Пятніца, 14 Люты 2020 09:21

8 кастрычніка 2020 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Івана Сідаравіча Лазарэнкі (1895–1944), удзельніка баёў у Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1944)

Іван Сідаравіч Лазарэнка нарадзіўся 8 кастрычніка 1895 г. у в. Выскава Весьягонскага павета Цвярской губерні ў вялікай сялянскай сям’і. Скончыў прыходскую школу, паехаў працаваць на руднік у Растоў-на-Доне. У маі 1915 г. прызваны ў Рускую армію, з верасня ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. Атрымаў званне вахмістра, назначаны камандзірам эскадрона 107-га Серга-Троіцкага кавалерыйскага палка, за храбрасць і адвагу ўзнагароджаны чатырма Георгіеўскімі крыжамі.

 

У кастрычніку 1917 г. Іван Лазарэнка ўступіў у Чырвоную армію. Грамадзянскую вайну прайшоў у складзе Першай коннай арміі. Ваяваў супраць атрадаў Дзянікіна, біў немцаў ва Украіне, чэхаславакаў — пад Пензай, Самарай, Уфой. Змагаўся з войскамі Урангеля ў Таўрычаскай губерні, з атрадамі Махно ў Екацярынаслаўскай губерні. Чатыры разы яго прадстаўлялі да ордэна Чырвонага Сцяга, але не ўручылі. Пасля вайны застаўся служыць. Скончыў курсы ўдасканалення кадраў «Выстрал», вячэрні камвуз, курсы разведчыкаў.

У 1938 г. маёр І. С. Лазарэнка змагаўся супраць фашысцкіх мяцежнікаў у Іспаніі. З чэрвеня 1939 г. палкоўнік І. С. Лазарэнка — камендант Карэльскага ўмацаванага раёна, змагаўся на Савецка-фінляндскай вайне (1939–1940). У адным з баёў быў цяжка паранены, але поле бою не пакінуў.

У студзені 1940 г. назначаны камандуючым 42-й стралковай дывізіяй Заходняй асобай ваеннай акругі, якая дыслацыравалася ў г. Брэсце. Дывізія ўваходзіла ў 28-ы стралковы корпус пад камандаваннем генерал-маёра В. С. Папова. Большай часткай была размешчана на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Мела 44-ы і 45-ы стралковыя палкі, 393-і асобны зенітны артылерыйскі дывізіён, 459-ы і 472-і артылерыйскія палкі, 17-ы гаўбічны артылерыйскі полк.

6 чэрвеня 1940 г. І. С. Лазарэнка атрымаў званне генерал-маёра. З лістапада 1940 г. па май 1941 г. вучыўся на Вышэйшых акадэмічных курсах пры Ваеннай акадэміі імя В. М. Фрунзэ.

Ужо ў першыя гадзіны Вялікай Айчыннай вайны 42-я дывізія аказала гераічнае супраціўленне дзеянням немцаў, якія панеслі вялікія страты. І. С. Лазарэнка вывеў з крэпасці часці дывізіі, нанёс контрудар па фашыстах, гітлераўцы былі адкінуты на некалькі кіламетраў. Але Брэст быў пакінуты пад націскам двух танкавых карпусоў і штурмавой авіяцыі. Камдзіў кіраваў баявымі дзеяннямі, а затым арганізаваным адыходам часцей дывізіі на ўсход.

І. С. Лазарэнку неабгрунтавана абвінавацілі за няўдачы ў першы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, арыштавалі 9 ліпеня. 17 верасня 1941 г. Ваенная калегія Вярхоўнага Суда СССР прыгаварыла яго да расстрэлу, але прысуд быў заменены на дзесяць гадоў лагераў. І. С. Лазарэнку накіравалі ў Комі АССР. Іван Сідаравіч не змірыўся, пісаў у Наркамат абароны з тлумачэннем сапраўднай сітуацыі, прасіў аб памілаванні. 21 кастрычніка 1942 г. яго памілавалі, вызвалілі з лагера і адправілі ў дзеючую армію.

Прызначылі намеснікам камандзіра 146-й стралковай дывізіі, у студзені 1943 г. перавялі на пасаду намесніка камандзіра 413-й стралковай дывізіі. У баях паказваў асабістую мужнасць і храбрасць. Нарэшце з І. С. Лазарэнкі знялі судзімасць і прызначылі камандзірам 369-й Карачаўскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту, якая прымала актыўны ўдзел у Беларускай аперацыі летам 1944 г.

Вызначыўся ў час прарыву варожай абароны ў Магілёўскай вобласці.
23–26 чэрвеня 1944 г. 369-я дывізія фарсіравала рэкі Проня і Бася, прасунулася наперад на 25 км, нанесла вялікія страты ворагу. 25 чэрвеня адбіла контратакі ля в. Халмы Чавускага раёна. Камдзіў І. С. Лазарэнка асабіста з гарматы падбіў некалькі варожых танкаў. Загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў г. Крычаве, потым перапахаваны ў Магілёве.

21 ліпеня 1944 г. І. С. Лазарэнку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Узнагароджаны ордэнам Леніна (1944), двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (1928, 1940), ордэнам Айчыннай вайны І ступені (1943), медалямі.

Асабістая справа (каля 60 дакументаў) І. С. Лазарэнкі захоўваецца ў фондах музея абароны Брэсцкай крэпасці. Яго імем названы вуліца (на доме № 2/12 устаноўлена мемарыяльная дошка) і сквер па вул. Першамайскай у Магілёве, у скверы на магіле ўстаноўлены помнік (1965). Іван Сідаравіч стаў правобразам генерал-маёра Андрэя Талызіна ў рамане К. М. Сіманава «Живые и мёртвые» (1971). 24 лютага 2010 г. Галоўная ваенная пракуратура Расійскай Федэрацыі рэабілітавала героя. Валаконаўская сярэдняя школа № 2 Белгародскай вобласці з 2005 г. носіць яго імя, ля школы 7 мая 2011 г. адкрыты бюст героя (скульптар Мікалай Фёдаравіч Шаптухін). У чэрвені 2014 г. на месцы гібелі І. С. Лазарэнкі ў аг. Гарбавічы Чавускага раёна адкрыты памятны знак.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Лазарэнка Іван Сідаравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 99.
  2. Лазаренко Иван Сидорович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биогр. справочник. Минск, 2015. С. 171.
  3. Лазаренко Иван Сидорович // Великая Отечественная. Комдивы : военный биогр. словарь. Москва, 2015. Т. 4. С. 560–562.
  4. Лазарэнка Іван Сідаравіч // Ваенная энцыклапедыя Беларусі. Мінск, 2010. С. 567–568.
  5. Лазарэнка Іван Сідаравіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 330.
  6. Лазарэнка Іван Сідаравіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 293.
  7. Лазаренко Иван Сидорович. Лазаренко улица // Могилев : энцикл. справочник. Минск, 1990. С. 203.
  8. Лазаренко Иван Сидорович // Герои Советского Союза : краткий биогр. словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 840–841.
  9. Лазаренко Иван Сидорович // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 348–349.
  10. Лазарэнка Іван Сідаравіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 245.
  11. Лазаренко Иван Сидорович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 256–257.
  12. Рыськов, М. Генерал Лазаренко герой освобождения Могилева и защитник Брестской крепости / Михаил Рыськов // Неизвестные страницы истории Могилевщины / Михаил Рыськов. Могилёв, 2012. С. 9097.
  13. Потапов, И. Н. Лазаренко Иван Сидорович / И. Н. Потапов // Русские в Беларуси / сост. А. Н. Андреев. Минск, 2010. С. 188.
  14. Разановіч, А.Старонкі справы № 2 : [пра лёс І. С. Лазарэнкі] / А. Разановіч, П. Панасюк // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 394–399.
  15. Разановіч, А.Старонкі справы № 2 / А. Разановіч, П. Панасюк // Прысуд адменены. Брэст, 1993. С. 199–206.
  16. Борисенко, Н. Геройский комдив И. С. Лазаренко / Николай Борисенко // Наша Победа : 70-летию освобождения Беларуси и Могилёвской области от немецко-фашистских оккупантов посвящается. Могилёв, 2014. С. 76– 77.
  17. Абставіны ў Брэсце напярэдадні і ў першыя дні вайны // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Брэст, 1997. Кн. 1. С. 325–333.
  18. Бібік, Л. Р. Першыя дні : [Вялікая Айчынная вайна] / Л. Р. Бібік // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 159–164.
  19. Ходцава, Т. М. Брэста абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 87.
  20. Ходцава, Т. М. Брэста абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 93.
  21. Ходцава, Т. М. Брэсцкай крэпасці абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 95–97.
  22. Звягинцев, В. Е. Трибунал для героев / В. Е. Звягинцев. – Москва : Олма-Пресс Образование, 2005. – 572 с.
  23. Симонов, К. М. Живые и мертвые. В 3 кн. Кн. 3. Последнее лето / Константин Михайлович Симонов. – Минск : Вышэйшая школа, 1985. – 576 с.
  24. От «врага народа» до Героя Советского Союза // Вечерний Могилев. 2019. 22 мая. С. 4 : фот.
  25. Ганин, А. Они взяли Берлин. Через 30 лет... : шесть полных кавалеров Георгиевского креста стали Героями Советского Союза / Андрей Ганин // Родина. 2018. № 11. С. 19–20.
  26. Еремина, Н. Немеркнущая слава : [в Чаусском районе открыли памятный знак на месте гибели И. С. Лазаренко] / Н. Еремина // Іскра. Чавусы, 2014. 16 ліпеня. С. 2.
  27. Апарович, Л. Его часы еще идут... / Лилия Апарович // Могилевская правда. 2014. 4 июля. С. 1, 4.
  28. Смолякова, О. Погиб, защищая Родину : [в аг. Горбовичи Чаусского района открыт памятный знак И. С. Лазаренко] / Ольга Смолякова // Могилевская правда. 2014. 26 июня. С. 1.
  29. Маркава, С. Герою-дзеду ад удзячнага ўнука : [І. С. Лазарэнкуўстановяць памятны знак у аг. Гарбавічы Чавускага раёна] / Святлана Маркава // Рэспубліка. 2014. 21 чэрвеня. С. 6.
  30. Цітоў, К. Імя генерала / Канстанцін Цітоў // Крычаўскае жыццё. 2013. 28 верасня. С. 4.
  31. Ножников, Н. «Неизвестный» генерал Лазаренко / Николай Ножников // Веснік Магілёва. 2011. 5 мая. С. 4.
  32. Апарович, Л. Его часы еще идут... : новые подробности трагической судьбы генерала / Лилия Апарович // Брестский курьер. 2010. 8 июля (№ 28). С. 9.
  33. Апарович, Л. Легендарный генерал Лазаренко реабилитирован / Лилия Апарович // Могилевские ведомости. 2010. 26 июня. С. 4.
  34. Песчаная, Е. Жизнь как подвиг / Елена Песчаная // Белгородские известия. 2010. 11 июня.
  35. Клин, Б. Брестской крепости вернули командира / Борис Клин // Известия. 2010. 7 мая.
  36. Апарович, Л. Жил человек, служил... / Лилия Апарович // Советская Белоруссия. 2009. 14 июля. С. 6.
  37. Малаховский, А. Герой пяти войн / А. Малаховский // ВеснікМагілёва. 2005. 9 ноября. С. 15.
  38. Непарко, В. Исполнил долг до конца / В. Непарко // Маяк. Берёза, 2005. 19 марта. С. 3.
  39. Воропаев, И. Звезда героя и четыре «Георгия» / И. Воропаев // Могилевская правда. 2004. 30 апреля. С. 14.
  40. Рыськов, М. Последний бой генерала... / Михаил Рыськов // Магілёўскія ведамасцi. 2003. 21 чэрвеня. С. 3.
  41. Гришанова, Л. Лазаренко хоронили... трижды / Л. Гришанова // Магілёўскія ведамасцi. 2000. 25 верасня. С. 6.
Чытаць 946 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 09:43