Панядзелак, 16 Снежань 2019 08:41

2019 г. — 610 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Бездзеж (Драгічынскі р-н; 1409)

Летапісная гісторыя Драгічыншчыны пачынаецца з глыбокай даўніны, з запісу 1005 г., дзе апавядаецца пра хрышчэнне Здзітаўскай зямлі. Але старажытны Здзітаў, які стаяў тады на паўднёвым баку Ясельды, недалёка ад сучасных Старамлын, перастаў існаваць яшчэ з сярэдзіны ХVІІ ст. Таму права «первапісу», як у ранейшыя часы называлі першае пісьмовае ўпамінанне, перайшло да Бездзежа. Першая згадка пра Бездзеж — 24 мая 1409 г. у «Даравальнай грамаце Вялікага князя Літоўскага Вітаўта касцёлу Дзевы Марыі ў Новых Троках на воласць Бездзеж». Такім чынам, Бездзеж па праве можна лічыць старажытнейшым населеным пунктам Драгічыншчыны.

 

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) мястэчка ўвайшло ў склад Пінскага паветаБерасцейскага ваяводства ВКЛ.

Пра гады мінулыя расказвае бездзежская прыдарожная капліца «Чырвоная вежа» (пасля нядаўняй рэстаўрацыі яна белага колеру). Мясцовыя гісторыкі лічаць, што «Чырвоная вежа» або «каплычка», па-мясцоваму «віжа», якая знаходзіцца на могілках, пабудавана ў першай палове ХVІІI ст. Аб гэтым сведчаць «Описание достопримечательностей Гродненской губернии» 1898 г. і кніга расійскага гісторыка і этнографа Ерамея Раманава «К археологии северо-западного края России» (1911). Пабудавана вежа, па адной з версій, як напамін пра знішчэнне Бездзежа шведамі ў 1706 г.

8 верасня1771 г. прыхільнікі Барскай канфедэрацыі пад камандай гетмана вялікагаМіхала Казіміра Агінскага ў бітве пад Бездзежам прымусілі невялікі расійскі атрад скласці зброю. З 1783 г. Бездзеж у ліку каралеўскіх маёнткаў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Бездзеж апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Кобрынскім павеце Слонімскай, з 1797 г. Літоўскай, з 1801 г. Гродзенскай губерні. Штогод тут праводзілі чатыры кірмашы. У 1817 г. з’явілася першая школа. У 1825 г. пабудаваны першы свецкі каменны будынак. Пад канец ХІХ ст. мястэчка паступова страціла сваё эканамічнае значэнне, перастала развівацца з-за адлегласці ад чыгункі. У 1905 г. — сяло, 1360 жыхароў.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Бездзеж знаходзіўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, стаў цэнтрам гміны Драгічынскага павета Палескага ваяводства. З 1939 г. Бездзеж увайшоў у Беларускую ССР, з 1940 г. вёска стала цэнтрам сельсавета Драгічынскага раёна.

У час Вялікай Айчыннай вайны жыхары Бездзежа змагаліся ў партызанскіх атрадах і на франтах, загінулі 146 чалавек. Для увекавечання памяці аб іх у 1975 г. устаноўлены помнік — скульптура воіна з аўтаматам.

У 1949 г.у Бездзежы створаны калгас «Новы шлях». З 2003 г. калгас пераўтвораны ў СПК «Бездзеж-агра», а затым у ААТ «Бездзеж-агра». У 1959 г. у вёсцы 1638 жыхароў, у 1970 г. — 1780, у 1995 г. — 1142 жыхары.

Аграгарадок Бездзеж мае сярэднюю школу, бальніцу, дзіцячы сад, сельскую бібліятэку, Дом культуры, дзіцячую музычную школу, музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» (адкрыты 17 студзеня1999 г.) і падвор’е «Каля Плэса» (2012), аддзяленне сувязі, магазіны. Дзейнічаюць дзве праваслаўныя царквы — Святой Тройцы (пабудавана як уніяцкая ў 1784 г., з 1865 г. — праваслаўная) і Нараджэння Хрыстова (2002), а таксама мураваны каталіцкі Троіцкі касцёл у стылі неакласіцызму (1915). У ліку бездзежскіх славутасцей традыцыі народнага ручнога ткацтва і вышыўкі, рэдкі ў Беларусі від дрэва — чорная бяроза (Betulanigra), геадэзічны памятны знак «Дуга Струвэ» (устаноўлены ў 2013 г.).

У мясцовым царкоўным прыходзе ў жывым выглядзе захаваўся абрад «Стрылка», які адбываецца ў першы дзень Вялікадня. Гэта ўнікальная з’ява, да якой старанна рыхтуюцца і якая з’яўляецца ўстойлівым элементам мясцовай культуры. Сутнасць вясновага абрадавага карагода «Стрылка» — у дазволе забаў і гулянняў пасля Вялікага посту, гэта своеасаблівы зварот да вышэйшых сіл з надзеяй на новы багаты ўраджай, лепшую долю, шчасце і здароўе для малых і дарослых, для ўсіх вяскоўцаў. Пасля Велікоднай службы ў царкве (служба ў Бездзежы называецца «Нешпар») усе збіраюцца на плошчы ля крыжа, дзе бацюшка акрапляе прысутных вадой, і завадатар (самая старэйшая паважаная жанчына, якая мае добрую сям’ю) ставіць маленькіх дзяўчынак-«зярнятак» у выглядзе трохкутніка, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца вакол іх па сонцу, агінаючы «зярнятак» у выглядзе падковы, спяваючы карагодную песню. Адметна, што ў абрадавым карагодзе ўдзельнічаюць толькі дзяўчаты і жанчыны.

Бездзеж — малая радзіма Івана Пятровіча Пратасевіча (1940–1990), доктара медыцынскіх навук, прафесара, дэкана лячэбнага факультэта Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта (1987–1990). Бездзежскую сярэднюю школу закончыў Уладзімір Мацвеевіч Здановіч, дзяржаўны дзеяч, магістр педагогікі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Елісеева Валянціна Уладзіміраўна, бібліёграф ІІ кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Бездзеж // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 373.
  2. Бездзеж // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 525–527.
  3. Бездеж // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 67–68.
  4. Бездзеж // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3, кн. 1. С. 256–258.
  5. Бездзеж // Памяць. Драгiчынскi раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 1997. С. 7, 20, 23, 33–34, 40–41, 44, 50–51, 55, 57, 59–61, 63, 65, 70, 87, 105–106, 115–116, 122, 137, 220, 264, 476, 488–492, 494, 511–512, 561.
  6. Бездзеж / Т. І. Ляўданская // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 320.
  7. Бездзеж // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 200.
  8. Bezdzież // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1880. T. I : Aa – Dereneczna. S. 163.
  9. «Бездеж-агро» // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 228.
  10. Костёл / Т. В. Габрусь. Мемориальная колонна / В. Б. Короткевич. Памятник землякам. Троицкая церковь / Т. В. Габрусь : [д. Бездеж] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 164–165.
  11. Соркіна I.Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. / Іна Соркіна. Вільня [Вільнюс]: ЕГУ, 2010. С. 413.
  12. [Бездеж] // Чтения в императорском обществе истории и древностей российских при московском университете. Москва, 1899. С. 5–6.
  13. [Бездзеж] // Гістарычная і культурная спадчына Берасцейшчыны. Брэст, 2016. С. 145.
  14. Минкевич, Л. Бездежский фартучек // Самые необычные музеи Беларуси : [для мл. шк. возраста] / Людмила Минкевич. Минск, 2017. С. 6–7.
  15. Кулагін, А. М. Капліца. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы : [в. Бездзеж] // Каталіцкія храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 32–33.
  16. Кулагін, А. М. Царква ў гонар Святой Троіцы. Царква ў гонар Ражджаства Хрыстовага : [в. Бездзеж] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 42–43.
  17. Стрілка : [аб Велікоднай традыцыі в. Бездзеж Драгічынскага раёна] // «Ядраное жыта гаспадара кліча...» : каляндарны год у абрадах і звычаях / Т. В. Валодзіна, Т. І. Кухаронак. Мінск, 2015. С. 178–180.
  18. Этнографический музей «Бездежский фартушок» // 100 достопримечательностей Брестчины. Брест, 2014. С. 14.
  19. Дрогичинский район : [туристическая «жемчужинка» Бездежа — этнографический музей «Бездежский фартушок»] // От Беловежской пущи до Полесских болот. Минск. 2013. С. 68, 71, 7273.
  20. Музей народнай творчасці «Бездзежскі фартушок» / Драгічынскі райвыканкам Драгічын : [б. в.], 2002. 2 с.
  21. Мечная, Н. Бездзеж юбіляр! : [аднаму са старэйшых населеных пунктаў Драгічынскага раёна споўнілася 610 год] / Наталля Мечная // Заря. 2019. 21 сентября. С. 17.
  22. Ткачук, Н. Льняная нітачка ў спадчыну : [аб гісторыі стварэння музея народнай творчасці «Бездзежскі фартушок»] / Ніна Ткачук // Драгічынскі веснік. 2019. 26 студзеня. С. 1, 12–13.
  23. Мечная, Н. Са «Сваякамі» і мясцовымі фартушкамі / Наталля Мечная // Драгічынскі веснік. 2019. 2 кастрычніка. С. 7.
  24. Курец, А. Якубович подтанцовывал «Сваякам» : бездежские таланты на «Поле чудес» : [директор музея «Бездежский фартушок» М. Остапович и коллектив работников культуры «Сваякі» побывали на передаче «Поле чудес»] / Александр Курец ; фото предоставлено Марией Остапович // Сельская газета. 2018. 22 декабря. С. 32.
  25. Мехтиев, А. Будущее — это свет, а космос — это будущее : [президент ассоциации участников космических полётов Бонни Дамбар и лётчик-испытатель Мишель Тонни посетили музей «Бездежский фартушок»] / А. Михтеев // 7 дней. 2018. 27 сентября (№ 39). С. 30.
  26. Рассафонов, А. Ржаной хлеб по старинным рецептам будут готовить в «Бездежском фартушке» / А. Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2018. 22 верасня. С. 2.
  27. Шафран, Г. «Збылося тое, аб чым і не снілася!» : дырэктар музея «Бездзежскі фартушок» М. М. Астаповіч — аб падарожжы ў Маскву, удзеле ў папулярным тэлешоу «Поле цудаў», удзячнасці Леаніду Якубовічу і землякам / Галіна Шафран ; фота з архіва музея «Бездзежскі фартушок» // Драгічынскі веснік. 2018. 22 снежня. С. 12, 14.
  28. Шафран, М. З чарговай узнагародай! : [дырэктар музея «Бездзежскі фартушок» М. М. Астаповіч узнагароджана ганаровай граматай «За добрасумленную працу, значны ўклад у справу адраджэння і захавання нацыянальнай культуры»] / Марына Шафран // Драгічынскі веснік. 2018. 7 сакавіка. С. 3.
  29. Шафран, М. Юные зарубежные гости — в музее «Бездежский фартушок» : [школьники из Германии посетили музей] / Марина Шафран // Драгічынскі веснік. 2018. 31 сакавіка. С. 13.
  30. Бизюк, Т. Без фартушка в свет ни ногой : [о деятельности музея народного творчества «Бездежский фартушок»] / Татьяна Бизюк ; фото автора // Сельская газета. 2017. 24 июня. С. 18 (приложение: Сельчанка ; № 6).
  31. Мечная, Н. Загадкавае свята Купалле : [святкаванне ў Бездзежы] / Наталля Мечная // Драгічынскі веснік. 2017. 12 ліпеня. С. 3.
  32. Шафран, Г. Не перасыхае крыніца народнай творчасці... : [аб свяце фальклорнага мастацтва «Таночак» у Бездзежы] / Галіна Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 27 мая. С. 1, 4.
  33. Шафран, М. Сеюць беларускае слова ў замежжы : [польскія госці наведалі музей «Бездзежскі фартушок»] / Марына Шафран // Драгічынскі веснік. 2017. 16 верасня. С. 14.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 347 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 15:37