Пятніца, 29 Лістапад 2019 10:09

2019 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Алеся (Аляксандра Пятровіча) Шаўцова (1954–1987), пісьменніка

Аляксандр Пятровіч Шаўцоў нарадзіўся ў 1954 г. у г. Давыд-Гарадку Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці яго, гарадчанка Наталля Мікалаеўна (у дзявоцтве Стахейка). Бацька, Пётр Захаравіч Шаўцоў, літаратуразнавец, даследчык паэм «Энеіда навыварат» i «Тарас на Парнасе» — аб гэтых творах напісаў кнігу «Спрадвечнае» (1973) — працаваў рэдактарам у выдавецтве «Мастацкая літаратура». Жылі Шаўцовы ў г. Крычаве Магілёўскай вобласці, дзе Алесь скончыў сярэднюю школу, потым у Мінску.

 

Першыя творы пятнаццацігадовага аўтара з’явіліся ў друку ў 1969 г. Вострыя, злабадзённыя і вясёлыя, яны прыцягвалі ўвагу чытачоў рэспубліканскіх і саюзных газет і часопісаў. Пасля заканчэння школы Аляксандр Шаўцоў паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Вучоба не шкодзіла маладому творцу, а наадварот: студэнцкае жыццё давала добры матэрыял для з’яўлення новых і новых апавяданняў, замалёвак, мініяцюр. Пасля атрымання дыплома працаваў урачом на «хуткай», спецыялізаваўся ва ўралогіі.

А. П. Шаўцоў падрыхтаваў да выдання першую кнігу сваёй прозы «Как я боролся с гриппом...» (1981), пад вокладкай якой змясціў трыццаць дзевяць твораў. Прадмова да кнігі была напісана народным пісьменнікам Беларусі Іванам Шамякіным, які вельмі высока ацаніў як творы, так і талент маладога мастака слова.

Асаблівую цікавасць выклікае цыкл апавяданняў «Как я боролся с гриппом...», які даў назву ўсёй кнізе. Ён напісаны ад імя першай асобы, што надае яму асаблівую лірычнасць, шчырасць. Частка апавяданняў кнігі напісана Алесем Шаўцовым з гумарыстычным і нават сатырычным падтэкстам. Аўтар дасціпна смяецца з тых герояў, якія трапілі ў камічныя сітуацыі («Средство похудеть», «Телефон», «Именины»), іранізуе з лайдакоў, злодзеяў, людзей нахабных і зайздросных («Рацпредложение», «Копейка», «Я у телефона»). Як піша І. Шамякін, Алесь Шаўцоў «любіць людзей і, раскрываючы іх слабасці, смяецца з адной мэтай: вылечыць будучых чытачоў ад некаторых маральных „хвароб“».

Некаторыя мініяцюры Алеся Шаўцова нагадваюць байкі ў прозе: у іх прысутнічае сюжэтная частка і мараль — выснова ўсіх аўтарскіх разважанняў. Пісьменнік выкарыстоўвае для перадачы ідэйнага зместу традыцыйныя для еўрапейскай байкі алегарычныя вобразы з уласцівымі для іх маральнымі і інтэлектуальнымі якасцямі.

Алесь Шаўцоў праявіў сябе як майстра кароткай эпічнай формы. У 1980-я гг. у беларускай літаратуры творы-мініяцюры былі вельмі папулярнымі. Абразкі, эцюды, замалёўкі, камічныя апісанні, жарты можна знайсці ў творчасці многіх мастакоў слова. Гэтыя жанры даюць магчымасць канцэнтравана выкласці аўтару сваю задуму, аператыўна перадаць заўважаны ў жыцці цікавы выпадак.

Аляксандр Пятровіч быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Часта прыязджаў да родных у Давыд-Гарадок, сябраваў са стрыечнай сястрой Валянцінай Міхайлаўнай Ціхан, на два гады маладзейшай. Яны мелі агульнае захапленне — выяўленчае мастацтва. Валянціна Міхайлаўна пісала рэалістычныя пейзажы алейнымі фарбамі, а Аляксандр Пятровіч любіў маляваць у стылі «мульцяшак».

Кніга «Как я боролся с гриппом...» сведчыць аб вялікім творчым патэнцыяле аўтара, які, на жаль, не рэалізаваўся поўнасцю ў будучай мастакоўскай дзейнасці. А. П. Шаўцоў раптоўна памёр ад нядоўгай хваробы (анеўрызма аорты) у 1987 г.

 

                                         Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы А. Шаўцова

 

  1. Как я боролся с гриппом… : рассказы и юморески / Алесь Шевцов ; [предисл. И. Шамякина]. – Минск : Мастацкая літаратура, 1981. – 159 с. – (Первая книга прозаика).
  2. Двойка па хіміі : гумарэска / Аляксандр Шаўцоў // Настаўніцкая газета. 1987. 1 верасня.
  3. Вялікая вада : гумарэска / Аляксандр Шаўцоў // Мінская праўда. 1987. 4 красавіка.
  4. Исповедь старого холостяка : юмореска / Алесь Шевцов // Сельская газета. 1987. 8 марта.
  5. Не ўцяміў : [гумарэска] / Алесь Шаўцоў // Вожык. 1983. № 17. С. 9.
  6. Несучасны : гумарэска / Аляксандр Шаўцоў // Вожык. 1982. № 16. С. 7.
  7. Новая тэма : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Вожык. 1981. № 23. С. 6.
  8. Як дзеці ; Ці ўсё так проста? : кароткія апавяданні / Алесь Шаўцоў // Магілёўская праўда. 1981. 19 жніўня.
  9. Рекорд : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1980. 2 ноября.
  10. Імяніны : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Беларусь. 1977. № 5. С. 31.
  11. Рацпрапанова : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Беларусь. 1976. № 11. С. 25.
  12. Красворд : гумарэска / Алесь Шаўцоў // Чырвоная змена. 1976. 1 красавiка.
  13. Путь к успеху : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1974. 7 ноября.
  14. На старте : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1973. 2 декабря.
  15. Шевцов, А. Первый мускул : юмореска / Алесь Шевцов // Физкультурник Белоруссии. 1973. 24 ноября.
  16. Пiце квас : гумарэска / Алесь Шаўцоў // ЛiМ. 1973. 14 верасня. С. 16.

 

Аб жыцці і творчасці А. Шаўцова

 

  1. Алесь Шаўцоў // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзiч. Брэст, 2008. С. 509–511.
  2. Шамякин, И. В добрый час! / Иван Шамякин // Как я боролся с гриппом… / Алесь Шевцов. Минск, 1981. С. 3–4.
  3. Шаўцоў, П. З. Спрадвечнае : даследаванне аб часе i месцы напiсання «ананiмных» паэм «Энеiда навыварат»i «Тарас на Парнасе» / Пятро Захаравіч Шаўцоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 271 с.
  4. Шаўцоў, П. З. Спрадвечнае : даследаванне аб часе i месцы напiсання «ананiмных» паэм «Энеiда навыварат»i «Тарас на Парнасе» / Пятро Захаравіч Шаўцоў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 270 с.
  5. Шаўцоў, П. Сямейнае паданне / Пятро Шаўцоў // Полымя. 1971. № 10. С. 203–220.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1269 разоў Апошняя змена Аўторак, 18 Май 2021 15:15