Серада, 15 Студзень 2020 13:53

15 студзеня 2020 г. — 80 гадоў з часу ўтварэння Камянецкага раёна (1940)

Камянецкі раён Брэсцкай вобласці ўтвораны 15 студзеня 1940 г. Адміністрацыйна раён падзелены на гарадскі (Высокаўскі) і 13 сельскіх саветаў, якія ўключаюць у сябе 234 сельскія населеныя пункты, у т. л. 17 аграгарадкоў. Раённы цэнтр — горад Камянец, які заснаваны ў 1276 г. У 1959–1962 гг. у складзе раёна знаходзіўся г. п. Жабінка. 17 красавіка 1962 г. далучана тэрыторыя скасаванага Высокаўскага раёна. Насельніцтва Камянецкага раёна на 1 студзеня 2019 г. складае 34 388 чалавек (беларусы 82 %).

 

Займае плошчу ў 1,7 тыс. кв. км і размяшчаецца на паўночным захадзе Брэсцкай вобласці. Мяжуе з Польшчай, Брэсцкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім і Пружанскім раёнамі Брэсцкай вобласці, Свіслацкім раёнам Гродзенскай вобласці. Паверхня ўзгорыста-раўнінная. Па тэрыторыі раёна працякае рака Заходні Буг з прытокамі Лясная і Пульва, знаходзяцца 34 вадаёмы, буйнейшы з іх — возера Сіпурка плошчай 29,7 га. Лясістасць складае 27 %. Раён адносіцца да Прыпяцкага гідралагічнага раёна. Тыпы глеб: дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя і супесі. Геаграфічны раён — Палескі.

Па тэрыторыі Камянецкага раёна праходзіць чыгунка ў кірунку Брэст – Беласток. Бліжэйшая чыгуначная станцыя — Жабінка, за 28 км ад Камянца. Дзейнічаюць пункты пропуску цераз дзяржаўную мяжу: Высока-Літоўск – Чарэмха, Пясчатка – Полаўцы, Перароў – Белавежа.

Камянецкі раён — адзін з найбуйнейшых раёнаў Брэсцкай вобласці па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Пад сельгасугоддзямі занята 50 % тэрыторыі раёна. Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, буракаводства, вырошчваюцца збожжавыя і кармавыя культуры, бульба. У аграпрамысловы комплекс раёна ўваходзяць 10 адкрытых акцыянерных таварыстваў, найбуйнейшыя з іх: ААТ «Савушкіна пушча», ААТ «Відамлянскае» і ААТ «Белавежскі» — шматпрофільны аграпрамысловы гігант, у яго склад уваходзяць свінагадоўчы комплекс на 115 тыс. галоў свіней, камбікормавы завод прадукцыйнасцю 20 тон у гадзіну, мясакамбінат, каўбасны цэх, сетка фірмовых крамаў прадстаўлена 21 гандлёвым аб’ектам. На тэрыторыі раёна дзейнічае малакаперапрацоўчае прадпрыемства СААТ «Белавежскія сыры». Самае буйное прамысловае прадпрыемства раёна — ТАА «Аграпрадукт», якое спецыялізуецца на перапрацоўцы алейных культур (рапс, соя, сланечнік).

У раёне зарэгістравана больш за 560 індывідуальных прадпрымальнікаў, асноўнымі відамі дзейнасці якіх з’яўляецца аказанне рознага роду паслуг, гандаль і вытворчая дзейнасць. Актыўна развіваецца агратурыстычны бізнес. Турыстаў гасцінна чакаюць у 73 аграсядзібах.

У сістэме аховы здароўя дзейнічаюць Камянецкая цэнтральная раённая бальніца, Высокаўская гарадская бальніца, 8 амбулаторый, 13 ФАПаў. На тэрыторыі раёна знаходзіцца рэспубліканскі санаторый для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў «Белая вежа», у якім на працягу года праходзяць аздараўленне больш за 4,5 тыс. чалавек.

Сетку ўстаноў сістэмы адукацыі Камянецкага раёна прадстаўляюць 49 устаноў: гімназія, 17 сярэдніх школ, 3 базавыя школы, 20 устаноў дашкольнай адукацыі, 2 цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, цэнтр турызму і краязнаўства, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву «Пушча». Функцыянуюць установы абласнога падпарадкавання: санаторная школа-інтэрнат і Высокаўскі сельскагаспадарчы прафесійна-тэхнічны каледж.

Да паслуг жыхароў — 29 клубных устаноў. Развіццю творчых здольнасцей жыхароў раёна садзейнічае шырокая сетка гурткоў і клубаў па інтарэсах. 12 калектываў маюць званне «народны» і «ўзорны». Працуюць 4 дзіцячых школы мастацтваў, музычная школа. Бібліятэчным абслугоўваннем насельніцтва займаеца 31 бібліятэка. Усе яны аб’яднаны ў ДУК «Камянецкая раённая бібліятэчная сістэма».

На тэрыторыі раёна знаходзяцца 122 помнікі гісторыі і культуры, у т. л. 20 — археалогіі, 40 — архітэктуры, 62 — гісторыі. Гэта палацава-паркавыя ансамблі Сапегаў-Патоцкіх у Высокім і Пузынаў на хутары Грымяча, Троіцкі касцёл у Воўчыне. Гонар раёна — «Камянецкая вежа», помнік абарончага дойлідства ХІІІ ст., у якім размешчаны філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

У аг. Камянюкі знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр сусветна вядомага Нацыянальнага парку «Белавежская пушча». Першабытны лясны масіў плошчай больш за 500 кв. км унікальны сваёй разнастайнай флорай і фаўнай, багатай гісторыяй. Турыстам прапануюць наведаць: музей прыроды, экскурсійныя вальеры з зубрамі і іншымі жывёламі, сядзібу Дзеда Мароза. У 2019 г. у НП «Белавежская пушча» адкрыўся археалагічны музей пад акрытым небам. У аснове музея-скансэна — 7 частак, якія будуць адлюстроўваць розныя эпохі: ад мезаліту да Сярэднявечча.

Воўчын — радзіма апошняга польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, польскага мастака-графіка Зігмунта Фогеля. У Шастакова нарадзіўся адзін з кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гг. Рамуальд Траўгут, у Такарах — гісторык, першы прэзідэнт Акадэміі навук БССР Усевалад Ігнатоўскі. Камянец — радзіма палітычнага і царкоўнага дзеяча ХVІІІ ст. Міхаіла Карповіча, мастака-жывапісца Фёдара Дарашэвіча. У Расне працаваў двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Бядуля. У Камянецкім раёне нарадзіліся беларускія пісьменнікі Уладзімір Гніламёдаў, Васіль Жуковіч, многія іншыя знакамітыя людзі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Камянецкі раён / С. І. Сідор // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 555–556.
  2. Камянецкі раён // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2013. Т. 4. С. 327–329.
  3. Каменецкий район // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 440–441.
  4. Камянецкі раён // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4.
    С. 5–102.
  5. Камянецкі раён / Людміла Календа // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 80–81.
  6. Каменецкий район // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 854–855.
  7. Каменецкий район // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области. Минск, 2013. С. 112–123.
  8. Каменецкий район : справочно-информационный материал. – Брест, 1998. – 16 с.
  9. Каменецкий район // 100 достопримечательностей Брестчины. Брест, 2019. С. 38–42.
  10. Каменецкий район // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 217–241.
  11. Камянецкі раён / М. У. Амельянчук // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 362–363.
  12. Каменецкий район. – Брест : Брестская типография, 2008. – 30 с. : ил.
  13. Каменец : [фотоальбом]. – Каменец : Редакцыя газеты «Навіны Камянеччыны», 2012. – 151 с. : ил.
  14. Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка / рэдактары-складальнікі: Г. П. Парафянюк, Р. Я. Смірнова. – Мінск : Ураджай, 1997. – 526 с. : [8] л. іл.
  15. Совпель, А. Мы и под их защитой : 80 лет со дня образования Каменецкого района / Анна Совпель // Навіны Камянеччыны. 2019. 21 снежня (№ 51). С. 1819.
  16. Ковпанько, Н. Жизнь кипит! : к 80-летию со дня образования Каменецкого района / Наталия Ковпанько // Навіны Камянеччыны. 2019. 14 снежня (№ 50). С. 18.
  17. Трибулева, Е. Вектор развития : к 80-летию образования Каменецкого района / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2019. 7 снежня (№ 49). С. 1819.
  18. Савчук, Н. Траектория времени и созидания : развитие экономического потенциала района: вчера и сегодня / Надежда Савчук // Навіны Камянеччыны. 2019. 30 лістапада (№ 48). С. 1819.
  19. Лобко, А. 10 сельхозорганизаций : перечень хозяйств, которые реорганизованы, и имена их руководителей, которые в районе возглавляли хозяйства более 10 лет / Алла Лобко // Навіны Камянеччыны. 2019. 23 лістапада (№ 47). С. 1618.
  20. Лобко, А. Сельское хозяйство Каменетчины в цифрах, фактах, лицах / Алла Лобко // Навіны Камянеччыны. 2019. 16 лістапада (№ 46). С. 1819.
  21. Страницы истории : к 80-летию образования Каменецкого района // Навіны Камянеччыны. 2019. 2 лістапада (№ 44). С. 18.
  22. 80 гадоў, як адзін дзень // Навіны Камянеччыны. 2019. 21 верасня (№ 38). С. 20.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 334 разоў Апошняя змена Серада, 23 Снежань 2020 12:20