Серада, 15 Студзень 2020 13:59

2020 г. — 70 гадоў з пачатку стварэння заслужанага аматарскага аркестра рускіх народных інструментаў Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы (1950)

Заслужаны аматарскі аркестр рускіх народных інструментаў Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы — адзін з найстарэйшых творчых калектываў сярэдніх навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Быў створаны ў 1950 г. пры Брэсцкім музычным вучылішчы, напачатку па складзе быў падобны хутчэй на ансамбль. Яго стваральнік і першы кіраўнік — выкладчык Міхаіл Рыгоравіч Солапаў.

 

М. Р. Солапаў (1924–2019), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, заслужаны дзеяч культуры БССР (1963), працаваў у Брэсцкім музычным вучылішчы ў 1948–1966 гг., дырэктар вучылішча з 1951 г. Выдатны музыкант і педагог за час сваёй дзейнасці таксама стварыў іншыя аркестры і ансамблі. Аўтар апрацовак i iнструментовак для аркестраў розных складаў, сольных п’ес і песень унёс значны ўклад у станаўленне і развіццё беларускай баяннай акадэмічнай школы, стварэнне сельскіх дзіцячых музычных школ. З 1967 г. выкладаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыi, дзе ў 1973–1979 гг. узначальваў кафедру народных інструментаў. Маэстра прыязджаў у Брэсцкі музычны каледж імя Р. Шырмы ў маі 2005 г., у час святочнага канцэрта да 55-годдзя аркестра яго сустрэлі авацыяй.

У 1967–1970 гг. аркестрам кіраваў Сяргей Фёдаравіч Любчук, выпускнік Брэсцкага музычнага вучылішча, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1965). На працягу шаснаццаці гадоў (1970–1986) творчым калектывам кіраваў Аляксандр Аляксандравіч Мартыненка, выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1969). Аркестр, які складаўся з педагогаў і навучэнцаў, выступаў з канцэртамі не толькі ў горадзе, а і райцэнтрах, сельскіх Дамах культуры, прымаў удзел у святочных і ўрачыстых мерапрыемствах.

У 1986 г. аркестр узначаліў Мікалай Міхайлавіч Алданаў, выпускнік Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (1983), які ўдасканаліў і разнастаіў гучанне аркестра, увёў у яго склад духавыя і фальклорныя інструменты, а таксама шырока выкарыстоўваў арыгінальныя шумавыя эфекты. У 1992 г. аркестру прысвоена ганаровае найменне «народны калектыў».

Асаблівага росквіту дасягнула творчая дзейнасць калектыву ў другой палове 1990-х гг. У склад аркестра былі ўведзены духавыя народныя інструменты (дудкі, жалейкі і інш.) і бытавыя (піла, каса), што ўдасканаліла гучанне. У тыя часы значна пашырыўся рэпертуар. Апрача арыгінальных твораў, напісаных для аркестра рускіх народных інструментаў, у яго рэпертуары з’явіліся пералажэнні рускай сімфанічнай музыкі А. Барадзіна, М. Мусаргскага, Н. Рымскага-Корсакава, творы беларускіх кампазітараў Г. Ермачэнкава, В. Іванова, Д. Смольскага і іншых аўтараў.

У 2000-я гг. творчы калектыў выступаў на розных мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, гастраляваў у Германіі і Польшчы. Калектыў двойчы станавіўся лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу, быў адзначаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Аркестр неаднаразова займаў першыя месцы на аглядах і конкурсах. Дыпламант і лаўрэат рэспубліканскіх аглядаў-конкурсаў харавых аркестравых калектываў навучальных устаноў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (дыплом I ступені ў 2001 г.; Гран-пры ў 2005 г.), Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня» (1998, 2005), міжнароднага фестывалю «Студзеньскія музычныя вечары» ў Брэсце (2001, 2004).

Гэтым творчым поспехам калектыў аркестра абавязаны яго мастацкаму кіраўніку і дырыжору М. М. Алданаву, заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь. У 2006 г. аркестр рускіх народных інструментаў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

У 2009 г. калектыў узначаліла С. І. Зотава. З верасня 2011 г. мастацкім кіраўніком і дырыжорам аркестра з’яўляецца Лілія Мікалаеўна Стрэлава, выпускніца Брэсцкага музычнага вучылішча (1989) i Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 28 сакавіка 2016 г. аркестр даў вялікі справаздачны канцэрт, пацвердзіў званне заслужанага калектыву.

Аркестр — пастаянны ўдзельнік шматлікіх грамадскіх мерапрыемстваў. У рэпертуары арыгінальныя творы сучасных кампазітараў, беларускіх аўтараў, класічная музыка. Вядзе актыўную канцэртную дзейнасць. У калектыве да 80 чалавек, але ён застаецца мабільным музычным арганізмам, здольным ажыццяўляць музычную дзейнасць. Аркестр рускіх народных інструментаў Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы з’яўляецца своеасаблівым мастацка-эстэтычным эталонам сярод навучальных устаноў сярэдняй і вышэйшай музычнай адукацыі Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Брэсцкі заслужаны аматарскі аркестр рускіх народных інструментаў музычнага каледжа імя Р. Шырмы// Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2011. Т. 2. С. 73–74.
  2. Брестский заслуженный любительский оркестр русских народных инструментов музыкального колледжа имени Г. Ширмы / Н. М. Алданов // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 177–178.
  3. Аркестр рускіх народных інструментаў Брэсцкага музычнага каледжа імя Р. Шырмы // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 591.
  4. Жабинский, Р. А. Брестский музыкальный колледж: история и современность / Р. А. Жабинский. – Брест : Альтернатива, 2011. – 248 с. : ил.
  5. Алданов, Н. М. На пути к творческому успеху: из опыта работы с оркестровым коллективом : [оркестр русских народных инструментов Брестского музыкального колледжа им. Г. Ширмы] / Н. М. Алданов // Эстетическое образование: музыкально-художественные аспекты : материалы регион. науч.-практ. конф. (Брест, 20 мая 2009 г.) / БрГУ им. А. С. Пушкина. Брест, 2009. С. 3–7.
  6. Алданаў Мікалай Міхайлавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2010. Т. 1. С. 109.
  7. Любчук Сяргей Феадосавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 188–189.
  8. Солапаў Міхаіл Рыгоравіч / І. М. Шмелькіна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 94.
  9. Алданов, Н. М. Николай Алданов: «Я благодарен за тот путь, который прошёл с брестчанами» / Николай Алданов ; беседовала Елена Соколовская // Заря. 2019. 6 апреля. С. 8.
  10. Алейникова, Н. Два юбилея в музколледже : [о концертах к 65-летию оркестра русских народных инструментов и 35-летию оркестра белорусских народных инструментов в Брестском музыкальном колледже] / Наталья Алейникова // Брестский курьер. 2016. 7 апреля (№ 15). С. 2.
  11. Бунеева, Л. Дежавю с Николаем Алдановым / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 22 декабря. С. 16.
  12. Солопов, М. Гран-при и не только : [об оркестре русских народных инструментов Брестского музыкального колледжа им. Г. Ширмы] / Михаил Солопов // Заря. 2009. 27 августа. С. 5.
  13. Бунеева, Л. Брестский концерт по французской партитуре / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2006. 20 сентября. С. 4.
  14. Бунеева, Л. Наши струны на столичной сцене / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2006. 16 июня. С. 6.
  15. Павлова, Л. Творческая зрелость молодежного оркестра / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2006. 18 мая (№ 20). С. 27.
  16. Бунеева, Л. Тонкая мощь у тонких струн… : оркестр русских народных инструментов Брестского музыкального колледжа отпраздновал 55-летие / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2005. 27 мая.
  17. Павлова, Л. История оркестра в лицах и звуках : [о концерте к 55-летию оркестра русских инструментов] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2005. 26 мая (№ 22). С. 23.
  18. Бунеева, Л. «Барыню» спляшем с оркестром-юбиляром / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2005. 18 мая. С. 2.
  19. Бунеева, Л. Из альпийского рога всего много : [о поездке оркестра русских народных инструментов в Германию] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2003. 18 июня. С. 10.
  20. Бунеева, Л. Брестские балалайки собираются в Ретенбах / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2003. 11 апреля. С. 5.
  21. Соколов, М. Лица необщим выраженьем : [об оркестре русских народных инструментов под управлением Н. Алданова] / М. Соколов // Вечерний Брест. 2002. 21 июня. С. 5.

 

Чытаць 61 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 15:49