Аўторак, 21 Студзень 2020 09:42

2020 г. — 555 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінання Петрапаўлаўскай царквы г. Кобрына (1465)

Петрапаўлаўская царква — праваслаўны храм у гонар святых апосталаў Пятра і Паўла ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Дакладныя звесткі аб часе пабудовы гэтага храма адсутнічаюць. Зрэшты, першае дакументальнае згадванне пра царкву адносіцца да 1465 г., калі кобрынская князёўна Ульяна Сямёнаўна падаравала «зямлю з людзьмі» храму, які ўжо тады існаваў.

 

Царква адзначана ў «люстрацыі» 1563 г. каралеўскага рэвізора Дзмітрыя Сапегі і на плане горада 1798 г. Рэвізія 1563 г. называе царкву замкавай, што сведчыць пра размяшчэнне яе ў цэнтры Кобрына. І сапраўды, першапачаткова Петрапаўлаўская царква знаходзілася ў самым цэнтры горада, побач з Рыначнай (Базарнай) плошчай, на скрыжаванні сучасных вуліц Сувораўскай і Пушкінскай, дзе цяпер размешчаны сквер імя Марозава і Палац культуры.

Аляксандр Васільевіч Сувораў (1730–1800), рускі палкаводзец, які ў 1796 г. і ў лютым – сакавіку 1800 г. жыў у Кобрыне і дом якога знаходзіўся побач з царквой, неаднойчы наведваў яе, ахвяраваў на яе аздабленне некалькі абразоў. У храме дагэтуль з вялікай павагай захоўваюць рэліквію — псалтыр з надпісам: «Па гэтым псалтыры спяваў і чытаў Сувораў». У народзе за царквой замацавалася назва «сувораўская», якая захавалася да нашых дзён.

У 1847–1853 гг. святаром тут служыў малады выпускнік Літоўскай духоўнай семінарыі Андрэй Міхайлавіч Кульчыцкі (1826–1888) (у манастве Аляксандр), які нарадзіўся ў в. Камень Шляхецкі (цяпер пас. Акцябр Кобрынскага раёна) у сям’і святара. Праваслаўны царкоўны дзеяч, епіскап Туркестанскі (1878), епіскап Кастрамскі і Галіцкі (1883), гісторык, аўтар прац па гісторыі царквы, геаграфічных нататкаў.

З-за аварыйнага стану і небяспекі разбурэння ў 1857 г. царква была закрыта. У 1862 г. пачынаецца яе перабудова па праекце памочніка архітэктара Вендэнбаума. У 1864 г. будаўнічыя працы былі завершаны. Фактычна на гэтым жа месцы і часткова з рэшткаў былой царквы стараннем прыхаджан і мясцовага кліру на іх сродкі была пабудавана новая царква. Цяпер выгляд храма значна адрозніваўся: да рэстаўрацыі ён быў больш строгім, «аскетычным». 28 лістапада храм асвяцілі ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла.

У 1900 г. у Расіі шырока адзначалася 100-годдзе смерці А. В. Суворава. У Кобрыне таксама арганізавалі камітэт для ўшанавання памяці палкаводца. Меркавалася на месцы старажытнай Петрапаўлаўскай царквы пабудаваць цагляны храм-помнік Петра-Паўлаўскі-Сувораўскі. Ахвяраванні на гэту мэту збіраліся па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым у 1911–1913 гг. старая царква была перанесена на закрытыя могілкі ў канцы Пінскай вуліцы (сучасная вул. Першамайская), дзе і знаходзіцца па цяперашні час. На новым месцы яе перасвяцілі ў гонар святога князя Аляксандра Неўскага. Пад будаўніцтва храма-помніка быў закладзены падмурак, сабраны будаўнічы матэрыял, аднак падзеі Першай сусветнай вайны і рэвалюцыйнага перавароту перашкодзілі ажыццявіцца праекту. Старому храму было вернута ранейшае імя — Свята-Петрапаўлаўскі.

У 1921–1939 гг. храм працягваў дзейнічаць. Святарамі Петрапаўлаўскай царквы тады былі: протаіерэй Аляксей Русецкі, з 1931 па 1937 г. згадваюцца протаіерэй Аляксандр Самайловіч, протаіерэй Феадор Івацэвіч і святар Міхаіл Смірноў.

Пасля закрыцця ў 1960-я гг. трох праваслаўных храмаў горада Петрапаўлаўская царква заставалася адзінай уцалелай, у ёй не спыняліся набажэнствы. Настаяцелямі ў гэтыя часы былі протаіерэі Яўгеній Парфенюк і Аляксандр Лесік. Цікава, што ў гэты час храм разам з праваслаўнымі вернікамі наведвалі і католікі, бо ў 1962 г. адзіны ў горадзе касцёл быў закрыты.

У 1989 г. на могілках ля царквы былі рэстаўраваны помнікі. Сама ж Петрапаўлаўская царква была адрамантавана, да яе прыбудавана хрысцільня, пабудавана новая вартоўня.Сёння ўжо цяжка вызначыць, ці захавалі якія-небудзь часткі храма першапачатковыя старажытныя прапорцыі і памеры.

Петрапаўлаўская царква — помнік традыцыйнага драўлянага дойлідства, уключана ў Дзяржўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Царква (даўжыня 25 м, шырыня 19,4 м, вышыня 5,25 м) складаецца з асноўнага кубічнага аб’ёму, прамавугольнай у плане апсіды, бабінца і прытвора, над якім узнесена двух’ярусная шатровая званіца. Квадратны ў плане асноўны аб’ём завершаны пакатым шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Гарызантальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі вокнамі. У інтэр’еры апсіда вылучана драўляным разным іканастасам, царскія вароты якога выкананы на матыў спляценняў вінаграднай лазы вакол абразоў.

У царкве захаваліся свае абразы і іншыя старадаўнія царкоўныя атрыбуты. Сярод іх абразы XVIII–XIX стcт.: «Маці Божая з дзіцем» (копія карціны Дж. Беліні), «Спас Пантакратар», «Апосталы Пётр і Павел», дзесяць абразоў на тэму пакут Хрыста, напісаныя ў XVIII ст. адным майстрам у стылі барока.

У наш час настаяцелем храма з’яўляецца протаіерэй Аляксандр Канцэвіч, у лік клірыкаў храма ўваходзіць святар Сергій Кіслюк.

На могілках ля царквы знаходзіцца надмагілле, якое ўяўляе сабой вертыкальную кампазіцыю з фігурай анёла з крыжам, абвітым кляновай галінкай (выканана па праекце варшаўскага майстра Андрэя Прушынскага). Тут пахаваны Аляксандр Міцкевіч (1801–1871), малодшы брат паэта Адама Міцкевіча, прафесар кафедры рымскага права Кіеўскага ўніверсітэта, ардынарны прафесар, дэкан юрыдычнага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта, уладальнік кобрынскага маёнтка «Губерня» з сярэдзіны XIX ст.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Кобрынская Петрапаўлаўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 515.
  2. Кобринская Петропавловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 465.
  3. Кобринская Свято-Петро-Павловская церковь // Туристические регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 71.
  4. Кобринская Свято-Петро-Павловская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси. Минск, 2007. С. 246.
  5. Царква ў імя святых апосталоў Пятра і Паўла / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 204.
  6. Драўлянае царкоўнае дойлідства : Свята-Петра-Паўлаўская царква ў Кобрыне // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 462–463.
  7. Свята-Петра-Паўлаўская царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 102.
  8. Кобрынская Петрапаўлаўская царква / А. М. Мартынаў // Архітэктура Беларусі : энцыкл. даведнік. Мінск 1993. С. 245–246.
  9. Петропавловская церковь : [Кобрин] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 250.
  10. Петрапаўлаўская царква : [Кобрын] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 224.
  11. Мароз, В. В. XV стагоддзе. Кобрын / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 44–48.
  12. Петрапаўлаўская царква // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 33–34 : фот.
  13. Шидловский, А. К. Из истории Свято-Петропавловской церкви г. Кобрина / А. К. Шидловский // Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа : зборнік навуковых артыкулаў : у 2 ч. / ГрДУ імя Я. Купалы. Гродна, 2009. Ч. 2. С. 336–340.
  14. Кульчыцкі Андрэй (у манастве Аляксандр) Міхайлавіч / Валерый Чарапіца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 303.
  15. Сувораў Аляксандр Васільевіч / Ніна Пліско // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 438–439.
  16. Савчук, М. Пасхальный праздник в воскресной школе : [при Петропавловской церкви г. Кобрина] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2019. 2 мая (№ 18). С. 13.
  17. Храм апостолов Петра и Павла в Кобрине отметил значимую дату : [торжества в честь 105-летия воздвижения храма на Пинской (теперь Первомайской) улице и освящение нового здания воскресной школы] // Кобрин-информ. 2018. 19 июля (№ 26). С. 13.
  18. Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси: Кобрин / Владимир Цвирко ; материал подготовила Юлия Лабецкая // 7 дней. 2017. 14 декабря (№ 50). С. 24–25.
  19. Куликович, Л. Возрождение батлейки : [в Петропавловском приходе г. Кобрина начали ставить кукольные спектакли для батлейки] / Лариса Куликович // Кобрин-информ. 2016. 24 марта. С. 9.
  20. Казакова, А. Праздник в старинном храме : [первое письменное упоминание Свято-Петро-Павловской церкви Кобрина относится к 1465 г. (550 лет)] / Анна Казакова // Кобрин-информ. 2015. 16 июля. С. 9.
  21. Глазов, В. Преосвященный Александр Кульчицкий с православной миссией в Пекине, Риме и Туркестане / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2014. 10 июня (№ 20). С. 20.
  22. Свитич, В. История Свято-Петро-Павловской церкви : [ровно 100 лет назад, в 1913 г. здание Петро-Павловского храма перенесено из центра города на ул. Первомайскую] / Валентина Свитич // Кобрин-информ. 2013. 11 июля. С. 9.
  23. Свитич, В. История Свято-Петро-Павловской церкви / Валентина Свитич // Брестские епархиальные ведомости. 2013. № 3. С. 56–58 ; № 4. С. 57–59.
  24. Свято-Петро-Павловский в Кобрине // Заря. 2007. 15 сентября. C. 11.
  25. Древнейший храм Кобрина // Кобрин-информ. 2007. 12 июля. C. 15.
  26. История Суворовской церкви // Кобрин-информ. 2005. 22 июля.
  27. Лежава, В. Из истории храма : [Петро-Павловская церковь в Кобрине] / Виктория Лежава // Кобрин-информ. 2002. 11 июля. С. 11.
  28. Шаўчук, А. Храмы Кобрыншчыны : Свята-Петрапаўлаўскі храм, Свята-Георгіеўскі храм / А. Шаўчук // Кобрынскі веснік. 2000. 25 кастрычніка. С. 4.
  29. Хорошко, Н. Мы живём, чтобы оставить след… : [о настоятеле Свято-Петро-Павловской церкви в Кобрине, кандидате богословия Евгении Парфенюке] / Н. Хорошко // Заря. 1998. 6 июня. С. 2.
  30. Мартынаў, А. Кобрынскія храмы : старонкі гісторыі / А. Мартынаў // Камуністычная праца. Кобрын, 1990. 1 сакавіка.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 71 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 15:50