С. 88.
  6. Перфильев, А. И. Герои Советского Союза : Бажин Петр Яковлевич // На отрогах Салаирского кряжа : краткий исторический очерк к 70-летию Маслянинского района, 1924-1994 / А. И. Перфильев. Новосибирск, 1994. С. 105.
  7. Бажин Петр Яковлевич // Днепр — река героев. Киев, 1983. С. 283–284.
  8. Землеустроители — Герои Советского Союза в Великой Отечественной войне : [о первом директоре проектного института «Брестгипрозем» Герое Советского Союза П. Я. Бажине] // Земля Беларуси. 2014. № 4. С. 7–11.
  9. Рекуц, С. Судьбы нелегкие виражи : [об открытии мемориальной доски П. Я. Бажину на здании УП «Брестгипрозем»] / Сергей Рекуц // Заря. 2013. 29 августа. С. 19.
  10. Бажин П. Я. : [некролог] // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 19 апреля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1002 разоў Апошняя змена Серада, 13 Студзень 2021 15:41