Серада, 19 Люты 2020 16:46

16 ліпеня 2020 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Емяльянавіча Уласава (1920–1995), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага дзеяча фізічнай культуры БССР

Уладзімір Емяльянавіч Уласаў нарадзіўся 16 ліпеня 1920 г. у г. Хвалынск Саратаўскай вобласці ў рабочай сям’і. Бацькі туды былі камандзіраваны з Петраграда нарыхтоўваць хлеб. Праз год сям’я пераехала ў г. Раслаўль Смаленскай вобласці, на радзіму маці. Уладзімір скончыў СШ № 75 у Раслаўлі, чыгуначны тэхнікум. Займаўся гімнастыкай, лёгкай атлетыкай, боксам. Працаваў інструктарам фізкультуры школы фабрычна-заводскага навучання на вагонарамонтным заводзе.

 

У кастрычніку 1940 г. Уладзімір Уласаў прызваны ў Чырвоную армію, скончыў палкавую школу, стаў сержантам, служыў камандзірам аддзялення артылерыйскай разведкі. З чэрвеня 1941 г. на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на Паўднёвым, Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Данскім, 3-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах.

10 мая 1944 г. камандзір аддзялення разведкі штабной батарэі 194-га гвардзейскага артылерыйскага палка У. Е. Уласаў у раёне населенага пункта Пугачоны (на захад ад г. Адэсы) пры адбіцці контратакі праціўніка забяспечыў бесперапынную разведку цэлей, якія падаўляліся агнём нашай артылерыі. Быў паранены, але застаўся на полі бою. 10 чэрвеня 1944 г. узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

16 студзеня 1945 г. каля вёскі Суха-Шляхецкая (Польшча) У. Е. Уласаў знайшоў 5 замаскіраваных батарэй, некалькі зенітных гармат, якія затым былі падаўлены нашай артылерыяй. У ходзе бою знішчыў 13 варожых салдат. 2 сакавіка 1945 г. узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

У баях 17 красавіка 1945 г. у раёне г. Дольгелін (Германія) выяўляў цэлі, якія падаўляліся артылерыяй. Пры адбіцці контратак праціўніка знішчыў 7 салдат, падбіў штурмавую гармату. 15 мая 1945 г. узнагароджаны ордэнам Славы IIIступені.

За час вайны Уладзімір Уласаў дзесяць разоў паспяхова выходзіў з акружэнняў, на яго рахунку 27 «языкоў», дзясяткі смелых разведвальных аперацый. Прымаў удзел у вызваленні Запарожжа, Адэсы, Варшавы, Познані, ваяваў пад Берлінам. Быў пяць разоў паранены і двойчы кантужаны, страціў адно вока, адзін асколак застаўся на ўсё жыццё. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. У снежні 1945 г. старшы сержант У. Е. Уласаў быў дэмабілізаваны.

У 1946 г. прыехаў жыць у г. Брэст, дзе аселі яго родныя, уладкаваўся ў спорткамітэт інспектарам і трэнерам па боксе. Уладзімір Емяльянавіч трэніраваў юных баксёраў, хлопчыкі яго вельмі любілі, трэнер для іх быў «бацькам». З 1955 г. працаваў дырэктарам абласнога Дома фізкультуры, з 1970 г. — намеснікам дырэктара спартыўнага лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага таварыства «Спартак». Вёў вялікую работу па прапагандзе спорту і фізічнай культуры.

Заслужаны трэнер Беларускай ССР (1968), заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларускай ССР (1979), суддзя ўсесаюзнай катэгорыі. Узначальваў абласную федэрацыю бокса. Выхаваў 12 майстроў спорту СССР па боксе, чэмпіёнаў рэспублікі, сярод іх Уладзімір Нізоўцаў, Сяргей Педа, Норд Вайдэрман, Багдан Адынскі, Віктар і Станіслаў Юркевічы, Мікалай Шчука, Аляксандр Антыкян, Алег Таранкоў, Ігар Хаміцкі.

Жонку, Марыю Паўлаўну, сустрэў на фронце ў 1944 г. Ураджэнка ўкраінскага сяла на Жытоміршчыне, ваявала санінструктарам. У. Е. Уласаў памёр 17 ліпеня 1995 г., пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска». У лістападзе 1996 г. адбыўся першы міжнародны турнір па боксе, прысвечаны памяці У. Е. Уласава. 1 лістапада 2014 г. адбыўся першы міжнародны прафесійны турнір па боксе памяці У. Е. Уласава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Власов Владимир Емельянович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 42.
  2. Власов Владимир Емельянович (16.7.1920–17.7.1995) // Твои сыновья, Беларусь. Кавалеры ордена Славы : биогр. справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2014. С. 27.
  3. Уласаў Уладзімір Емяльянавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 624, 630.
  4. Сарычев, В. Наш Власов / В. Сарычев // В поисках утраченного времени / Василий Сарычев. Брест, 2017. Кн. 6 : Дни окаянные. С. 270–273.
  5. Беляев, И. Н. Хроника солдатской славы / И. Н. Беляев, А. Н. Сысоев. – Минск : Беларусь, 1970. – 182 с. – Из содерж.: В. Е. Власов. С. 35–40.
  6. Манеж легкоатлетический // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1990. С. 255.
  7. «Спартак» // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1990. С. 338.
  8. Сарычев, В. В поисках утраченного времени. Наш Власов / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2015. 1 мая. С. 12 ; 8 мая. С. 12.
  9. Сарычев, В. Солдатская доблесть / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2007. 27 июля. С. 7.
  10. Антикян, А. Турнир боксеров станет ежегодным : [о первом международном турнире, посвящённом памяти В. Е. Власова] / А. Антикян // Заря. 1996. 26 ноября.
  11. Уласаў Уладзімір Емяльянавіч : [некралог] // Народная трыбуна. 1995. 22 ліпеня.
  12. Власов Владимир Емельянович : [некролог] // Заря. 1995. 20 июля.
  13. Иванов, Ю. Три бойца / Ю. Иванов // Советская Белоруссия. 1985. 8 мая.
  14. Трудными дорогами : [об участнике Великой Отечественной войны В. Е. Власове] // Заря. 1970. 19 марта.
  15. Авечкін, А. Разведчык Уладзімір Уласаў / А. Авечкін // Зара. 1962. 9 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 79 разоў Апошняя змена Серада, 18 Сакавік 2020 16:00