Чацвер, 02 Студзень 2020 10:42

2 студзеня 2020 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Аляксея Мікалаевіча Дуброўскага (1945–2011), эколага, краязнаўца, фатографа, журналіста

Аляксей Мікалаевіч Дуброўскі нарадзіўся 2 студзеня 1945 г. у вёсцы Зачысце Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. На апошнім курсе ажаніўся з аднакурсніцай Верай Іосіфаўнай, якая стала верным сябрам і спадарожнікам. Працаваў навуковым супрацоўнікам у дзяржаўным запаведніку «Белавежская пушча», настаўнічаў у сельскай школе на Магілёўшчыне.

 

З 1970 г. — супрацоўнік Пінскага праектнага інстытута меліярацыі «Палессегіправадгас». Працаваў начальнікам вышукальнай партыі для вызначэння месцаў для меліярацыі пад саўгасы. У 1983 г. А. М. Дуброўскі прызначаны галоўным спецыялістам інстытута па ахове прыроды. З яго ўдзелам або па яго ініцыятыве было абследавана 62 тыс. га запаведнай тэрыторыі. Аляксей Мікалаевіч рэалізоўваў свае планы па вывучэнні і захаванні ўнікальнай прыроды Палесся. У інстытуце дзякуючы яму з’явіўся археалагічны музей. Вывучаў стварэнне біялагічнага заказніка «Спораўскі», гідралагічнага заказніка «Падвялікі Мох», заказнікаў «Ізін» і «Выдранка».

Эколага і краязнаўца хвалявала праблема захавання непаўторнай прыроды Палесся і клапаціў лёс багацейшай этнакультурнай спадчыны гэтага краю. З 1986 г. у розных часопісах і газетах былі апублікаваны сотні артыкулаў аб прыродзе, гісторыі і праблемах Палесся. У 2003 г. выйшла ў свет кніга Аляксея Дуброўскага «Палігон» — зборнік артыкулаў, напісаных за 25 гадоў.

У 1997 г. А. М. Дуброўскі прайшоў дзяржаўную атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме і атрымаў пасведчанне экскурсавода. Дзякуючы Аляксею Мікалаевічу з’явіліся турыстычныя маршруты Пінск – Тураў, Пінск – Кудрычы. Распрацаваў некалькі варыянтаў экамаршрутаў па дзяржаўным ландшафтным заказніку рэспубліканскага значэння «Сярэдняя Прыпяць». Адкрыў для турыстаў архаічныя вёскі Кудрычы, Качановічы, Псышчава. Ім была створана экалагічная сцежка ў Кудрычах. З энтузіязмам вадзіў у паходы замежных вучоных-эколагаў, кандыдатаў і дактароў навук, звычайных школьнікаў і студэнтаў. Адным з першых экскурсаводаў стаў лаўрэатам конкурсу «Пазнай Беларусь» (2004).

А. М. Дуброўскі сабраў вялікую колькасць фота- і відэаматэрыялаў, ствараў аматарскія дакументальныя фільмы. Шмат падарожнічаў. Пераадольваў на веласіпедзе ў дзень каля 100 км, начаваў у палатцы, абследаваў амаль усё Палессе, а таксама ездзіў па Расіі, Украіне, Польшчы, дабіраўся да Адэсы, Мальбарка, Кракава. У 2001 г. адбылася яго першая фотавыстава «Ляснымі сцежкамі Палесся». Фотаработы дэманстраваліся ў Пінску, Драгічыне, Кобрыне, Бярозе і іншых гарадах. Апошняя прыжыццёвая персанальная фотавыстава «Родная зямля» адбылася ў кастрычніку 2009 г. у Музеі Беларускага Палесся.

З 2004 г. працаваў фотакарэспандэнтам газеты «Живая вода» і супрацоўнічаў з іншымі беларускімі і польскімі выданнямі. У 2005 г. выйшаў у свет яго аўтарскі фотаальбом «Край пад белымі крыламі» пра Беларускае і Украінскае Палессе. Пераможца творчага конкурсу на лепшае асвятленне тэм сацыяльнага жыцця, краязнаўства і экалогіі Палескага краю, аб’яўленага Беларускай асацыяцый журналістаў (2006).

Аляксей Мікалаевіч займаў актыўную грамадскую пазіцыю. У 1990–1999 гг. з’яўляўся дэпутатам Пінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Вельмі шмат зрабіў для Пінска. Менавіта ён даў назву Верасы аднаму з мікрараёнаў горада. Па яго праекце быў практычна адноўлены дрэнаж падмурка палаца Бутрымовіча, што дазволіла выратаваць архітэктурную каштоўнасць.

А. М. Дуброўскі памёр 27 снежня 2011 г. У студзені 2013 г. у Музеі Беларускага Палесся адкрылася выстава, прысвечаная памяці палескага эколага, краязнаўзца і фотамастака. У студзені 2014 г. у Пінску прайшла прэзентацыя кнігі А. М. Дуброўскага «Лекарственные свойства полесской флоры», якая выдадзена на аснове пакінутай ім спадчыны. У Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц 9 студзеня 2020 г. адбыўся вечар памяці Аляксея Мікалаевіча «Дарогай святла».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Працы А. М. Дуброўскага

  1. Лекарственные свойства полесской флоры / Алексей Дубровский. Пинск : Пинская региональная типография, 2013. 128 с.
  2. Край пад белымі крыламі : фотаальбом / тэкст: А. М. Дуброўскі. – Пінск : Паляшук, 2006. – 164 с.
  3. Палігон : палескі дзённік / Аляксей Дуброўскі. – Мінск : Арты Фэкс, 2004. – 340 с.
  4. Пинский район : справочник туриста / [текст Т. А. Хвагиной ; фото: С. М. Плыткевич, Е. В. Таламай, А. Н. Дубровский]. – Минск : Рифтур Принт, 2006. – 72, [2] с. – (Жемчужина Полесья).
  5. Из опыта работы с иностранными экотуристами в Белорусском Полесье / А. Н. Дубровский // Беларусь в современном мире : материалы V Международной научной конференции, посвящённой 85-летию образования Белорусского государственного университета, Минск, 3 ноября 2006 г. Минск, 2007. С. 204–206.
  6. Кому на болоте жить хорошо? / А. Дубровский // Родная прырода. 2010. № 10. C. 20–21.
  7. Полесье привлекает любителей путешествий : [о посещении иностранными туристами Полесья в конце1980-х начале1990-х гг.]/ А. Дубровский // Полесская правда. Пинск, 2010. 9 января. С. 8.
  8. По «соломенной» дороге : [о ландшафтном заказнике «Средняя Припять»] / А. Дубровский // Полесская правда. Пинск, 2009. 3 июня. С. 3.
  9. Полесье глазами иностранных туристов : [впечатления журналиста, писателя Терезы Седляр Колышко от посещения Полесья] / пер. с пол. А. Дубровского // Мясцовы час. Пінск, 2007. 4 студзеня. С. 4.
  10. Свидетели нашей древней истории : [столинские камни] / А. Дубровский // Мясцовы час. Пiнск, 2006. 23 лістапада. С. 7.
  11. Эйфория туризма и Огинский канал / А. Дубровский // Мясцовы час. Пінск, 2005. 13 студзеня. С. 6.
  12. Старинный промысел : [о развитии бортничества на Полесье] / А. Дубровский // Полесская правда. Пинск, 2003. 14 июня. С. 3.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. М. Дуброўскага

  1. Дабравольская, А. «Я вярнуся сюды, дзе туманы і росы...» : [да 75-годдзя з дня нараджэння А. М. Дуброўскага] / Алена Дабравольская ; фота Уладзіміра Меляшэнкі // Пінскі веснік. 2020. 17 студзеня. С. 4.
  2. Хвагина, Т. Человек, влюбленный в Полесье... : [к 75-летию со дня рождения А. Н. Дубровского] / Татьяна Хвагина // Полесская правда. Пинск, 2020. 4 января. С. 12.
  3. Шчарбакова, Т. Дарунак земляка : [у канцэртнай зале размешчана фотавыстава АДуброўскага] / Тамара Шчарбакова // Пінскі веснік. 2017. 14 лістапада. С. 8.
  4. Урбанович, И. Жизнь посвятил Полесью : [в Пинской районной библиотеке состоялся вечер-воспоминание, посвящённый 70-летию со дня рождения эколога и краеведа А. Н. Дубровского] / Инна Урбанович // Полесская правда. Пинск, 2015. 14 января. С. 3.
  5. Куницкий, П. Он — Дубровский : [в Пинске решено учредить конкурс имени эколога и краеведа Алексея Дубровского] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2015. 79 января. С. 11.
  6. Наследие краеведа : [о презентации книги А. Дубровского «Лекарственные свойства полесской флоры»] // Полесская правда. Пинск, 2014. 1 февраля.
  7. Куницкий, П. В Пинске вспоминали краеведа / Павел Куницкий // Живая вода. 2013. 19 января.
  8. Чалавек з вялікай любоўю да Радзімы ў сэрцы : [пра краязнаўча-літаратурны конкурс памяці А. Дуброўскага] // Варяг-пресс. Пинск, 2012. 25 мая (№ 21). С. 2.
  9. Наварич, В. «Я вернусь туда, где туманы и росы...» / Валентина Наварич // Живая вода. 2012. 4 февраля.
  10. Качановский, Н. Памяти друга / Николай Качановский // Пінскі веснік. 2012. 3 лютага.
  11. Скорбим : [сообщение о смерти Дубровского Алексея Николаевича] // Пінскі веснік. 2012. 3 студзеня. С. 3.
  12. Андреева, М. Удивительное — рядом / Маргарита Андреева // Полесская правда. Пинск, 2006. 20 декабря.
  13. Jaroszewicz, A. «Kraj pod bialymi skrzydlami» : [о презентации фотоальбома Алексея Дубровского о Полесье] / А. Jaroszewicz // Goniec Bialski. 2006. № 9. S. 32.
  14. Сабiна, П. Дуброўскі: знаўца палескіх таямніц : [пра пінскага краязнаўца, эколага А. М. Дуброўскага] / Пятро Сабіна // Беларуская думка. 2006. № 4. С. 170–177 : фат.
  15. Демид, И. Вклад Дубровского оценили в Варшаве / Инна Демид // Полесская правда. Пинск, 2005. 12 февраля. С. 8.
  16. Дубровский, А. Старость меня дома не застанет / Алексей Дубровский ; [беседовал] Виктор Ярошук // Мясцовы час. 2003. 20 лістапада. С. 6.
  17. Шапиро, С. «Полигон» : [о книге А. Дубровского, презентация которой состоялась в центральной городской библиотеке] / Семен Шапиро. Любовь и боль его Полесье / Татьяна Лукашик // Пинская неделя. 2002. 22 ноября.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 166 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 15:46