Серада, 19 Люты 2020 16:38

23 лютага 2020 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Антонавіча Папсуй-Шапко (1900–1941), удзельніка абарончых баёў у Беларусі ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны (1941)

Міхаіл Антонавіч Папсуй-Шапко нарадзіўся 23 лютага 1900 г. у пасёлку Енакіева Екацярынаслаўскай губерні (цяпер горад Данецкай вобласці, Украіна) у рабочай сям’і. У Чырвонай арміі з 1918 г., удзельнік Грамадзянскай вайны. Скончыў 14-ю пяхотную школу каманднага саставу ў Палтаве (1923). У 1940 г. скончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ. Назначаны інспектарам пяхоты ў Заходнюю асобую ваенную акругу. 5 сакавіка 1940 г. яму было прысвоена званне палкоўніка. За час службы быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга, медалём «ХХ лет Рабоче-Крестьянской Красной Армии».

 

14 сакавіка 1941 г. палкоўнік М. А. Папсуй-Шапко назначаны камандзірам 6-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі 28-га стралковага корпуса 4-й арміі, якая дыслацыравалася ў Брэсце. У складзе дывізіі былі 84-ы, 125-ы, 333-і стралковыя палкі, 131-ы артылерыйскі полк, 204-ы гаўбічны полк. Амаль уся дывізія (за выключэннем гаўбічнага палка, які быў размешчаны ў Паўднёвым гарадку) месцілася ў Брэсцкай крэпасці.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 6-я дывізія вяла цяжкія абарончыя баі, панесла вялікія страты. Раздзеленая на два атрады (адзін узначаліў сам, другім камандаваў намеснік камдзіва палкоўнік Фёдар Апанасавіч Асташэнка) з баямі адступала на ўсход да Жабінкі, Кобрына, Драгічына, Пінска. Асноўная частка дывізіі не змагла пакінуць крэпасць, абаронцы крэпасці паказалі прыклад мужнасці і гераізму.

У ліпені – жніўні 1941 г. палкі дывізіі трымалі абарону ў Магілёўскай вобласці. 12 ліпеня дывізія заняла абарону на Крычаўскім напрамку па рацэ Сож у раёне Чэрыкава. 14 ліпеня з дывізіі вылучаны атрад у складзе 84-га стралковага палка і 3-га батальёна 125-га стралковага палка, які пад камандаваннем М. А. Папсуй-Шапко выйшаў на рубеж Хіславічы – Парадзіна (раён Мсціслава) і ў жорсткіх баях паспяхова адбіваў бесперапынныя атакі намнога большых сіл праціўніка.

17 ліпеня войскі праціўніка захапілі г. Крычаў Магілёўскай вобласці, але развіць наступленне не ўдалося. У раёне Крычава ўздоўж левага берага Сожа абарону трымалі воіны 6-й, 132-й, 137-й стралковых дывізій і іншых часцей. 6-я дывізія прыкрывала адыход 13-й арміі, вяла баі супраць 14-й нямецкай танкавай дывізіі. Гераічная абарона ля Крычава дазволіла савецкаму камандаванню выйграць час для ўмацавання важнейшых стратэгічных пунктаў на цэнтральным напрамку.

М. А. Папсуй-Шапко загінуў пры абароне Крычаўшчыны. 1 жніўня 1941 г. камдзіў адправіўся ў штаб 45-га стралковага корпуса 13-й арміі, па дарозе трапіў пад артылерыйскі агонь. Пахаваны ля шашы паблізу в. Балешын Клімавіцкага раёна.

Пад Крычавам у гонар абаронцаў горада, у т. л. байцоў пад камандаваннем М. А. Папсуй-Шапко, пастаўлены помнік. У Брэсце на будынку, дзе ў 1939–1941 гг. знаходзіўся штаб 6-й Арлоўскай Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі (вул. Карбышава, 29), у 1986 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Папсуй-Шапко Міхаіл Антонавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне,
    1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 396.
  2. Папсуй-Шапко Міхаіл Антонавіч // Памяць. Крычаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Маладзечна, 2004. С. 223–224.
  3. Бібік, Л. Р. Першыя дні / Л. Р. Бібік // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 159–164.
  4. Абставіны ў Брэсце напярэдадні і ў першыя дні вайны // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Брэст, 1997. Кн. 1. С. 325–333.
  5. Ходцава, Т. М. Брэста абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 87.
  6. Ходцава, Т. М. Брэста абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 93.
  7. Бреста оборона, 1941 // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 99–102.
  8. Ходцава, Т. М. Брэсцкай крэпасці абарона, 1941 / Т. М. Ходцава // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 95–97.
  9. Лемяшонак, У. І. Рагачоўска-Жлобінская аперацыя, 1941 / У. І. Лемяшонак // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 517.
  10. Куліненка, В. Ф. На мяжы жыцця і смерці : [абарона Крычаўшчыны ў 1941 г.] / В. Ф. Куліненка // Памяць. Крычаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Маладзечна, 2004. С. 217–220.
  11. Паваліхіна, В. С. Крычаў / В. С. Паваліхіна // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 278.
  12. Асташэнка Фёдар Апанасавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 46–47.
  13. Осташенко, Ф. А. Незабываемые дни / Федор Афанасьевич Осташенко // Буг в огне. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 115–123.
  14. Синковский, Е. М. В Бресте / Евгений Михайлович Синковский // Буг в огне. 3-е изд., доп. и перераб. Минск, 1977. С. 124–130.
  15. Место расположения штаба 6-й стрелковой дивизии : [г. Брест] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 74.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 766 разоў Апошняя змена Чацвер, 11 Сакавік 2021 10:12